Старажытнае грамадства на тэрыторыі беларусі. Фарміраванне этнічных супольнасцей

Автор: Пользователь скрыл имя, 13 Марта 2012 в 18:32, курс лекций

Описание работы

Гісторыя Беларусі – невычарпальная крыніца гістарычнага вопыту і духоўнасці. Грамадска-палітычнае становішча і перспектывы развіцця Рэспублікі Беларусь. Чаму вучыць гісторыя Беларусі? Аб чым сведчыць гістарычны вопыт?

Работа содержит 1 файл

гист.doc

— 1.90 Мб (Скачать)

Да заканчэння вайны з Польшчай і грамадзянскай вайны на Беларусі ў Еўропе дзейнічалі дыпламатычныя прадстаўніцтвы, місіі і консульствы БНР, у прыватнасці ў Латвіі, Эстоніі, Літве, Фінляндыі, Турцыі, Балгарыі, Германіі і іншых месцах. У Прыбалтыцы знаходзіліся і некаторыя вайсковыя фарміраванні БНР. Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора яны апынуліся ў эміграцыі. Эмігрыравалі таксама кіраўнікі дзяржаўных устаноў БНР – члены прэзідыума Рады, урада БНР і дзеячы некаторых партыйных цэнтраў. Галоўнай палітычнай сілай эміграцыі з’яўлялася партыя беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Дзейнасць гэтай хвалі эміграцыі была найбольш актыўнай да 1923–1924 гг.

У першыя гады эміграцыі ўстановы БНР і большасць нацыянальных беларускіх партый адмоўна ставіліся да савецкай улады, што ўсталявалася на Беларусі. Не выключалі яны і падрыхтоўку ўзброенага паўстання, якое павінна было, на іх думку, адбыцца як на тэрыторыі БССР, так і ў Заходняй Беларусі з мэтай аб’яднання пад эгідай БНР абедзвюх частак Беларусі. Гэта ідэя вылілася ў палітычны лозунг: “У барацьбе за нацыянальную дзяржаўнасць і свабоду – ні з Масквою, ні з Варшаваю!”, што адлюстроўвала эсэраўскую ідэю аб “трэцім шляху” Беларусі.

З Літвы ўрадам БНР рыхтавалася спроба ўзняць паўстанне ў Заходняй Беларусі і ў БССР. Улетку 1921 г. з гэтай мэтай быў утвораны Цэнтральны беларускі паўстанцкі камітэт (ЦБПК). Аднак да паўстання справа не дайшла. ЦБПК арганізаваў партызанскі рух. Супраць яго барацьбу вялі часці асобага прызначэння (ЧАП).

У верасні 1921 г. у Празе ўрад БНР склікаў Беларускую нацыянальна-палітычную карферэнцыю. Яна прыняла заяву аб салідарнасці са Слуцкім паўстаннем, супраць падзелу Беларусі паводле Рыжскага дагавора, пацвердзіла паўнамоцтвы органаў БНР, заклікала аб’яднаць вакол іх усе цэнтры беларускай эміграцыі.

Знаходзячыся на чужбіне, беларуская эміграцыя стварала свае эмігранцкія цэнтры і культурныя арганізацыі. У Латвіі былі створаны беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Бацькаўшчына”, беларускі клуб, курсы беларусазнаўства, выдаваўся часопіс “На чужыне” і г.д. З 1934 г. амаль усе арганізацыі беларускіх эмігрантаў у Латвіі былі забаронены.

У Празе, Берліне, Рыме, Бруселі, Варшаве і іншых месцах дзейнічала аб’яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый, выдаваўся свой “Бюллетень”. У ЗША узніклі два цэнтры беларускай эміграцыі – у Нью-Йорку і Чыкага. У Нью-Йорку з 1921 г. дзейнічалі Беларускі нацыянальны камітэт і Камітэт дапамогі рабочым і сялянам Заходняй Беларусі, у Чыкага – Беларуска-амерыканскі нацыянальны саюз і Беларуска-амерыканскі клуб.

