Старажытнае грамадства на тэрыторыі беларусі. Фарміраванне этнічных супольнасцей

Автор: Пользователь скрыл имя, 13 Марта 2012 в 18:32, курс лекций

Описание работы

Гісторыя Беларусі – невычарпальная крыніца гістарычнага вопыту і духоўнасці. Грамадска-палітычнае становішча і перспектывы развіцця Рэспублікі Беларусь. Чаму вучыць гісторыя Беларусі? Аб чым сведчыць гістарычны вопыт?

Работа содержит 1 файл

гист.doc

— 1.90 Мб (Скачать)

Ініцыіраваны прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкам рэспубліканскі рэферэндум адбыўся 24 лістапада 1996 г. Беларускі народ прагаласаваў за прыняцце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г. са змяненнямі і дапаўненнямі (новая рэдакцыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь), прапанаванымі А.Р. Лукашэнкам, выказаўся супраць свабоднай, без абмежаванняў куплі і продажу зямлі, супраць адмены смяротнай кары ў Рэспубліцы Беларусь.

На рэспубліканскім рэферэндуме была падтрымана прапанова А.Р. Лукашэнкі аб перанясенні Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дня рэспублікі) з 27 ліпеня на 3 ліпеня – дзень вызваленя Мінска ад гітлераўскіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне (“за” прагаласавалі амаль 5,5 млн чалавек, ці 88,18 % грамадзян, што прынялі ўдзел у галасаванні).

Дзень 27 ліпеня ў памяці людзей звязваецца не толькі з прыняццем Дэкларацыі аб суверэнітэце, але і з некаторымі змрочнымі падзеямі ў айчыннай гісторыі. 27 ліпеня 1942 г. кат беларускага народа, гаўляйтэр В. Кубэ, падтрымаў беларускіх здраднікаў і выдаў распараджэнне, якім дазволіў “пры розных урачыстасцях і для распазнавання нацыянальнасці беларускай побач нямецкіх адзнакаў на дамах вывешваць і насіць “бела-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоню””. Іменна ў гэты дзень (выпадкова ці невыпадкова), 27 ліпеня 1990 г., была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. З гэтым днём і з гэтым дакументам большасць народа звязвае не толькі крок да незалежнасці Беларусі, але і да развалу вялікай і магутнай дзяржавы – Савецкага Саюза. Беларускі народ адмовіўся ад таго, каб дзень 27 ліпеня і далей лічыць сваім галоўным дзяржаўным святам – Днём незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Днём рэспублікі).

У адпаведнасці з новай рэдакцыяй Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замест аднапалатнага Вярхоўнага Савета з 260 дэпутатамі быў сфарміраваны двухпалатны парламент – Нацыянальны сход, які складаецца з Палаты прадстаўнікоў (110 дэпутатаў, выбіраемых народам) і Савета Рэспублікі (па 8 чалавек выбіраюцца ад кожнай вобласці і г. Мінска і 8 чалавек прызначаюцца прэзідэнтам). Прэзідэнт з'яўляецца кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Кіраўніком выканаўчай улады з'яўляецца прэм'ер-міністр урада, пашыраны правы і паўнамоцтвы Савета Міністраў, зменены парадак прызначэння асоб на некаторыя дзяржаўныя пасады і вызвалення гэтых асоб ад пасад у адпаведнасці з канстытуцыяй і заканадаўствам. Пашыраны правы грамадзян, ажыццяўляюцца працэсы далейшай дэмакратызацыі беларускага грамадства. У 2000 г. адбыліся свабодныя дэмакратычныя выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу, а ў 2001 г. – выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ім на новы пяцігадовы тэрмін абраны А.Р. Лукашэнка.

 

§ 3. Утварэнне і дзейнасць палітычных партый, грамадскіх арганізацый, аб’яднанняў і рухаў. Фарміраванне шматпартыйнай сістэмы

На рубяжы 80–90-х гадоў ХХ ст. пачаўся працэс фарміравання шматпартыйнай сістэмы. Па стану на 10 сакавіка 1993 г. у Рэспубліцы Беларусь дзейнічала больш за 500 палітычных партый, грамадскіх арганізацый, аб’яднанняў і рухаў. У 2000 г. прайшлі перарэгістрацыю 1326 грамадскіх аб’яднанняў і 17 палітычных партый. Сярод вядомых партый ліберальна-буржуазнага накірунку адзначым Аб’яднаную грамадзянскую партыю і Партыю беларускага народнага фронту, цэнтрысцкіх партый – Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю “Народная грамада”, Сацыял-дэмакратычную партыю народнай згоды, сярод левакамуністычных партый – Камуністычную партыю Беларусі і Партыю камуністаў Беларусі.

