Шпаргалка по "Истории Белорусии"

Автор: Пользователь скрыл имя, 16 Января 2013 в 13:04, шпаргалка

Описание работы

1. Якія старажытныя плямёны былі нашымі продкамі?
Ужо з глыбокай старажытнасці на беларускай зямлі жылі розныя, пераважна індаэўрапейскія, плямёны. У другой палове 1-га тысячагоддзя па Нараджэнні Хрыстовым наш край пачалі засяляць славянскія плямёны, што спрычынілася да славянізацыі мясцовых балтаў. Славяна-балцкі сінтэз вёў да фармавання старабеларускага этнасу.

Работа содержит 1 файл

150 пытанняў і адказаў з гірсторыі Беларусі.doc

— 941.50 Кб (Скачать)

Ёсць звесткі, што цела легендарнага «караля Літвы», як называлі яго ў народзе, было пахаванае на Замкавай гары ў Вільні.

 

96. Што такое «западно-руссизм»?

 

«Западно-руссизм» - гэта рэакцыйная плынь грамадскай думкі ў Беларусі ХІХ - пачатку  ХХ стагоддзя, якая мела адмоўнае значэнне для станаўлення беларускай нацыі. Перадумовамі яго ўзнікнення былі, з аднаго боку, наступ польскага каталіцызму, асабліва актыўны ў ХVІІ-ХVІІІ стагоддзях, а з другога - каланіялісцкая палітыка расейскага царызму, накіраваная на поўную інкарпарацыю беларускіх (а таксама ўкраінскіх земляў) у Расейскую імперыю.

Пачатак афармлення ідэалагічнай платформы «западно-руссизма»  прыпадае на эпоху Мікалая І, калі канчаткова знішчаліся рэшткі нашай  былой дзяржаўнай самабытнасці (забарона судовага справавання паводле Статута  Вялікага Княства Літоўскага, скасаванне вуніяцтва), калі ліквідоўваўся Віленскі ўніверсітэт, дзе ўжо з'явіліся парасткі ліцьвінскага (беларускага) адраджэння.

Ля вытокаў  гэтай ідэалогіі стаяў мітрапаліт І.Сямашка - ініцыятар далучэння  вуніятаў да Расейскай праваслаўнай царквы. Галоўным тэарэтыкам быў прафесар Духоўнай акадэміі ў Санкт-Пецярбурзе М.Каяловіч, а непасрэдным натхняльнікам і ўладным апірышчам - генерал-губернатар М.Мураўёў, названы «Вешальнікам». Менавіта пры ім «западно-руссизм» (а сацыяльную глебу яго складалі праваслаўнае духавенства і чыноўны люд) аформіўся як асобная плынь, пэўная школа з сваёй праграмай і канцэпцыяй гісторыі.

У адпаведнасці з асноўным пастулатам, які палягаў  у непрызнанні культурна-нацыянальнай самастойнасці беларускага (як і  ўкраінскага) народа, «западно-руссы» стараліся ідэалагічна абгрунтаваць русіфікацыю Беларусі, якая асабліва энергічна праводзілася з часу задушэння паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Калі ў ХІХ  стагоддзі «западно-руссы» скіроўвалі сваю энергію пераважна на змаганне з польскімі ўплывамі, дык з пачаткам беларускага нацыянальнага адраджэння ХХ стагоддзя менавіта ў ім убачылі яны небяспеку для сябе і сваёй ідэі. І таму павялі шалёную атаку на адраджэнцкі рух, не грэбуючы элементарнымі палітычнымі даносамі на дэмакратычную газету «Наша Ніва» і нашых нацыянальных дзеячоў.