Беларускі эмігранцкі рух быў неаднародны, уплыў на яго аказвалі з’явы грамадска-палітычнага жыцця, якія адбываліся ў БССР. Вядомыя грамадскія дзеячы БССР А. Чарвякоў, У. Ігнатоўскі, З. Жылуновіч і іншыя ў пачатку 20-х гадоў падтрымлівалі сувязі з левымі плынямі беларускай эміграцыі, мелі кантакты з вядучымі яе дзеячамі. Урад БССР зыходзіў з таго, што магчыма аб’яднаць усе дэмакратычныя элементы беларускай палітычнай эміграцыі на падставе адраджэння беларускай нацыі ва ўмовах савецкай улады.

Значнай з’явай у жыцці беларускага замежжа з’явілася ІІ Беларуская нацыянальная нарада, скліканая ўрадам БНР у Берліне ў кастрычніку 1925 г. Яна прыняла рашэнне спыніць барацьбу супраць савецкай улады, прызнаць, што БССР як палітычная рэчаіснасць стала цэнтрам кансалідацыі беларускага народа і адраджэння яго самабытнай культуры. Пасля нарады амаль увесь эмігранцкі ўрад БНР вярнуўся ў БССР. Многія з былых праціўнікаў савецкай улады атрымалі адпаведную іх адукацыі працу, галоўным чынам у галіне культуры, адукацыі, навукі. З іх імёнамі былі звязаны значныя поспехі палітыкі беларусіхацыі.

Пасля 1925 г. палітычная дзейнасць беларускага замежжа прыкметна згортвалася, заставалася ў асноўным культурна-асветная работа. Тлумачылася гэта шматлікімі прычынамі, у тым ліку стабілізацыяй міжнароднага становішча, цяжкім маральным і матэрыяльным становішчам эмігрантаў і інш.

Тыя, хто застаўся ў Празе, утварылі эмігранцкі цэнтр – Раду БНР, якую ўзначальваў П. Крачэўскі, пасля яго смерці, у 1928–1943 гг., – В. Захарка. Да 1970 г. Раду БНР узначальваў М. Абрамчык, да 1982 г. – В. Жук-Грышкевіч. Цяпер на чале Рады – доктар Я. Сажыч, у яе складзе каля 120 чалавек. Урад БНР пасля 1925 г. узначальвае прэзідэнт Рады.

 

§ 4. Палітычныя рэрпрэсіі: прычыны, памеры, вынікі

Пачатак палітычных рэпрэсій у Беларусі, на наш погляд, звязаны з поспехамі і дасягненнямі палітыкі беларусізацыі. Ужо ў другой палове 20-х гадоў узнікаюць спрэчкі паміж прадстаўнікамі розных падыходаў да нацыянальнай палітыкі. Найбольш актыўных прыхільнікаў палітыкі беларусізацыі сталі абвінавачваць у т.зв. нацыянал-дэмакратызме, тэндэнцыі “ставіць нацыянальныя інтарэсы вышэй за класавыя”.

З 1930 г. крытыка робіцца больш жорсткай. Нацыянал-дэмакратызм вызначаецца як варожая савецкай ўладзе ідэалогія і практыка контррэвалюцыйнай плыні, якая ставаліла сваёй мэтай “аднаўленне капіталізму на Беларусі”. Рэзалюцыя XІІІ з’езда КП(б)Б ацэньвала гэтую з’яву як галоўную небяспеку для нацыянальнай палітыкі рэспублікі. Пры гэтым рэзка змяняліся ўсе ацэнкі мінулага: увесь беларускі нацыянальна-вызваленчы рух аднолькава пачаў абвяшчацца рэакцыйным.