Мноства створаных палітычных партый, арганізацый і рухаў сведчаць аб спектры поглядаў, якія існуюць у беларускім грамадстве. Разам з тым няздзейсненыя абяцанні, дадзеныя народу, нерэалізаваныя праграмы і праекты, здрада былых кіраўнікоў КПСС у цэнтры і на месцах, а таксама народных дэпутатаў розных узроўняў выклікалі недавер да дзейнасці любых палітычных арганізацый. Большасць палітычных партый і грамадска-палітычных рухаў Беларусі малалікія, з імі мала хто звязвае свае надзеі. Яны дзеляць грамадства на часткі, проціпастаўляюць сябе той частцы народа, якая не пайшла за імі.

Ні адно грамадска-палітычнае згуртаванне не мае яснай канцэпцыі палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і духоўнага развіцця. Нягледзячы на тое, што ўсе яны выступаюць за пераход да рынку, за дэмакратыю і прававую дзяржаву, суверэнітэт Беларусі і г.д., аднак у іх праграмах адсутнічае механізм такога пераходу. Усе ведаюуь, што трэба рабіць, але амаль ніхто не ведае, як гэта рабіць. Ды і прапановы, якія маюцца ў арсеналах партый і рухаў, патрабуюць аналізу, каб вызначыць іх прыгоднасць з пункту гледжання гістарычнага вопыту. Напрыклад, стварэнне ўрада народнага даверу, кааліцыі палітычных сіл магчыма толькі на перыяд знішчэння старога ладу і утапічна на этапе кіравання краінай, калі розныя думкі і падыходы прыводзяць да хаосу, разарэння ўсёй сістэмы. Аб гэтым сведчыць вопыт Расіі сакавіка – кастрычніка 1917 г., дзейнасці Часовага буржуазнага ўрада, а таксама вопыт перабудовы, суверэнізацыі і капіталізацыі краін СНД.

Партыі і рухі маюць вузкую сацыяльную базу. Яны, як правіла, абапіраюцца на частку інтэлігенцыі, студэнтаў і навучэнцаў, іх слаба падтрымліваюць рабочыя і сяляне. Гэта тлумачыцца тым, што погляды многіх сучасных палітыкаў разыходзяцца з інтарэсамі і палітычным вопытам шырокіх колаў народа, што многія сённяшнія палітыкі ўжо не адзін раз увялі ў зман, здрадзілі людзям. Сучасным партыям і рухам не хапае арганізаванасці, здольнасці мяняць сваю тактыку ў новых умовах і г.д. Працэс фарміравання шматпартыйнай палітычнай сістэмы беларускага грамадства працягваецца.


ПРАБЛЕМЫ САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАГА РАЗВІЦЦЯ БЕЛАРУСІ ВА ЎМОВАХ ПРАВЯДЗЕННЯ РЫНАЧНЫХ РЭФОРМ

 § 1. Асноўныя этапы правядзення рыначных рэформ

 § 2. Фарміраванне рыначнай эканомікі: напрамкі і праблемы

  

§ 1. Асноўныя этапы правядзення рыначных рэформ

Навуковай тэорыі рынку, адзінага агульнапрынятага яго вызначэння ў літаратуры не існуе. Разглядаюцца найпрасцейшыя з’явы рыначнай эканомікі: роўнасць попыту і прапановы, залішняга попыту і недастатковай прапановы і г.д. Мала хто разумее, што нецывілізаваны, грабежніцкі, гангстэрска-мафіёзны рынак – гэта хаос і выпадковасць, вялікі базар, дзе ўсё прадаецца і купляецца (у гэтым сэнсе рынак заўсёды існаваў). Іншая справа – цывілізаваны, рэгуляваны дзяржавай, сацыяльна арыентаваны рынак. Каб такі рынак усталяваць, дзяржава і манаполіі павінны быць багатымі, мець вялікія таварныя запасы і грошы, што бывае рэдка. Не выпадкова, што найбольш пацярпеўшыя ў другой сусветнай вайне краіны Заходняй Еўропы і Японія для аднаўлення сваіх эканомік ажыццяўлялі цэнтралізаваныя праграмы і толькі пасля дасягнення раўнавагі (залішні попыт нулявы) пераходзілі да ўвядзення рыначных механізмаў.

