Шпаргалка по "Истории Белорусии"

Автор: Пользователь скрыл имя, 16 Января 2013 в 13:04, шпаргалка

Описание работы

1. Якія старажытныя плямёны былі нашымі продкамі?
Ужо з глыбокай старажытнасці на беларускай зямлі жылі розныя, пераважна індаэўрапейскія, плямёны. У другой палове 1-га тысячагоддзя па Нараджэнні Хрыстовым наш край пачалі засяляць славянскія плямёны, што спрычынілася да славянізацыі мясцовых балтаў. Славяна-балцкі сінтэз вёў да фармавання старабеларускага этнасу.

Работа содержит 1 файл

150 пытанняў і адказаў з гірсторыі Беларусі.doc

— 941.50 Кб (Скачать)

Брацтвы праводзілі шырокую дабрачынную дзейнасць: яны будавалі і ўтрымлівалі шпіталі, прытулкі для хворых і жабракоў. На свае сродкі наймалі лекараў, якія даглядалі нямоглых.

Вялікая роля належала брацтвам у культурна-асветніцкім  жыцці. Дзякуючы ім функцыянавала сістэма  пачатковай адукацыі. Амаль усе брацкія  супольні закладвалі школы, запрашалі настаўнікаў, набывалі за свой кошт падручнікі, паперу, абсталяванне, прылады.

Найбольш спрычыніліся брацтвы да развіцця беларускага  пісьменства, літаратуры і кнігадруку. Яны мелі свае скрыпторыумы (майстэрні, дзе перапісваліся і аздабляліся  кнігі), а таксама друкарні, сярод якіх асабліва вылучаліся Віленская Траецкая, Куцеінская, Еўінская. Тут рыхтавалі да друку, рэдагавалі і выпускалі слоўнікі, буквары, богаслужбовыя кнігі, палемічныя трактаты, творы айцоў царквы, павучальныя і гістарычныя зборнікі. Кожнае з выданняў мела адметнае мастацкае афармленне: як правіла, прыгожа аздоблены тытульны аркуш, арыгінальныя застаўкі, канцоўкі, ініцыялы. Часта яны змяшчалі гравюры з выявамі святых, абразамі Божай Маці, сюжэтамі на біблейныя тэмы (таемная вячэра, уваход Ісуса Хрыста ў Ерусалім, Апакаліпсіс ды інш.). Брацкія выданні карысталіся шырокім попытам як у Беларусі, так і за яе межамі.

У ХVІІІ стагоддзі  ва ўмовах глыбокага эканамічнага крызісу  і агульнага заняпаду нашае краіны брацтвы паступова спынілі сваю дзейнасць.

62. Хто такія езуіты?

 

Езуіты - гэта сябры каталіцкага манаскага  «Таварыства Ісуса» (Societas Jesu), заснаванага  ў 1534 годзе гішпанскім шляхцічам  Ігнатам Лаёлам і зацверджанага  ў 1540 годзе папам Паўлам ІІІ. Пачатковай мэтаю стварэння Ордэна езуітаў была барацьба з Рэфармацыяй і ерасямі, распаўсюджванне веры Хрыстовай праз выхаванне моладзі. Арганізацыя яго грунтавалася на прынцыпах адзінаначалля (кіраўнік Ордэна называўся генералам), строгага цэнтралізму, безумоўнага падпарадкавання і жалезнай дысцыпліны. Слоўная пропаведзь спалучалася з дабрачыннай дзейнасцю: наладжваннем прытулкаў для сіротаў, бясплатных сталовак і г.д.

Адным з асноўных спосабаў дасягнення сваіх мэтаў  Ордэн лічыў узгадаванне моладзі  ў духу пабожнасці і веры праз сетку калегіумаў і акадэмій. Езуіцкія школы былі аднымі з найлепшых у Эўропе. Там, як правіла, вучыліся дзеці багатых і знакамітых людзей, якіх вабіла высокая якасць выкладання, новая і мэтазгодная арганізацыя школьнае справы. Езуіты першымі падзялілі ўсю масу навучэнцаў на класы (паводле ступені падрыхтоўкі) і распрацавалі праграмы паслядоўнага вывучэння прадметаў. Яны стварылі цудоўныя школьныя будынкі, увялі добрае абсталяванне навучальнымі дапаможнікамі, умела чаргавалі заняткі з адпачынкам, пазбягаючы ператамлення навучэнцаў, вялікую ўвагу звярталі на фізічнае развіццё.