У маі – чэрвені 1929 г. камісія ЦК ВКП(б) абследавала практыку нацыянальнай работы ў БССР. Яна адзначыла, што “Асноўныя памылкі партыйнага кіраўніцтва КПБ маюць месца ў вобласці тактыкі і вынікаюць з няправільнай ацэнкі суадносін класавых сіл”. Менавіта на класавую барацьбу рабілі ўпор члены камісіі, яе праявы шукалі і знаходзілі ўсюды – у дзейнасці навукоўцаў, у галіне мовазнаўства, у выдавецтвах, у палітыцы Наркамасветы па беларусізацыі, Наркамзема – па хутарызацыі і г.д.

З восені 1929 г. негатыўны вобраз нацдэмаўшчыны замацоўваецца ў партыйнай палітыцы, у сродках масавай інфармацыі, грамадскай свядомасці. У 1930 г. барацьба з нацдэмамі стала практычнай дзейнасцю органаў АДПУ БССР. Імі была “выкрыта” (на самой справе сфабрыкавана) “нацдэмаўская, контррэвалюцыйная і антысавецкая арганізацыя”, якая атрымала назву “Саюз вызвалення Беларусі” (СВБ). Было арыштавана 108 чалавек. Сярод іх акадэмікі БАН В.Ластоўскі, Я.Лёсік, С. Некрашэвіч, кіраўнік наркамата земляробства Дз. Прышчэпаў, асветы А.Баліцкі і інш. У 1931 г. яны былі асуджаны на розныя тэрміны зняволення, а ў 1937–1940 гг. многія з іх расстраляны.

Актыўная кампанія выкрыцця “ворагаў народа” мела, акрамя фізічнага знішчэння, яшчэ адзін, не менш жудасны вынік. Атмасфера падазронасці, ідэалагічнага ўціску, маральнага прымусу ламала людзей як асоб, прымушала адракацца ад сваіх поглядаў і прынцыпаў, гаварыць няпраўду, хлусіць, каб захаваць жыццё сваё і сваіх родных.

“Справа СВБ” была пачаткам сістэматычных рэпрэсій у Беларусі. Адначасова з СВБ у 1930 г. былі “раскрыты” і іншыя “контррэвалюцыйныя, шкодніцкія і дыверсійна-шпіёнскія арганізацыі”, у прыватнасці беларускі філіял “Працоўнай сялянскай партыі”, па гэтай “справе” было асуджана 59 чалавек); беларускі філіял “Прампартыі” – асуджана 30 чалавек; беларускі філіял “Саюзнага бюро РСДРП (меншавікоў)” – асуджана 30 чалавек.

Гэтыя вынікі дзейнасці АДПУ адразу адчуліся – неставала работнікаў навучальных устаноў, органаў кіравання, устаноў культуры і г.д. Аднак пошук “ворагаў народа” працягваўся. У снежні 1933 г. былі арыштаваны 84 працаўнікі сістэмы Наркамзема БССР і Белтрактарацэнтра. Ім ставілася ў віну імкненне сарваць развіццё цяжкай прамысловасці, падарваць эканамічную магутнасць Савецкай дзяржавы, аслабіць яе ў барацьбе з капіталістычным асяроддзем, а потым звергнуць савецкую ўладу, захапіць кіраўніцтва ў свае рукі.

Акрамя гэтага, “контррэвалюцыйныя арганізацыі” шкоднікаў і нацдэмаў у гэты час былі “выкрыты” ў Белдзяржснабе, Дзяржплане, у Беларускім нацыянальным цэнтры і г.д. У першым квартале 1933 г. у БССР да вышэйшай меры пакарання і да 10 гадоў пазбаўлення волі было асуджана больш за 5,5 тыс. чалавек. Толькі “тройкай” НКУС БССР у 1935 г. было асуджана 8074 чалавекі, а ў 1936 – 12 371 чалавек. Агентаў “варожых разведак” знаходзілі і выкрывалі сярод самых розных сацыяльных груп насельніцтва – ад высокапастаўленых дзяржаўных, партыйных і ваенных дзеячаў да простых рабочых і сялян.

