Автор: Пользователь скрыл имя, 13 Марта 2012 в 18:32, курс лекций
Гісторыя Беларусі – невычарпальная крыніца гістарычнага вопыту і духоўнасці. Грамадска-палітычнае становішча і перспектывы развіцця Рэспублікі Беларусь. Чаму вучыць гісторыя Беларусі? Аб чым сведчыць гістарычны вопыт?
30 лістапада 1992 г. пастановай Канстытуцыйнага суда Расійскай Федэрацыі былі пацверджаны ўказы Б. Ельцына, якімі забараняліся партыйныя структуры КПСС і КП РСФСР ад райкома да ЦК, але прызнаваўся не адпавядаючым Канстытуцыі РСФСР пункт аб забароне пярвічных тэрытарыяльных арганізацый. Гэта пастанова дазволіла камуністам Расіі аднавіць дзейнасць сваёй партыі.
У лютым 1993 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прызнаў страціўшай сілу сваю памылковую пастанову аб часовым прыпыненні дзейнасці КПСС–КПБ і дазволіў існаванне ўсіх яе структур і органаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Разам з дзейнасцю па ліквідацыі КПСС–КПБ айчынная “дэмакратыя” з дапамогай Захаду ўзмацняла намаганні па развалу вялікай і магутнай дзяржавы – Саюза ССР. Каб пазбегнуць абвінавачвання ва ўмяшані ва ўнутраныя справы СССР, былі створаны шматлікія “фонды”, “цэнтры”, “саветы”, “асацыяцыі”, якія афіцыйна лічыліся прыватнымі, недзяржаўнымі арганізацыямі, а фактычна знаходзіліся пад кантролем спецслужб.
Апазіцыйныя “дэмакратычныя” арганізацыі СССР атрымлівалі матэрыяльную і фінансавую дапамогу: факсы, ксераксы, камп’ютэры, друкарскія станкі, тэлексы, відэакамеры і іншую тэхніку, грошы на фінансаванне навуковых тэм, падрыхтоўку вучэбных дапаможнікаў, слоўнікаў, энцыклапедый, якія ў нас распрацоўваліся па дамоўленасці з зарубежнымі “фондамі”, “саветамі” і г.д. Такая работа садзейнічала вырашэнню многіх задач, у тым ліку і ідэалагічнага характару (навука, адукацыя – гэта частка палітыка-ідэалагічнай сістэмы любой краіны).
Пачатак развалу СССР паклалі мэтанакіраваныя і настойлівыя дамаганні народных дэпутатаў СССР ад Літвы, Латвіі і Эстоніі даць прававую ацэнку савецка-германскаму дагавору аб ненападзенні ад 23 жніўня 1939 г. Пытанне аб прававой ацэнцы дагавора ад 23 жніўня 1939 г. было вынесена на з’езд народных дэпутатаў СССР, які заслухаў даклад камісіі на чале з членам Палітбюро ЦК КПСС А. Якаўлевым. Дыскусія аб “незаконным” далучэнні Прыбалтыйскіх рэспублік да СССР у 1940 г. закончылася падпісаннем М. Гарбачовым указа аб выхадзе Літвы, Латвіі і Эстоніі з СССР, чым груба былі парушаны Канстытуцыя СССР і закон СССР “Аб парадку вырашэння пытанняў, звязаных з выхадам саюзнай рэспублікі з СССР”.
У хуткім часе былі прыняты дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Расіі, Украіны і іншых рэспублік. 27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет Беларускай ССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце рэспублікі. Развал СССР працягваўся пад прыкрыццём перамоў аб абнаўленні федэрацыі (т. зв. новаагароўскі працэс М. Гарбачова). Расійскія кіраўнікі пачалі дэмантаж саюзных структур. Нацыяналізм і шавінізм, шальмаванне “мігрантаў” і “акупантаў” становяцца амаль дзяржаўнай палітыкай у многіх рэспубліках.
Новы штуршок развалу СССР далі падзеі лета – восені 1991 г. 25–26 жніўня нечарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла закон “Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”, пастанову аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларускай ССР. 19 верасня 1991 г. Вярхоўны Савет прыняў закон аб назве Беларускай ССР, у адпаведнасці з якім яна пачала называцца Рэспублікай Беларусь.