На тэрыторыі  Беларусі езуіты з'явіліся ў Вільні ў 1569 годзе; у 1570 годзе быў закладзены Віленскі езуіцкі калегіум, пераўтвораны ў 1579 годзе ў акадэмію (г.зн. універсітэт). У 1581 годзе быў адчынены калегіум у Полацку, у 1584 годзе - у Нясвіжы. Да сярэдзіны ХVІІ стагоддзя езуіты стварылі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага шырокую сетку навучальных установаў і амаль поўнасцю засяродзілі ў сваіх руках сярэднюю і вышэйшую адукацыю. Езуіты зрабілі велізарны ўклад у беларускую культуру, з іхных школаў выйшаў шэраг знакамітых вучоных, грамадскіх дзеячоў і пісьменнікаў. Дзякуючы ім у Беларусі да 1820 года існавала высокаразвітая сістэма эўрапейскай адукацыі (каля 10 вышэйшых гуманітарных школаў, з іх дзве акадэміі і 7 гімназіяў), якая была знішчаная пасля далучэння Беларусі да Расеі.

Асновай выкладання ў езуіцкіх калегіумах і акадэміях  былі гуманітарныя навукі, перадусім  класічныя мовы, філасофія і «вянец навук» - тэалогія. Праграмы навучання, складзеныя ў 1584 годзе, у часы генерала Аквавівы, былі тады аднымі з найлепшых і не пераглядаліся аж да сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя.

Высокі ровень адукацыі і перадавая методыка выкладання прынеслі вялікую папулярнасць езуітам. Шматлікія ахвяраванні бацькоў і дабрадзеяў зрабілі Ордэн адным з найбуйнейшых уладальнікаў у Эўропе. Ва ўмовах росту рацыяналізму і секулярызацыі мыслення ягоная маёмасць сталася прывабным «кавалкам» для шмат якіх заходнеэўрапейскіх манархаў. Пад іх ціскам папа Клімент ХІV у 1773 годзе вымушаны быў фармальна скасаваць Ордэн. У Беларусі ён праіснаваў да 1820 года (рэзідэнцыя генерала была ў Полацку), да забароны яго расейскім урадам.

У цяперашнім часе Ордэн езуітаў дзейнічае  ў Злучаных Штатах Амерыкі, Гішпаніі, Партугаліі ды некаторых іншых краінах.

63. Што такое Берасцейская вунія?

 

Берасцейская  вунія - гэта пагадненне, падпісанае ў  кастрычніку 1596 года на царкоўным саборы ў Берасці паміж найвышэйшымі праваслаўнымі і каталіцкімі  герархамі Вялікага Княства Літоўскага.

Галоўная прычына, дзеля якой праваслаўная і каталіцкая цэрквы Вялікага Княства імкнуліся да ўз'яднання, - агульная патрэба супрацьстаяць даволі моцнаму на той час рэфармацыйнаму руху, які прыкметна ўплываў на жыццё вернікаў. Беларуская праваслаўная царква імкнулася да вуніі з каталіцкаю яшчэ й таму, што над ёю паўстала пагроза з боку ўтворанай у 1589 годзе Маскоўскай патрыярхіі, што абвясціла сябе пераемніцай улады Канстанцінопаля (у 1453 годзе ён быў заваяваны туркамі) і прэтэндавала на падпарадкаванне ўсіх земляў, населеных праваслаўнымі.

Урад Вялікага Княства гэтаксама падтрымліваў ідэю царкоўнай вуніі, бо разлічваў  праз яе дасягнуць спакою ў гаспадарстве, спыніць нарастанне канфліктаў на рэлігійнай глебе.

