Шпаргалка по "Истории Белорусии"

Автор: Пользователь скрыл имя, 16 Января 2013 в 13:04, шпаргалка

Описание работы

1. Якія старажытныя плямёны былі нашымі продкамі?
Ужо з глыбокай старажытнасці на беларускай зямлі жылі розныя, пераважна індаэўрапейскія, плямёны. У другой палове 1-га тысячагоддзя па Нараджэнні Хрыстовым наш край пачалі засяляць славянскія плямёны, што спрычынілася да славянізацыі мясцовых балтаў. Славяна-балцкі сінтэз вёў да фармавання старабеларускага этнасу.

Работа содержит 1 файл

150 пытанняў і адказаў з гірсторыі Беларусі.doc

— 941.50 Кб (Скачать)

Рэвалюцыйныя  падзеі аніяк не вынікалі з развіцця тагачаснага беларускага грамадства. Для іх па сутнасці не было тут сацыяльнай базы. Пра гэта даволі красамоўна сведчаць прызнанні самых бальшавіцкіх функцыянераў: «Моцных сувязяў з рабочымі няма, дзеля блізкасці да фронту наша арганізацыя па сутнасці ваенная» (А.Мяснікоў); «Гэтая шматтысячная маса ў салдацкіх шынялях і была той сама сілай, што ажыццявіла кастрычніцкі пераварот у Менску і на Заходнім фронце»; «25 кастрычніка 1917 года бальшавізм быў чужым для шырокіх масаў» (В.Кнорын).

Наконт рэвалюцыйнасці мясцовага рабочага класа прышлыя  бальшавікі ілюзіяў не мелі і таму асаблівых спадзяванняў на яго не пакладалі. Паводле словаў таго ж Кнорына, бальшыня рабочай секцыі Менскага савета складалася тады з бундаўцаў і меншавікоў. Падобна, што менскі пралетарыят застаўся ўбаку ад кастрычніцкіх падзеяў. У «героя» рэвалюцыйных барыкадаў ён ператварыўся значна пазней, калі савецкія гісторыкі пачалі падганяць падзеі пад свае шаблонныя схемы.

Нацыянальна-дэмакратычныя  сілы не прызналі законнасці бальшавіцкай улады ў Беларусі. «Гэтая ўлада  была заўсёды чужая, небеларуская. Камуністычную ўладу стварылі не беларускія сяляне і рабочыя, а расейскае войска, якое стаяла на Заходнім фронце», - пісала беларуская газета «Крыніца».

Такім чынам, Кастрычніцкая рэвалюцыя была прынесеная ў Беларусь на расейскіх штыхах. Яна не была тут ні вялікай, ні сацыялістычнай, ні рэвалюцыяй. Гэтую падзею ў нас правільней называць ваенным пераваротам, як, дарэчы, яна й называлася напачатку яе творцамі.

106. Чаму камуністы разагналі  Першы Ўсебеларускі кангрэс?

 

Ва ўмовах Першай сусветнай вайны патрыятычна настроеныя дзеячы склікалі 18 снежня 1917 года ў Менску Ўсебеларускі кангрэс (з'езд) палітычных сіл. У зале Гарадскога тэатра (цяпер тэатр імя Янкі Купалы) сабраліся 1872 дэлегаты ад усіх рэгіёнаў Беларусі, усіх грамадскіх і палітычных арганізацый, у тым ліку пасланцы губернскіх земстваў, органаў мясцовага самакіравання, прафесійных саюзаў і кааператыўных таварыстваў. Былі там прадстаўнікі і бежанцаў, і тых, хто служыў у арміі ці на флоце, і хто жыў у Петраградзе або ў Маскве. Яны з энтузіязмам абмяркоўвалі найважнейшыя праблемы жыцця і лёсу Беларусі. А на нашай зямлі ў той час гаспадарылі бальшавікі, якімі кіравалі Мяснікян (Мяснікоў), Кнорыньш (Кнорын), Ландэр, Разаўскі ды іншыя прышэльцы з розных куткоў Расейскай імперыі.

