Автор: Пользователь скрыл имя, 13 Марта 2012 в 18:32, курс лекций
Гісторыя Беларусі – невычарпальная крыніца гістарычнага вопыту і духоўнасці. Грамадска-палітычнае становішча і перспектывы развіцця Рэспублікі Беларусь. Чаму вучыць гісторыя Беларусі? Аб чым сведчыць гістарычны вопыт?
Прыведзеныя лічбы сведчаць аб тэндэнцыі запавольвання тэмпаў эканамічнага развіцця СССР і БССР у 1971–1985 гг. У адзінаццатай пяцігодцы сярэднегадавыя тэмпы росту нацыянальнага даходу складалі ў СССР 3,6 %, у БССР – 5,6 %, прамысловай прадукцыі – адпаведна 3,7 і 5,4 %. Больш таго, у кожнай пяцігодцы ў сувязі з павелічэннем вытворча-эканамічнага патэнцыялу СССР і БССР працэнт прыросту быў больш важкім па сваёй вартасці, зместу, напаўненню, бо ён вызначаўся ад больш высокіх папярэдніх паказчыкаў. Таму сцвярджаць аб такіх з’явах, як крызіс і застой у эканоміцы, у гэты перыяд не было падставы.
Сярод міфаў, створаных ініцыятарамі перабудовы, – міф аб “цывілізаваным Захадзе” і “нецывілізаваным СССР”, “райскім жыцці” на Захадзе і “пякельным жыцці” ў нас, “сапраўднай дэмакратыі” ў іх і “тыраніі, таталітарызме” у нас і г.д. Некаторыя паверылі ў гэтыя міфы і разам з апазіцыяй садзейнічалі развалу Савецкага Саюза, разбурэнню яго дзяржаўнасці, анархіі і нацыянал-сепаратызму, кровапраліццю на глебе справакаваных нацыянальных канфліктаў.
Працэс фарміравання палітычнай апазіцыі пачынаўся з амаль непрыкметнай для кіраўніцтва Беларусі з’явы – значнага павелічэння ліку аматарскіх нефармальных аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах. У 1986–1987 гг. у рэспубліцы ўзнікла 7 тыс. такіх аматарскіх аб’яднанняў і клубаў, якія налічвалі каля 1 млн чалавек.
Спачатку палітычныя пытанні ў праграмы клубаў і аб’яднанняў не ўключаліся. Напрыклалд, мінская “Талака” ў сваёй праграме заяўляла, што будзе займацца выключна праблемамі нацыянальнай самабытнасці, захоўваннем помнікаў гісторыі і культуры.
Аднак прыкладна з другой паловы 1987 г. у дзейнасці клубаў і арганізацый усё больш і больш пачынаюць праяўляцца цэнтралізацыя і палітызацыя. У выніку перагавораў з уладамі ў снежні 1987 г. было дазволена правесці пад Мінскам вальны сойм беларускіх суполак. Удзельнікі яго гаварылі аб дэфармацыях сацыялізму, неабходнасці пабудовы сапраўднага сацыялізму, адраджэння беларускай нацыянальнай культуры. Спасылаючыся на У.І. Леніна, яны рабілі спробы крытыкаваць кіраўніцтва Беларусі. Гэта быў ужо, безумоўна, не культурна-асветны, а палітычны рух. Ішла самая звычайная палітычная барацьба пад прыкрыццём лозунга адраджэння нацыянальнай культуры. Пачыналася канфрантацыя маладзёжных суполак з ЦК КПБ, партыйнымі і камсамольскімі органамі.
У 1989 г. ствараецца штаб палітычнай апазіцыі – Беларускі народны фронт “Адраджэнне”1. Яго праграма, статут і іншыя дакументы мелі адкрыта антысавецкую і антыкамуністычную накіраванасць. На заклікі апазіцыі да знішчэння савецкага дзяржаўнага і грамадскага ладу адэкватнае прававое рэагаванне адсутнічала. Больш таго, узмацнілася яе канфрантацыя з праваахоўнымі органамі, партыйнымі і дзяржаўнымі структурамі. Не было і адпаведнага палітыка-арганізацыйнага рэагавання на дзеянні некаторых камуністаў і кіраўнікоў розных узроўняў, якія займалі прабэнээфаўскія пазіцыі.
