История Сморгонского края

Автор: Пользователь скрыл имя, 08 Марта 2013 в 13:04, реферат

Описание работы

Смаргонскі край. Смаргоншчына любая мая… Бог не абдзяліў цябе адвечным прыродным хараством. Твае ціхія і адначасова велічна-задуменныя лясы непрыкметна пераходзяць у маляўнічыя ўзгоркі, а неабсяжныя, як кінуць вокам, раўніны арганічна суседнічаюць з празрыста-гаманлівай Віліяй і яе прытокам Ашмянкай. А недзе там, каля Залесся, нясе свае няспешныя воды рэчачка Драйка, расказваючы наваколлю жыццёвую адысею кампазітара і дыпламата, культурнага і палітычнага дзеяча Рэчы Паспалітай, князя Міхала Клеафаса Агінскага, пра яго светлую любоў да роднага краю, да слаўнай Айчыны.

Содержание

Храналогія гісторыі Смаргоні 4
Гісторыя Смаргонскага раёна 6
1. Археалагічнае мінулае Смаргоншчыны 6
2. Смаргонскія землі ў складзе ВКЛ (ХІІІ – ХVІІІ стст.) 11
2.1. Крэўскае княства 12
2.2. Смаргонь і яе ўладары 14
3. У складзе Расійскай імперыі (1794-1918гг.) 20
3.1. Смаргоншчына ў 1905-1907гг. 23
3.2. Першая сусветная вайна і Смаргонскі край 25
4. Смаргоншчына ў міжваенны перыяд (1918-1941гг.) 28
4.1.У складзе Польскай дяржавы (1921 – 1939гг.) 28
4.2. Смаргоншчына ў перадваенныя гады (1939-1941гг.) 31
5. Падзеі Вялікай Айчыннай вайны і наш край з 1941 па 1944гг. 32
5.1.Акупацыйны рэжым 33
5.2. Падпольны, партызанскі рух і польскі Рух Супраціўлення 35
5.3. Вызваленне Смаргонскага раёна 37
6. Пасляваеннае развіццё Смаргонскага раёна (1944-2007гг.) 39
Заключэнне 42
Спіс выкарыстанай літаратуры 43

Работа содержит 1 файл

Бел мова.docx

— 109.79 Кб (Скачать)

Культурны пласт  – глеба чорнага колеру, насычаная  абпаленымі камянямі, попелам, вугалем, дасягае да 2-2,5м (у цэнтры пляцоўкі). У яе розных месцах знойдзена больш  за 20 вогнішчаў у форме кола.

Археолагі знайшлі  шмат рэчаў, якія характарызуюць заняткі  жыхароў. Гэта прылады працы, упрыгожванні, зброя, гліняны посуд. Яны вырабляліся  з каменю, рога, косці, бронзы, жалеза і гліны. Вучоныя мяркуюць, што  людзі таго часу ведалі апрацоўку  бронзы, аб чым сведчаць знаходкі на гарадзішчах гэтай культуры. На гарадзішчы Гарані гэтыя працэсы адбываліся на працягу амаль усяго I тыс. да н.э.   

Жалезны век  пачынаецца на Беларусі ў  VIII - VII стст. да н.э., нягледзячы на шырокае распаўсюджванне жалезных руд (у багне і пераўвільготных месцах), жалеза не адразу ўвайшло ў жыццё людзей. Жалеза стане больш вядома з IV ст. да н.э., і толькі на мяжы новай эры яно шырока ўвайшло ў побыт насельніцтва Беларусі.

Сярод вырабаў  з каменю асаблівую цікавасць  прадстаўляюць свідраваныя і  клінападобныя сякеры. Наяўнасць  высвідроўвання сведчыць, што сякеры выраблялі на гарадзішчы. Яны сустракаюцца вельмі шырока, у тым ліку на паселішчы  вёскі Засвір, таксама на беразе возера Свір. Выраб і выкарыстанне каменных сякер было характэрна для  археалагічных культур значнай  часткі Беларусі, Прыбалтыкі і ўсёй лясной паласы Усходняй Еўропы ў  I тыс. да н.э.

У той далёкі час клімат быў больш сухі ў  параўнанні з цяперашнім, і тады вялося ляднае земляробства з дапамогай  каменных сякер.  Падсякалі толькі хмызняк, кустоўе і невялікія  дрэвы, а з вялікіх дрэў здымалі  кару, каб яны высыхалі. Потым  ляда выпальвалі і засейвалі зернем. Праз некалькі гадоў ляда пакідалі і расчышчалі новае. На старым полі пасвілі жывёлу. Для гаспадаркі такога тыпу і выкарыстоўвалі сякеры з каменю. Таму насельніцтва дасягнула даволі высокага развіцця гаспадаркі яшчэ ў  I тыс. да н.э.