Паводле ўмоваў пагаднення 1596 года праваслаўныя герархі  атрымлівалі некалькі месцаў у Радзе Вялікага Княства, а гэтаксама прызнавалі над сабою выключную ўладу папы рымскага, дзякуючы чаму пазбаўляліся ад усялякіх прэтэнзіяў з боку маскоўскіх патрыярхаў. Разам з тым у праваслаўнай царкве Княства захоўвалася ўсходняе грэцка-візантыйскае набажэнства і рытуалы, заставаліся непарушнымі ўсе зямельныя ўладанні, у царкоўнай практыцы па-ранейшаму прадугледжвалася карыстанне старым юліянскім календаром.

Аднак не ўсе  праваслаўныя дзеячы падтрымалі ідэю вуніі. Тады ж, у кастрычніку 1596 года, яны правялі ў Берасці свой сабор пад кіраўніцтвам патрыяршага экзарха Нічыпара, на якім адмежаваліся ад новай царквы. Праўда, пазней на працягу ХVІІ стагоддзя амаль усе праваслаўныя жыхары Вялікага Княства схіліліся да вуніяцтва.

 

 

64. Што такое вуніяцтва?

 

Вуніяцтва - гэта адзін з накірункаў хрысціянства, што паўстаў у Беларусі ў выніку Берасцейскай вуніі 1596 года.

Пераход праваслаўных беларусаў у вуніяцкую веру адбываўся  паступова і расцягнуўся на шмат гадоў, што дазволіла (нягледзячы на даволі значнае на першым часе непрыняцце і нават супраціў) пазбегнуць крывавых рэлігійных войнаў, як гэта было ў шэрагу краін Заходняй Эўропы. Пры канцы ХVІІІ стагоддзя, напярэдадні анексіі Расейскай імперыяй нашых земляў, абсалютная бальшыня насельнікаў Беларусі была вуніятамі.

Да вуніяцтва  людзей цягнула яго ўвага да мясцовых нацыянальна-культурных традыцый, шырокае  выкарыстанне ў рэлігійным жыцці, асабліва ў часе казанняў, беларускай мовы. Існавала вялікая вуніяцкая літаратура на беларускай мове: творы Іпата Пацея, Язэпа Руцкага, Язафата Кунцэвіча. У вуніяцкіх друкарнях - Віленскай і Супраслеўскай - друкаваліся шматлікія богаслужбовыя кнігі. Вуніяцкія манастыры, якіх у ХVІІІ стагоддзі налічвалася блізу 90, з'яўляліся буйнымі асяродкамі нашае старадаўнае культуры.

Вуніяты ў  адрозненне ад беларусаў праваслаўнай і каталіцкай канфесіяў былі найбольш устойлівыя і да паланізацыі, і да русіфікацыі. Гэта добра ведалі ўрадавы  Сінод і афіцыйныя ўлады Расейскай  імперыі. Таму, калі на парадак дня  была пастаўлена суцэльная русіфікацыя карэннага насельніцтва акупаванай Беларусі, яны ў першую чаргу намерыліся нанесці смяротны ўдар па вуніятах. Пачалі са схілення ў праваслаўную веру сама высокіх кіраўнікоў вуніяцкай рэлігіі. І не памыліліся. У лютым 1839 года тыя падпісалі акт аб «уз'яднанні» беларускай вуніяцкай царквы з расейскай праваслаўнай. Шматлікія культурныя каштоўнасці, кананічная літаратура вуніяцкай царквы сталі аб'ектам вынішчэння, ахвяраю агню.

Вернікі з  абурэннем сустрэлі вестку аб далучэнні  да праваслаўя, яны не жадалі маліцца паводле яго правілаў і яшчэ доўга трымаліся сваіх былых царкоўных рытуалаў. Асабліва не пагаджаліся, што ў часе літургіі гучала малазразумелая для іх царкоўнаславянская мова, а казанні выконваліся па-расейску. Значная частка (больш за мільён) вуніятаў, незадаволеных учыненым гвалтам, добраахвотна далучылася да каталіцкай рэлігіі.