Бальшавіцкія  кіраўнікі «Западной области» (так яны афіцыйна называлі Беларусь), пераканаўшыся, што ўдзельнікі кангрэса абмяркоўваюць толькі нацыянальныя праблемы жыцця беларускага народа і не збіраюцца падпарадкоўвацца іх дыктату, уначы з 30 на 31 снежня, выкарыстаўшы вайсковую сілу, разагналі кангрэс. Ордэр на разгон падпісаў Ландэр. Кангрэс, аднак, паспеў стварыць Выканаўчы камітэт, які з гэтага часу кіраваў нацыянальна-вызвольным рухам беларускага народа і падрыхтаваў абвяшчэнне ў сакавіку 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі і яе незалежнасці.

107. Ці была БНР марыянеткавай  дзяржавай?

 

Стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі было заканамерным этапам у развіцці нацыянальна-вызвольнага  руху ў Беларусі пачатку ХХ стагоддзя. Усебеларускі кангрэс, які адбыўся  ў снежні 1917 года, выказаўся за аўтаномную рэспубліку Беларусь у складзе федэратыўнай савецкай Расеі. Але нават такая пастанова выклікала абурэнне кіраўнікоў бальшавіцкай партыі, і яны, як вядома, выкарысталі сілу. У 1918 годзе лідэр бальшавікоў «Западной области» В.Кнорын пісаў: «Мы считаем, что белорусы не являются нацией и что этнографические особенности, которые их отделяют от остальных русских, должны быть изжиты». Рада і Выканаўчы камітэт, абраныя кангрэсам, былі тады адзінымі прадстаўнікамі інтарэсаў беларусага народа.

У лютым-сакавіку 1918 года гэтая Рада была папоўненая прадстаўнікамі з месцаў і пераўтвораная ў беларускі парламент - Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Выканаўчы камітэт стаў урадам БНР, які называўся Народным Сакратарыятам. У яго ўвайшлі Язэп Варонка, Алесь Бурбіс, Іван Серада, Васіль Захарка, Аркадзь Смоліч, Пётра Крэчэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц.

25 сакавіка 1918 года ў 3-й Устаўной грамаце  Рады БНР Беларусь абвяшчалася  вольнай і незалежнай дзяржавай.  Устанаўліваўся 8-гадзінны працоўны дзень; лясы, азёры і нетры нацыяналізаваліся; зямля без выкупу перадавалася тым, хто на ёй працуе. Абвяшчалася вольнасць слова, друку, сходаў, забастовак, веравызнання, незачэпнасць асобы і памяшкання. Нацыянальным мяншыням на беларускай зямлі не было гвалту: яны мелі права на нацыянальна-персанальную аўтаномію.

Беларускую  Народную Рэспубліку афіцыйна прызналі Ўкраіна, Турэччына, Фінляндыя, Аўстрыя, Чэхаславаччына, Летува, Эстонія, Латвія, Польшча, Арменія, Грузія.

Пры канцы  лютага ў Менск, дзе знаходзіўся ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі, прыйшлі войскі кайзераўскай Нямеччыны. Яны забралі касу Народнага Сакратарыята, сарвалі з яго будынка бел-чырвона-белы сцяг, выгналі службоўцаў. Лідэры БНР былі папярэджаныя, што акупацыйныя ўлады не дапусцяць у Беларусі сур'ёзнай палітычнай дзейнасці. Паводле дамоўленасці з бальшавікамі ў Берасці, немцы абавязаліся не прызнаваць новых дзяржаўных утварэнняў на тэрыторыі былой Расейскай імперыі.