Рынак павінен быць рэгулятарам і стымулятарам вытворчасці і спажывання, сродкам дасягнення грамадскіх мэт – умацавання магутнасці Айчыны, павышэння ўзроўню жыцця народа. Ёсць іншая, палітыка-эканамічная матывацыя: рынак – сродак капіталізацыі эканомікі, стварэння буржуазіі, аднаўлення капіталізму ў краіне. Першы падыход да рынку можна лічыць агульнацывілізаваным, другі – класавым. Яны з’яўляюцца асялком для сапраўднага разумення і прызнання рыначнай эканомікі, тут праходзіць водападзел паміж яе прыхільнікамі і праціўнікамі. Супраць агульнацывілізаванага разумення рынку ніхто не выступае, барацьба ідзе вакол капіталізацыі эканомікі і грамадства ў цэлым.

Рынак узнікае як вынік высокай цывілізаванасці, культуры, прадукцыйнасці працы, а не як іх перадумова. Вось чаму краінам Захаду спатрэбіліся стагоддзі, каб сфарміраваць сістэму больш ці менш цывілізаваных рыначных адносін на капіталістычнай аснове, вырасціць сучаснага прадпрымальніка, забяспечыць сацыяльную стабільнасць. Большасць краін Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, якія адсталі ў сваім развіцці і якія дзейнічаюць ва ўмовах капіталістычнага рынку, так і жывуць у беднасці пры наяўнасці сацыяльных катаклізмаў.

Састаўной часткай палітыкі перабудовы, якая праводзілася ў 1985–1991 гг., з’яўлялася эканамічная рэформа. У ходзе яе ажыццяўлення значна пашырылася самастойнасць прадпрыемстваў і аб’яднанняў у выніку іх пераходу на поўны гаспадарчы разлік і самафінансаванне, павысілася роля працоўных калектываў, развівалася самакіраванне, укараняліся прагрэсіўныя формы арганізацыі працы (арэндныя калектывы, гаспадарчаразліковыя брыгады і г.д.). Была зроблена спроба ўнесці ў сістэму планавання змены: на важнейшыя віды прадукцыі дзяржава давала вытворцам заказ, а ўсё астатняе прадугледжвалася планаваць самастойна прадпрыемствам і мясцовым органам улады. Зроблены першыя і не заўсёды ўдалыя крокі па дэмантажу адміністрацыйна-каманднай сістэмы.

Разам з тым у гады перабудовы кіраўніцтва СССР і саюзных рэспублік, паспешліва дэманціруючы адміністрацыйна-камандныя структуры кіравання, не заўсёды стварала новыя структуры кіравання эканамічнымі метадамі. На практыцы гэта прыводзіла да безуладдзя ці многаўладдзя ва ўмовах “параду суверэнітэтаў”. Узнікалі вельмі небяспечныя для дзяржавы і народа арганізаваная мафіёзнасць, злачыннасць, сепаратызм і нацыяналізм. Пад выглядам увядзення рынку пачалося раскраданне агульнанароднага багацця. Органы ўлады праяўлялі маруднасць і нерашучасць. Яны згубілі кантроль над фінансавай сітуацыяй у краіне. Цяжкасці ў развіцці эканомікі нарасталі.

У 1988–1990 гг. у СССР распрацоўваліся канцэпцыя і праграма стабілізацыі гаспадаркі і пераходу да рыначнай эканомікі, заснаваныя на спалучэнні плана і рынку, – важнейшых дасягненняў сусветнай цывілізацыі ў сферы эканомікі. Вынікам работы з’явіліся “Асноўныя напрамкі па стабілізацыі народнай гаспадаркі і пераходу да рыначнай эканомікі”, распрацаваныя Саветам Міністраў СССР і зацверджаныя Вярхоўным Саветам СССР. Гэта была праграма стварэнняў ў СССР планава-рыначнай эканомікі, плаўнага паступовага пераходу да яе на працягу перыяду, разлічанага на цэлы шэраг гадоў. Прадугледжвалася пераход да рынку рабіць асцярожна, уносіць карэктывы з тым, каб рынак працаваў на народ вялікай краіны, рабіў жыццё людзей лепшым.

Пачатак рыначных рэформ у Беларусі звязаны з адабрэннем Вярхоўным Саветам рэспублікі ў канцы 1990 г. праграмы пераходу да рыначнай эканомікі, якая прадугледжвала шэраг надзвычайных стабілізацыйных мер, стварэнне асноўных рыначных інстытутаў, прыватызацыю, дэманапалізацыю, змену сістэмы дзяржаўнага рэгулявання эканомікі. Паэтапная лібералізацыя цэн павінна была сумяшчацца з выкарыстаннем “сацыяльных амартызатараў”, якія дазволілі б не дапусціць рэзкага падзення жыццёвага ўзроўню асноўная масы насельніцтва.

