Старажытнае грамадства на тэрыторыі беларусі. Фарміраванне этнічных супольнасцей

Автор: Пользователь скрыл имя, 13 Марта 2012 в 18:32, курс лекций

Описание работы

Гісторыя Беларусі – невычарпальная крыніца гістарычнага вопыту і духоўнасці. Грамадска-палітычнае становішча і перспектывы развіцця Рэспублікі Беларусь. Чаму вучыць гісторыя Беларусі? Аб чым сведчыць гістарычны вопыт?

Работа содержит 1 файл

гист.doc

— 1.90 Мб (Скачать)

Значны ўклад у развіццё беларускага тэатральнага мастацтва ўнеслі рэжысёры В. Раеўскі і Б. Луцэнка, харэограф В. Елізар’еў, акцёры С. Станюта, М. Яроменка, Р. Янкоўскі, А. Клімава, М. Захарэвіч, Л. Давідовіч, Ф. Шмакаў, Л. Бржазоўская, Ю. Траян, І. Душкевіч і інш.

Далейшае развіццё атрымала музычнае мастацтва. Шмат зрабілі і робяць для развіцця музычнай культуры Беларусі такія вядомыя кампазітары, кіраўнікі музычных калектываў і выканаўцы, як У. Алоўнікаў, А. Багатыроў, В. Роўда, Т. Ніжнікава, М. Дрынеўскі, Я. Глебаў, М. Казінец, Дз. Смольскі, С. Картэс і інш. Шырокую папулярнасць у Беларусі і за яе межамі набыў Дзяржаўны канцэртны аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам М. Фінберга.

У цэнтры канцэртнай дзейнасці сёння знаходзяцца Беларуская дзяржаўная філармонія і абласныя філармоніі. Рэспубліка Беларусь мае высокапрафесіянальныя калектывы: Акадэмічны хор Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, Дзяржаўны акадэмічны народны хор імя Г.І. Цітовіча, Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу імя Р.Р. Шырмы, Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр імя І.І. Жыновіча, харэаграфічны ансамбль “Харошкі” і інш. У апошнія гады ўтварыліся Дзяржаўны камерны хор, Мінскі аркестр духавых інструментаў “Няміга” і іншыя творчыя калектывы. Значнае месца ў музычным жыцці краіны займаюць лепшыя ўзоры эстраднай песеннай творчасці. Шырока вядомы песенныя творы беларускіх кампазітараў Ю. Семянякі, І. Лучанка, Э. Ханка, У. Будніка, В. Іванова і інш.

З 1992 г. у Віцебску штогод праходзіць свята песні “Славянскі базар”. Уздыму ўзроўню майстэрства маладых выканаўцаў садзейнічае фестываль у Маладзечне, які з 1993 г. стаў традыцыйным. Шырокую вядомасць, роўную “Славянскаму базару”, у апошнія гады набыў фестываль песні “Залаты шлягер” у Магілёве.

Вялікую справу ў духоўным выхаванні насельніцтва Беларусі робяць музеі. Іх колькасць павялічылася са 111 у 1990 г. да 149 у 1996 г. Самай буйной скарбонкай твораў выяўленчага мастацтва з’яўляецца Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Ва ўласных фондах і фондах яго філіялаў сёння знаходзіцца больш за 19 тыс. твораў, у іх ліку вялікая калекцыя беларускага мастацтва XVI–XX стст. Вялікую калекцыю твораў мастацтва маюць таксама Бялыніцкі мастацкі музей імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі, музей старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай Акадэміі навук, музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі, Веткаўскі музей народнай творчасці і інш.

Актыўна праходзіла ў апошнія гады і выставачная дзейнасць многіх музеяў, творчых суполак і мастакоў Беларусі. Плённа працавала Рэспубліканская мастацкая галерэя Саюза мастакоў Беларусі (былы Палац мастацтва). Сярод персанальных выстаў гэтага часу можна адзначыць выставы мастакоў старэйшага пакалення – М. Савіцкага, А. Анікейчыка, П. Дурчына, У. Стэльмашонка, Г. Вашчанкі і інш., а таксама выставы твораў некаторых маладых мастакоў.

 

§ 3. Захаванне помнікаў айчыннай гісторыі і культуры

Адной з важных задач палітыкі дзяржавы ў галіне культуры з’яўляецца захаванне помнікаў айчыннай гісторыі і культуры. У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гаворыцца аб тым, што дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны. Сёння на тэрыторыі Беларусі налічваецца больш за 15 тыс. помнікаў гісторыі і культуры рэспубліканскага значэння. Іх колькасць магла быць і значна большай, калі б не шматлікія войны, што пракочваліся па беларускай зямлі на працягу апошніх некалькіх стагоддзяў. Падчас гэтых войнаў значная частка нацыянальных каштоўнасцей загінула або была вывезена за межы Беларусі. Вяртанне на радзіму той спадчыны, што апынулася за мяжой, – састаўная частка палітыкі дзяржавы ў галіне культуры. У 1992 г. быў прыняты закон Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”.

