Старажытнае грамадства на тэрыторыі беларусі. Фарміраванне этнічных супольнасцей

Автор: Пользователь скрыл имя, 13 Марта 2012 в 18:32, курс лекций

Описание работы

Гісторыя Беларусі – невычарпальная крыніца гістарычнага вопыту і духоўнасці. Грамадска-палітычнае становішча і перспектывы развіцця Рэспублікі Беларусь. Чаму вучыць гісторыя Беларусі? Аб чым сведчыць гістарычны вопыт?

Работа содержит 1 файл

гист.doc

— 1.90 Мб (Скачать)

Яшчэ больш увагі навучанню дарослых сталі ўдзяляць пасля апублікавання 27 лютага 1936 г. пастановы СНК СССР і ЦК ВКП(б) “Аб рабоце па навучанні непісьменных і малапісьменных”. Толькі за гады другой пяцігодкі ў Беларусі амаль 249 тыс. чалавек ліквідавалі непісьменнасць і больш за 1 млн – малапісьменнасць. Паводле звестак Усесаюзнага перапісу 1939 г. пісьменнасць насельніцтва БССР ва ўзросце 9 гадоў і старэй (без заходніх абласцей) павялічылася з 53,1 % у 1926 г. да 78,9 % у 1939 г. Масавая непісьменнасць у БССР была ліквідавана. Гэта вялікае дасягненне беларускага народа. Яно і сёння не згубіла сваёй значнасці, калі мець на ўвазе, што сёння амаль кожны пяты жыхар планеты не ўмее чытаць і пісаць.

Але ў канцы 30-х гадоў частка дарослага насельніцтва рэспублікі, асабліва на вёсцы і сярод жанчын, яшчэ заставалася неахопленай навучаннем.

У красавіку 1939 г. Саўнарком БССР прыняў пастанову “Аб ходзе ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці ў БССР”. Ставілася задача канчатковай ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці ў рэспубліцы. Гэта работа працягвалася да самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Разам з ліквідацыяй непісьменнасці і малапісьменнасці дарослага насельніцтва праводзілася вялікая работа па стварэнні сістэмы народнай адукацыі, якая забяспечыла б кожнаму рэальную магчымасць закончыць агульнаадукацыйную школу і атрымаць патрэбную прафесію.

Да сярэдзіны 20-х гадоў такая сістэма адукацыі была створана і складалася з наступных частак: 1) дашкольных устаноў; 2) масавых чатырохгадовых працоўных школ; 3) сямігадовых працоўных політэхнічных школ у складзе двух канцэнтраў (першы ўключаў у сябе І–ІV групы (вучэбныя класы), другі – V–VІІ групы; 4) школ сялянскай моладзі (ШСМ), школ фабрычна-заводскага навучання (ФЗН), прафшкол, прафесійных і агульнаадукацыйных курсаў; 5) рабфакаў; 6) тэхнікумаў; 7) вышэйшых навучальных устаноў.

Пастановай СНК СССР і ЦК ВКП(б) ад 15 мая 1934 г. “Аб структуры пачатковай і сярэдняй школы ў СССР” былі ўстаноўлены адзіныя для ўсёй краіны тыпы агульнаадукацыйнай школы – пачатковая, няпоўная сярэдняя і сярэдняя. Вучэбныя групы сталі называцца класамі.

Асаблівая ўвага надавалася ўвядзенню ўсеагульнага абавязковага навучання дзяцей. З гэтай мэтай будаваліся школы, ажыццяўляўся паўсюдны перапіс дзяцей школьнага ўзросту, ім аказвалася дапамога ў забеспячэнні адзеннем, абуткам, школьна-пісьмовымі прыладамі, падвозілі ў школы і г.д. Ужо ў 1929/30 навучальным годзе са 129 тыс. 8-гадовых дзяцей у школах БССР навучалася 117 758 чалавек, ці 91 % іх агульнай колькасці. БССР першай з саюзных рэспублік ажыццявіла ў асноўным усеагульнае абавязковае навучанне дзяцей 8-гадовага ўзросту.