На ўсіх пераломах  гісторыі - і пад час паўстання  К.Каліноўскага, і ў пару нашага Адраджэння пачатку ХХ стагоддзя, і ў Другую сусветную вайну - у прагрэсіўнай часткі беларускага народа заўсёды ўзнікала думка аб адраджэнні вуніяцкай рэлігіі. Нямала ў яе прыхільнікаў і сёння, асабліва сярод моладзі.

 

65. Чаму нашы магнаты пераходзілі  з праваслаўя ў каталіцтва?

 

Усходні (пазней - «праваслаўе») і заходні (пазней - «каталіцтва») абрады з другой паловы Х стагоддзя, з моманту прыняцця хрысціянства ў Беларусі, існавалі тут паралельна. Гэтае суіснаванне наклала асаблівы адбітак на ментальнасць і культуру нашага народа, абумовіўшы наяўнасць некаторых «заходніх» рысаў нашага праваслаўя і «ўсходніх» у нашым каталіцтве. Спалучэнне гэтых дзвюх магутных традыцыйных плыняў датычыць не толькі ўсяе культуры, але кожнага паселішча (праваслаўны і каталіцкі храм на адной плошчы), кожнае сям'і (адзін сужэнец - праваслаўны, другі - каталік), кожнае асобы (прыйманне і талеранцыя іншага веравызнання, прызнанне ягонай слушнасці). Гэткая «двуеднасць» і спалучэнне двух пачаткаў, іхнае ўзаемапранікненне прывяло з часам да спробаў збліжэння дзвюх канфесіяў і ўзнікнення вуніі.

Здольнасць бачыць ісціннасць у іншай канфесіі, спасцігаць еднасць па-за рознасцю, разуменне таго, што і каталікоў і праваслаўных яднае вялікая ахвяра Хрыста - усё гэта дазваляе думаць, што пераход з аднае канфесіі ў другую звычайна не ўспрымаўся як адыход ад веры бацькоў. Відаць, гэтак жа памяркоўна ставіліся даўней да змены паганства на хрысціянства і наадварот.

Частка беларускіх магнацкіх і шляхоцкіх родаў  прыйшла ў каталіцтва непасрэдна з паганства яшчэ ў часе першых місіяў і навяртанняў ХІ-ХІІ стагоддзяў. У 1253 годзе разам з каранаваным новагародскім каралём Міндоўгам хрысцілася 300 беларускіх паганскіх нобіляў. Пад час другога агульнага «Ягайлавага хросту» ў 1387 годзе ў каталіцтва навярнулася яшчэ большая колькасць паганскае знаці.

Заняпад гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі», які праходзіў праз землі Беларусі, падзенне астоі праваслаўя - Канстанцінопаля абумовілі пераарыентацыю палітыкі нашых валадароў на больш шчыльныя сувязі з заходнімі краінамі. І для адукаванае часткі знаці, асабліва з часоў Міндоўга і Вітаўта, значна больш прыцягальным сталася каталіцтва. У пэўныя перыяды гэтаму спрыялі і прывілеі, якія даставала каталіцкая шляхта Вялікага Княства.

Яшчэ болей  заходнія сімпатыі ўзмацніліся ў  часе войнаў Вялікага Княства Літоўскага з Маскоўскаю дзяржаваю, асабліва ў ХVІІ стагоддзі, калі маскоўскія войскі вынішчалі ў Беларусі і каталікоў, і вуніятаў, і праваслаўных (катуючы нават праваслаўнае духавенства). Тым часам духовая залежнасць беларускіх праваслаўных ад Маскоўскае патрыярхіі давала падставу Масковіі для ўмяшання ў нутраныя справы Беларусі, да маніпуляцыі настроямі праваслаўных вернікаў у Княстве, што змушала нашую дзяржаву да спрыяння каталіцтву і заахвочвання каталіцкае шляхты.

66. Хто такі Язафат Кунцэвіч?

 

Язафат Кунцэвіч (1580-1623) - полацкі грэцка-каталіцкі (вуніяцкі) арцыбіскуп, які пасля сваёй пакутніцкай смерці быў залічаны да святых і глыбока шануецца братамі па веры.

