Шпаргалка по "Истории Белорусии"

Автор: Пользователь скрыл имя, 16 Января 2013 в 13:04, шпаргалка

Описание работы

1. Якія старажытныя плямёны былі нашымі продкамі?
Ужо з глыбокай старажытнасці на беларускай зямлі жылі розныя, пераважна індаэўрапейскія, плямёны. У другой палове 1-га тысячагоддзя па Нараджэнні Хрыстовым наш край пачалі засяляць славянскія плямёны, што спрычынілася да славянізацыі мясцовых балтаў. Славяна-балцкі сінтэз вёў да фармавання старабеларускага этнасу.

Работа содержит 1 файл

150 пытанняў і адказаў з гірсторыі Беларусі.doc

— 941.50 Кб (Скачать)

Жыгімонт Стары  быў вядомы як надзвычай адукаваны  манарх (ягонымі настаўнікамі былі прафесары Кракаўскага ўніверсітэта), шчодры апякун над навукамі. Ён меў у Вільні вялікую бібліятэку, запрашаў да сябе таленавітых скульптараў, архітэктараў, мастакоў, быў вельмі зычлівы да славутага асветніка і першадрукара Францішка Скарыны. Пры ім шырока распаўсюдзілася рэфармацыя, якая спрыяла далейшаму ўздыму пісьменства і культуры, пашырэнню гуманістычных ідэяў.

Час панавання  Жыгімонта Старога ўспаміналі пазней як залатую пару нашай гісторыі.

 

40. У якіх бітвах беларусы  перамагалі крымскіх татараў?

 

Аб'яднаныя  пад уладаю Гірэяў крымскія татары з 1474 года пачалі ладзіць наезды на землі Вялікага Княства Літоўскага. Колькасць іх уварванняў часам дасягала ажно двух-трох на год. Абараніць межы дзяржавы ад іх лятучай конніцы было досыць цяжка. Каб хоць нешта супрацьпаставіць наезнікам на поўдні Вялікага Княства, ствараліся палявыя старожы - сталыя мабільныя аддзелы конніцы.

Дарма што  крымскія рабаўнікі ўхіляліся ад бітваў, войска Вялікага Княства шматкроць  даганяла і разбівала іх. Беларускія вершнікі ў складзе харугваў Кастуся  Астрожскага неаднаразова грамілі іх ужо ў 1497 годзе. У 1503 годзе яны ж дамагліся перамогі над татарскімі загонамі каля Давыд-Гарадка.

Першай жа вялікай перамогай над наезнікамі стаў поўны разгром іх 5 жніўня 1506 года пад Клецкам, дзе князь Міхайла Глінскі з 6 тысячамі вершнікаў паспалітага рушання паканаў удвая большую арду. Уранку гэтага дня беларуская конніца падышла да Клецка і спынілася перад ракою Лань, на другім беразе якой стаялі гатовыя да бітвы татары. Пад густым абстрэлам нашыя жаўнеры наладзілі дзве гаці, пераправіўшыся па якіх імклівым націскам рассеклі варожае войска напалам. Частка татараў трапіла ў абцугі, іншыя ратаваліся ўцёкамі. Харугвы Глінскага пайшлі ў пагоню, бралі палонных каля Слуцка, Петрыкава, на Ўкраіне. Было вызвалена блізу 40 тысяч беларусаў, якіх татары вялі ў няволю. Пасля гэтага Крым з зацятага ворага Княства на нейкі час зрабіўся ягоным хаўруснікам.

Пазней, у 1508 годзе, гетман Астрожскі разбіў крымскіх наезнікаў каля Слуцка, у 1512 годзе ён жа на чале коннага войска на 5 тысяч бліскуча разграміў 25-тысячную арду пад Вішняўцом на Гарыні, у 1526-1527 гадах біў татараў пад Пінскам і на Ўкраіне каля ракі Альшаніцы.

 

 

41. Хто заснаваў беларускае кнігадрукаванне?

