Шпаргалка по "Истории Белорусии"

Автор: Пользователь скрыл имя, 16 Января 2013 в 13:04, шпаргалка

Описание работы

1. Якія старажытныя плямёны былі нашымі продкамі?
Ужо з глыбокай старажытнасці на беларускай зямлі жылі розныя, пераважна індаэўрапейскія, плямёны. У другой палове 1-га тысячагоддзя па Нараджэнні Хрыстовым наш край пачалі засяляць славянскія плямёны, што спрычынілася да славянізацыі мясцовых балтаў. Славяна-балцкі сінтэз вёў да фармавання старабеларускага этнасу.

Работа содержит 1 файл

150 пытанняў і адказаў з гірсторыі Беларусі.doc

— 941.50 Кб (Скачать)

Але ўсе гэтыя планы нечакана былі парушаныя супрацівам беларускіх паслоў на чале з Тадэвушам Рэйтанам, шляхцічам з-пад Ляхавічаў, паслом ад Наваградскага ваяводства. Тры дні ён разам з Самулём Корсакам і Станіславам Багушэвічам не дазвалялі Панінскаму ўзначаліць Сойм. Гэты пратэст вонкава насіў фармальны характар. Бо, па-першае, Сойм паводле чаргі павінны быў праводзіцца ў Горадні, а не ў Варшаве, а маршалкам яго мусіў быць ліцьвін, а не паляк. А па-другое, Сойм склікаўся не як канфедэрацкі, а як звычайны, і распачынаць яго пад знакам канфедэрацыі было незаконна. Для нашых паслоў гэта была толькі зачэпка, каб сарваць Сойм і не дапусціць ганебнага зацверджання падзелу.

Спачатку Рэйтана  ўгаворвалі, каб саступіў. Потым, калі не атрымалася, хацелі, як і іншых, падкупіць грашыма. Урэшце, канфедэрацкі суд прыняў пастанову пазбавіць яго «маёмасці і гонару» і выгнаць з краіны. Але ўсё было марна: Тадэвуш Рэйтан заставаўся непахісным у сваіх перакананнях. Пад час правядзення Сойму быў і такі драматычны момант, калі Рэйтан у адчаі, каб не даць магчымасці па-згодніцку настроеным паслам пакінуць залу паседжанняў, лёг крыжам ля дзвярэй і закрычаў: «Забіце мяне, затапчыце, але не забівайце Бацькаўшчыны!»

Гераічны супраціў Рэйтана не выратаваў нашае краіны ад захопу. Пакінуты і знявераны, ён цяжка захварэў. Памёр (паводле іншай версіі, скончыў жыццё самагубствам) у сваім маёнтку Грушаўка 8 жніўня 1780 года, маючы 38 гадоў.

Легендарны  чын Тадэвуша Рэйтана ўвайшоў  у нашу гісторыю як прыклад высокага патрыятызму і самаахвярнасці. Яго імя - гэта сімвал мужнасці і няскоранасці для ўсіх, хто не гандлюе святынямі, не прадае самага дарагога - Айчыны. І ў нашым часе заклік Т.Рэйтана «Не забівайце Бацькаўшчыны!», на жаль, цалкам актуальны.

85. Як беларусы страцілі сваю  дзяржаўнасць?

 

Беларускае гаспадарства было зліквідаванае ў канцы ХVІІІ стагоддзя. Да гэтага спрычыніліся як заходнія, гэтак і ўсходнія нашы суседзі.

Увесну 1791 года ў часе Вальнага Сойму польскія магнаты  і апалячаная беларуская шляхта, імкнучыся  ўмацаваць Польшчу, над якой навісла пагроза з боку Аўстрыі, Прусіі і Расеі, заявілі пра неабходнасць увядзення спадчыннай манархіі і зліквідавання адметных дзяржаўных структураў Вялікага Княства. Так здзейснілася шматвяковая мара нашых заходніх суседзяў. Беларускае гаспадарства з гэтага моманту дэ юрэ ўвайшло ў склад Польшчы. Праўда, ненадоўга. У траўні 1792 года расейская армія пад камандаваннем Крэчэтнікава захапіла Вільню і ўсталявала кантроль над нашымі землямі. А ў 1793 годзе Расейская імперыя анексавала цэнтральную частку Беларусі (усходнія землі былі захопленыя яшчэ раней - у 1772 годзе).