Ужо на працягу  I тыс. да н.э. косць і рог шырока выкарыстоўвалі для вырабу прылад працы: вастрыё, долаты, скрабкі, качадыкі для пляцення сетак, шылы, рукаяці, шпількі і падвескі для ўпрыгожванняў, наканечнікі стрэл і дзідаў для зброі.

За кароткі  час металічныя вырабы поўнасцю замяняюць  прадметы з каменю, косці і рога. Жалеза здабывалася прымітыўным  спосабам у гліняных печах – домніцах звонападобнай формы. Каля падэшвы  рабілася адтуліна для паддувала, а  верх яе быў адкрыты . Праз верх ў  домніцу закладвалі вугаль ці дровы  слаямі і  перамытую ачышчаную  руду. Печ запальвалі праз паддувала, а затым, каб павялічыць тэмпературу  ў ёй,  спецыяльнымі прыстасаваннямі  ў выглядзе мяхоў, удзімалі паветра. Пры высокай тэмпературы кропелькі жалеза сцякалі на дно печы і стваралі крыцы лінзападобнай формы. Пасля астывання домніцы яе разбіралі і даставалі шлакі і крыцу. Часцей археолагі знаходзяць адыходы-шлакі. Верагодна, выплаўкай жалеза займаліся не ў паселішчах, а ў майстэрнях, якія размяшчаліся каля крыніц сыравіны. На Смаргоншчыне шмат такіх  гарадзішчаў, дзе старажытныя людзі маглі б здабываць руду. Старажытныя металургі былі адначасова і кавалямі. Яны бралі крыцу (кавалкі жалеза), некалькі разоў іх прагравалі і пракоўвалі, каб ачысціць ад уключэнняў шлаку. Такая апрацоўка магла весціся і на гарадзішчы Кашчэлічы Валожынскага раёна Мінскай вобласці, дзе знойдзена такая кузня ў выглядзе заглыбленай пабудовы. Жалеза кавалі на вялікім камені-валуне. У якасці молатаў служылі каменныя і жалезныя вырабы. З атрыманага жалеза выкоўвалі патрэбныя рэчы: прылады працы, упрыгожванні, зброю. Сярод іх сярпы, сякеры, шылы, праколкі, іголкі, долаты, нажы, упрыгожванні.

Адным з заняткаў жыхароў было ткацтва. Пра гэта сведчаць знаходкі розных гузікаў, грузіл і праселак, якія выкарыстоўваліся ў якасці падвесаў на вертыкальным ткацкім станку і  як дэталі прымітыўных гарызантальных кроснаў. Знаходка такога гузіка вядома і з разведак на гарадзішчы каля в.Суцькава.

Большую частку знаходак складаюць фрагменты глінянага  посуду з чатырма тыпамі керамікі па спосабу апрацоўкі знешняй  паверхні, пераважна штрыхаваная  гладкасценная, шурпатая і глянцавая. Падобны посуд знойдзены падчас разведак і на гарадзішчы каля вёскі  Монтацішкі. Посуд з гладкасценнай  і глянцавай паверхняй вырабляўся больш якасным. Яго выраблялі  з гліны ў якую дадавалі жарству і добра вымешвалі. Паверхня перад абпальваннем добра загладжвалася з дапамогай каменнага ці касцянога лашчыла. Пасля абпальвання знешняя паверхня набывала бліскучы выгляд. Посуд служыў у якасці кухоннага для захавання запасаў ежы. Посуд з глянцавай паверхняй выкарыстоўвалі як сталовы і нават парадны.

Жалезныя  прылады працы павысілі прадукцыйнасць яе, асабліва ў земляробстве. Жалезныя сякеры і серп аблегчылі чалавеку распрацоўку лядаў і збор ураджаю, а выкарыстанне сярпа і касы дазволіла  назапашваць сена на зіму для ўтрымання  свойскай жывёлы. З пачатку I тыс.  н.э. стала шырока распаўсюджвацца жыта – культура найбольш прыдатная да ўмоў Беларусі, якая давала добры ўраджай. Гэта прывяло да павелічэння колькасці прадуктаў і росту колькасці жыхароў. Арэал культуры паступова пашыраўся на суседнія тэрыторыі.