Мэтанакіраваная работа ў апошнія гады ў рэспубліцы праводзіцца не толькі па вяртанню гісторыка-культурнай спадчыны, але і па рэстаўрацыі помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Вялікія рэстаўрацыйныя работы ў канцы 80-х – 90-я гг. праводзіліся, напрыклад, у Мірскім замку – помніку архітэктуры XVI ст. Пастановай Савета Міністраў Нясвіжу быў нададзены статус Нацыянальнага запаведніка Рэспублікі Беларусь. Акрамя гэтага, для адраджэння яго гісторыка-культурнай спадчыны быў створаны міжнародны фонд “Нясвіж”.

Надзвычайную каштоўнасць для Беларусі мае Полацкі гісторыка-культурны запаведнік, які ўключае 18 помнікаў гісторыі, археалогіі і культуры. Сярод адроджаных яго помнікаў – Сафійскі і Богаяўленскі саборы, брацкая школа пры Богаяўленскім саборы. Адноўлены фрэскі Спаса-Ефрасіннеўскай царквы.

Апошнім часам праводзіліся таксама работы па рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры на Навагрудчыне, Лідскага замка, Барысаглебскай (Каложскай) царквы і Старога Замка ў Гродне, Благавешчанскай царквы ў Віцебску, гістарычнай забудовы Мінска, Брэста і іншых старажытнабеларускіх гарадоў.


ЗАКЛЮЧЭННЕ

 Гісторыя Беларусі – невычарпальная крыніца гістарычнага вопыту і духоўнасці

 Грамадска-палітычнае становішча і перспектывы развіцця Рэспублікі Беларусь

 Чаму вучыць гісторыя Беларусі? Аб чым сведчыць гістарычны вопыт?

  

Гісторыя Беларусі – невычарпальная крыніца гістарычнага вопыту і духоўнасці

Рускі гісторык акадэмік В.В. Ключэўскі (1841–1911) лічыў, што не трэба думаць, быццам гісторыя нічому не вучыць. Гісторыя вучыць нават тых, хто ў яе не вучыцца; яна іх правучвае за невуцтва і пагарджанне. Сапраўды, веданне свайго мінулага, далёкай і блізкай гісторыі продкаў, гісторыі Айчыны дазваляе народам, дзяржаўным і палітычным дзеячам, органам улады і кіравання вызначаць навукова абгрунтаваныя праграмы палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця краіны, ажыццяўляць дзяржаўнае будаўніцтва, рабіць вывады з памылак, якія былі непазбежнымі на больш ранніх этапах развіцця грамадства.

Гісторыя Беларусі – калектыўная памяць народа, невычарпальная крыніца гістарычнага вопыту і духоўнасці, шлях да пераадолення гістарычнага невуцтва і нацыянальнага нігілізму. Яна з’яўляецца важным сродкам выхавання ў людзей пачуцця патрыятызму, гонару за прыналежнасць да беларускай нацыі, павагі да людзей усіх нацый і народнасцей, любові да сваёй Айчыны. Яна дапамагае выхоўваць лепшыя маральныя якасці чалавека, павышаць яго адукацыйны і культурны ўзровень.

Гісторыя Беларусі – гэта летапіс стваральнай працы людзей, іх дасягненняў у матэрыяльнай і духоўнай вытворчасці. Яна сведчыць пра шлях беларускага народа і яго далёкіх продкаў ад каменнай сякеры да сучаснай вытворчасці з сістэмай машын і механізмаў, сродкамі механізацыі і аўтаматызацыі, інфарматыкі і радыёэлектронікі, ад амаль суцэльнага непісьменства да адной з самых адукаваных, інтэлектуальна багатых нацый у сусветным супольніцтве.

Гісторыя Беларусі – гэта летапіс барацьбы за захаванне беларускага этнасу, яго культуры, мовы, побыту, звычаяў і традыцый, за нацыянальна-культурнае адраджэнне, стварэнне і развіццё беларускай дзяржаўнасці. Спробы стварыць суверэнную буржуазную Беларускую Народную Рэспубліку ў 1918 г., суверэнітэт Беларускай ССР пасля ўваходжання яе ў 1922 г. у склад Саюза ССР і поўны суверэнітэт незалежнай Рэспублікі Беларусь сёння – галоўныя вехі станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці ў ХХ ст.