Часовае аднаўленне беларускай дзяржаўнасці адбылося ў 1794 годзе ў перыяд антырасейскага паўстання  пад кіраўніцтвам Якуба Ясінскага. Але створаная тады Найвышэйшая  Літоўская Рада, якой належалі ўсе паўнамоцтвы, праіснавала толькі некалькі месяцаў: паўстанне было жорстка задушанае.

У 1795 годзе, калі Расея дарэшты захапіла Беларусь, распараджэннем Кацярыны ІІ нашыя землі  ўвайшлі ў тры створаныя тады адміністрацыйныя адзінкі - генерал-губернатарствы: Беларускае (Полацкая і Магілеўская губерні), Літоўскае (Слонімская і Віленская губерні ды дзве вобласці - Ковенская і Гарадзенская) і Падольскае (Менская, Валынская і Падольская губерні).

Спробы аднавіць Вялікае Княства Літоўскае былі ў 1811 і ў 1812 гадах. Хоць гэтыя праекты і не мелі прыкметных гістарычных вынікаў, аднак яны з'яўляюцца красамоўным сведчаннем геапалітычнай неабходнасці існавання адметнай дзяржавы ў геаграфічным цэнтры Эўропы.

Такім чынам, аніякага «ўз'яднання» Беларусі з Расеяй, як гэта тэндэнцыйна сцвярджалася ў савецкай гістарычнай літаратуры, не было. Меў месца гвалтоўны захоп, у выніку якога тэрыторыя Беларусі была далучаная да Расеі і наш народ на дзвесце гадоў трапіў у маскоўскую няволю.

86. Калі ў Беларусі пасяліліся  расейцы?

 

У Маскоўскай дзяржаве спрадвеку панавалі парадкі, пры якіх не дазвалялася аніякага рэлігійнага або іншага вальнадумства, а чалавечае жыццё зусім не мела каштоўнасці. Нават знакамітыя баяры мусілі называць сябе «холопами  государевыми».

Вялікае Княства Літоўскае ў адрозненне ад усходняга суседа было краінаю верацярпімаю. Хоць часам сутычкі паміж вернікамі розных канфесій і здараліся, але на працягу стагоддзяў у нашай дзяржаве мірна жылі побач праваслаўныя і каталікі, вуніяты і юдэі, пратэстанты і мусульмане. Шляхта, што складала ў нас блізу 13 працэнтаў жыхарства, мела шырокія грамадзянскія правы. Статут 1588 года, паводле якога жыла нашая Бацькаўшчына, быў дэмакратычным у адрозненне ад расейскіх законаў.

Нядзіва, што  з канца ХV стагоддзя жыхары Масковіі пачалі перасяляцца на беларускія землі. Сюды ўцякалі ад пераследу апальныя князі і вальнадумцы. Пад Віцебскам жыў, напрыклад, вядомы расейскі прапаведнік Фядосій Касой. Ад цара Івана Жахлівага ўцёк у Вялікае Княства князь Андрэй Курбскі.

З другой паловы ХVІІ стагоддзя ў Беларусь ад здзекаў і ўціску перасяляюцца дзесяткі тысяч расейскіх стараабрадцаў. Каб вярнуць уцекачоў, расейскі ўрад наладжваў карныя экспедыцыі. Вядома, што ў 1735 годзе царскі палкоўнік Сыцін напаў на памежны беларускі горад Ветку, дзе сяліліся стараверы, і пагнаў 14 тысяч перасяленцаў назад у Расею.

У Беларусі знаходзілі прытулак і тыя сяляне ды гараджане, што ратаваліся ад дзікага маскоўскага  беззаконня і жорсткага феадальнага  ўціску. Гэтак, у другой палове ХVІІІ  стагоддзя яны ўцякалі сюды сотнямі тысяч. Урад імператрыцы Лізаветы Пятроўны ў 1754 годзе вымагаў ад уладаў Вялікага Княства вярнуць мільён (!) уцекачоў.