Ён нарадзіўся ва Ўладзіміры-Валынскім на Ўкраіне  ў сям'і выхадцаў з Беларусі. Пераняўшы  ад бацькі-шаўца любасць да кнігаў, юнак прыехаў па навуку ў Вільню, дзе зрабіўся прыхаджанінам вуніяцкай Святатраецкай царквы і спяваў там у хоры. Віленскі мітрапаліт Іпат Пацей адправіў маладога здольнага верніка вучыцца ў Віленскую акадэмію, а потым сам пастрыг яго ў манахі.

Неўзабаве Язафат стаў архімандрытам кляштара Святой Тройцы і праславіўся як выдатны прапаведнік-красамоўца, за што непрыяцелі далі яму мянушку «душахват» - лавец душаў. За перавод ва ўлонне вуніяцкай царквы тысячаў віленчукоў Кунцэвіч быў узведзены ў біскупскі чын, а ў 1618 годзе атрымаў катэдру полацкага арцыбіскупа.

Уводзячы на беларускіх землях новую веру, уладыка  Язафат, як кажуць факты, не шкадаваў ні сябе, ні іншых. Кунцэвічу супрацьстаялі  аб'яднаныя ў брацтвы праваслаўныя месцічы, якіх падтрымлівала яшчэ шматлікая праваслаўная шляхта. Гэты канфлікт небяспечна абвастрыў канстанцінопальскі патрыярх, які ў 1620 годзе, вяртаючыся з Масквы праз нашу краіну, паставіў на ўжо занятыя вуніятамі епархіі праваслаўных епіскапаў.

Увосень 1623 года Кунцэвіч прыехаў у Віцебск, каб уціхамірыць места, развярэджанае сваім супернікам, праваслаўным архіепіскапам Мялетам Сматрыцкім, які адлучыў уладыку Язафата ад царквы. Гэта было яго апошняе падарожжа. 12 лістапада ўзброены натоўп змоўшчыкаў напаў на арцыбіскупаў дом каля царквы Багародзіцы. Як сведчаць судовыя дакументы, забойцы двума ўдарамі бердыша рассеклі ўладыку галаву, а потым «доўга нявечылі яго і пасля смерці». Цела Кунцэвіча скінулі з Прачысценскай гары, а затым, прывязаўшы да ног і шыі цяжкія камяні і насыпаўшы камення ў валасяніцу, утапілі ў Дзвіне.

Паданне сцвярджае, што ўладыку знайшлі па снопе  святла, якое ішло проста з ракі. Парэшткі арцыбіскупа пасля ўрачыстага адпявання  пахавалі ў Полацкім Сафійскім Саборы, але потым іх неаднаразова перазахоўвалі  ў Беларусі і за яе межамі.

У 1867 годзе  папа Пій ІХ абвясціў уладыку Язафата  святым. Ад 1963 года ягоныя мошчы спачываюць у галоўным храме каталікоў свету - рымскім саборы св. Пятра ў алтары Васіля Вялікага.

67. Што такое «Літоўская метрыка»?

 

Такі назоў  мае дзяржаўны архіў канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага. У ім захоўваюцца дакументы з палітычнай і сацыяльна-эканамічнай гісторыі Вялікага Княства, а таксама юрыдычных, царкоўна-рэлігійных і культурных дачыненняў у ХІV-ХVІІІ стагоддзях. Кнігі Метрыкі падзяляюцца на судовыя і публічных спраў, дзе змяшчаюцца вялікакняскія прывілеі, уставы, соймавыя пастановы, перапісы войска ды інш.; кнігі запісаў, у якіх пераважаюць вялікакняскія граматы; пасольскія кнігі, што ўтрымліваюць міждзяржаўныя пагадненні, дыпламатычную перапіску, «навукі» паслам і да т.п.; кнігі перапісаў са звесткамі пра замкі і дзяржаўныя зямельныя ўладанні; кнігі арэндаў; кнігі данін і некаторыя іншыя. Мова дакументаў да пачатку ХVІІІ стагоддзя ў асноўным беларуская, пазней пераважна польская, сустракаецца таксама лаціна.

Информация о работе Шпаргалка по "Истории Белорусии"