Апазіцыя робіць спробу абвяржэння тагачаснай канцэпцыі гісторыі Беларусі. На пленуме Саюза пісьменнікаў БССР у маі 1987 г. сцвярджалася, што ў падручніку па гісторыі БССР для вучняў сярэдняй школы дапушчаны памылкі ў трактоўцы пытанняў этнагенезу беларусаў, Полацкага княства, Вялікага княства Літоўскага, узаемаадносін Беларусі і Расіі і г.д. Тагачасная афіцыйная канцэпцыя гісторыі не прымаецца і робіцца спроба стварыць новую. Ідэолагам і кумірам адраджэння становіцца гісторык М.І. Ермаловіч. Пачынаюць друкавацца яго кнігі “Старажытная Беларусь” і “Па слядах аднаго міфа”. Тэма рэпрэсій 20–50-х гадоў, крытыка КПБ і савецкай улады ставяцца апазіцыяй на першы план. Узнікае палітызаваны “Камітэт-58”.
Па прыкладу краін Прыбалтыкі і Усходняй Еўропы апазіцыя робіць стаўку на развіццё мітынговай стыхіі. Шматлікія мітынгі і маніфестацыі пракаціліся па гарадах Беларусі вясной 1991 г. На шматтысячных мітынгах у Мінску лідэры БНФ, палітычных партый і арганізацый не толькі гаварылі пра “жабрацтва і развал, дрымучую адсталасць і неатавараныя талоны, Чарнобыль і каланіяльную залежнасць Беларусі ад цэнтра”, але і адкрыта заклікалі пакончыць з “камуністычнай дыктатурай”.
Прававога рэагавання на гэтыя заклікі таксама не было. Інертнасць і абыякавасць, баязлівасць і здрадніцтва многіх кіраўнікоў Беларусі, мясцовых партыйных і дзяржаўных органаў, сілавых структур вялі да гібелі савецкай улады, да капіталістычнай рэстаўрацыі. Значная частка палітычна актыўнага насельніцтва падтрымала апазіцыю, другая частка раўнадушна заняла нейтральную пазіцыю. Тыя, хто актыўна падтрымліваў савецкую сістэму і яе абаронцаў, аказаліся ў меншасці. КПБ паступова адхілялася ад кіраўніцтва грамадствам. Набліжалася развязка. Яна наступіла ў жніўні 1991 г.
З сярэдзіны 20-х і да канца 80-х гадоў у СССР дзейнічала аднапартыйная палітычная сістэма, ядром якой з’яўлялася Камуністычная партыя. Аднапартыйная сістэма забяспечвала палітычную, сацыяльна-эканамічную і культурна-маральную ўстойлівасць і стабільнасць грамадства, правы і свабоды грамадзян, дружбу народаў шматнацыянальнай дзяржавы, упэўненасць людзей працы ў заўтрашнім дні.
Не прымаючы палітычную кан’юктуру і прытрымліваючыся навуковага падыходу, адзначым, што КПСС не была партыяй у тым сэнсе, як гэта разумеюць на Захадзе. КПСС была з’явай у структуры савецкага грамадства, якая раней ніколі і нідзе не сустракалася. Слова “партыя” ў нас захоўвалася па традыцыі. КПСС у той яе частцы,якая складалася з пярвічных арганізацый, была з’явай грамадскай, структурным збудаваннем працоўных калектываў. Радавыя члены партыі ў масе сваёй былі лепшымі членамі грамадства. Яны не рабілі ніякай кар’еры за кошт партыйнасці і не мелі ніякіх прывілеяў. Для іх членства ў партыі неабходным быў удзел у грамадска-палітычным жыцці краіны і сваіх працоўных калектываў. Іх паўсядзённай працай умацоўвалася дзяржава.