Урад БНР  не прытрымліваўся ў сваёй дзейнасці  і польскіх інтарэсаў. Ён катэгарычна адхіляў прэтэнзіі заходняга суседа на беларускія землі. «Старшыня Беларускай Рады п.Луцкевіч, прыбыўшы нядаўна ў Варшаву, хоча выратаваць фікцыю беларускай дзяржаўнасці і вядзе перамовы з польскім урадам. Урад без асаблівай ахвоты вядзе перамовы», - гэтак, пагардліва для беларусаў, адзначалася на з'ездзе інструктараў польскай ваенізаванай арганізацыі «Страж крэсова» ў верасні 1919 года.

Такім чынам, урад БНР дбаў толькі пра інтарэсы сваіх грамадзян, беларускага народа. Лічыць Беларускую Народную Рэспубліку марыянеткай Нямеччыны, Польшчы ці якой іншай дзяржавы няма ніякіх падставаў.

108. У якіх межах былі абвешчаныя  Беларуская Народная Рэспубліка  і БССР?

 

У 3-й Устаўной грамаце Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ад 25 сакавіка 1918 года, якая абвясціла Беларусь вольнай і незалежнай дзяржавай, тэрытарыяльныя межы БНР вызначаліся ў агульнай форме. «Беларуская Народная Рэспубліка, - гаворыцца ў дакуменце, - павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае колькасную перавагу беларускі народ, а менавіта: Магілеўшчыну, беларускія часткі Меншчыны, Гарадзеншчыны (з Горадняй, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часткі суседніх губерняў, населеных беларусамі». Гэтыя межы былі дакладна акрэсленыя на карце Беларускай Народнай Рэспублікі, выдадзенай у 1918 годзе і прадстаўленай Надзвычайнай місіяй БНР на Парыжскай мірнай канферэнцыі.

У пастанове  І з'езда Камуністычнай партыі бальшавікоў  Беларусі ад 30 снежня 1918 года «асноўным  ядром» Беларускай рэспублікі абвяшчаліся  губерні Менская, Смаленская, Магілеўская, Віцебская і Гарадзенская «з часткай прылеглых да іх мясцовасцяў суседніх губерняў, населеных пераважна беларусамі». Такімі прызнаваліся частка Новааляксандраўскага павета Ковенскай губерні, Вілейскі павет, частка Свянцянскага і Ашмянскага паветаў Віленскай губерні, Суражскі, Імглінскі, Старадубскі і Навазыбкаўскі паветы Чарнігаўскай губерні. З'езд адзначыў, што са складу Смаленскай губерні «могуць быць выключаны» паветы Гжацкі, Сычоўскі, Вяземскі і Юхноўскі, а з Віцебскай губерні - часткі Дзвінскага, Рэжыцкага і Люцынскага паветаў. У пастанове гаварылася, што ў тых частках Віцебскай і Віленскай губерняў, дзе «мяжа носіць спрэчны характар з прычыны населенасці ў аднолькавай ступені некалькімі народнасцямі», пытанне аб ёй павінны былі развязаць спецыяльныя камісіі, складзеныя ўрадамі зацікаўленых савецкіх рэспублік.

У складзе  БССР пастановай з'езда прадугледжвалася стварэнне 7 раёнаў (замест губерняў) і 54 «падраёнаў»: Менскі раён - падраёны Менскі, Барысаўскі, Вілейскі, Свянцянскі, Ашмянскі, Ігуменскі, Бабруйскі і Слуцкі; Смаленскі раён - падраёны Смаленскі, Бельскі, Духаўшчынскі, Парэцкі, Дарагабужскі, Ельнінскі, Красненскі і Рослаўскі; Віцебскі раён

109. Ці была ў Беларусі Грамадзянская  вайна?

 

Грамадзянскай вайны ў той «класічнай» форме, у якой яна адбывалася ў Расеі ў 1918-1920 гадах, у Беларусі не было. Гэта і зразумела. Бо савецкая ўлада ў нашым краі ўсталявалася не ў выніку нутраных працэсаў, а была навязаная звонку, расейскімі бальшавікамі. Мясцовае насельніцтва імкнулася трымацца ўбаку і ад «белых», і ад «чырвоных» расейцаў. Пра гэта сведчыла велізарная колькасць дэзерціраў з абедзвюх арміяў. Заклікі чырвоных да сусветнай рэвалюцыі не натхнялі беларусаў, гэтак жа як не натхняла іх і мэта белага руху - «единая и неделимая матушка Россия».

