Автор: Пользователь скрыл имя, 13 Марта 2012 в 18:32, курс лекций
Гісторыя Беларусі – невычарпальная крыніца гістарычнага вопыту і духоўнасці. Грамадска-палітычнае становішча і перспектывы развіцця Рэспублікі Беларусь. Чаму вучыць гісторыя Беларусі? Аб чым сведчыць гістарычны вопыт?
Па-другое, улічваючы вопыт краін з развітай рыначнай інфраструктурай, Рэспубліка Беларусь стала на шлях дзяржаўнага рэгулявання эканомікі. Яно можа ажыццяўляцца як прамое і ўскоснае (адміністрацыйнае і эканамічнае кіраванне); заканадаўчае, выканаўчае і судовае. Сцвярджэнне аб тым, быццам рыначная эканоміка самаарганізуецца і самарэгулюецца, – ні што іншае, як міф.
Па-трэцяе, прыпынена дзікая “прыхватызацыя”, раскраданне кучкай дзялкоў агульнанароднага багацця і стварэнне буйных прыватных капіталаў, большасць з якіх маюць крымінальную прыроду. Цяпер прыватызацыя праводзіцца пры ўдзеле і пад кантролем дзяржавы, у інтарэсах умацавання яе магутнасці і павышэння дабрабыту народа.
Па-чацвёртае, народ і дзяржава адмовіліся ад куплі-продажу зямель сельскагаспадарчага прызначэння, ад дэмантажу буйной калгасна-саўгаснай вытворчасці і замены яе сялянскай (фермерскай) гаспадаркай. Цяпер калгас, саўгас, сялянская (фермерская) гаспадарка маюць роўныя правы і магчымасці існавання, калі яны эфектыўна гаспадараць на зямлі.
Па-пятае, рэспубліка Беларусь адкрыта для эканамічнага супрацоўніцтва з усімі краінамі свету. Яна прыцягвае ў народную гаспадарку капіталы айчынных і замежных інвестараў. Але трэба памятаць, што ў эканоміцы дарэвалюцыйнай Расіі, у тым ліку і Беларусі, уладарыў замежны капітал. Буйнейшыя прадпрыемствы знаходзіліся ў прыватнай уласнасці ці ў арэндзе ў замежных капіталістаў. А між тым краіна і яе народ былі надзвычай беднымі. Пагэтаму сёння, маючы велізарны вытворча-эканамічны, навукова-тэхнічны і інтэлектуальны патэнцыял, стаўка робіцца на ўласныя сілы і сродкі, прыцягваюцца іншаземныя інвестыцыі ў тым выпадку, калі яны даюць нам эканамічную выгаду і адпавядаюць нацыянальным інтарэсам.
Дзяржаўнае рэгуляванне эканомікі. Сцвярджэнне некаторых вучоных аб тым, быццам рыначнай эканомікай з’яўляецца такая эканоміка, якая самаарганізуецца і самарэгулюецца, – ні што іншае, як міф. Стварэнне і функцыяніраванне рыначнай эканомікі магчыма толькі пры ўдзеле дзяржавы. Толькі дзяржава можа выканаць ролю магутнага каардынатара і кіраўніка працэсаў пад’ёму і рэфарміравання эканомікі, дапамагчы ў вырашэнні канфліктаў паміж гаспадарчымі суб’ектамі, не дапусціць парушэння эканамічнага заканадаўства і дзейнасці нелігітымных (латэнтных) структур, якія наносяць шкоду не толькі гаспадарчым адносінам, але і інтарэсам дзяржавы, садзейнічаюць карумпіраванню грамадства.
Дзяржаўнае рэгуляванне можа быць прамым і ўскосным (адміністрацыйным і эканамічным), заканадаўчым, выканаўчым і судовым. Сусветны вопыт сведчыць аб тым, што ў залежнасці ад рэальнай эканамічнай сітуацыі меры дзяржаўнага ўмяшання могуць быць рознымі. Напрыклад, у перыяды крызісаў, пры росце інфляцыі і беспрацоўя мяркуецца актыўнае, прамое, жорсткае ўмяшанне дзяржавы ў эканоміку. Але і пры стабільным развіцці сацыяльна арыентаванай рыначнай гаспадаркі таксама магчыма прамое ўмяшанне дзяржавы ў сферы, якія закранаюць забеспячэнне насельніцтва жыццёва важнымі паслугамі (жыллё, транспарт, энергетыка, крэдытная і страхавая справа, аптовы і рознічны гандаль і г.д.).