 

Гэта зрабіў наш славуты суайчыннік Францішак Скарына. Нарадзіўся ён у Полацку ў сям'і купца пры канцы 80-х гадоў ХV стагоддзя. Першапачатковую адукацыю атрымаў у сваім родным горадзе і, відаць, у Вільні. У 1504-1506 гадах вучыўся на філасофскім факультэце Кракаўскага ўніверсітэта.

У 1512 годзе  ў Падуанскім універсітэце (Паўночная  Італія) ён першы сярод усходніх славянаў атрымаў вучоную ступень доктара медыцыны. Як сведчаць даследнікі, Ф.Скарына не мог атрымаць годнасць доктара ва ўрачыстай абстаноўцы, бо ў яго не ставала грошай на раскошнае адзенне. Усёй раскошы ён здолеў супрацьпаставіць бліскучы інтэлект, і доктарская ступень была прысуджаная яму адзінагалосна. Яго незвычайным розумам і талентам захапляліся сучаснікі.

Як чалавек  шматграннага таленту, Ф.Скарына неўзабаве  распачаў дзеля асветы свайго народа выдавецкую дзейнасць. 6 жніўня 1517 года ў чэшскай Празе пабачыла свет першая беларуская друкаваная кніга. За тры гады ён выдаў там 23 кнігі Бібліі ў сваім перакладзе на беларускую мову. Вярнуўшыся на радзіму, Ф.Скарына заснаваў у Вільні першую ў Беларусі друкарню і выпусціў тут яшчэ дзве кнігі - у 1522 і 1525 гадах.

Згодна з  ацэнкамі спецыялістаў, Скарынавы кнігі  ўяўляюць выключную з'яву як паводле  колькасці змешчаных у іх гравюраў, так і паводле бездакорнай  тэхнікі выканання. Сваёй прыгажосцю і дасканаласцю яны далёка перасягаюць  не толькі ранейшыя царкоўнаславянскія выданні, але нават і тагачасныя венецыянскія.

Варта зазначыць, што ў пачатковай гісторыі беларускага  кнігадруку годнае месца займаюць і  імёны віленскіх месцічаў Якуба  Бабіча і Багдана Аньковіча (Онькава), якія фінансавалі грандыёзную выдавецкую дзейнасць Ф.Скарыны.

Такім чынам, беларусы першыя сярод усходнеэўрапейскіх народаў атрымалі друкаваную кнігу  на роднай мове. Францішак Скарына  сваім прыкладам паказаў, як трэба  любіць свой народ і шанаваць матчыну  мову. Дзякуючы гэтакім волатам духу беларуская культура ўзнялася да эўрапейскіх вышыняў.

 

42. Хто такі Мікола Гусоўскі?

 

Выдатны беларускі  пісьменнік эпохі Адраджэння Мікола Гусоўскі (каля 1470-1533) вядомы перш за ўсё  сваёй «Песняю пра зубра» - літаратурным шэдэўрам, напісаным на лацінскай мове. У Вялікім Княстве Літоўскім на гэтай мове даўней пісаліся шмат якія дзяржаўныя акты, выкладаліся навукі ў школах, правіліся набажэнствы ў храмах. Нельга было ўявіць адукаванага ліцьвіна-беларуса, які б не ведаў лацінскае мовы. Ад часоў Антычнасці і да сярэдзіны ХІХ стагоддзя лаціна лучыла ўсю адукаваную Эўропу, дзе яна была моваю рэлігіі, школы, навукі і літаратуры. Вось чаму Мікола Гусоўскі, які хацеў уславіць веліч і магутнасць Айчыны перад усім светам, склаў паэму на гэтай мове.

Твор ягонага  жыцця - «Песня пра зубра» - напісаны пад час знаходжання ў складзе  пасольскае місіі ад Вялікага Княства  Літоўскага і Каралеўства Польскага  ў Рыме. Тут, з просьбы папы Рымскага, пад уражаннем бою быкоў, на якім ён прысутнічаў, М. Гусоўскі распачынае пісаць паэму.