Сапраўдная  гісторыя гэтае вайны схаваная ў  савецкай гістарыяграфіі за крымінальнымі  штампамі - «палітычны бандытызм» і  «кулацка-шляхоцкая контррэвалюцыя». На самой жа справе гэта быў шырокі рух супраціву, перадусім беларускага  сялянства; супраціву чужой «савецка-маскавецкай» уладзе, яе жорсткай палітыцы прымусу і рабаўніцтва, эканамічнага авантурызму і нацыянальнага нігілізму. Найбольшы ўздым руху быў з восені 1920 года і на працягу ўсяго 1921 года.

Сяляне паўсталі, каб бараніць свой дом, гаспадарку і сваю вялікую бацькаўшчыну - Беларусь - ад гвалту, здзеку і беззаконня бальшавіцкіх камісараў. Вайна гэтая мела ў Беларусі каласальны размах, як антонаўшчына ў Расеі, махноўшчына ва Ўкраіне, басмацтва ў Сярэдняй Азіі. Вось гэты аспект доўгія гады замоўчваўся ці фальсіфікаваўся савецкімі гісторыкамі да такой ступені, што ў «бандыты» залічвалася большая частка вясковага насельніцтва, а ваенныя падзеі таго перыяду зводзіліся да барацьбы з белагвардзейцамі і інтэрвентамі.

Для азначэння  сутнасці тагачасных падзеяў у Беларусі, на наш погляд, найлепей карыстацца тэрмінамі Рэзістэнцыя або Супраціў, якія дакладна адлюстроўваюць характар гэтай з'явы - супраціўленне ўладзе чужынцаў.

110. Хто такая Палута Бадунова?

 

Сярод дзеячоў  нацыянальна-вызвольнага руху ХХ стагоддзя імя Палуты Бадуновай - адно з сама легендарных. Самаахвярнасцю, мужнасцю, самаадданасцю справе адраджэння Бацькаўшчыны яна заслужыла вялікі аўтарытэт у тых, хто хацеў бачыць Беларусь вольнай і незалежнай.

Палута Бадунова нарадзілася 7 верасня 1885 года ў мястэчку Навабеліца (цяпер адзін з раёнаў Гомеля) у сям'і арандатара. Скончыла Вышэйшыя гістарычна-літаратурныя курсы ў Петраградзе. Яе вабіла паэзія, але вірлівае жыццё распарадзілася іначай. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі яна была абраная дэпутатам Петраградскага савета, а ў чэрвені 1917 года сакратаром ЦК Беларускай Сацыялістычнай Грамады.

У снежні 1917 года П.Бадунова брала ўдзел ў працы  Ўсебеларускага кангрэса, разагнанага  бальшавікамі. У лютым 1918 года ўвайшла  ў склад урада Беларускай Народнай Рэспублікі ў якасці народнага сакратара апекі (паводле сучаснай тэрміналогіі - міністра сацыяльнага забеспячэння). Удзельнічала ў адкрыцці дзіцячых прытулкаў і школ, была старшынёю дабрачыннага таварыства «Цётка» (названага ў гонар нашай славутай паэткі), якое мела на мэце дапамогу бедным.

У часе польскай акупацыі П.Бадунова абіраецца таварышам (г.зн. намеснікам) старшыні кабінета міністраў  БНР. За актыўную антыпольскую дзейнасць  у 1920 годзе арыштавана польскімі  акупацыйнымі ўладамі, утрымлівалася ў адзіночцы Менскай турмы. Выпусцілі Палуту з прычыны эпідэміі тыфу - пад нагляд. «Па выхадзе з турмы, пасля страшных умоваў холаду, ад якога я замярзала смяртэльна, і пагрозы тыфусу, ад якога памерла палова арыштаваных, я ўцякла з-пад нагляду польскай жандармерыі ў Смаленск, а адтуль у Маскву», - успамінала пазней П.Бадунова.