Калі беларускія землі былі захопленыя Расеяй, перасяленне  набыло зусім іншы характар. Царскія  ўлады пачалі накіроўваць сюды святароў і чыноўнікаў дзеля ажыццяўлення сваёй імперскай палітыкі. Асабліва масавым такое перасяленне зрабілася пасля задушэння нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863 года. Усе дзяржаўныя пасады маглі займаць толькі расейцы. Яны мелі падвышаныя (параўнальна з метраполіяй) аклады, разнастайныя прывілеі і былі чыннымі русіфікатарамі і праваднікамі гэтай палітыкі. Істотным фактарам русіфікацыі з'яўлялася і расейскае войска, шматлікія гарнізоны якога пастаянна размяшчаліся ў беларускіх гарадах і мястэчках.

Такая практыка захоўвалася і ў савецкай імперыі. Пасля Другой сусветнай вайны  на Беларусь абрынулася новая магутная хваля перасяленцаў з Расеі. Камуністычныя  ідэолагі адводзілі ім важную ролю ў канчатковай русіфікацыі Беларусі і стварэнні «новой этнической общности» - бяспамятнага, абязмоўленага народа, з якім можна праводзіць любыя эксперыменты.

Што такое «Паўлаўская рэспубліка»?

 

Паўлаўская  рэспубліка - гэта дзяржаўнае міні-ўтварэнне (накшталт тых, што і сёння ёсць у Эўропе, - Манака, Андора, Сан-Марына ды інш.), якое існавала на беларускай зямлі ў апошняй трэці ХVІІІ - на пачатку ХІХ стагоддзя.

Стваральнікам Паўлаўскай Рэчы Паспалітай, як яна  афіцыйна менавалася, быў прадстаўнік  старадаўнага беларускага шляхоцкага роду Павел Ксавер Берастоўскі (Бжастоўскі). У сакавіку 1767 года ў сваім маёнтку Мерач (што знаходзіўся на поўдзень ад Вільні, на рацэ Мерачанцы) пад уплывам ідэяў філосафа-асветніка Жана Жака Русо, а таксама сацыялістаў-утапістаў Томаса Мора, Анры Сэн-Сімона ды іншых абвясціў сялянскую рэспубліку і распачаў прагрэсіўныя на той час рэформы. Прыгонныя атрымалі асабістую вольнасць і з паншчыны былі пераведзеныя на чынш (гэтак называўся натуральны або грашовы падатак), а ўлада была перададзеная сялянскай грамадзе.

У 1791 годзе  Сойм Вялікага Княства Літоўскага зацвердзіў Статут (г.зн. канстытуцыю) Паўлаўскай рэспублікі. Паводле яго, кожны жыхар лічыўся раўнапраўным грамадзянінам, меў зямлю і права быць абраным на якую заўгодна дзяржаўную пасаду. Заканадаўчая ўлада належала двухпалатнаму сойму, выканаўчая - міністэрствам, прычым усе пытанні вырашаліся бальшынёй галасоў. Пажыццёвым прэзідэнтам быў абраны П.К.Берастоўскі.

Паўлаўская  рэспубліка мела школу, шпіталь і  банк. Існавалі ўсе атрыбуты дзяржаўнасці: сцяг, герб, уласныя металёвыя грошы. Было створанае і войска з адметнаю ўніформаю, а ў выпадку вялікай небяспекі склікалася народнае рушанне.

Сацыяльны эксперымент  Паўла Ксавера Берастоўскага  стаўся даволі даўгавечным: Паўлаўская рэспубліка існавала больш за паўстагоддзя - да 1824 года. Гэты гістарычны факт - як рэальная спроба ажыццяўлення ідэяў свабоды, роўнасці, народаўладдзя - з'яўляецца для нас сведчаннем даўных дэмакратычных традыцый нашага народа.

88. Хто такі Тадэвуш Касцюшка?

 

У шэрагу выдатных барацьбітоў за свабоду ганаровае  месца належыць нашаму суайчынніку Андрэю Тадэвушу Банавентуру Касцюшку. Чалавеку, які змагаўся за вызваленне ад чужаземнага панавання народаў Паўночнай Амэрыкі і Ўсходняй Эўропы, рабіў незабыўнае ўражанне сваёй энергіяй, мужнасцю, адданасцю ідэі свабоды.