Без сур’ёзных абмеркаванняў, ва ўмовах тагачаснай палітычнай істэрыі сілы, стаўшыя на шлях змены дзяржаўнага і грамадскага ладу, сцвярджалі аб тым, быццам сапраўднымі нацыянальнымі сімваламі беларусаў з’яўляюцца герб “Пагоня” і бела-чырвона-белы сцяг і яны павінны стаць дзяржаўнымі сімваламі новай Беларусі. А каб прыдаць гэтаму аб’ектыўнасць і навуковасць, сілы буржуазнай рэстаўрацыі выкарысталі “навуковыя аргументы” некаторых гісторыкаў Інстытута гісторыі АН БССР. Не вельмі дасведчаныя ў гэтым пытанні і вельмі “памяркоўныя” дэпутаты Вярхоўнага Савета, большасць з якіх складалі члены КПСС, прагаласавалі за сімвалы тых, хто люта ненавідзеў Савецкую ўладу і бальшавізм, хто заўсёды змагаўся з імі. Герб “Пагоня” і бела-чырвона-белы сцяг сталі дзяржаўнымі сімваламі Рэспублікі Беларусь.
8 снежня 1991 г. у Белавежскай пушчы (у Віскулях Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці) кіраўнікі Расіі, Беларусі і Украіны (Б. Ельцын, С. Шушкевіч, Л. Краўчук), ігнаруючы волю сваіх народаў, якая была выказана на агульнасаюзным рэферэндуме 17 сакавіка 1991 г., дэнансавалі дагавор 1922 г. аб утварэнні СССР і тым самым канчаткова разбурылі вялікую і магутную дзяржаву. І гэты дзяржаўны пераварот быў здзейснены са згоды прэзідэнта СССР М. Гарбачова. На руінах СССР была створана аморфная, нежыццяздольная Садружнасць Незалежных Дзяржаў. Дакументы сустрэчы ў Віскулях былі адобраны Вярхоўнымі Саветамі Расіі, Беларусі і Украіны, большасць дэпутатаў якіх складалі былыя камуністы.
Сцвярджэнне некаторых вучоных і палітыкаў аб тым, быццам бы Савецкі Саюз развальваўся сам, дажываў апошнія дні, а тыя, хто сабраўся ў Белавежскай пушчы, толькі зрабілі надпіс на надмагільнай пліце СССР, як і сцвярджэнне аб тым, быццам бы СССР быў імперыяй, з’яўляюцца міфамі, якія запушчаны ў народ для дыскрэдытацыі шматнацыянальнай краіны і апраўдання дзеянняў тагачасных кіраўнікоў Беларусі, Расіі і Украіны. На рэферэндуме 17 сакавіка 1991 г. народ выказаўся за захаванне СССР, а воля народа – гэта самы важны аргумент за існаванне краіны, у якой былі, безумоўна, праблемы і цяжкасці.
Разгром КПСС і развал СССР адносяцца да ліку самых трагічных падзей сусветнай гісторыі ХХ ст. Закончылася існаванне біпалярнага свету з раўнавагай палітычных і ваенных сіл паміж СССР і ЗША і наяўнымі ваенна-палітычнымі блокамі. Усё больш і больш выяўляецца роля ЗША як гаранта “новага сусветнага парадку”, як міжнароднага жандарма, у якога ёсць інтарэсы ва ўсіх кропках планеты. Расія ж з-за развалу яе эканомікі, сацыяльнай і духоўнай сфер, з-за адкрыта праамерыканскай палітыкі кіраўніцтва, разгрому ваенна-прамысловага комплексу і арміі не можа адыгрываць ролю сусветнай дзяржавы і як роўная з ЗША ўдзельнічаць у вырашэнні міжнародных праблем. Будучыня сусветнай супольнасці стала яшчэ больш непрадказальнай.
15 сакавіка 1994 г. Вярхоўны Савет рэспублікі прыняў новую Канстытуцыю – Асноўны закон Рэспублікі Беларусь. Згодна з ёю, Беларусь з’яўляецца унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай, якая валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі. Канстытуцыяй уведзена ў рэспубліцы прэзідэнцкая форма кіравання. 10 ліпеня 1994 г. першым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь абраны А.Р. Лукашэнка. Для забеспячэння эфектыўнай дзяржаўнай палітыкі было праведзена рэфарміраванне сістэмы выканаўчай улады, створана падпарадкаваная ўсенародна абранаму прэзідэнту скразная вертыкальная структура, якая ўключае выканаўчыя і распарадчыя органы як у цэнтры, так і на месцах.
У мэтах вырашэння некаторых спрэчных пытанняў, якія ставіла палітычная апазіцыя і якія мелі прынцыповае значэнне для забеспячэння згоды ў грамадстве, па ініцыятыве прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ў адпаведнасці з яго перадвыбарнай платформай 14 мая 1995 г. быў праведзены рэспубліканскі рэферэндум. Беларускі народ падтрымаў прапановы кіраўніка дзяржавы аб наданні рускай мове роўнага статусу з беларускай, развіцці эканамічнай інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй, устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь. Герб “Пагоня” і бела-чырвона-белы сцяг на рэферэндуме народам не былі прызнаны нацыянальнымі дзяржаўнымі сімваламі. Чаму?