У чэрвені 1937 г. адбыўся XVI з’езд КП(б) Беларусі, якому належыць асобнае месца ў нагнятанні атмасферы страху і беззаконня. Тэма выкрыцця ворагаў народа была галоўнай у справаздачным дакладзе першага сакратара В. Шаранговіча і ў прамовах фактычна ўсіх выступаўшых.

29 ліпеня 1937 г. адбыўся ІІІ Пленум ЦК КП(б)Б, рашэнні якога адыгралі ролю своеасаблівага дэтанатара, выклікалі абвальны працэс агульнага выкрыцця, масавага псіхозу ў пошуках “ворагаў народа”. Выступаючыя на пленуме прадстаўнікі партыйных органаў прызналі наяўнасць у іх арганізацыях і раёнах “актыўна дзеючых контррэвалюцыянераў, польскіх шпіёнаў і дыверсантаў”.

Выкананне рашэнняў ІІІ Пленума ЦК КП(б)Б прывяло да таго, што з сярэдзіны 1937 г. да ліпеня 1938 г. было арыштавана 2570 удзельнікаў т. зв. “аб’яднанага антысавецкага падполля”. Месцамі іх канцэнтрацыі, як адзначаецца ў даведцы УДБ НКУС, былі ЦВК, СНК БССР, ЦК КП(б)Б, Дзяржплан, наркаматы і іншыя ўстановы. Было арыштавана: 40 наркомаў і іх намеснікаў, 179 кіруючых работнікаў савецкага і гаспадарчага апарату, 1 акадэмік, 25 навукоўцаў, 41 выкладчык ВНУ, 23 супрацоўнікі ЦК КП(б)Б, 16 супрацоўнікаў Саўнаркома.

Следчымі органамі арыштаваныя былі падзелены на наступныя групы: нацыянал-фашысцкае падполле (яго кіраўнікамі вызначаны Чарвякоў, Шаранговіч, Жылуновіч і інш.); антысавецкае эсэраўскае падполле (Чарнушэвіч, Бадунова, Панкевіч); антысавецкае бундаўска-сіянісцкае падполле (Волт, Гурэвіч); царкоўна-сектанцкае падполле (кіраўнік, “японска-польскі шпіён”, мітрапаліт Бліноў). Кіраўнікамі “трацкісцкай арганізацыі” на Беларусі былі названы М. Гікала, М. Галадзед, Д. Валковіч і іншыя кіраўнікі рэспублікі. Сярод абвінавачванняў, якія прад’яўляліся арыштаваным, былі і наступныя: “Антысавецкая арганізацыя на Беларусі па заданні цэнтра правых у Маскве сумесна з трацкістамі рыхтавала здзяйсненне тэрарыстычных актаў над тт. Сталіным, Варашылавым і Калініным. Па заданні Галадзеда Хацкевічам у Маскве была створана група, якая рыхтавала тэрарыстычны акт супраць т. Сталіна”.

Новы ўздым хвалі рэпрэсій назіраўся з восені 1939 г., пасля ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР. Былі рэпрэсіраваны (у асноўным высланы ва ўсходнія раёны СССР) цэлыя групы насельніцтва – служачыя былога дзяржапарату, судовых органаў, пракуратуры, паліцыі, арміі, гандляры, леснікі, рамеснікі з сем’ямі, усяго каля 125 тыс. чалавек.

Пытанне аб тым, колькі жыхароў Беларусі пацярпела ад палітычных рэпрэсій, не высветлена і да сённяшняга дня. Як вынікае з падлікаў, судовымі і несудовымі органамі ў рэспубліцы па палітычных матывах было прыцягнута да адказнасці больш за 250 тыс. грамадзян. Акрамя таго, у адміністрацыйным парадку (раскулачванне, высяленне, барацьба з сабатажам, выкананне закона “Аб ахове сацыялістычнай маёмасці” і г.д.) прыцягнуты да адказнасці яшчэ амаль 350 тыс. чалавек, жыццё і лёс якіх былі парушаны сталінскім рэжымам. Агульная лічба ахвяр сталінізму, на думку некаторых даследчыкаў, складае на Беларусі 600–700 тыс. чалавек. З пачатку 50-х гадоў да 1994 г. у Рэспубліцы Беларусь рэабілітавана больш за 160 тыс. грамадзян.