Нарадзіўся Касцюшка ў 1746 годзе ў сям'і беларускага шляхціча, фамільны маёнтак якога знаходзіўся ў вёсцы Сяхновічы Кобрынскага павета (цяпер у Жабінкаўскім раёне). У 1760 годзе скончыў піярскую (каталіцкую) школу, а ў 1769 годзе - Варшаўскі кадэцкі корпус. Затым 5 гадоў вучыўся ў Парыжскай ваеннай акадэміі. Па вяртанні дадому яму не знайшлося пасады ні ў войску, ні на цывільнай службе. Т.Касцюшка вымушаны быў пакінуць радзіму і падацца ў 1776 годзе ў Паўночную Амэрыку, дзе тым часам пачалася вайна за вызваленне ад ангельскага ўладарання. На працягу сямі гадоў ён змагаўся ў шэрагах амэрыканскай арміі, дзе атрымаў званне генерала і быў узнагароджаны сама высокім ордэнам Злучаных Штатаў - ордэнам Цынцыната. Перамога ў бітве пад Саратогай у 1777 годзе ў многім была заслугаю Касцюшкі.

Вярнуўшыся  ў 1784 годзе на радзіму, Касцюшка доўгі  час жыў у Сяхновічах. І хоць імкнуўся служыць у войску Вялікага Княства Літоўскага, яму там не знайшлося пасады, і ён змушаны  быў у 1789 годзе пайсці ў польскае войска на камандзіра брыгады. Другі падзел Польшчы і Вялікага Княства, умяшанне суседніх дзяржаваў у іх нутраныя справы, а таксама незадаволенасць значнай часткі насельніцтва самавольствам феадалаў выклікалі абурэнне, якое ў сакавіку 1794 года перарасло ў народнае паўстанне. Кіраўніком яго быў прызначаны Тадэвуш Касцюшка.

Задачамі паўстання  было не толькі змаганне з акупантамі, але і ўстанаўленне права кожнага  чалавека набываць зямлю, права выбіраць і быць абраным, ліквідацыя залежнасці сялян, вольнасць і роўныя правы  для ўсіх і г.д.

Аднак намер  зрабіць уступкі сялянам выклікаў супраціў шляхты, ісці на канфлікт з  якой Т.Касцюшка не адважыўся. Гэта звузіла  сацыяльную базу паўстання. На першым часе яно мела некаторы поспех, але, пасля таго як Расея і Прусія накіравалі вялікую колькасць войскаў, паўстанне было задушанае. 10 кастрычніка 1794 года Касцюшка, цяжка паранены ў бітве каля Мацяёвіцаў, быў узяты ў палон і зняволены ў Петрапаўлаўскай цытадэлі ў Пецярбурзе. Пасля смерці царыцы Кацярыны ІІ Павел І вызваліў Касцюшку і дазволіў яму выехаць за мяжу. Памёр Касцюшка ў Швайцарыі ў 1817 годзе.

89. Які след у гісторыі Беларусі  пакінуў А.Сувораў?

 

Нікога, акрамя Сталіна, Леніна і Берыі, не шанавалі ў БССР так заўзята, як Суворава. Але калі помнікі Сталіну разбураныя, імя Берыі аддадзена анафеме, нялюдскі твар Леніна ўжо праявіўся праз бронзавыя і гіпсавыя маскі, дык культ Суворава-героя па-ранейшаму квітнее на нашай зямлі. У 35 гарадах і 24 мястэчках Беларусі яго імем названыя вуліцы. Дзейнічае Кобрынскі музей, прысвечаны Сувораву. Менскае сувораўскае вучылішча, як і раней, прышчапляе сваім выхаванцам сувораўскія прынцыпы. «Сувораўцамі» сталі нават калгаснікі 23 калгасаў, названых яго імем.

За што ж  былы бальшавіцкі ўрад Беларусі гэтак  дзякаваў «графу Рымнікскаму, князю  Італійскаму, прынцу Сардзінскаму, генералісімусу ўсіх сардзінскіх армій і генералісімусу ўсіх расейскіх войскаў»? Мабыць, за бязлітаснае задушэнне паўстання Тадэвуша Касцюшкі, за карныя аперацыі супраць паўстанцаў у Беларусі. Менавіта ж за пралітую беларускую кроў Кацярына ІІ «пожаловала в вечное и потомственное владение» Сувораву Кобрынскую воласць з 13.279 душамі сялян. На душы тады лічылася мужчынскае працаздольнае насельніцтва, так што не меней за 50 тысяч беларусаў атрымаў у падарунак расейскі палкаводзец за разбіты пад Крупчыцамі корпус паўстанцаў Серакоўскага. Увесь ягоны ўклад у беларускую гісторыю - кроў нашых продкаў.