Галоўнымі напрамкамі дзяржаўнага рэгулявання эканомікі з’яўляюцца: забеспячэнне прапорцый паміж дзяржаўным і недзяржаўным сектарамі; праблемы нацыяналізацыі і дэнацыяналізацыі; узаемаадносіны паміж рознымі эканамічнымі ўкладамі; падтрымка структурных прапорцый, якія забяспечваюць эканамічную стабільнасць і пад’ём; дзяржаўная палітыка ў галіне працоўных рэсурсаў і рабочай сілы; кантроль за стратэгічнымі відамі рэсурсаў; сацыяльна-эканамічная палітыка ў галіне аплаты працы і даходаў насельніцтва; фінансава-эканамічная і падатковая палітыка; абарона ўнутранага рынку (пратэкцыянізм, мытная палітыка); глабальныя праблемы рэканструкцыі і развіцця, інавацыйная і інвестыцыйная палітыка; цэнаўтварэнне, кантроль за працэсамі, якія адбываюцца ў манаполіях; міжнародны падзел працы.
Стварэнне рыначнай эканомікі звязана з прыватызацыяй дзяржаўнай маёмасці і ўсталяваннем розных форм уласнасці.
Па пытанні месца і суадносін розных форм уласнасці існуюць дзве крайнасці: 1) прызнанне неэфектыўнасці дзяржаўнай уласнасці ва ўсіх выпадках і супрацьпастаўленне ёй прыватнай уласнасці, якая быццам бы заўсёды з’яўляецца эфектыўнай; 2) абсалютная перавага дзяржаўнай і агульнанароднай уласнасці. Гэтыя пункты погляду не ўлічваюць сусветны вопыт, ім уласцівы апрыёрнасць, радыкалізм.
У гады перабудовы “барацьбіты за рыначную эканоміку” без навуковых доказаў, абгрунтавання эканоміка-матэматычнымі разлікамі, прагназіравання сацыяльных і эканамічных вынікаў сцвярджалі, што прадпрымальніцтва і самастойнае гаспадарчае дзеянне ёсць функцыя выключна прыватнага ўласніка, што прыватная ўласнасць – важнейшы і адзіны суб’ект рынку, што толькі прыватныя прадпрыемствы садзейнічаюць выхаду краіны з крызісу. А паколькі прыватная ўласнасць мае магічную сілу, то прыватызацыя дзяржаўнай маёмасці не мае альтэрнатывы, яна з’яўляецца сінонімам пераходу ад бязрыначнай сацыялістычнай эканомікі да капіталістычнай эканомікі рыначнага тыпу. Гэта “рыначная рыторыка” галаслоўна дэкларавалася і насаджалася праз сродкі масавай інфармацыі ў грамадскую свядомасць.
Між тым гістарычны вопыт сведчыць, што зусім самастойнымі, канкурыруючымі паміж сабой могуць быць таваравытворцы (прадпрымальнікі), звязаныя з рознымі формамі ўласнасці, у тым ліку грамадскай і прыватнай. Рашаючым фактарам эканамічнага поспеху з’яўляецца не форма ўласнасці, а тое, што зроблены вытворцамі прадукт патрэбны, карыстаецца попытам на рынку, што вытворчы персанал валодае дастатковай кваліфікацыяй і матывацыяй да працы, а кіраўнікі прадпрыемства маюць службовыя арганізатарскія здольнасці, накіраваныя на дасягненне мэты. Без гэтага ні планавая сацыялістычная гаспадарка, ні рыначная капіталістычная гаспадарка не могуць вывесці эканоміку на сапраўды эфектыўны шлях. Патрэбен сінтэз усяго лепшага, што ёсць у розных формах уласнасці (дзяржаўнай, кааператыўнай, акцыянернай, дзяржаўна-капіталістычнай, прыватнай, змешанай і г.д.).
Гістарычны вопыт сведчыць і пра тое, што агульнай рысай усіх капіталістычных краін з развітай рыначнай сістэмай з’яўляецца актыўны ўдзел шырокіх колаў насельніцтва ў кіраўніцтве прадпрыемствамі і фірмамі. У ЗША, напрыклад, уладальнікамі акцый буйных карпарацый з’яўляюцца дзесяткі мільёнаў прадстаўнікоў сярэдняга класа разам са шматлікімі буйнымі ўласнікамі. У Германіі ў кіраўніцтве буйных кампаній амаль палова месц замацавана за прадстаўнікамі працоўных калектываў. У Японіі практыкуюцца цесныя сувязі работнікаў з фірмамі на ўсё жыццё, а ў цэлым Японію называюць адзіным акцыянерным таварыствам на чале з урадам. Фінляндыю можна назваць краінай кааператыўнага капіталу. Аснову эканомікі там складаюць акцыянерныя таварыствы, кантрольныя пакеты якіх належаць буйным кааператывам, а пайшчыкам з’яўляецца практычна ўсё насельніцтва. У Італіі і Аўстрыі, а да нядаўняга часу ў Англіі і Францыі прыватнакапіталістычны сектар суіснуе з моцным дзяржаўным сектарам.
