Старажытнае грамадства на тэрыторыі беларусі. Фарміраванне этнічных супольнасцей

Автор: Пользователь скрыл имя, 13 Марта 2012 в 18:32, курс лекций

Описание работы

Гісторыя Беларусі – невычарпальная крыніца гістарычнага вопыту і духоўнасці. Грамадска-палітычнае становішча і перспектывы развіцця Рэспублікі Беларусь. Чаму вучыць гісторыя Беларусі? Аб чым сведчыць гістарычны вопыт?

Работа содержит 1 файл

гист.doc

— 1.90 Мб (Скачать)

Дасягненні ў правядзенні індустрыялізацыі краіны нараджалі ілюзію небывалых магчымасцей. З гэтым было звязана абвяшчэнне Сталіным лозунга “Пяцігодку – за чатыры гады”, спроба ажыццявіць звышіндустрыялізацыю, “вялікі скачок” у развіцці СССР. Ужо ў другой палове 1929 г. план першай пяцігодкі быў перагледжаны і навязаны новыя, павышаныя заданні. Гэта прывяло да цяжкасцей у фінансавым і матэрыяльным забеспячэнні вытворчасці, зніжэння тэмпаў росту прадукцыі. Адмоўныя вынікі выявіліся хутка. У 1931 г. планавыя паказчыкі прамысловасцю БССР не былі дасягнуты.

Фактараў, якія стрымлівалі выкананне заданняў, было шмат. Адзін з іх – зрыў паставак многіх відаў сыравіны і матэрыялаў з іншых рэспублік. Эканамічныя рэсурсы Беларусі не маглі забяспечыць па-валюнтарысцку завышаныя праграмы індустрыялізацыі.

Калі ў працэсе фарміравання плана ўпор рабіўся на эканамічныя стымулы і гаспадарчаразліковыя метады, то ў ходзе яго рэалізацыі вядучымі сталі метады каманднай эканомікі. У 1932 г. XVII партканферэнцыя ВКП(б) канчаткова адмовілася ад новай эканамічнай палітыкі, адзначыўшы яе “поўную несумяшчальнасць з палітыкай партыі і інтарэсамі рабочага класа, з буржуазна-нэпманскімі скажэннямі прынцыпу гаспадарчага разліку, якія праявіліся ў разбазарванні агульнанародных дзяржаўных рэсурсаў і, значыць, у зрыве ўстаноўленых гаспадарчых планаў”. Такім чынам, на змену гаспадарчаму разліку ў эканоміцы прыйшла камандна-адміністрацыйная сістэма.

На падставе рашэння ЦВК СССР ад 5 студзеня 1932 г. саўнаргас Беларусі быў пераўтвораны ў Наркамат лёгкай прамысловасці БССР, а прадпрыемствы цяжкай і лясной прамысловасці БССР, якія яму падпарадкоўваліся, перададзены адпаведным саюзным наркаматам. Фактычна ўсталёўвалася жорсткая цэнтралізаваная сістэма кіравання прамысловасцю часоў “ваеннага камунізму”.

Тым не менш у выніку прымянення камандна-адміністрацыйных метадаў кіравання індустрыялізацыя ішла хутка, прамысловасць рэспублікі як у першай, так у другой і трэцяй пяцігодках развівалася дастаткова высокімі тэмпамі. Да канца другой пяцігодкі рэспубліка давала ўжо 2,2 % усёй валавой прадукцыі прамысловасці СССР.

Паспяховае ажыццяўленне індустрыялізацыі, эфектыўнае функцыяніраванне прадпрыемстваў патрабавалі кваліфікаваных інжынерна-тэхнічных і рабочых кадраў, якія добра ведалі б вытворчасць, маглі кіраваць навейшай тэхнікай, рацыянальна яе выкарыстоўваць.