Галоўны герой  паэмы, зубр, сімвалізуе сабою ўсё  Княства, ягоных жыхароў і зямлю. Вітаўт Вялікі паказаны аўтарам з  незвычайным захапленнем і любоўю як увасабленне вайсковай магутнасці і дзяржаўнай велічы Беларускага  гаспадарства:

Княжанне Вітаўта  лічаць усе летапісцы 

Росквітам Княства  Літоўскага, нашага краю,  
І называюць той век залатым. Разбяромся:

Мне так здаецца, што гэтай шаноўнаю назвай  
Век той названы па простай прычыне: дзяржаўца

Перад багаццем і шчасцем зямным пастаянна  
Ставіў багацце духоўнае - злата дзяржавы.

«Песня» была надрукаваная ў 1523 годзе ў Кракаве, дзе паэт правёў апошнія гады перад  смерцю. Апрача яе, пяру Гусоўскага належаць вершы «Суцяшэнне» і «Да св. Сэбасцьяна», а таксама паэмы  «Новая і славутая перамога над туркамі», «Жыццё і чыннасць св. Гіяцынта».

М.Гусоўскага часам беспадстаўна прыпісваюць  да жамойцкае, украінскае або польскае літаратуры, не ўлічваючы відавочных сведчанняў яго беларускага паходжання ў самой паэме. Зубр, на якога ў  маладосці паляваў паэт, не вадзіўся ў стэпах Украіны, а рака яго маленства, Дняпро, як вядома, не працякае ні ў Польшчы, ні ў Жамойці. Да таго ж, ідэал паэта - Вітаўт - у палякаў ніколі асабліва не шанаваўся. І нарэшце, сама галоўнае - беларуская ментальнасць, якою прасякнуты твор і якая фіксуецца на ўсіх роўнях ягонае будовы.

Прызнанне ў  свеце паэтычнага таленту аўтара «Песні пра зубра» засведчана міжнароднай  арганізацыяй ЮНЕСКО, якая ўключыла імя  Міколы Гусоўскага ў спіс найвыдатнейшых дзеячаў славянскага свету. У 1980 годзе ўсё прагрэсіўнае чалавецтва святкавала 500-гадовы юбілей паэта.

 

43. Калі было запачаткавана беларускае  канстытуцыйнае права?

 

Распрацоўка канстытуцыйнага права ў Беларусі пачалася яшчэ ў ХІV стагоддзі ў  агульназемскіх і абласных прывілеях, але ў іх былі толькі асобныя нормы, якія забяспечвалі правы шляхты. Зыходным момантам у развіцці канстытуцыйнага права ў нашай дзяржаве паслужыў прывілей вялікага князя Казіміра 1447 года. Наступным этапным дакументам быў прывілей вялікага князя Аляксандра 1492 года, які можна назваць хартыяй вольнасцяў, першай агульнадзяржаўнай канстытуцыяй. Але найбольш поўна канстытуцыйныя нормы былі выкладзеныя ў Статутах Вялікага Княства Літоўскага 1529, 1566 і асабліва 1588 года.

Статут 1588 года прадугледжваў крымінальную адказнасць шляхціча за забойства простага чалавека, абвяшчаў ідэю верацярпімасці, забараняў перадачу вольнага чалавека за даўгі або злачынства ў няволю, абмяжоўваў пакаранне непаўналетніх (да 16 гадоў).

Праз увесь  Статут праводзіцца ідэя ўмацавання прававога парадку, пры якім усе дзяржаўныя органы і службовыя асобы абавязаны дзейнічаць толькі ў адпаведнасці з законам. Ідэя законнасці становіцца прыярытэтнай ў дзяржаўным жыцці Вялікага Княства ХVІ-ХVІІІ стагоддзяў.