Уся гэтая  прапаганда ажыццяўлялася праз перыядычныя  выданні («Крестьянин», «Минское слово», «Минское русское слово», «Северо-западная жизнь», «Окраины России»), якія падсілкоўваліся  расейскім Міністэрствам нутраных справаў пры пільнай зацікаўленасці самога міністра П.Сталыпіна, які з 1906 года стаў прэм'ер-міністрам (у 1902-1903 гадах ён быў гарадзенскім губернатарам). Рабілася гэта пад выглядам абароны праваслаўя і інтарэсаў беларускага селяніна ды барацьбы з «польскай інтрыгай».

Паказальна, што  сёння, калі абвешчаны дзяржаўны  суверэнітэт Беларусі, а беларуская мова стала дзяржаўнай, нашчадкі сумнай памяці «западно-руссизма» - «Славянский  собор "Белая Русь"», «Союз офицеров», «Белорусское патриотическое движение» - дастаюць з архіва гісторыі панславянскую ідэю, каб, прыкрываючыся ёю, ваяваць за аднаўленне імперыі. Свой ваяўнічы імпэт яны чэрпаюць у міфах пра «абранасць» Расеі, пра яе асаблівую місію ў выратаванні чалавецтва і ў імперскіх амбіцыях шавіністычных партый і рухаў самой Расеі.

97. Як здарылася, што Жамойць  пачала называцца Літвою?

 

Жамойць (лацінская  форма - Самагіція, польская - Жмудзь) - гэта гістарычная вобласць па ніжнім цячэнні Нёмана і ўзбярэжжы Балтыйскага  мора, заселеная плямёнамі балтаў. У 1422 годзе, у часе княжання Вітаўта, яна была канчаткова далучаная да Вялікага Княства Літоўскага і стала яго неадлучнай часткай. З часам нашыя продкі пачалі называць жамойтамі не толькі насельнікаў уласна Жамойці, але і роднасныя ім плямёны.

Умовы для  замацавання за Жамойцяй назову «Літва» склаліся ў ХІХ стагоддзі. Дзеячы жамойцкага нацыянальнага адраджэння для забяспечання свайму руху гістарычнай асновы выкарысталі - у якасці этнічнага - найменне старадаўнай беларускай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага, а не свой, спрадвечны, назоў Жамойць (які, дарэчы, шырока ўжываўся і ў ХІХ стагоддзі, але не асацыяваўся з уяўленнямі пра развітую старажытную дзяржаўнасць).

Зразумела, яны  прысвоілі не толькі найменне «Літва», але і заявілі пра свае выключныя  правы на гістарычную і культурную спадчыну нашае старадаўнае дзяржавы і, у прыватнасці, на яе сімволіку. А паколькі ў жамойцкай мове не было нават слова для абазначэння галоўнага дзяржаўнага сімвала Вялікага Княства, жамойцкія адраджэнцы прыдумалі яго. Зрабіў гэта ў 1845 годзе гісторык С.Даўкантас, назваўшы нашую «Пагоню» наватворам «Віціс». На свой лад перакручвалі яны і імёны нашых гістарычных дзеячоў: Вітаўт стаў у іх Вітаўтас, Астрожскі - Астрагішкіс, Хадкевіч - Кяткявічус, Радзівіл - Радвіла, Пац - Пацас і г.д.

Тым часам нашыя прадзеды аж да канца ХІХ стагоддзя захоўвалі саманазоў «ліцьвіны». Але, на жаль, беларускае нацыянальнае адраджэнне запазнілася, пачалося значна пазней за жамойцкае. Нашы адраджэнцы, пачынаючы з Ф.Багушэвіча, ужо не маглі карыстацца спрадвечным саманазовам «ліцьвіны» і змушаныя былі прыняць найменне, якое тады было ўжо даволі пашыранае на Смаленшчыне, Віцебшчыне, Магілеўшчыне і выкарыстоўвалася расейскім друкам - «беларусы».

Канчаткова  назоў «Літва» ў форме «Летува» афіцыйна быў замацаваны за Жамойцяй 16 лютага 1918 года актам аб незалежнасці, і, такім чынам, быў пастаўлены знак роўнасці паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Летувой. Усё гэта і спрычынілася да таго, што ў грамадскай свядомасці ўкаранілася думка, нібыта сучасная Рэспубліка Летува - спадкаемка Вялікага Княства Літоўскага.