У Маскве П.Бадунова прадстаўляла Партыю беларускіх эсэраў, якую яна разам з Тамашом Грыбам стварыла пасля расколу Грамады. Але бальшавіцкі ўрад не пажадаў  супрацоўнічаць з эсэрамі. 3 сакавіка 1921 года ў Менску П.Бадунову з сябрамі па партыі арыштавала ВЧК. Палуту перавезлі ў Маскву і пасадзілі і сумна вядомую Бутырскую турму, адкуль праз паўгода амаль непрытомную яе прывезла ў Менск сястра Марыя.

У 1923 годзе  П.Бадунова нелегальна выехала ў Прагу, пачала актыўную дзейнасць разам з Т.Грыбам. Чэкісты, якія пільна сачылі за ёю, называлі яе «стаўпом эсэраўскага беларускага руху». У 1924 годзе Палута цяжка захварэла і на пачатку 1926 года, паверыўшы абяцанням савецкіх уладаў аб адраджэнні Беларусі, вярнулася на Бацькаўшчыну.

У пачатку 1930 года, калі ГПУ пачало арышты «нацдэмаў», Палута Бадунова па парадзе сяброў ад'ехала да брата ў Навабеліцу. Працавала там настаўніцай, а  таксама на курсах беларусазнаўства ў Гомелі. За хворай жанчынай быў наладжаны таемны нагляд, а ў верасні 1937 года яе арыштавалі і засудзілі на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Тым часам НКВД пачало маштабную аперацыю - вынішчэнне «антысавецкага падполля». На ролю кіраўніка эсэраўскай групы «прызначылі» П.Бадунову. 25 траўня 1938 года яе судзілі другім разам і прыгаварылі да расстрэлу.

Але пакуты мужнай жанчыны на гэтым не скончыліся. Пяць месяцаў знаходзілася яна ў  гэтак званым «особом корпусе», куды следчыя накіроўвалі прысуджаных  да смерці, якія, на іх думку, не далі дастаткова праўдзівых паказанняў. Катавалі тут бязлітасна, бо юрыдычна гэтых людзей ужо не існавала. Палута Бадунова была расстраляная 29 кастрычніка 1938 года ў Менску, магчыма ў Курапатах. У пэўным сэнсе яе жыццёвы шлях увасабляе ўзнёсласць і трагізм нацыянальна-вызвольнага руху, цяжкі шлях нашае краіны да незалежнасці.

111. Хто такі Кастусь Езавітаў?

 

Кастусь Езавітаў нарадзіўся 5 лістапада 1893 года ў Дзвінску (цяпер Даўгаўпілс у Латвіі) у  сям'і кадравага афіцэра. Скончыў  у 1916 годзе Віцебскі настаўніцкі інстытут і Паўлаўскую вайсковую навучальню. Яшчэ ў 1913 годзе свядома звязаў свой лёс з беларускай справай: стаў сябрам Беларускай Сацыялістычнай Грамады.

У Першую сусветную  вайну праводзіў актыўную тлумачальную і арганізацыйную работу сярод жаўнераў-беларусаў Паўночнага фронту. Быў абраны намеснікам старшыні Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады. За ўдзел у працы Першага Ўсебеларускага кангрэса і дзейнасць па стварэнні беларускага войска ў студзені 1918 года быў арыштаваны ВЧК, але неўзабаве здолеў уцячы з астрогу. Пасля адступлення бальшавікоў быў прызначаны камендантам Менска і Менскага гарнізона.

25 сакавіка 1918 года Кастусь Езавітаў удзельнічаў  у абвяшчэнні незалежнасці Беларускае  Народнае Рэспублікі, уваходзіў  у склад яе Рады. Займаў пасаду народнага сакратара па вайсковых справах (г.зн. міністра абароны).

Информация о работе Шпаргалка по "Истории Белорусии"