У другой чвэрці I тыс. н.э. назіраюцца новыя змены ў гаспадарцы  і засяленні ў арэале культуры штрыхаванай керамікі, у тым ліку і на Смаргоншчыне. На змену ляднаму прыйшло перакладна-ляднае і нават пашавае земляробства. Змена клімату і адсутнасць знешняй пагрозы прывялі да пераходу насельніцтва на неўмацаваныя паселішчы – селішчы. Так, каля вёскі Гарані  і Хведзевічы размышчаліся селішчы. 

Значныя змены  ў жыцці насельніцтва адбыліся падчас эпохі вялікага перасялення народаў. Назіраецца знікненне паселішчаў старога  тыпу, а з’яўляюцца курганы ўсходнеславянскага тыпу, а культура атрымала назву  культуры ўсходнеславянскіх курганоў. Носьбіты гэтай культуры хавалі спаленых нябожчыкаў у курганах з пяску і мелі паўсферычную форму. Насып быў абкладзены камянямі. Такога тыпу курганныя могільнікі знойдзены каля вёсак Монтацішкі, Скірдзімы, Выгаліненты. З каменю нават былі зроблены скрыні для попелу спаленага нябожчыка. Большасць пахаванняў належыць мужчынам-воінам, бо знойдзены рэшткі жалезных сякер, наканечнікі дзідаў, баявы нож, нават рэшткі шчыта (умбон). Носьбіты гэтай культуры прыйшлі з захаду  і мелі сувязі з культурамі Цэнтральнай Еўропы.                                     

Тэрыторыі Павілення: Смаргонскі, Ашмянскі, Астравецкі раёны, частка Мядзельскага і Валожынскага раёнаў склалася ў гістарычную вобласць Нальшаны, насельніцтва якога мела кантакты з захадам, аб чым сведчаць знаходкі. Да XII ст. курганы пачалі знікаць і замест іх з’явіліся грунтавыя могільнікі з каменнымі абкладкамі. Такі могільнік знаходзіцца каля вёсак Монтацішкі і Гамзічы.     

У X-XIII стст. на тэрыторыі Нальшанскага княства існавалі тры гарады: Свір, Гальшаны, Крэва. Да XII-XIII стст. адносяць гарадзішча ў в. Крэва, якое знаходзіцца на адлегласці каля 2,5км на поўночны захад ускраіны вёскі, бліз шашы на Смаргонь. Гарадзішча мае пляцоўку авальнай формы памерамі 40х20м, якая была ўмацавана высокімі магутнымі землянымі валамі. Абарончую ролю адыгрывала гара, размешчаная побач з каменным замкам, якая сёння носіць імя хрысціянскага святога Юрыя (Георгія). Не выключана, што ў язычніцкія часы яна называлася Ярылавай (святы Юрый ўзяў на сябе функцыі Ярылы) і тут знаходзілася язычніцкае копішча.

Да помнікаў археалогіі Смаргоншчыны адносяць Войстамскае  гарадзішча, Выгаліненты – курганнае  пахаванне, Гарані – гарадзішча, Завозерцы  Сольскага сельсавета - стаянка, гарадзішча каля вёскі Крэва, Медрыкі – курган, Монтацішкі – гарадзішча, Няхфеды  – гарадзішча, Скірдзімы – курганны могільнік, Суцькава – гарадзішча, Хведзевічы – селішча.

Дахрысціянскімі сакральнымі помнікамі на Смаргоншчыне з’яўляюцца каменныя ідалы. Яшчэ К.П.Тышкевіч у апісанні падарожжа па р.Вілія  згадваў пра гарадзішча каля вёскі  Войстам, сакральныя камяні каля вёскі  Ашмянец Сыраваткаўскага сельсавета, буйны камень каля вёскі Ашмянец, на якім, паводле яго думкі, у язычніцкія часы гарэў нязгасны агонь.