Характэрна, што  Статут 1588 года фактычна ігнараваў акт Люблінскай вуніі, замацоўваў і юрыдычна афармляў незалежнасць Беларускага гаспадарства. Ён абавязваў урад вярнуць адлучаныя ад Вялікага Княства землі, забараняў прызначаць на дзяржаўныя пасады і надзяляць зямлёю «чужаземцаў і загранічнікаў», у тым ліку і палякаў, захоўваў адасобленасць дзяржаўных установаў, войска, заканадаўства, эканомікі і фінансаў.

Статут 1588 года быў надрукаваны ў Вільні, у  друкарні Мамонічаў, на беларускай мове, а пазней неаднакроць перакладаўся на іншыя эўрапейскія мовы - польскую, нямецкую, французскую, лацінскую, украінскую, расейскую. Ён завяршыў кадыфікацыю права ў Вялікім Княстве. Паводле дасканаласці і лагічнай завершанасці яму не было роўных у тагачаснай Эўропе. А абвяшчэнне ідэі зверхнасці права ў перыяд феадалізму сведчыла аб зараджэнні новай дзяржаўна-прававой тэорыі.

Наш Статут значна ўплываў на заканатворчасць суседніх народаў: яго выкарыстоўвалі пры  кадыфікацыі прускага права, ён быў  крыніцаю права ў Польшчы і  Ўкраіне, ужываўся ў судах Латвіі і Эстоніі. Многія артыкулы Статута без зменаў перайшлі ў расейскае «Соборное уложение».

Усё гэта сведчыць пра высокі ровень развіцця юрыдычнай  думкі і дзяржаўных інстытуцый Беларусі ў яе «залатую пару».

44. Што такое паны-рада?

 

Паны-рада (у  дакументах на лацінскай мове - сенат) - гэта найвышэйшы орган дзяржаўнага кіравання Вялікага Княства Літоўскага, які развязваў галоўныя пытанні нутраной і замежнай палітыкі гаспадарства, адыгрываў істотную ролю ў абранні вялікага князя, абароне дзяржавы, падрыхтоўцы законапраектаў. Рада разглядала ўсе справы фінансавага характару, у ейнай кампетэнцыі была і манетная справа.

У склад Рады ўваходзілі: маршалак земскі (старшыня на паседжаннях Рады і Сойму), маршалак дворны (начальнік шляхты, што служыла пры двары вялікага князя), найвышэйшы гетман (галоўны начальнік узброеных сілаў), канцлер (кіраўнік Дзяржаўнай Канцылярыі), земскі падскарбі (міністр фінансаў), ваяводы (кіраўнікі адміністрацыі тэрытарыяльных адзінак - ваяводстваў), кашталяны (начальнікі найважнейшых замкаў і адначасова адміністратары зямельных уладанняў вялікага князя).

Сярод радных паноў былі магнаты з знакамітых родаў - Радзівілаў, Сапегаў, Хадкевічаў, Гаштаўтаў, Храптовічаў, Глябовічаў, Гальшанскіх, Забярэзінскіх, Іллінічаў, Кязгайлаў, Кішак, Няміраў, Осцікаў, Астрожскіх, Пацаў, Солтанаў, Багавіціновічаў.

Ад канца  ХV стагоддзя роля Рады ў агульнадзяржаўным  жыцці ўсё больш узрастала - з  дарадчага органа пры гаспадары  яна паступова ператварылася  ў вельмі ўплывовы орган улады. Аб'яднаўшы  свае намаганні, паны-рада з часам дамагліся абмежавання ўлады вялікага князя. У 1492 годзе вялікі князь Аляксандар мусіў выдаць прывілей, які істотна абмежаваў ягоныя правы як у нутраных, так і ў замежных справах: прынцыповыя пытанні дзяржаўнай палітыкі ён не меў права развязваць без згоды Рады.

На працягу  ўсяго часу свайго існавання Рада мела выключна важнае значэнне ў палітычным, эканамічным і духоўным жыцці  Вялікага Княства.

 

Што такое Вялікае Княства Літоўскае?