Развалам СССР у снежні 1991 г. і спыненнем дзейнасці першага і апошняга прэзідэнта СССР М. Гарбачова завяршылася перабудова і яе састаўная частка – эканамічная рэформа. З 1 студзеня 1992 г. рыначныя рэформы ўступілі ў новую фазу. Яны сталі праводзіцца па заходніх рэцэптах, у першую чаргу па рэцэптах “шокавай тэрапіі” Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) для слабаразвітых краін. Але Беларусь, як і Расія і Украіна, не слабаразвітая, а індустрыяльная дзяржава з многагаліновай прамысловасцю і магутным навукова-тэхнічным патэнцыялам. Мадэль МВФ, дзе вынікам лібералізацыі цэн з’яўляецца этап банкруцтваў і беспрацоўя, дапусціма для слабаразвітых краін, у якіх рабочыя складаюць 5–10 % насельніцтва. Пры такіх маштабах нават масавыя банкруцтвы прадпрыемстваў грамадства ў цэлым не кранаюць. А калі дзяржаўны сектар складае пераважную большасць эканомікі, а рабочыя – 70 % працоўных?

Больш таго, знешнія паступленні (пазыкі, крэдыты) у некалькі мільёнаў долараў аказвалі моцнае стымулюючае ўздзеянне на эканоміку малых краін. Маштабы ж краін СНД такія, што, каб уздзейнічаць на ход спраў у эканоміцы, патрэбны дзесяткі, а для Расіі – сотні мільярдаў долараў, што не пад сілу ніякаму міжнароднаму банку. Таму надзеі на дапамогу Захаду не мелі пад сабой ніякай асновы. Гэтых абставін не ўлічвалі прыхільнікі “шокавай тэрапіі”.

Правядзенне рэформ у 1992–1994 гг. дазволіла стварыць у Беларусі неабходны мінімум асноўных рыначных інстытутаў, нарматыўна-прававых дакументаў, пераўтварыць сістэму дзяржаўнага кіраўніцтва эканомікай у новую сістэму, якая ў пэўнай ступені абапіраецца на рыначныя рэгулятары. Разам з тым беларускі рынак цярпеў значна большыя страты, чым меў здабыткаў: разбурэнне раней існаваўшых вытворча-эканамічных сувязей і “абвальны” спад вытворчасці на 50 % і больш у параўнанні з канцом 80-х гадоў, што пагражала дзяржаве стратай сваёй незалежнасці і пераўтварэннем у калонію; раскручванне інфляцыйнай спіралі і катастрафічнае падзенне курсу беларускіх грошай, крытычнае становішча з забеспячэннем гаспадаркі энергарэсурсамі; галапіруючы рост цэн (іх лібералізацыя не прывяла да ўстанаўлення раўнавагавых цэн, што з’яўляецца асаблівасцю рынку, заснаванага на механізме свабоднай канкурэнцыі); рэзкае падзенне жыццёвага ўзроўню большасці насельніцтва, рост беспрацоўя, нарастанне іншых сацыяльных праблем.

Мадэль рыначных рэформ метадам “шокавай тэрапіі”, пабудаваная па рэкамендацыях Міжнароднага валютнага фонду, пацярпела правал летам 1994 г. у час выбараў першага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Айчынным разбуральнікам, “шокатэрапеўтам” С. Шушкевічу і В. Кебічу выбаршчыкі рэспублікі выдалі “атэстат” палітычных банкрутаў. Мандат на правядзенне новага варыянта рэформ атрымаў першы прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнка.

Для пераадолення крызісных з’яў і недахопаў, а таксама для вызначэння перспектыўных задач у правядзенні рыначных рэформ былі распрацаваны “Асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 1996–2000 гады”. 20 кастрычніка 1996 г. удзельнікі Усебеларускага народнага схода адобрылі гэты дакумент.

Якія асаблівасці правядзення рыначных рэформ у Беларусі ў 1994–2002 гг.?

Па-першае, нровае кіраўніцтва дзяржавы ўзяло на ўзбраенне сацыяльна арыентаваную мадэль рыначнай эканомікі. Для яе характэрны плюралізм форм уласнасці, больш шырокі ўдзел дзяржавы ў забеспячэнні эфектыўнасці эканомікі, рэгуляванне прыбыткаў насельніцтва і яго занятасці, задавальненне сацыяльных запатрабаванняў у галіне адукацыі, аховы здароўя, культуры.

Информация о работе Старажытнае грамадства на тэрыторыі беларусі. Фарміраванне этнічных супольнасцей