КУЛЬТУРНАЕ БУДАЎНІЦТВА

 § 1. Ліквідацыя непісьменнасці і малапісьменнасці дарослага насельніцтва. Развіццё асветы і навукі

 § 2. Беларуская літаратура, тэатральнае і музычнае мастацтва: асноўныя напрамкі развіцця

 § 3. Жывапіс, скульптура і архітэктура

  

§ 1. Ліквідацыя непісьменнасці і малапісьменнасці дарослага насельніцтва. Развіццё асветы і навукі

У комплексе праблем культурнага будаўніцтва важнае месца займала ліквідацыя непісьменнасці і малапісьменнасці дарослага насельніцтва. Гэта была адначасова і палітычная задача, бо непісьменны чалавек стаіць па-за палітыкай.

Пачатак паходу супраць непісьменнасці пакладзены дэкрэтам Саўнаркома РСФСР ад 26 снежня 1919 г. “Аб ліквідацыі непісьменнасці сярод насельніцтва РСФСР”, які падпісаў У. Ленін. У Беларусі гэта работа ў поўную сілу пачалася з канца 1920 г., калі тэрыторыя рэспублікі была вызвалена ад польскіх акупантаў.

У гэты час 52,6 % насельніцтва ва ўзросце ад 9 да 49 гдоў з’яўлялася непісьменным. Была створана Рэспубліканская надзвычайная камісія па ліквідацыі непісьменнасці. Да вырашэння гэтай задачы прыцягваліся грамадскія арганізацыі. У 1926 г. аформілася таварыства “Прэч непісьменнасць”, якое ўзначаліў старшыня ЦВК БССР А. Чарвякоў. Калі ў 1929 г. у рэспубліцы дзейнічала 951 ячэйка гэтага таварыства з 59 тыс. чалавек, дык у 1932 г. ужо налічвалася 10 тыс. ячэек і ў іх працавала 156 тыс. чалавек.

У ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці прымалі ўдзел калектывы фабрык і заводаў, калгасаў і саўгасаў, настаўнікі, студэнты, школьнікі, камсамольцы і інш.

Інтарэсы індустрыялізацыі краіны і калектывізацыі сельскай гаспадаркі патрабавалі значнага паляпшэння агульнаадукацыйнай і культурна-тэхнічнай падрыхтоўкі насельніцтва. Умення чытаць, пісаць, лічыць цяпер было недастаткова. У жніўні 1932 г. Саўнарком БССР прыняў пастанову “Аб увядзенні ўсеагульнага абавязковага навучання для малапісьменных”. Пастановай урада рэспублікі ад 25 ліпеня 1932 г. была зацверджана новая сістэма навучання дарослых. Яе пачатковым звяном сталі ўводныя курсы ў вытворчасць, якія знаёмілі рабочага з тэхніка-эканамічнай і грамадска-палітычнай дзейнасцю прадпрыемства. Наступная ступень – пачатковая політэхнічная вытворчая школа (тэрмін навучання – 1,5 года), якая будавалася на базе лікпункта, забяспечвала не толькі ліквідацыю малапісьменнасці, але і падрыхтоўку кадраў масавых прафесій (3–4-ы разрад) і іх перакваліфікацыю. З 1934/35 навучальнага года ўстанаўлівалася адзіная пачатковая вячэрняя школа з трохгадовым тэрмінам навучання. Яе асаблівасцю было тое, што агульнаадукацыйная падрыхтоўка навучэнцаў сумяшчалася з тэхнічнай падрыхтоўкай, або агразаалагічнай вучобай.

Информация о работе Старажытнае грамадства на тэрыторыі беларусі. Фарміраванне этнічных супольнасцей