98. Адкуль у Беларусі ўзяліся  палякі?

 

Палякі ў  Беларусі ніколі не былі карэннымі  жыхарамі. Паводле законаў нашай  старадаўнай дзяржавы - Вялікага Княства  Літоўскага, усім іншаземцам (у тым  ліку й палякам) забаранялася займаць у нас дзяржаўныя і царкоўныя пасады, купляць зямлю. І хоць гэтыя законы часам абыходзіліся, прыкметнай міграцыі палякаў у Беларусь тады не было.

У другой палове ХVІІ стагоддзя дзеля розных сацыяльна-палітычных прычынаў пакрысе пачаўся працэс паланізацыі (г.зн. апалячвання) беларускай шляхты і найвышэйшых станаў грамадства. Пазней, у ХІХ стагоддзі, хваля паланізацыі часткова закранула і сялянства, пераважна праз каталіцкі касцёл (нагадаем, што пасля ліквідацыі расейцамі вуніяцкай царквы больш за мільён беларусаў, пратэстуючы супраць гэтага гвалту, перайшлі ў каталіцтва). Ксяндзы, часта наўмысна атаясамліваючы нацыянальнасць і веравызнанне, прапаведвалі заганную формулу: хто трымаецца «польскай» (каталіцкай) веры - той паляк.

У выніку гэтых  працэсаў, паводле перапісу насельніцтва Расейскай імперыі 1897 года, палякамі запісалася 12% жыхароў Беларусі. Гэтаксама, згодна з дадзенымі Кракаўскага статыстычнага камітэта, у 1912 годзе сярод насельнікаў Гарадзенскай губерні было 10,07% палякаў, а ў Віленскай яшчэ меней - 8,17%.

У Заходняй Беларусі ў часе яе знаходжання ў складзе  Польскай дзяржавы ў 20-30-х гадах праводзілася дзяржаўная палітыка апалячвання, якая суправаджалася пераследамі ўсяго  беларускага. Польскія ўлады маніпулявалі статыстычнымі дадзенымі, штучна завышаючы лік польскага насельніцтва. Не абмяжоўваючыся гэтым, яны праводзілі палітыку наўпроставай каланізацыі, перасяліўшы ў Заходнюю Беларусь з этнічнай Польшчы блізу 300 тысяч чалавек гэтак званых асаднікаў (каланістаў).

На тэрыторыі  Ўсходняй Беларусі (БССР) палякі тады складалі не больш за 3% насельніцтва, або 97,5 тысячы чалавек (дадзеныя 1926 года).

Пасля далучэння  Заходняй Беларусі, у 1940 годзе, у выніку сталінскіх рэпрэсіяў блізу 600 тысяч  чалавек каталіцкага веравызнання (у іх ліку практычна ўсе асаднікі) былі высланыя ў Сібір.

Пасля Другой сусветнай вайны, у 40-50-х гадах, лік  польскага насельніцтва ў Беларусі яшчэ болей зменшыўся. У выніку польска-савецкіх міждзяржаўных пагадненняў каля 500 тысяч беларускіх каталікоў (пераважна  сялян, што ўцякалі ад калгасаў) выехала на сталае жыхарства ў Польскую Народную Рэспубліку.

Як ні парадаксальна, але і пасля гэтага ў БССР, паводле  перапісу 1989 года, жыло 418 тысяч палякаў, з якіх 13,3% лічылі роднай мовай польскую. Дык адкуль жа яны ўзяліся? Мы ж ведаем, што на працягу ўсёй нашай гісторыі значнага перасялення палякаў на нашыя землі не было (з выняткам з'явы асадніцтва, якое, аднак, не пакінула па сабе этнадэмаграфічнага следу).