Падрыхтоўка кваліфікаваных рабочых кадраў ажыццяўлялася перш за ўсё праз сетку прафесійных навучальных устаноў: вучэбна-практычныя майстэрні, школы фабрычна-заводскага навучання і прафесійна-тэхнічныя. У 1930 г. у сістэме прафтэхадукацыі рэспублікі было 96 навучальных устаноў.

Рабочыя кадры для прамысловасці рыхтаваліся таксама шляхам брыгаднага і індывідуальнага вучнёўства.

Рабочы клас Беларусі разгарнуў спаборніцтва за авалоданне новай тэхнікай, уздым тэхнічнай пісьменнасці.

Нягледзячы на працоўны ўздым і высокія тэмпы індустрыялізацыі, заданні другой і першых гадоў трэцяй пяцігодак таксама не былі выкананы. Па тэмпах развіцця БССР адставала ад СССР у цэлым. Для індустрыялізацыі Беларусі, як адзначалася ў дакументах ХІІ з’езда КП(б)Б, было характэрна пашырэнне “прамысловай вытворчасці, заснаванай галоўным чынам на мясцовай сельскагаспадарчай, лясной і мінеральнай сыравіне, а таксама шляхам размяшчэня ў Беларусі прамысловых прадпрыемстваў, заснаваных на транспартабельнай прывазной сыравіне, паўфабрыкатах”. Паколькі прамысловасць Беларусі развівалася ў асноўным на базе мясцовых рэсурсаў, яна ўсё больш выходзіла за рамкі старых гарадоў, набліжалася да крыніц сыравіны. У індустрыяльную працу ўцягвалася сельскае насельніцтва. Больш рацыянальна сталі выкарыстоўвацца працоўныя рэсурсы.

Паслядоўнае ажыццяўленне лініі на развіццё вытворчасці сродкаў вытворчасці змяніла галіновую структуру прамысловасці. За гады даваенных пяцігодак у рэспубліцы створаны новыя галіны буйной прамысловасці: торфаздабыўная, машынабудаванне, станкабудаванне, вытворчасць штучнага валакна, цэментная, трыкатажная, ільноапрацоўчая, тлушчавая і інш. Была створана новая энергетычная і паліўная база.

У агульным комплексе эканамічнага развіцця Беларусі важная роля належала развіццю і рэканструкцыі транспарту. Было пракладзена 70 км чыгунак.

Важнае значэнне ў гаспадарчым жыцці набываў новы від транспарту – аўтамабільны. Аўтамабільная гаспадарка рэспублікі да канца другой пяцігодкі мела прыкладна 8 тыс. аўтамашын. Пачаў уводзіцца аўтобусны рух для перавозкі пасажыраў.

У 1935 г. адкрыта першая ў рэспубліцы авіялінія Мінск–Масква. У Мінску быў пабудаваны аэрапорт. Пачата перавозка пошты і пасажыраў у аддалёныя раёны БССР.

У рэспубліцы ўсё больш укаранялася тэлефонная і тэлеграфная сувязь.

Адным са станоўчых вынікаў індустрыялізацыі з’явілася істотнае змяненне сацыяльнай структуры грамадства. Гэта ў першую чаргу было звязана з колькасным ростам рабочага класа. Як сведчаць даныя Усесаюзнага перапісу насельніцтва 1939 г., яго доля ў складзе насельніцтва БССР дасягнула 21,9 %.

Індустрыялізацыя абумовіла развіццё адукацыі, сістэмы вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, навукі і культуры народа. Доля інтэлігенцыі, паводле вынікаў гэтага ж перапісу, узрасла да 14,5 %.

Адбыліся некаторыя станоўчыя змены і ў матэрыяльным становішчы насельніцтва. Амаль удвая павысіўся сярэдні заробак рабочых і служачых. Неаднаразова зніжаліся цэны на харчовыя і прамысловыя тавары. З 1 студзеня 1936 г. адмяняліся карткі на непрадуктовыя тавары і інш.