Сувораў ніколі не ўдзельнічаў у вызваленчых  войнах, ён быў тым палкаводцам, які  старанна выконваў волю і пажаданні  Кацярыны ІІ і Паўла І у пашырэнні  межаў Расейскай імперыі, задушэнні паўстанняў Пугачова, Касцюшкі, супрацьдзеянні войскам рэспубліканскай Францыі ў Эўропе. Баявымі дзеяннямі ў Беларусі Сувораў дапамог здзейсніцца адвечнай мары расейскіх цароў аб захопе беларускіх земляў. Тыя з беларусаў, хто шануе Суворава, шануюць заваёўніка нашай зямлі. Афіцыйны ж удзел у кульце Суворава - сведчанне вернасці імперскаму хамуту.

 

90. На чыім баку былі беларусы  ў вайне 1812 года?

 

У тыя трагічныя  для Беларусі паўгода, ад Купалля  да Калядаў 1812 года, пакуль ішла вайна, нашы прадзеды апынуліся на абодвух - і на расейскім, і на французскім - баках. У расейскае войска яны трапілі з папярэдніх рэкруцкіх набораў. Пасля канчатковай анексіі Беларусі толькі за 1796-1799 гады ў расейскае войска ўзялі 49 тысяч беларусаў, а з 1801 да 1812 года - 130 тысяч (гэта апрача шляхты, якая папаўняла расейскі афіцэрскі корпус). Тэрмін службы рэкрутаў быў тады 25 гадоў, так што ўлетку 1812 года ў расейскіх шыхтах стаялі яшчэ рэкруты набору 1788 года, які праводзіўся на Полаччыне, Віцебшчыне, Магілеўшчыне, акупаваных Расеяй яшчэ ў 1772 годзе. Служылі беларускія рэкруты ў 3-7, 11, 12, 14-18, 21, 23 і 27-й пяхотных дывізіях. Гэтыя дывізіі ўваходзілі ў склад армій Барклая-дэ-Толі і Баграціёна і прынялі на сябе галоўны цяжар ваенных дзеянняў і Барадзінскай бітвы.

Паколькі землі  былога Вялікага Княства Літоўскага Напалеон лічыў вызваленымі з-пад  расейскага прыгнёту, была ўтвораная  Камісія Часовага Ўраду Вялікага Княства. Яна прысягнула на вернасць імператару, гэта значыць, што Беларусь фармальна была абвешчаная саюзніцаю Францыі. Камісія Часовага Ўраду з дазволу імператара пачала ствараць уласныя ўзброеныя сілы, якія далучаліся да напалеонаўскай арміі. Мелася на мэце стварыць 100-тысячнае войска, але рэальна паспелі выставіць для дзейнай арміі 5 палкоў пяхоты і 4 уланскія палкі. Пяхотныя палкі атрымалі нумарацыю з 18-га да 22-га, уланскія - з 17-га да 20-га. Акрамя таго, быў сфармаваны лёгкаконны полк пад камандаваннем слонімскага ўраджэнца генерала Яна Канопкі, да якога далучыўся эскадрон беларускіх татараў на чале з Мустафой Ахматовічам. Да корпуса Ю.Панятоўскага далучылася беларуская артылерыйская батарэя. Асобны полк уланаў, лікам 3 тысячы шабляў, выставіў сваім коштам князь Дамінік Радзівіл. На Палессі фармаваўся 6-ты пяхотны полк. Трэба ўзгадаць яшчэ і конныя харугвы шляхты, якія сабраліся ўжо пад канец вайны, у снежні, на заклік да паспалітага рушання. Усяго на баку Напалеона былі 24 тысячы беларускіх жаўнераў - тое, што здолеў абмундзіраваць і ўзброіць Часовы Ўрад.

Гэтак беларусы, апранутыя ў мундзіры расейскай і французскай армій, у многіх сутычках і бітвах той вайны вымушаныя былі забіваць адзін аднаго - сусед суседа, сваяк сваяка, крэўны крэўнага.

Информация о работе Шпаргалка по "Истории Белорусии"