Цікава адзначыць, што на Смаргоншчыне знойдзены і  манетныя скарбы: у в.Белевічы ў 1958 годзе  – манеты (паўгрошы, двайныя дэнарыі), у в. Войстам ў 1934г. (прыватны збор) і ў в.Ракаўцы у 1971г. – сярэбраныя дырхемы IX-X стст. з Арабскага Халіфата, у в.Русакі-Пятровічы ў 1884г. - манеты XVII ст. з Рэчы Паспалітай, талер Аб’яднаных Нідэрландскіх Правінцый XVII ст. і інш., у в.Свірыдавічы у 1958г. манеты – двайны дэнарый XVI ст. ВКЛ, у г.Смаргоні ў 1955г. - манеты XVI-XVII стст. ВКЛ, Польшчы, Шведскай Прыбалтыкі, у в.Сыраваткі ў 1962г. - манеты XV-XVI стст. ВКЛ і грош XVI ст. Прусіі, на хутары Тупальшчына ў 1961г. - манеты Вялікага княства Літоўскага, грош XVI ст. Польшчы і Прусіі.

 

         2. Смаргонскія землі ў складзе ВКЛ (ХІІІ – ХVІІІ стст.)

 

У першай палове XIII ст. тэрыторыя сучаснага Смаргонскага раёна ўваходзіла ў склад гістарычных Нальшан і летапіснай Літвы. Адна з нямецкіх хронік называе Крэва сталіцай Нальшан. Вядома, што ў сярэдзіне XIII ст. наваградскім князем пачынаецца збіранне зямель левабярэжнага Нёмана ў новую дзяржаву - Вялікае княства Літоўскае, у межах якога існавалі этнічныя супольнасці балтаў і славян. На Смаргоншчыне сустракаюцца назвы з балцкім і славянскім паходжаннем (Базары, Крэва, Карані, Падбярозы, Стасіна).

Заваяваўшы  Нальшаны, князь Войшалк уключыў  іх у склад ВКЛ і ўжо ў  XIVст. тэрыторыя сучаснага Смаргонскага раёна ўваходзіла ў склад Віленскага і Крэўскага ўдзельнага княстваў.

Пагроза агрэсіі  нямецкага Тэўтонскага ордэна прымусіла  Вялікае княства Літоўскае ў 1385г. заключыць унію (саюз) з Польшчай – Крэўскую унію, якая адыграла вялікую  ролю ў падрыхтоўцы і разгроме крыжаносцаў у час Грунвальдскай  бітвы 1410 года.

З 1566г. тэрыторыя  Смаргоншчыны знаходзілася ў складзе  Ашмянскага павета Віленскага ваяводства, а пасля Люблінскай уніі 1569г. –  у складзе Рэчы Паспалітай.

      

   2.1. Крэўскае княства

 

Цікавая і  багатая гісторыя старажытнага Крэва  губляецца ў глыбокай мінуўшчыне, прасвятляецца ў дакументальных фактах,  мае шмат таямніц. Старонкі гісторыі Крэва, магчыма, яшчэ раскрыюць  новыя пакаленні людзей. Звесткі  пра Крэва, як сталіцу Нальшанскай  зямлі, патрабуюць даследванняў. Беларускі  даследчык Мікола Ермаловіч і  група вучоных-прыхільнікаў яго  прытрымліваюцца думкі, што гэта тэрыторыя ляжала на  паўночным  захадзе Беларусі, дзе князем Нальшанскай  зямлі быў Даўмонт. Карэнным насельніцтвам  Нальшан былі балты. Сюды рана праніклі славяне – крывічы, аб чым гавораць мясцовыя назвы-тапонімы – Крэва, Крыўе, Закрэўе, Крыўлянка, Крыўск. Такім чынам, Крэўская зямля была месцам супольнага пражывання балтаў і славян. Да часоў  Нальшанскага княства  адносіцца  і Крэўскае гарадзішча з землянымі  валамі, якія захаваліся да нашых дзён. Яны дапоўненны драўлянымі ўмацаваннямі. У гэты час яшчэ каменнага замка  не было, а гарадзішча, магчыма, выконвала  функцыю рэзідэнцыі нальшанскага князя, а ў час набегаў ворагаў  тут хавалася мясцовае насельніцтва. Унутры гарадзішча меўся глыбокі  калодзеж, рэшткі якога можна назіраць было яшчэ ў XIX ст.