КПСС у той яе частцы, якая складалася з партыйных камітэтаў, была асяродкам, асновай сістэмы ўлады і кіравання, г. зн. дзяржавы, але арганізацыйна з ёю не злівалася. Таму КПСС нельга лічыць дзяржаўнай структурай у поўным сэнсе гэтага слова, аб чым сведчаць і тыповы сюжэт літаратуры – канфлікт паміж партыйным сакратаром і дырэктарам завода, і наяўнасць “тэлефоннага права”, і падмена дзяржаўных органаў (падмяняць – значыць часова браць на сябе выкананне чужых, неўласцівых сабе абавязкаў, якія ў нармальнай сітуацыі павінен выконваць нехта іншы, вызначаны для гэтых функцый), і дабравольнае членства, і яе значная эканамічная аўтаномія ад дзяржавы (поўнай аўтаноміі няма нідзе – цяпер некаторыя краіны аказваюць партыям фінансавую падтрымку), і прызнанне КПСС у якасці партыі яе зарубежнымі аналагамі, і існаванне міжпартыйных сувязей.
Чым больш дэмакратычным з’яўляецца грамадства, тым большую частку функцый органы дзяржавы выконваюць разам з грамадскімі структурамі ці перадаюць ім. А што датычыць кар’ерызму і злоўжыванняў партыйнага апарату, дык гэта з’ява ўсеагульная, а не спецыфічная толькі для КПСС, яна ўласціва партыйнаму і дзяржаўнаму апарату любой заходняй краіны.
Савецкі Саюз быў ідэакратычнай дзяржавай. Носьбітам сацыялістычнай ідэалогіі ў першую чаргу з’яўлялася КПСС. Але ж і краіны Захаду таксама кіруюцца жорсткай ідэяй, ідэалогіяй. У ЗША, напрыклад, ліберальныя да чалавека, пакуль ён прызнае іх ідэалагічныя каштоўнасці, права быць лідэрам у свеце, дэкларуе свой абсалютны патрыятызм. У Германіі існуе забарона на прафесіі па ідэалагічных меркаваннях, што яскрава прадэманстравалі заходнія “цывілізаваныя немцы” ў адносінах да сваіх братоў з былой ГДР. Дзяржаў, свабодных ад ідэалогіі, у свеце не існуе.
Удзел палітычных партый у рабоце органаў улады і кіраўніцтве дзяржавамі – таксама з’ява ўсеагульная, характэрная як для Усходу, так і для Захаду. Толькі ажыццяўляецца гэта кіраўніцтва ў розных краінах па-рознаму, спецыфічнымі метадамі і сродкамі. У гэтым – сутнасць праблемы. На Захадзе першыя кіраўнікі дзяржаў адначасова з’яўляюцца лідэрамі сваіх партый, але іх дзяржаўныя пасады афіцыйна не звязваюцца з партыяй (прэзідэнт, прэм’ер-міністр і г.д.), у СССР першым кіраўніком дзяржавы з’яўляўся партыйны лідэр – Генеральны сакратар ЦК КПСС.
Дзякуючы КПСС краіна выжыла ў складаных гістарычных абставінах, дабілася поспехаў і параўнальна высокага ўзроўню жыцця шырокіх колаў насельніцтва, што асабліва бачна на фоне паніжэння гэтага ўзроўню ў 10–15 разоў у пачатку правядзення рэформ. У сувязі з гэтым дыскусія аб нейкай злачыннай сутнасці КПСС носіць палітычны характар і да сапраўднага навуковага высвятлення праблемы не мае ніякага дачынення. Гістарычны вопыт сведчыць пра тое, што ўстойлівасць і стабільнасць грамадства забяспечваюць палітычныя сістэмы, у якіх не шмат, а 2–3 палітычныя партыі адной ідэйна-палітычнай арыентацыі, якія канкурыруюць у барацьбе за ўладу (ЗША, Англія і інш.), ці адна партыя (былы СССР, сацыялістычныя і іншыя краіны), якая карыстаецца падтрымкай большасці народа.