У 1930/31 навучальным годзе было ў асноўным уведзена ўсеагульнае абавязковае навучанне дзяцей 8–10-гадовага ўзросту, а таксама пераростка ў 11–15 гадоў і пачалася работа па ажыццяўленні ўсенавуча ў аб’ёме сямігадовай школы. У 1931/32 навучальным годзе ў БССР было завершана ажыццяўленне ўсеагульнага абавязковага пачатковага навучання і працягвалася паступовае ўвядзенне ўсенавуча на базе сямігадовай школы. У другой пяцігодцы значна вырас кантынгент вучняў у старэйшых класах няпоўнай сярэдняй і сярэдняй школы і скарацілася колькасць сямігадовых школ у сувязі з пераўтварэннем часткі іх у сярэднія. Быў зроблены буйны крок у ажыццяўленні ўсеагульнага сямігадовага навучання і ў развіцці сярэдняй адукацыі.

У 20–30-я гады была створана вышэйшая школа Беларусі, дзверы якой расчыніліся для дзяцей з працоўнага асяроддзя. У 1918 г. у вышэйшыя навучальныя ўстановы – педагагічныя інстытуты былі пераўтвораны Віцебскі і Магілёўскі настаўніцкія інстытуты, а ў пачатку 1919 г. – Мінскі. У 1919 г. пачалася новая рэарганізацыя: педагагічныя інстытуты пераўтвараліся ў інстытуты народнай адукацыі з чатырохгадовым тэрмінам навучання. Яны рыхтавалі работнікаў для школьных, дашкольных і пазашкольных устаноў. У 1920 г. быў створаны Беларускі політэхнічны інстытут, 1921 г. Беларускі дзяржаўны універсітэт, 1924 г. Віцебскі ветэрынарны інстытут і інш.

У 1930–1931 гг. у рэспубліцы была створана новая сістэма і сетка навучальных устаноў па падрыхтоўцы інжынерна-тэхнічных, сельскагаспадарчых кадраў і эканамістаў. У мэтах стварэння новых вышэйшых навучальных устаноў адбылася рэарганізацыя Беларускага дзяржаўнага універсітэта, Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Аднак стварэнне “карлікавых” ВНУ прывяло да нерацыянальнага выкарыстання сродкаў, пагаршэння якаснага ўзроўню прафесарска-выкладчыцкага саставу, змены вучэбных планаў і інш. Трэба было тэрмінова выпраўляць памылкі, рабіць новую рэарганізацыю навучальных устаноў, іх узбуйненне. У выніку рэарганізацыі ў Беларусі склалася новая сістэма вышэйшай адукацыі. Калі ў 1925 г. працавала 4 ВНУ з 4342 студэнтамі, дык у 1932 г. – 31 ВНУ з 10574 студэнтамі. Гэта станоўча ўплывала на фарміраванне кадраў нацыянальнай інтэлігенцыі рэспублікі.

У сувязі з ажыццяўленнем усенавуча на базе сямігадовай школы і недахопам настаўнікаў для 5–7 класаў сямігадовых і сярэдніх школ рашэннем СНК БССР у 1935–1937 гг. былі створаны двухгадовыя настаўніцкія інстытуты ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Оршы і Рагачове. У 1937 г. у Мінску пачаў працаваць Інстытут фізічнай культуры.

Цяпер колькасць ВНУ ў Беларусі амаль такая ж, як у 30-я гады, і дзейнічаюць большасць створаных тады навучальных устаноў.

Значнае развіццё атрымала сярэдняя спецыяльная адукацыя. Былі адкрыты новыя сельскагаспадарчыя, індустрыяльныя, педагагічныя і іншыя навучальныя ўстановы, павялічыўся кантынгент навучэнцаў. Толькі ў другой пяцігодцы ў БССР тэхнікумы выпусцілі 19678 спецыялістаў, а ў 1938–39 гг. – 17488.