 

Вялікае Княства  Літоўскае - гэта сярэднявечная беларуская дзяржава, што паўстала ў ХІІІ стагоддзі на Новагародскай зямлі. Умацаванне яе адбывалася на эканамічным і культурным грунце старадаўных беларускіх княстваў - Полацкага, Турава-Пінскага і Смаленскага.

Жамойты (або, як сёння яны сябе называюць, летувісы) да ўзнікнення Вялікага Княства Літоўскага не мелі ніякага дачынення. Утварэнне яго дыктавалася інтарэсамі беларускіх феадалаў, нашыя старажытныя землі складалі аснову эканамічнай і вайсковай магутнасці Княства, панавальнае месца ў ім займала беларуская мова і культура, а дзяржаўнае заканадаўства развівалася з традыцыйнага (звычаёвага) права старажытных славянскіх народаў. Такім чынам, азначэнне гэтай дзяржавы як беларускай мае пад сабой усе падставы.

У сваім развіцці Вялікае Княства прайшло тры  асноўныя этапы: станаўлення і ўмацавання - ХІІІ-ХІV стагоддзі; росквіту і найвышэйшай магутнасці - ХV першая палова ХVІІ стагоддзя; паступовага аслаблення і заняпаду - другая палова ХVІІ стагоддзя - канец ХVІІІ стагоддзя.

Пачатковы этап станаўлення новай Беларускай дзяржавы характарызаваўся моцнымі цэнтралізацыйнымі тэндэнцыямі Новагародка, ягонай зацятай барацьбой з Жамойцяй, Галіцка-Валынскай зямлёй, а гэтаксама з крыжакамі - Лівонскім і Тэўтонскім ордэнамі. Вялікае Княства няспынна імкнулася да пашырэння сваіх межаў шляхам заваёваў у часы Альгерда (1345-1347) і Вітаўта (1392-1430). Абшары гаспадарства павялічваліся і шляхам мірнага пераходу пад ягоную юрысдыкцыю суседніх дзяржаваў, яскравы прыклад чаго - добраахвотнае далучэнне да Княства ў 1559-1560 гадах Інфлянтаў, якія шукалі паратунку ад Маскоўшчыны.

Экспансіянісцкая  палітыка Вялікага Княства, уваходжанне  ў яго склад велізарных абшараў  Усходняй Эўропы надавала нашай дзяржаве характар імперыі. Асабліва гэта датычыць часоў Вітаўта, калі ўлада манарха  была неабмежаванаю, межы гаспадарства сягалі Балтыйскага і Чорнага мораў, а пад яго пратэктаратам знаходзіліся Ноўгарад Вялікі, Пскоў і Разань.

Дый пазней Княства абвяшчала  свае прэтэнзіі на першынства ў славянскім свеце і не толькі ў ім, напрыклад  у перыяд княжання Сцяпана Батуры, калі нават паўстаў план крыжовага паходу «праз Маскву на Турэччыну». Але сказанае, вядома, менш за ўсё датычыць другой паловы ХVІІ-ХVІІІ стагоддзя, калі Вялікае Княства Літоўскае перажывала глыбокі заняпад і паступова страчвала свае землі.

У залежнасці ад дзяржаўна-палітычных межаў краіны ўдакладняўся і яе афіцыйны назоў. У ХІІІ-ХІV стагоддзях яна называлася Вялікае Княства Літоўскае, а часцей за ўсё проста Літва, пасля далучэння ўкраінскіх земляў гаспадарства атрымала найменне Вялікае Княства Літоўскае і Рускае. Затым, з уваходжаннем у яго склад Жамойці, а пазней Інфлянтаў ды іншых тэрыторыяў яго пачалі менаваць Вялікае Княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае, Інфлянцкае ды інш. Гэтакім чынам, назоў дзяржавы адлюстроўваў не федэратыўную будову, як гэта часта сцвярджаюць, а тэрытарыяльныя валоданні вялікага князя.

Информация о работе Шпаргалка по "Истории Белорусии"