У жніўні 1991 г. у СССР быў здзейснены дзяржаўны пераварот. Да ўлады ў цэнтры і на месцах прыйшла падтрыманая Захадам “дэмакратычная” апазіцыя ці сілы капіталістычнай рэстаўрацыі. Савецкі дзяржаўны і грамадскі лад знішчаўся. Канстытуцыя СССР і Законы краіны былі растоптаны.
Летам – восенню 1991 г. была забаронена дзейнасць КПСС і КП РСФСР на тэрыторыі Расіі, а іх маёмасць падвяргалася канфіскацыі. Прыпынялася таксама дзейнасць КПСС–КПБ на тэрыторыі Беларусі.
Чым былі абумоўлены крызіс аднапартыйнай сістэмы, зыход КПСС з арэны палітычнага кіраўніка краіны, ліквідацыя савецкага дзяржаўнага і грамадскага ладу?
Гэтыя з’явы былі абумоўлены перш-наперш сур’ёзнымі памылкамі і пралікамі КПСС–КПБ, якія былі дапушчаны ў распрацоўцы і правядзенні палітыкі перабудовы. Адсутнічала каанкрэтная, навукова абгрунтаваная праграма абнаўлення савецкага грамадства, не былі вызначаны мэты і задачы, канчатковыя вынікі. Гэта дазволіла на практыцы лозунг “Больш дэмакратыі, больш сацыялізму” незаўважна для народа падмяніць лозунгам “Больш капіталізму, больш разбуральнай дэмакратыі” і ўрэшце скаціцца на шлях пераўтварэння СССР у сыравінны прыдатак, рынак збыту нізкагатункавых тавараў, крыніцу таннай кваліфікаванай рабочай сілы для іншых развітых дзяржаў, значнага пагаршэння ўзроўню жыцця. У грамадстве з’явіліся капіталістычныя тэндэнцыі – узбагачэнне любымі сродкамі. Бачачы гэтыя негатыўныя працэсы, значная частка народа стала абвінавачваць КПСС–КПБ, партыйную эліту і ўсіх тых, па чыёй ініцыятыве пачалася перабудова. Сацыялістычныя ідэалы ў вачах мільёнаў абясцэньваліся, аўтарытэт КПСС–КПБ катастрафічна падаў.
Негатыўныя працэсы і з’явы ў грамадскім жыцці суправаджаліся вельмі моцнай прапагандысцкай кампаніяй па дыскрэдытацыі КПСС, Савецкай дзяржавы, савецкага ладу жыцця, дасягненняў краіны. Гэта кампанія ажыццяўлялася пры патуранні і дапамозе, а іншы раз і пры асабістым удзеле вышэйшых партыйных і дзяржаўных кіраўнікоў краіны – М. Гарбачова, А. Якаўлева, Э. Шэварднадзе, І. Сілаева, В. Бакаціна і інш. Прапагандысцкія намаганні прыкрываліся лозунгамі “новага палітычнага мыслення”, “агульначалавечых каштоўнасцей”, “палітычнага плюралізму”, “дэідэалагізацыі”, “дэпалітызацыі”, “дэпартызацыі”.
Шмат папрацавала на карысць распальвання антысавецкай і антыкамуністычнай істэрыі частка навуковай, творчай і тэхнічнай інтэлігенцыі. Ідэолагам “заходнізацыі” і “амерыканізацыі” краіны ўдалося метадам сацыяльнай дэмагогіі раз’яднаць працоўных, выклікаць схільнасць да хістанняў і крайніх дзеянняў. Людзей прымусілі паверыць, што тыя, хто не здрадзіў сваім поглядам, – гэта рэакцыянеры, кансерватары, якія заслугоўваюць пагарды, а тыя хто за адзін дзень змяніў погляды, перафарбаваўся, – гэта сапраўдныя героі, новыя барацьбіты за “светлую будучыню народа”. Прапагандысцкія намаганні апазіцыі і рэнегатаў-камуністаў давалі ім значныя палітычныя дывідэнды.