Па-першае, як сведчаць першакрыніцы, герб “Пагоня” быў вядомы як герб Вялікага княства Літоўскага ўжо ў ХІІІ ст. Але гэта не дае падстаў сцвярджаць, што ён з’яўляецца беларускім нацыянальным і дзяржаўным сімвалам, бо Вялікае княства Літоўскае не было толькі беларускай дзяржавай, як пішуць некаторыя гісторыкі, а з’яўлялася поліэтнічнай дзяржавай чатырох асноўных народаў – беларускага, літоўскага, рускага і ўкраінскага, таму і герб “Пагоню” можна лічыць гістарычным сімвалам усіх гэтых чатырох народаў.
Па-другое, герб “Пагоня” – гэта рыцарскі сімвал воінскай славы, воінскай магутнасці, выява народнай традыцыі пагоні, якая была характэрнай не толькі для беларусаў ці літоўцаў, а для ўсіх тых, хто ваяваў, падвяргаўся нападу і рабіў пагоню за пераможаным ворагам ці ворагам, адступіўшым без бітвы. А калі ў той час (XII–XIV стст.) ваявалі амаль усе – і народы Захаду і народы Усходу (а не толькі беларусы ці літоўцы), то і традыцыя народнай пагоні была традыцыяй і ўсходнеславянскіх народаў і заходнееўрапейцаў, і выява пагоні сустракаецца і на Усходзе і на Захадзе.
Па-трэцяе, герб “Пагоня” не меў усебеларускага распаўсюджання, аб чым сведчыць наступнае. Сярод 47 гербаў губерняў і гарадоў Беларусі, якія прыведзены ў Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, толькі 11 мелі выяву “Пагоні”. У XVI–XVIII стст. з 70 гербаў гарадоў Беларусі знак “Пагоні” быў толькі ў 5 – Магілёва, Лепеля, Дрысы, Чэрыкава і Ліпнішак.
Па-чацвёртае, герб “Пагоня” ўзнік гістарычна, ён цалкам належыць сівой феадальнай даўніне. Як факт нашай гісторыі герб “Пагоня” можа выкарыстоўвацца ў прозе, вершах, кінастужках, тэатры, музыцы, архітэктуры, наогул, у жыцці беларускага народа, як і іншых народаў. Як культурна-гістарычны знак герб “Пагоня” – чысты, як дзяржаўна-палітычны сімвал – заплямлены, бо ў 1941–1944 гг. знаходзіўся ў руках здраднікаў, катаў і ворагаў беларускага народа. А што можа як дзяржаўны герб сімвалізаваць сёння гэты феадальны знак “Пагоня”? Агрэсіўнасць, ваяўнічасць, помслівасць, пагоню, тэакратычнасць дзяржавы? Не, гэта не ўваходзіць у менталітэт беларускага народа. Больш таго, у суседняй Літве герб “Пагоня” ўжо даўно з’яўляецца дзяржаўным гербам.
Яшчэ менш даследаванай з’яўляецца праблема паходжання бела-чырвона-белага сцяга. Дакументаў амаль ніякіх няма. Ёсць толькі публікацыі тых, хто пад гэтым сцягам змагаўся за буржуазную будучыню Беларусі. Сярод іх прафесар-здраднік Р. Астроўскі (у гады Вялікай Айчыннай вайны служыў акупантам, узначальваў Беларускую Цэнтральную Раду). Ён у замежным часопісе “Беларуская думка” (1965. № 7) сцвярджаў, што “упершыню пытанне аб гербе і сцягу абмяркоўвалася на пасяджэнні Беларускага нацыянальнага камітэту ў Мінску ў сакавіку 1917 г. Іменна ў гэты час вырашылі карыстацца “Пагоняй” і вядомым сцягам, узор якога быў прыняты тады ж. На сцягу зрабілі надпіс “Няхай жыве вольная Беларусь”. Як сведчыць інфармацыя часопіса, бела-чырвона-белага сцяга да таго часу ў беларусаў не існавала.