Значыць, яны  «прадуктуюцца» тут, у Беларусі. І  «прадуктуе» іх, без сумневу, польскі каталіцкі касцёл. Менавіта ён сёння, як і сто, як і дзвесце гадоў таму, робіць палякаў з беларусаў-каталікоў, прышчапляючы ім польскую нацыянальную свядомасць.

Усё гэта пацвярджаецца  і дадзенымі антрапалогіі, вывучэннем мовы і культурных традыцыяў польскай меншыні ў нашай краіне. Яны пераканаўча сведчаць, што пераважная колькасць тых, хто лічыць тут сябе палякамі, - беларусы паводле свайго паходжання.

Такім чынам, не адмаўляючы наяўнасці ў Беларусі этнічных палякаў, даводзіцца прызнаць: у абсалютнай бальшыні мясцовыя палякі, як, дарэчы, і тыя, што жывуць на Віленшчыне, - гэта апалячаныя беларусы.

 

99. Хто такі Браніслаў Эпімах-Шыпіла?

 

Браніслава  Эпімаха-Шыпілу (1859-1934) справядліва  называюць патрыярхам беларускага  Адраджэння. Ён пераняў эстафету ад свайго сучасніка Францішка Багушэвіча - стваральніка беларускай нацыянальнай ідэалогіі - і ахвяраваў сябе цалкам дзеля рэалізацыі гэтых ідэяў, паставіўшы справу нашага Адраджэння на практычны грунт.

Нарадзіўся  ён у шляхоцкай сям'і ў фальварку Будзькаўшчына Лепельскага павета (цяпер Полацкі раён). У 1880 годзе скончыў Рыжскую гімназію, у 1885 годзе - Пецярбургскі ўніверсітэт, дзе праз два гады абараніў кандыдацкую дысертацыю. Быў высокаадукаваным вучоным, дасканала ведаў болей за 20 моваў, у тым ліку санскрыт, лаціну, старагрэцкую. У 1891 годзе ўладкаваўся на пасаду памочніка бібліятэкара, г.зн. намесніка дырэктара, бібліятэкі Пецярбургскага ўніверсітэта (фактычна ён быў дырэктарам бібліятэкі, але, як каталік, афіцыйна не мог займаць гэтае пасады).

Немалыя ўласныя  сродкі Б.Эпімах-Шыпіла ахвяраваў на выданне беларускіх кніг. Ён быў  адным з заснавальнікаў выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў  наша ваконца» (1906-1914 гады), якая складае  цэлую эпоху ў адраджэнні беларусаў. Ягоная пецярбургская кватэра на Васілеўскім востраве была не толькі сядзібаю гэтай суполкі, але па сутнасці цэнтрам беларускага нацыянальнага жыцця ў тагачаснай сталіцы Расейскай імперыі. У 1912 годзе Б.Эпімах-Шыпіла ўзначаліў створаны ім у Пецярбургскім ўніверсітэце Беларускі навукова-літаратурны гурток; ён быў клапатлівым настаўнікам і апекуном студэнтаў-беларусаў.

Невымерная  заслуга Б.Эпімаха-Шыпілы перад нашай  гісторыяй - у згуртаванні і выхаванні  сведамай моладзі. З яе асяроддзя  выраслі буйныя дзеячы нацыянальна-вызвольнага руху, намаганнямі якіх беларускі народ аднавіў сваю дзяржаўнасць. Сярод іх Янка Купала, Тамаш Грыб, Язэп Варонка, Лявон Заяц, Браніслаў Тарашкевіч, Зміцер Жылуновіч, Клаўдусь Душэўскі.

Працуючы выкладчыкам  Пецярбургскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі, Б.Эпімах-Шыпіла ўзгадаваў плеяду беларускіх святароў, якія пачалі адраджаць нацыянальны касцёл (Аляксандар Астрамовіч, Адам Станкевіч, Кастусь Стаповіч, Фабіян Абрантовіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Андрэй Цікота, Віктар Шутовіч, Францішак Будзька, Францішак Грынкевіч ды інш.).