Усё зведала  Крэўская зямля, у тым ліку кроў міжусобных войн. У час зараджэння новай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага абвастрыліся адносіны паміж нальшанскім князем Даўмонтам і ўладарамі суседніх літоўскіх зямель. Пачатак новаму дзяржаўнаму ўтварэнню паклаў князь Міндоўг, далучыўшы Наваградскую зямлю. Наваградак быў далучаны да Літвы мірным шляхам, а іншыя суседзі не жадалі падпарадкоўвацца, у тым ліку і насельніцтва Нальшанскага княства на чале з Даўмонтам, хаця  і быў ён саюзнікам князя Міндоўга. Але жорсткія набегі мангола-татараў ў 1258г. на гэтыя землі спустошылі іх, аслабілі Нальшанскае княства. У 1263г. Даўмонт забіў Міндоўга і двух яго малодшых сыноў. Месца Міндоўга заняў Транята – адзін са змоўшчыкаў, але праз год і яго забіваюць прыхільнікі былога літоўскага ўладара. Правіць стаў сын Міндоўга Войшалк. Помсцячы за бацьку і братоў, ён напаў на Нальшаны і захапіў іх, перадаўшы полацкаму князю Гердзеню.

           

Даўмонт пакінуў  Нальшаны, прыняў у Пскове праваслаўе, стаў князем пскоўскім і ажыццявіў  некалькі паходаў на Полацк: у 1266 і 1267 гг. Памер  ён  у 1299г.

Сын Даўмонта Давыд Гарадзенскі пасля смерці бацькі перайшоў у Гродна палкаводцам  да Гедыміна, зяцем якога ён быў. Давыд праславіўся як патрыярх Вялікага княства Літоўскага.

З гадамі Нальшанскае  княства страціла самастойнасць, нават  знікла яго назва. Цяпер гэта было Крэўскае княства, як вотчына, якая перадавалася дынастычна. З 1388г. ім валодаў Альгерд  – сын вялікага князя Гедыміна.

Важнай падзеяй  у гісторыі ВКЛ была Крэўская унія 14 жніўня 1385г. – саюз паміж Вялікім  княствам Літоўскім і Польскай дзяржавай, замацаваная шлюбам паміж літоўскім  каралём Ягайлам і непаўнагадовай польскай каралевай Ядвігай. Ягайла 12 лютага 1386г. прыехаў у Кракаў, а 15 лютага ён перайшоў з праваслаўя ў  каталіцызм пад імем Уладзіслаў, 18 лютага ажаніўся з Ядвігай і  4 сакавіка адбылося каранаванне. Вынікі уніі сцвярджалі, што абедзве дзяржавы спыняюць барацьбу паміж сабой і аб’ядналіся  дзеля сумеснай барацьбы супраць  нямецкай агрэсіі. Унія спрыяла ўсталяванню  трывалых сувязей у рэгіёне, а  яшчэ больш пашыралася развіццё каталіцызму. У лютым 1387г. Ягайла падпісаў грамату  аб заснаванні сямі парафіяльных касцёлаў ў Віленскай дыяцэзіі, у тым  ліку і Крэўскага касцёла, і надзяліў іх зямлёй.

Цікава ведаць пра лёс Ядвігі і Ягайлы. “Каралева  Янка”, так любоўна называлі яе ў  Польшчы,  была высокаадукаванай асобай, ведала пяць моў, выхаваная, паважаная, дабрачынная, падаравала аднаму беднаму  муляру грошы, каб ён накарміў сваіх  дзяцей, паставіўшы пры гэтым нагу на камень, ад якога застаўся след, які  муляр паглыбіў і ўмураваў у сцяну  ў Кракаве. Да сённяшніх дзён бачны  ў Кракаве след “каралевы Ядвігі”. Памерла яна ў 1399г., пражыўшы 28 год.

Ягайла са стрыечным братам Вітаўтам у 1410г. пад  Грунвальдам нанеслі сакрушальны  разгром крыжакам. Тым самым была канчаткова спынена агрэсія нямецкіх рыцараў супраць Польшчы і  ВКЛ. Пад Грунвальдам была і Крэўская харугва, сфарміраваная з мужчын вялікай акругі, атрымаўшая святое благаславенне пад сценамі старажытнага храма ў в.Суцькава, руіны якога мы бачым і сёння. Гэта гістарычная падзея апісана  ў гістарычнай аповесці Кастуся Тарасава “Пагоня на Грунвальд”.

Ягайла пасля  смерці Ядвігі яшчэ два разы жаніўся, але не меў дзяцей. Чацвёртая жонка, Соф’я Гальшанская, нарадзіла яму  двух сыноў – Уладзіслава –  караля цюркскага і польскага  і Казіміра – караля Польшчы і  ВКЛ. Памёр Ягайла ў 1434г. Ходзяць  легенды, што пры каралеўскім  двары ў Кракаве ўсе размаўлялі на беларускай мове, а сярод прыдворных былі нават людзі з в.Крэва.

Информация о работе История Сморгонского края