Пры правядзенні прыватызацыі ні адна капіталістычная краіна не раздае задарма сваіх прадпрыемстваў, бо гэта толькі фармальна мяняе ўласніка і не прыбаўляе новага капіталу, не садзейнічае ўкараненню сучасных тэхналогій і прыцягненню лепшых кіраўніцкіх кадраў. А без гэтага не можа быць мадэрнізацыі вытворчасці, павышэння яе эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі: прадпрыемствы ўпадаюць у блізкі да банкруцтва постпрыватызацыйны стан, а дзяржава губляе вялікія сродкі. Калі дзяржава рашаецца на прыватызацыю, яна прадае прадпрыемствы па рыначнай цане, прычым па той, якая акупіць будучую страту дывідэндаў ці чыстага прыбытку ад прададзенай маёмасці. Калі рыначная цана ніжэй за гэты мінімум, тады прыватызаваць немэтазгодна.
Прыватызацыя па рэцэптах Міжнароднага валютнага фонду ў краінах СНД, былых сацыялістычных краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы не стала працэсам перадачы заводаў і фабрык іх грамадзянам. Дзякуючы празаходняй пазіцыі многіх кіраўнікоў гэтых краін, прадпрыемствы часта прадаюцца за вельмі нізкі кошт (некалькі працэнтаў ад сапраўднага кошту) замежным фірмам з-за быццам бы іх нерэнтабельнасці, запазычанасці, бяздзейнасці, што штучна ствараецца самімі ўладамі пры дапамозе механізма цэн на энергарэсурсы, працэнтаў на крэдыты, завозу вызваленых ад пошлін імпартных тавараў. Многія нацыянальныя прадпрыемствы закрываюцца і тым самым знішчаецца мясцовая канкурэнтаздольная прадукцыя, захопліваюцца новыя рынкі для імпартных тавараў. Частка заходняй вытворчасці пераводзіцца ў краіны, дзе ёсць танная рабочая сіла і дзе замежныя фірмы вызваляюцца ад падаткаў на працягу 3–5 гадоў. Ідзе “ціхі захоп” прамысловасці і рынкаў, “чорны перадзел” уласнасці на карысць айчынных і замежных прадпрыемцаў. Нацыянальнай бяспецы і суверэнітэту гэтых краін наносяцца вялікія страты.
У 1993 г. Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь былі прыняты прававыя акты, якія складалі аснову прыватызацыі. Сярод іх – законы “Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь”, “Аб імянных прыватызацыйных чэках”. У чэрвені 1993 г. была зацверджана Дзяржаўная праграма прыватызацыі, якой прадугледжана прыватызацыя 2/3 кошту дзяржаўных асноўных фондаў прадпрыемстваў і арганізацый.
Вярхоўны Савет і ўрад Рэспублікі Беларусь вырашылі правесці прыватызацыю дзяржаўнай маёмасці праз імянныя прыватызацыйныя чэкі “Маёмасць”. Пры распрацоўцы ў 1992–1993 гг. дзяржаўнымі структурамі пытанняў рэфарміравання адносін уласнасці ніхто не спытаўся ў беларускага народа, ці хоча ён гэтай “народнай”, “прымусовай”, “суцэльнай” і “паскоранай” прыватызацыі, не абгрунтаваў яе эканоміка-матэматычнымі разлікамі, не растлумачыў, чаму іменна 2/3 дзяржаўнай маёмасці трэба раздзяржавіць, а чаму не 1/4, 1/10 і г.д.? Ніхто не азнаёміў людзей з методыкай разлікаў кошту аб’ектаў прыватызацыі (цяжка ўявіць, што гэта можна зрабіць аб’ектыўна і справядліва), долі кожнага жыхара Беларусі ў агульнанацыянальным багацці, не растлумачыў, чаму так мала матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей стварылі за ўсю гісторыю многія пакаленні жыхароў Беларусі – каля 300 тыс. р. на кожнага старэйшага працаўніка.
Аднак, нягледзячы на гэта, машына прыватызацыі пачала працаваць. Большасць жыхароў Беларусі, пераадолеўшы бюракратычныя перашкоды, атрымалі імянныя прыватызацыйныя чэкі. Акцыяніраванне прымяняецца выключна як метад прыцягнення капіталаў на прадпрыемствы для іх развіцця. У нашай краіне грошы за акцыі ідуць у бюджэт, а дывідэнды акцыянерам прыходзіцца плаціць прадпрыемствам, якія часта не маюць грошай на набыццё энерганосьбітаў, сыравіны, камплектуючых дэталяў, выплату заработнай платы. Больш таго, жыхары забіраюць “сваю долю” ў дзяржавы, становяцца ўласнікамі маёмасці, на акцыі атрымліваюць дывідэнды. У гэтым выпадку дзяржава можа адмовіцца ад выплаты пенсій, бясплатнай адукацыі, аховы здароўя і г.д. Многія людзі, заражаныя вірусам прыватнай уласнасці, наіўна думаюць, што дзякуючы прыватызацыі яны разбагацеюць і будуць адначасова атрымліваць бясплатныя паслугі ад дзяржавы і, як нахлебнікі-акцыянеры, – дывідэнды ад прадпрыемстваў. Тут патрэбна зрабіць выбар.