Узровень жыцця людзей хаця і павышаўся, але ўсё яшчэ заставаўся нізкім, як у іншых рэспубліках СССР. Нягледзячы на гэта, XVIII з’езд партыі (сакавік 1939 г.) заявіў, што “пастаўленая другім пяцігадовым планам задача павышэння ўзроўню народнага спажывання ў два разы і болей… выканана”. Скажэнне рэчаіснасці, замоўчванне цаны і сродкаў дасягненняў садзейнічалі ўмацаванню дырэктыўнага механізма кіравання і гаспадарання, развіццю культу асобы Сталіна.

 

§ 3. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі

На шляхах перабудовы: каапераванне сельскай гаспадаркі. Велізарнае значэнне ў жыцці нашага грамадства, 4/5 насельніцтва якога ў 20–30-я гады складала сялянства, мела радыкальнае пераўтварэнне сельскай гаспадаркі. Цяжкія ўмовы працы і быту сялян, раздробленасць зямельных участкаў, прымітыўныя прылады працы і, як вынік, нізкая эфектыўнасць вытворчасці харчовых прадуктаў, што стрымлівала агульнае эканамічнае развіццё краіны, – усё гэта пераканаўча сведчыла аб існаванні аб’ектыўнай неабходнасці карэннага пераўладкавання сельскай гаспадаркі, уздыму агульнай культуры вёскі.

Дадзеная гістарычная неабходнасць пачала рэалізоўвацца ў 20-я гады шляхам развіцця розных форм кааперацыі, паступовага пераходу дробных сялянскіх гаспадарак да калектыўнай апрацоўкі зямлі ва ўмовах нэпа. Асаблівасцю Беларусі было тое, што ўвядзенне нэпа супадала з перадачай зямлі сялянам. Прыняты ІІ з’ездам Саветаў Дэкрэт аб зямлі, паводле якога ўся зямля перадавалася бязвыплатна сялянам у карыстанне, тут быў здзейснены толькі ў 1921 г. У выніку сялянства ўсходніх абласцей Беларусі павялічыла аб’ём землекарыстання да 5,4 млн дзесяцін. Але забеспячэнне сялян зямлёй тут было амаль напалову (на 41 %) менш, чым у сярэднім па краіне. Патрэбна ўлічваць, што ў Беларусі пад балотамі знаходзілася 16 % усёй зямлі, пад лясамі – 25 %.

Перанаселенасць беларускай вёскі і хранічнае малазямелле сялян патрабавалі пошукаў больш інтэнсіўнага выкарыстання зямельных угоддзяў. Беларускі ўрад ставіў задачу пашырэння апрацоўваемай зямельнай плошчы шляхам ліквідацыі няўдобіц, меліярацыі, пераразмеркавання ўчасткаў. Аднак важна адзначыць, што тэмпы развіцця сельскай гаспадаркі ўсё больш замаруджваліся, а агульная таварнасць яе была нізкая. Дробная гаспадарка мела тэндэнцыю да падзення таварнасці.

У пачатку нэпа савецкая ўлада падтрымлівала гаспадарчыя памкненні сялян, заахвочвала пошук форм калектыўнага гаспадарання на зямлі, прадастаўляла права на зямлю як калектыўным, так і аднаасобным гаспадаркам. Абвешчаная ў Зямельным кодэксе БССР свабода выбару форм землекарыстання захоўвалася ў Беларусі аж да 1927 г. І трэба адзначыць, што да таго часу ў Беларусі свабодна развіваліся гаспадаркі як калектыўнага землекарыстання (у формах вытворчай кааперацыі – сельгасарцелей, камун, таварыстваў па сумеснай апрацоўцы зямлі; у разнастайных прасцейшых формах кааперацыі – крэдытных, забеспячэнскіх, збытавых; у спецыялізаваных відах кааператыўных аб’яднанняў – машынных і конна-машынных, масларобных і сыраварных, жывёлагадоўчых і насенняводчых і г.д.), так і аднаасобнага землекарыстання (двары, хутары і адрубы).