Не садзейнічалі павышэнню аўтарытэту і ўзмацненню палітычнага ўплыву адарванасць вярхоў КПСС ад народа і шматмільённай арміі радавых камуністаў, пратэкцыянізм, хабарніцтва, карупцыя, замкнутасць партыйнай іерархіі, шырокае распаўсюджанне бюракратызму ў рабоце, недэмакратычнасць кадравай палітыкі, грубае падаўленне іншадумства. Усё гэта, як і распаленую істэрыю вакол ільгот і прывілеяў, прапаганда апазіцыі выкарыстала для дыскрэдытацыі партыйных кіраўнікоў, для выхавання ў людзей пачуцця нянавісці да іх. Памылкі ў кіраўніцтве выдаваліся за ўсеагульную некампетэнтнасць і бяздарнасць партакратаў, а недахопы ў развіцці сацыяльна-эканамічнай і духоўна-маральнай сфер – за трагедыю і катастрофу краіны. Часткай насельніцтва гэта ўспрымалася за праўду.
І нарэшце, патрэбна адзначыць, што ў час суровых выпрабаванняў генсек, Палітбюро і Сакратарыят ЦК КПСС здрадзілі сваёй партыі. Яны не звярнуліся да КПСС і народа, не зрабілі нават спробы склікаць з’езд партыі ці пленум ЦК КПСС, ніяк не супрацьдзейнічалі антыканстытуцыйным акцыям прэзідэнтаў СССР і Расіі і іх акружэння. Верхам ідэйнай і палітычнай здрады (наўмыснай ці ненаўмыснай), не маючай аналагаў у гісторыі, з’явіліся адказ у той трагічнай для КПСС сітуацыі М. Гарбачовым ад паўнамоцтваў Генеральнага сакратара ЦК КПСС і падпісанне супрацьпраўнага ўказа аб прыпыненні дзейнасці КПСС. Нічога не рабілі мясцовыя партыйныя камітэты і паслухмяныя члены партыі: капітуляцыя была масавай.
Чаму атрымаўшыя ўладу ў выніку дзяржаўнага перавароту кіраўнікі краін сталі на шлях знішчэння КПСС–КПБ? Прычыны тут толькі палітычныя. КПСС–КПБ заставалася адзінай рэальнай апазіцыйнай сілай, якая ў сваёй праграме прадугледжвала сацыялістычную, а не капіталістычную перабудову савецкага грамадства. Яна дабівалася рэалізацыі волі народа на захаванне СССР, выражанай на агульнасаюзным рэферэндуме 17 сакавіка 1991 г. КПСС–КПБ супрацьдзейнічала заняпаду грамадскай вытворчасці, перадачы агульнанароднага багацця прадпрымальнікам і бізнесменам, наступленню на інтарэсы і правы грамадзян (права на працу, адукацыю, ахову здароўя, пенсійнае абслугоўванне, жыллё), развіццю “дабрачыннасці” айчынных і замежных мецэнатаў (начлежкі і сталовыя для бедных, т. зв. “гуманітарная дапамога”, падачкі дзеячам навукі і культуры і г.д.), што зневажае працоўнага чалавека.
КПСС–КПБ ясна ўсведамляла, што капіталістычная рэстаўрацыя, злом сацыялістычнага дзяржаўнага і грамадскага ладу прывядзе да канфрантацыі, праліцця крыві, грамадзянскай вайны, што і адбылося ў многіх краінах СНД. Зразумела, што новыя ўлады знішчалі палітычную сілу, якая супрацьдзейнічала ім у ажыццяўленні палітыкі капіталістычнай рэстаўрацыі.
Информация о работе Старажытнае грамадства на тэрыторыі беларусі. Фарміраванне этнічных супольнасцей