Б.Эпімах-Шыпіла склаў першую хрэстаматыю з беларускай літаратуры, уратаваўшы ад нябыту шмат якія творы пачынальнікаў нашага новага пісьменства. Намерваўся ён стварыць і Беларускі нацыянальны музей. Дзеля гэтага на Полаччыне ўжо  быў пабудаваны дом і нават размешчаныя некаторыя экспанаты, але пажар перакрэсліў гэтую задуму.

Неўзабаве пасля  стварэння БССР, у 1924 годзе, Б.Эпімах-Шыпіла быў абраны правадзейным сябрам Інстытута  Беларускай Культуры і, пераехаўшы ў  Менск, працаваў рэдактарам, а затым дырэктарам камісіі Інбелкульту па складанні слоўніка жывой беларускай мовы. Перадаў Беларускай Акадэміі Навук сваю ўнікальную бібліятэку - больш за 5000 тамоў. Пры канцы 20-х гадоў, з пачаткам бальшавіцкіх рэпрэсій супраць нацыянальнай інтэлігенцыі, быў высланы за межы БССР. Змушаны вярнуцца ў Пецярбург, дзе неўзабаве памёр у галечы, не маючы нават сталага прытулку.

100. Калі паўстала першая беларуская  палітычная партыя?

 

Увосень 1902 года група студэнтаў-беларусаў (Вацлаў Іваноўскі, Алаіза Пашкевіч, Іван Луцкевіч ды інш.) пачала ствараць у Пецярбурзе падпольную арганізацыю пад назовам Беларуская Рэвалюцыйная Партыя. Узімку 1902/03 года адбыўся з'езд прадстаўнікоў студэнцкіх і вучнёўскіх гурткоў Менска, Вільні і Пецярбурга, на якім была ўтвораная Беларуская Рэвалюцыйная Грамада, пазней перайменаваная ў Беларускую Сацыялістычную Грамаду. Да ліку заснавальнікаў БСГ акрамя названых асобаў належалі Антон Луцкевіч, Алесь Бурбіс, Казімір Кастравіцкі, Аляксандар Уласаў, Вацлаў Ластоўскі ды інш. Сваёй найбліжэйшай задачай БСГ ставіла звяржэнне самаўладдзя і заваёву дэмакратычных свабодаў у хаўрусе з іншымі народамі Расейскага гаспадарства, а канчатковай мэтай - пабудову сацыялізму. Па нацыянальным пытанні ў першай праграме (1903 год) выказалася за стварэнне незалежнай Беларускай дэмакратычнай рэспублікі, а ў другой (1906 год) - за дзяржаўную аўтаномію Беларусі з Соймам у Вільні (у складзе Расейскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі) і культурна-нацыянальную аўтаномію для нацыянальных мяншыняў.

Лідэры БСГ прычыніліся да заснавання выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца» ў Пецярбурзе і першых легальных газет на беларускай мове - «Нашай Долі» і «Нашай Нівы», якія выдаваліся ў Вільні. Пасля паразы першай расейскай рэвалюцыі БСГ фактычна спыніла дзейнасць і як партыя часова перастала існаваць. Яе актыў засяродзіўся вакол «Нашае Нівы», якая сталася цэнтрам згуртавання і выхавання нацыянальна сведамай інтэлігенцыі і нацыянальна-культурнага адраджэння народа.

Пасля акупацыі Вільні кайзераўскімі войскамі (1915 год) частка лідэраў БСГ (браты Луцкевічы, В.Ластоўскі) узначаліла «Беларускі камітэт дапамогі пацярпелым ад вайны» і выступіла з ідэяй адраджэння Вялікага Княства Літоўскага з Соймам у Вільні.

Информация о работе Шпаргалка по "Истории Белорусии"