Гісторыя Беларусі – неад’емная частка гісторыі славянскіх народаў, здабытак еўрапейскай і сусветнай цывілізацый.

Завяршаючы вывучэнне курса гісторыі Беларусі, неабходна зрабіць спробу, зыходзячы з гістарычнага вопыту і сучаснага становішча, вызначыць перспектывы развіцця Рэспублікі Беларусь.

Грамадска-палітычнае становішча і перспектывы развіцця Рэспублікі Беларусь

У палітычным спектры Рэспублікі Беларусь яскрава выдзяляюцца тры асноўныя накірункі. Першы з іх – праварадыкальны, буржуазны. Яго асноўнымі мэтамі з’яўляюцца буржуазная рэстаўрацыя, пераўтварэнне сацыялістычнага ладу ў капіталістычны, адмаўленне ўсіх здабыткаў апошніх дзесяцігоддзяў, спробы павярнуць кола гісторыі назад, у 1917 г. Але слоў “капіталістычная рэстаўрацыя”, “буржуазнае адраджэнне” у праграмах праварадыкальных партый і рухаў няма. Чаму? Таму што капіталізм як грамадска-палітычная сістэма ўжо даўно дыскрэдытаваны падзеямі апошніх стагоддзяў: дзве сусветныя вайны на сумленні капіталізму, каланіялізм, разбой і аграбленне народаў Азіі, Афрыкі, Акіяніі і Лацінскай Амерыкі, эксплуатацыя сваіх уласных народаў і г.д. Таму ідэолагі і палітыкі капіталістычных краін прыкладна з 20–30-х гадоў ХХ ст. адмовіліся ад тэрміна “капіталізм” і капіталістычнае грамадства сталі называць “грамадствам усеагульнага росквіту”, “грамадствам заходняй дэмакратыі”, “грамадствам з рыначнай эканомікай” і г.д. Прыхільнікі праварадыкальнай палітычнай арыентацыі словамі і выразамі “дэмакратыя”, “свабода”, “правы чалавека”, “прыватная ўласнасць”, “прававая дзяржава”, “рыначная эканоміка”, “інтэграцыя ў сусветную супольнасць”, “далучэнне да агульначалавечых каштоўнасцей” і іншымі прыкрываюць сваю адданасць капіталістычнаму выбару, а таксама свае дзеянні капіталістычна-рэстаўрацыйнага характару.

Другі накірунак у палітычным спектры – леварадыкальны, сацыялістычны. Яго галоўнымі мэтамі з’яўляюцца аднаўленне савецкай улады і сацыялістычнага грамадства, спробы павярнуць кола гісторыі назад, да канца 80 – пачатку 90-х гадоў ХХ ст. Але сацыялізм як грамадска-палітычная сістэма сёння таксама дыскрэдытаваны памылкамі і злачынствамі, якія былі здзейснены кіраўнікамі КПСС і Савецкай дзяржавы, здрадай М. Гарбачова, Палітбюро і Сакратарыята ЦК КПСС, многіх мясцовых кіраўнікоў, а таксама магутнай антысацыялістычнай прапагандысцкай кампаніяй, якая праводзіцца ў апошняе дзесяцігоддзе не толькі на Захадзе, але і ў дзяржавах СНД і іншых былых сацыялістычных краінах.

Такім чынам, і праварадыкальны (буржуазны) і леварадыкальны (сацыялістычны) палітычныя накірункі сёння дыскрэдытаваны. І за правымі і за левымі партыямі і рухамі Беларусі ідзе меншасць насельніцтва.

Трэці накірунак развіцця грамадства, які заключае ў сабе ўсё лепшае, што выпрацавалі капіталізм і сацыялізм, – гэта грамадства сацыяльнай справядлівасці. Якія лепшыя здабыткі капіталізму можа ўключаць у сябе гэтае грамадства? Гэта – элементы самарэгулявання ў рыначнай эканоміцы, высокая арганізацыя вытворчасці з арыентацыяй на канчатковы вынік, дысцыпліна працы, высокая прадукцыйнасць працы, паваротлівасць і мабільнасць у галіне навукова-тэхнічнага прагрэсу, выкананне буйных дзяржаўных праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця і г.д.