Народным камісарыятам земляробства, які ўзначальваў з 1921 г. да 1929 г. Дз. Ф. Прышчэпаў, быў складзены “Пяцігадовы перспектыўны план развіцця лясной і сельскай гаспадарак БССР на 1925–1929 гады”. План прадугледжваў стварэнне хутароў і дробных пасёлкаў тыпу адрубоў. У адпаведнасці з гэтым планам было пераселена на хутары і ў дробныя пасёлкі 130 тыс. сялянскіх гаспадарак. У выніку да канца 20-х гадоў хутарская сістэма на Беларусі складала больш за 25 % сялянскага землекарыстання.

З першых гадоў савецкай улады ствараліся і вытворчыя кааператывы, калектыўныя гаспадаркі. Да пачатку 1927 г. у Беларусі налічвалася каля 400 сельскагаспадарчых арцелей, камун і таварыстваў па сумеснай апрацоўцы зямлі, а таксама 213 саўгасаў. Аднак ва ўмовах Беларусі, пры адсутнасці вялікіх масіваў ворнай зямлі, прыдатнай да апрацоўкі складанай тэхнікай, нізкім узроўні механізацыі, недахопе агранамічных кадраў, стварэнне буйных калгасаў было нерэнтабельным і нязначным.

Калгасы разглядаліся ў асноўным як форма арганізацыі бяднейшых пластоў насельніцтва. Ствараліся яны, як правіла, на землях дзяржаўнага фонду. Да кастрычніка 1928 г. у БССР было арганізавана 994 калгасы, у тым ліку 243 нацыянальныя (227 яўрэйскіх, 12 польскіх, 2 латышскія, цыганскі і нават кітайскі – 2 апошніх у Віцебскай вобласці). На 1 калгас у сярэднім прыходзілася 40–75 дзесяцін зямлі, па 3–5 коней, 3–4 плугі, 4 бараны; на 100 га мелася па 20 галоў буйной рагатай жывёлы; сярэдняя ўраджайнасць зерневых з 1 га складала 8 ц.

Нягледзячы на актыўную падтрымку дзяржавай калгаснай формы гаспадарання (вызваленне ад арэнднай платы за зямельныя ўгоддзі, прадастаўленне розных падатковых ільгот, забеспячэнне інвентаром, рабочай і прадукцыйнай жывёлай), асноўная маса сялянства – сераднякі – аддавалі перавагу прасцейшым формам кааперацыі, а не калгасам.

Развіццё сельскагаспадарчай кааперацыі ішло галоўным чынам у дзвюх формах: крэдытнай і забеспячэнска-збытавой. Разнастайнымі формамі сельскагаспадарчай кааперацыі ў Беларусі ўжо да пачатку 1926 г. было аб’яднана 20,9 % сялянскіх гаспадарак. Дзякуючы кааперацыі валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі Беларусі да пачатку 1927 г. перавысіла даваенны ўзровень больш чым на 12 %.

У 20-я гады, як бачна, быў сапраўды значны ўздым сялянскай гаспадаркі, які сведчыць аб дабратворных выніках нэпа, эфектыўнасці развіцця розных форм кааперацыі. Менавіта кааператыўны рух дапамог пераадолець голад і разбурэнне пасля грамадзянскай вайны, садзейнічаў аздараўленню фінансавай і эканамічнай сістэмы.

Абапіраючыся на калектывісцкую традыцыю ўсходнеславянскай вёскі (сельская абшчына, талака і г.д.), зыходзячы з навуковых абгрунтаванняў небаходнасці кааперавання сельскагаспадарчай вытворчасці і практычнага вопыту першых гадоў калектыўнага гаспадарання, Камуністычная партыя і Савецкая дзяржава распрацавалі палітыку калектывізацыі сельскай гаспадаркі. XV з’езд ВКП(б) у снежні 1927 г. прыняў курс на правядзенне ў жыццё гэтай палітыкі.