Кадры кваліфікаваных рабочых рыхтаваліся ў прафесійных школах. У 1930 г. яны былі ліквідаваны і на іх базе створаны школы фабрычна-заводскага навучання (ФЗН). У другой пяцігодцы вытворча-тэхнічнае навучанне моладзі ажыццяўлялася таксама на фабрыках і заводах без адрыву ад вытворчасці. Кадры масавых прафесій для сельскай гаспадаркі рыхтавалі сельскагаспадарчыя школы і вучэбна-практычныя майстэрні. З 1924 г. пачалося стварэнне школ сельскагаспадарчага навучання, якія давалі спецыяльныя веды па паляводству, жывёлагадоўлі і садаводству. У перадваенныя гады ствараліся школы механізацыі сельскай гаспадаркі. Так у 20–30-я гады была створага адна з самых лепшых у свеце сістэма народнай адукацыі з яе прынцыпамі гуманнасці, пераемнасці, агульнадаступнасці, бясплатнасці.

20-я гады сталі часам нараджэння беларускай савецкай навукі. У студзені 1922 г. заснаваны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). Яго задачай з’яўлялася вывучэнне мовы, літаратуры, гісторыі, этнаграфіі, эканомікі, прыродных багаццяў Беларусі. 1 студзеня 1929 г. Інстытут беларускай культуры быў рэарганізаваны ў Беларускую акадэмію навук (з 1936 г. – АН БССР). У 1932 г. у яе складзе налічвалася 14 навукова-даследчых інстытутаў. Усяго ў рэспубліцы было 40 навукова-даследчых устаноў, у якіх налічвалася каля 1,5 тыс. навуковых супрацоўнікаў, у аспірантуры навучалася 432 чалавекі.

Вучоныя займаліся даследаваннем рэсурсаў, праблемы прыкладнога характару. Былі адкрыты новыя паклады карысных выкапняў для прамысловасці будаўнічых матэрыялаў. Плённа працавалі вучоныя Інстытута хіміі АН БССР. Навуковыя даследаванні акадэміка АН БССР У.В. Шкатэлава (заснавальніка лесахіміі) знайшлі практычнае прымяненне: ў 1929–1930 гг. былі пабудаваны першыя айчынныя каніфольна-шкіпідарныя заводы ў Барысаве і Бабруйску. Значныя поспехі мелі беларускія вучоныя ў галіне даследавання праблем сельскай гаспадаркі, лесаводства, флоры і фаўны. Пад кіраўніцтвам акадэміка АН БССР Я.М. Афанасьева была складзена першая глебавая карта рэспублікі, атрымаўшая высокую ацэнку беларускіх земляробаў.

Праводзіліся даследаванні і ў галіне гуманітарных навук. Поспехі беларускай навукі, яе матэрыяльная база і кадры супрацоўнікаў закладвалі асновы для далейшага развіцця навуковых даследаванняў у рэспубліцы.

 

§ 2. Беларуская літаратура, тэатральнае і музычнае мастацтва: асноўныя напрамкі развіцця

Развіццё літаратуры і мастацтва адбывалася ў складаных умовах, час узнікнення і ідэйнай барацьбы розных плыняў і груповак, абумоўленай сацыяльнай неаднароднасцю грамадства і абвастрэннем супярэчнасцей паміж сіламі новага і старога свету.

Асаблівасцю з’яўлялася тое, што ў асяроддзе пісьменнікаў улілася вялікая група маладых талентаў з вёскі, прыхільнікаў сацыялістычнай рэвалюцыі.