Новае кіраўніцтва Беларусі не адмовілася ад рэфарміравання адносін уласнасці і прыватызацыі, але праводзіць гэта без спешкі, без ператварэння прыватызацыі ў “суцэльную” і “паскораную”, бо дэнацыяналізацыя і раздзяржаўленне больш складаныя працэсы, чым нацыяналізацыя і адзяржаўленне. На розных узроўнях дзяржаўнага кіраўніцтва распрацоўваецца больш эфектыўны механізм правядзення прыватызацыі, устанаўліваецца належны кантроль за яе ажыццяўленнем. Найбольш актыўна прыватызацыя праходзіць у сферы абслугоўвання і гандлю.
У 2002 г. пачалася прыватызацыя прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу Рэспублікі Беларусь. Кіраўніцтва дзяржавы сфарміравала наступныя прынцыпы прыватызацыі, акцыяніравання гэтых прадпрыемстваў: бяспека краіны, абарона яе інтарэсаў; прыток інвестыцый у мэтах мадэрнізацыі абсталявання, стварэння новых тэхналогій і павышэння прадукцыйнасці працы; захаванне сацыяльнай сферы прадпрыемстваў, поўная занятасць працаўнікоў і стварэнне новых рабочых месц; павелічэнне экспарту прадукцыі за мяжу і забеспячэнне мясцовага рынку таварамі і паслугамі; рост паступленняў у дзяржаўны бюджэт.
Станаўленне рыначных адносін у аграрным сектары эканомікі вызначылі “Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі”, закон “Аб праве ўласнасці на зямлю” і інш. У сярэдзіне 1993 г. у аграрным сектары Беларусі налічвалася 2700 калгасаў і саўгасаў, 2658 фермерскіх гаспадарак і 1 926 400 сельскіх падвор’яў. Плошча выдзеленых зямель для фермерскіх гаспадарак складала 51 956 га, ці 0,5 % усіх сельгас-угоддзяў рэспублікі (у Расіі на долю фермераў прыпадала больш за 3 %, на Украіне – 0,8 % сельгасугоддзяў). Сярэдняя плошча калгасаў і саўгасаў складала 1994 га, фермераў – 19,9, падвор’я – 0,42 га. У ЗША сярэдні памер фермерскай гаспадаркі павялічыўся за апошнія гады са 149 да 190 га. Самыя буйныя фермы ЗША складаюць 4,1 % ад агульнай іх колькасці і даюць 48,8 % валавога прыбытку.
У 1993 г. на кожную фермерскую гаспадарку Беларусі прыпадала па 3,5 чалавекі, у тым ліку 2 працаздольныя работнікі. Амаль 35 % фермерскай зямлі выкарыстоўвалася неэфектыўна. У шэрагу месц ствараліся гаспадаркі практычна натуральнага тыпу.Удзельная вага прадукцыі фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме прадукцыі аграпрамысловага комплексу Беларусі пакуль што нізкая – менш за 1 %, а таварнай прадукцыі – толькі 0,3 %.
У сувязі з недахопам сродкаў і па іншых прычынах фермеры мала будавалі жывёлагадоўчых памяшканняў, сховішч, перапрацоўчых аб’ектаў. Кожны фермер трымаў у сярэднім 3–4 галавы буйной рагатай жывёлы і свіней, 5–6 авечак і коз, што адпавядала звычайнай прысядзібнай гаспадарцы калгасніка. Ураджайнасць збожжавых і бульбы ў фермераў была ніжэйшая, чым у калгасах і саўгасах.
Некаторыя фермерскія гаспадаркі Беларусі перасталі існаваць. Прычынамі таму былі адсутнасць вопыту і дастатковых сельскагаспадарчых ведаў, цяжкасці атрымання крэдыту, неэфектыўнае выкарыстанне зямлі, маральная і фізічная непадрыхтаванасць да цяжкай сельскагаспадарчай працы без водпускаў і выхадных (12–18 гадзін у суткі), сямейныя непаладкі і г.д. Таму курс на хуткі дэмантаж буйной калгасна-саўгаснай вытворчасці і замену яе сялянскай (фермерскай) – палітычная авантура, вельмі небяспечны эксперымент, які можа прывесці да сур’ёзных негатыўных вынікаў.
Информация о работе Старажытнае грамадства на тэрыторыі беларусі. Фарміраванне этнічных супольнасцей