Калектывізацыя сельскай гаспадаркі – палітыка Камуністычнай партыі і Савецкай дзяржавы, якая была накіравана на аб’яднанне дробных сялянскіх гаспадарак у буйныя сельскагаспадарчыя прыдпрыемствы, выкарыстанне на вёсцы дасягненняў навукі і тэхнікі, павышэнне прадукцыйнасці працы і эфектыўнасці аграрнага сектара эканомікі, забеспячэнне насельніцтва прадуктамі харчавання, а прамысловасці – сельскагаспадарчай сыравінай.

Першым пяцігадовым планам развіцця народнай гаспадаркі СССР прадугледжвалася да 1933 г. ахапіць усімі формамі кааперацыі каля 85 % сялянскіх гаспадарак, і толькі 18–20 % з іх меркавалася арганізаваць у калгасы. Гэта быў напружаны, але разам з тым рэальны, збалансаваны план.

Аднак да таго часу пачаў фарміравацца, а затым атрымаў імклівае развіццё другі варыянт стратэгіі сацыялістычнага будаўніцтва. І. Сталін і яго акружэнне ленінскі прынцып гарманічнага развіцця прамысловасці і сельскай гаспадаркі замянілі патрабаваннем хуткіх тэмпаў індустрыялізацыі на аснове перакачкі сродкаў для яе развіцця з сельскай гаспадаркі. Быў узяты курс на паскораную калектывізацыю ў яе вышэйшых формах. Гэтым імкнуліся вырашыць адразу дзве задачы: у кароткія тэрміны правесці калектывізацыю вёскі і ўзяць у яе сродкі для патрэб індустрыялізацыі і абароны краіны.

Пачатак рэалізацыі такога курсу паклаў хлебанарыхтоўчы крызіс, які ўзнік у краіне зімой 1927–1928 гг. У сувязі з недаборам збожжавых, скарачэннем дзяржаўных нарыхтовак хлеба стварылася пагроза невыканання планаў індустрыяльнага будаўніцтва, бо пастаўкі прамысловага абсталявання ў краіну залежалі ад экспарту хлеба. Акрамя таго, у гарадах пачаліся перабоі ў забеспячэнні прадуктамі, давялося ўвесці картачную сістэму. Узмацнілася сацыяльная напружанасць у грамадстве.

Закрываліся рынкі, уводзілася абкладанне сялянскіх гаспадарак дадатковымі падаткамі, скарачалася крэдытаванне і забеспячэнне заможных гаспадарак, праводзіліся арышты ў адміністрацыйным парадку і прыцягненне да суда за захаванне лішкаў збожжа. У выніку ў краіне пачалося скарачэнне пасяўных плошчаў, памяншэнне памераў гаспадарак.

Партыйна-дзяржаўнае кіраўніцтва краіны мела разыходжанні ў пытаннях выхаду з крызісу і перспектыву сацыялістычнага будаўніцтва. І. Сталін разлічваў на злом супраціўлення сялянства шляхам самага бязлітаснага знішчэння яго заможнай часткі – кулацтва. М. Бухарын, А. Рыкаў, М. Томскі бачылі выхад з крызісу ў адмове ад надзвычайных мер, павышэнні закупачных цэн на хлеб, развіцці гандлёва-крэдытных форм кааперацыі. Бухарынская альтэрнатыва была накіравана на захаванне і ўдасканаленне эканамічнага механізма, які склаўся ў гады нэпа. У лістападзе 1929 г. М. Бухарын і яго аднадумцы былі адхілены ад палітычнага кіраўніцтва, іх погляды кваліфікаваліся як праява “правага ўхілу” у партыі, як уступка кулацтву.

Информация о работе Старажытнае грамадства на тэрыторыі беларусі. Фарміраванне этнічных супольнасцей