У 20-я гады дзейнічалі некалькі літаратурных аб’яднанняў, сярод іх “Маладняк”, “Узвышша”, “Полымя” і інш. У 1921–1925 гг. на ўсю моц загучалі галасы пісьменнікаў старэйшага пакалення – Я. Купалы, Я. Коласа, Ц. Гартнага, З. Бядулі і інш. Чалавек працы, змагар, будаўнік заставаўся галоўным героем літаратурна-мастацкіх твораў. У 1922 г. выйшаў зборнік вершаў Я. Купалы “Спадчына”, а ў 1925 г. – паэма “Безназоўнае”. У 1923–1925 гг. Я. Колас апублікаваў паэмы “Новая зямля” і “Сымон музыка”. Беларуская паэзія вітала рэвалюцыю. Для яе характэрны былі аптымізм, дух змагання за новае жыццё. Гэта быў час агульнага духоўнага ўздыму, час надзей, веры і мар.

У другой палове 20-х гадоў развіццё беларускай савецкай літаратуры адбывалася ў вострай барацьбе ідэйна-эстэтычных тэндэнцый, розных літаратурных груповак.

У канцы 1927 г. аформілася літаратурнае аб’яднанне “Полымя”. У ім працавалі Я. Купала, Я. Колас, Ц. Гартны і інш. У лістападзе 1928 г. Усебеларускі з’езд “Маладняку” вырашыў утварыць Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП). З гэтага часу “Маладняк” спыніў сваё існаванне.

20–30-я гады з’явіліся перыядам далейшага ўмацавання сувязей беларускай літаратуры з літаратурамі іншых народаў нашай краіны, усталявання больш цесных кантактаў пісьменнікаў Беларусі з пісьменнікамі братніх рэспублік. Беларускія пісьменнікі часта наведвалі культурныя цэнтры Расійскай Федэрацыі, Украіны, Грузіі. У сваю чаргу прадстаўнікі братніх народаў былі жаданымі гасцямі на беларускай зямлі. Летам 1940 г. праходзіла першая дэкада беларускай літаратуры і мастацтва ў Маскве, якая знаёміла з дасягненнямі беларускага народа ў самых разнастайных галінах творчасці.

У 30-я гады завяршыўся працэс стварэння адзінай пісьменніцкай арганізацыі Беларусі. У сувязі з ростам колькасці пісьменнікаў, а таксама для ўзмацнення партыйнага ўплыву на літаратурны працэс ЦК ВКП(б) вырашыў ліквідаваць шматлікія пісьменніцкія арганізацыі і аб’яднаць усіх пісьменнікаў, якія падтрымліваюць платформу савецкай улады, у адзіны саюз савецкіх пісьменнікаў. 23 красавіка 1932 г. была прынята пастанова ЦК ВКП(б) “Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый”. Аналагічную пастанову неўзабаве прыняў ЦК КП(б) Беларусі.

У чэрвені 1934 г. у Мінску адбыўся І з’езд пісьменнікаў Беларусі, на якім прысутнічала больш за 100 дэлегатаў. З’езд арганізацыйна аформіў стварэнне Саюза пісьменнікаў БССР.

У змрочную пару рэпрэсій 30-х гадоў, паводле няпоўных звестак, было арыштавана каля 90 пісьменнікаў. Большасць з іх загінула ў лагерах. Сярод іх М. Гарэцкі, У. Галубок, М. Чарот, М. Зарэцкі і інш.

У вострай барацьбе розных мастацкіх школ і плыняў стваралася беларускае савецкае тэатральнае, музычнае і выяўленчае мастацтва. У верасні 1920 г. быў адкрыты Першы Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-1), у 1926 г. – БДТ-2 і Беларускі вандроўны тэатр, які ў 1932 г. быў рэарганізаваны ў Трэці Беларускі дзяржаўны тэатр (з базай у Гомелі). У 30-я гады былі створаны Рускі драматычны і Тэатр юнага гледача, тэатры рабочай моладзі ў Мінску, Гомелі і Віцебску, калгасна-саўгасныя тэатры ў Мінску, Барысаве, Мазыры, Слуцку, Бабруйску, Рэчыцы і Дзяржынску. Усяго ў рэспубліцы працавала 14 тэатраў. На іх сцэнах ішлі такія п’есы, як “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”, “Сон на кургане” Я.Купалы, “На дне” М. Горкага, “Партызаны” К. Крапівы і інш. У 1923 г. Першы беларускі дзяржаўны тэатр дэманстраваў сваё майстэрства ў Маскве ў Крамлі і быў узнагароджаны ЦВК СССР Ганаровай граматай.

Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы творчых работнікаў аказваў Беларусі рускі народ. Паездкі ў Маскву, вучоба ў лепшых майстроў сцэны садзейнічалі хуткаму творчаму росту калектываў тэатраў. Беларускаму гледачу былі добра вядомы такія славутыя дзеячы сцэны, як І. Буйніцкі, Е. Міровіч, У. Галубок, Г. Глебаў, Б. Платонаў, П. Малчанаў і інш.

У сярэдзіне 20-х гадоў першыя поспехі былі дасягнуты ў развіцці беларускага музычнага мастацтва, у якім усё яшчэ пераважала самадзейная творчасць музычных, харавых і танцавальных калектываў. У пачатку 20-х гадоў у Мінску, Віцебску, Гомелі былі створаны музычныя тэхнікумы, якія сталі цэнтрамі музычнага жыцця. У 1924 г. у Гомелі, а затым у Магілёве былі арганізаваны невялікія сімфанічныя аркестры.

Значны крок наперад зрабіла музычнае мастацтва ў 30-я гады. У 1932 г. адкрылася Беларуская дзяржаўная кансерваторыя, у 1933 г. – Беларускі тэатр оперы і балета, а ў 1937 г. – Беларуская дзяржаўная філармонія. У яе склад увайшлі сімфанічны аркестр і аркестр народных інструментаў, ансамбль народнай песні і танца, харавая капэла. У гэты час сталі добра вядомы імёны такіх кампазітараў, як М. Аладава, А. Багатырова, В. Залатарова, І. Любана, А. Туранкова, М. Чуркіна і інш.

Паспяхова развівалася кінамастацтва. Ствараліся дакументальныя і мастацкія фільмы, кінахроніка. Сярод іх “Залатыя агні” У. Корш-Сабліна, “Балтыйцы” А. Файнцымера. Да ліку лепшых належалі таксама фільмы І. Бахара і Л. Малчанава “Палескія рабінзоны” (1935) і “Канцэрт Бетховена” (1937).

Дасягненні ў сферы культурнай дзейнасці сведчаць аб сапраўдным ажыццяўленні культурнай рэвалюцыі ў рэспубліцы.

 

§ 3. Жывапіс, скульптура і архітэктура

У 20–30-я гады паспяхова развіваліся жывапіс, скульптура, архітэктура. У Мінску былі адкрыты мастацка-вытворчыя майстэрні “Выяўленчае мастацтва”. У гістарычным музеі ў Мінску існавалі аддзелы старажытнага і сучаснага мастацтва. У 1925 г. пры Інбелкульце дзейнічала мастацкая секцыя, якая мела тры падсекцыі: тэатра, выяўленчага мастацтва, музыкі. Важную ролю ў кансалідацыі мастацкіх сіл рэспублікі адыгрывалі мастацкія выстаўкі. Першая з іх адбылася пасля вайны ў Мінску ў верасні 1921 г. Асобую старонку ў гісторыю станаўлення і развіцця жывапісу Савецкай Беларусі ўнесла дзейнасць Віцебскага мастацкага тэхнікума, які з’яўляўся галоўным цэнтрам падрыхтоўкі мастацкіх кадраў і галоўным асяродкам кансалідацыі мастацкіх сіл рэспублікі. Тут працавалі такія таленавітыя мастакі, як Ю. Пэн, М. Дабужынскі, М. Шагал, К. Малевіч і інш.

Информация о работе Старажытнае грамадства на тэрыторыі беларусі. Фарміраванне этнічных супольнасцей