Яшчэ больш дакладная спраўка маецца ў артыкуле Г. Альгердзіча (беларускі калабарацыяніст перыяду Вялікай Айчыннай вайны А. Адамовіч) у газеце “Раніца” (месца выдання Берлін) за 26 лістапада 1944 г. У ім напісана: “Паходжанне нашага сённяшняга бела-чырвона-белага сцягу параўнальна нядаўняе і звязана з часам рэвалюцыі 1917 г. таму, што пытанне аб агульна-нацыянальным ці дзяржаўным сцягу ў мінуўшчыне было недаследаваным. А нашым нацыянальным дзеячам 1917 г. і зусім невядомым. Давялося ім выступіць у гэтай галіне вольнымі тварцамі. У выніку гэтай творчасці адразу з’явіўся быў у якасці нацыянальнага сцягу аднаколерны белы штандар. Відаць, у прызнанні яго за нацыянальны сцяг кіраваліся расшыфраваннем самога назову “Беларусь”. Аднак хутка выявілася неадпаведнасць такога аднаколернага белага суягу: ён занадта біў у вочы на фоне рэвалюцыйнага разумення сымболікі колераў (чырвонае – колер рэвалюцыі, белае – колер контррэвалюцыі). Да таго ж, аддаўна меў міжнароднае значэнне знаку паддачы, капітуляцыі на вайне. Таму неўзабаве пасярод белае палатніны сцягу была праведзена чырвоная, “рэвалюцыйная” паласа. Гэтак і з’явіўся наш сённяшні сцяг”.
Артыкул А. Адамовіча быў надрукаваны ў 1944 г., калі яшчэ былі жывымі многія беларускія дзеячы 1917–1920 гг., дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі, якія б маглі не пагадзіцца, паправіць аўтара, калі б была надрукавана няпраўда.
Такім чынам, герб “Пагоня” і бела-чырвона-белы сцяг з’яўляюцца не нацыянальнымі сімваламі, а сімваламі палітычнай барацьбы за ўладу пэўных палітычных сіл, не падтрыманых большасцю беларускага народа. Герб “Пагоня” і бела-чырвона-белы сцяг – сімвалы буржуазнай Беларусі, чырвона-зялёны сцяг з белым арнаментам і герб з серпам і молатам – сімвалы Савецкай Сацыялістычнай Беларусі.
Выбіраючы сімвалы новай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь, большасць народа зыходзіла з таго, што дзяржаўныя герб і сцяг павінны быць незаплямленымі, чыстымі, не звязанымі ў думках беларусаў са злачынствамі і генацыдам перыяду Вялікай Айчыннай вайны. На рэферэндуме 1995 г. большасць народа выказалася за новую сімволіку, якая ўяўляе сабой крыху змененую дзяржаўную сімволіку Савецкай Беларусі.
На працягу 1995–1996 гг. палітычная апазіцыя, частка дэпутатаў Вярхоўнага Савета і членаў Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь намагаліся навязаць грамадству палітычны курс на безуладдзе, хаос, безадказнасць, дзікую грабежніцкую “прыхватызацыю”, узбагачэнне ценявых структур і расцягванне нацыянальнага багацця па прыватных кватэрах, узмацненне канфрантацыі ў грамадстве, арыентацыю знешняй палітыкі на Захад і адказ ад саюза Беларусі з Расіяй і іншымі краінамі СНД, далейшае зніжэнне ўзроўню жыцця народа. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка і ўрад прапанавалі палітычны курс, накіраваны на стварэнне сацыяльна арыентаванай эканомікі, развіццё дэмакратычных працэсаў, забеспячэнне палітычнай стабільнасці і згоды ў грамадстве, паглыбленне інтэграцыі з Расіяй і іншымі дзяржавамі СНД, шматвектарнасць знешняй палітыкі дзяржавы, развіццё навукі, адукацыі і культуры, павышэнне дабрабыту народа.
Ва ўмовах палітычнай канфрантацыі А.Р. Лукашэнка ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь вынес пытанні, якія вызначаюць лёс дзяржавы, на рэферэндум. Палітычная апазіцыя і некаторыя прадстаўнікі дзяржаўных структур пры падтрымцы Захаду рабілі неаднаразовыя спробы сарваць рэферэндум, не дапусціць правядзення канстытуцыйнай рэформы, адхіліць ад улады ўсенародна абранага прэзідэнта і ўрад рэспублікі, змяніць палітычны курс дзяржавы.
19–20 кастрычніка 1996 г. у Мінску адбыўся Усебеларускі народны сход, на якім з дакладам “Толькі народ мае права рашаць своё лёс” выступіў А.Р. Лукашэнка. Дэлегаты схода, якія прадстаўлялі народ Беларусі, адобрылі ўнутраную і знешнюю палітыку, што праводзіла кіраўніцтва дзяржавы.
Информация о работе Старажытнае грамадства на тэрыторыі беларусі. Фарміраванне этнічных супольнасцей