Здабыткі сацыялізму – элементы сацыяльна-эканамічнай прадказальнасці ў планавай эканоміцы, дзяржаўнае кіраўніцтва выкананнем буйных сацыяльна-эканамічных праграм (гэта запазычана капіталізмам у сацыялістычных краінах і названа там “дзяржаўным рэгуляваннем”), навукова-тэхнічны прагрэс у вядучых галінах (космас, абаронная прамысловасць і г.д.), стабільнасць грамадства і ўпэўненасць людзей у заўтрашнім дні, моцная сацыяльная палітыка ў інтарэсах большасці народа – права і абавязак працаваць (адсутнасць беспрацоўя), адукацыя, ахова здароўя, пенсіённае забеспячэнне, жыллё, камунальныя паслугі і г.д., разумная і адказная культурная палітыка – дзяржаўнае фінансаванне і кіраўніцтва развіццём навукі, літаратуры, музыкі, тэатра, выяўленчага мастацтва і г.д., недапушчальнасць прапаганды культу грошай (нажывы), насілля, садызму, спекуляцыі на чалавечых слабасцях, амаральнасці.

Ідэя трэцяга шляху развіцця грамадства, пабудовы грамадства сацыяльнай справядлівасці, адсутнічае ў праграмах цэнтрысцкіх партый і рухаў Беларусі. У апошніх ёсць фразеалогія і правых і левых партый і рухаў. Яны хітруюць, лаўчацца, хаваюць свае сапраўдныя палітычныя мэты. Людзі бачаць гэта і не хочуць звязваць з імі свае надзеі на будучыню.

Якім шляхам пойдзе развіццё беларускага грамадства – пакажа будучае, дзень заўтрашні.

Чаму вучыць гісторыя Беларусі? Аб чым сведчыць гістарычны вопыт?

Калектыўная памяць народа, гістарычны вопыт з’яўляюцца багаццем краіны, састаўной часткай яе інтэлектуальнага патэнцыялу і культурных здабыткаў, асновай нацыянальнай самасвядомасці. Без ведання гісторыі кожны народ у цэлым і кожны чалавек паасобку з’яўляюцца бяднейшымі, іх перспектывы руху наперад становяцца праблематычнымі.

1. Гістарычны вопыт сведчыць пра тое, што народы, якія не ведаюць сваёй гісторыі, не маюць будучыні. Колькі разоў іншаземцы-заваёўнікі знішчалі іх дзяржавы, рабавалі людзей, грабілі матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці, зводзілі на нішто стваральную працу шматлікіх пакаленняў людзей, нашчадкам якіх прыходзілася пачынаць усё спачатку. Калі мы сочым за падзеямі, якія адбываюцца ў многіх дзяржавах былой сацыялістычнай садружнасці, на Балканскім паўвостраве, на Блізкім Усходзе, у Афрыцы, Амерыцы і іншых частках планеты, хочацца адзначыць, што і сёння гісторыя правучвае народы “за невуцтва і пагарджанне” ёю.

2. Як сведчыць гістарычны вопыт, сацыялізм і капіталізм як грамадска-палітычныя сістэмы ў вачах значнай часткі народаў планеты дыскрэдытаваны. Разам з тым і сацыялізм і капіталізм маюць шмат здабыткаў, шмат станоўчага. Пагэтаму Рэспубліка Беларусь, бадай адзіная з постсацыялістычных краін, узяла на ўзбраенне канцэпцыю пабудовы грамадства, якое ўключыла б усё лепшае і ад капіталізма (рыначна-буржуазнай сістэмы) і ад сацыялізма (планава-сацыялістычнай сістэмы). Умоўна гэта грамадства мы называем грамадствам сацыяльнай справядлівасці.

3. Рэспубліка Беларусь смела і рашуча адмовілася ад ліберальна-буржуазнай мадэлі рынка, калі прадпрыемствы кідаюцца ў рыначную стыхію, у свабоднае плаванне, цэны лібералізуюцца, валютна-фінансавая сістэма вызваляецца ад дзяржаўнай манаполіі (апекі), многія прадпрыемствы ўпадаюць у стан банкруцтва, з’яўляецца масавае беспрацоўе, эканоміка разбураецца, і прыняла сацыяльна-арыентаваную мадэль рынка, калі дзяржава рэгулюе працэсы ў эканамічнай і сацыяльнай сферах, абапіраючыся пры гэтым на рыначныя механізмы попыту і прапановы.

4. Гістарычны вопыт сведчыць, што адзінай крыніцай даходаў, дабрабыту людзей павінна з’яўляцца праца і ні ў якім разе ні зладзейства, жульніцтва, машэнніцтва. Пагэтаму у Рэспубліцы Беларусь спынена дзікая “прыхватызацыя”, распраданне кучкай дзеячоў нацыянальнага багацця і стварэнне капіталаў, якія маюць крымінальны характар. Гэта выклікала нянавісць да кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь з боку айчынных і замежных злодзеяў і прайдзісветаў.

Информация о работе Старажытнае грамадства на тэрыторыі беларусі. Фарміраванне этнічных супольнасцей