Автор: Пользователь скрыл имя, 13 Марта 2012 в 18:32, курс лекций
Гісторыя Беларусі – невычарпальная крыніца гістарычнага вопыту і духоўнасці. Грамадска-палітычнае становішча і перспектывы развіцця Рэспублікі Беларусь. Чаму вучыць гісторыя Беларусі? Аб чым сведчыць гістарычны вопыт?
У сярэдзіне 20-х гадоў грамадска-палітычнае жыццё было зведзена да дзейнасці давольна вузкага кола арганізацый. Кампартыя (бальшавікоў) Беларусі імкнулася ўсталяваць і ўмацаваць свой поўны і бясспрэчны кантроль як над складам іх кіруючых органаў, так і над усёй практычнай дзейнасцю гэтых арганізацый. КП(б)Б стаалася ўцягнуць як мага больш насельніцтва ў дзеючыя пад яе кантролем арганізацыі. У камсамоле ў 1925 г. было ўжо 37,7 тыс. чалавек, у складзе прафсаюзаў у 1926 г. – 149 тыс., у 1928 г. – 388 тыс., на пачатку 1937 г. – больш за 510 тыс. чалавек.
З другой паловы 20-х гадоў узмацнілася дырэктыўная сістэма кіравання не толькі эканомікай, але і іншымі сферамі грамадскага жыцця, узрасла роля партыйна-дзяржаўнага апарату. Гэта адмоўна адбілася перш за ўсё на вытворчай дэмакратыі. Пытанні арганізацыі вотворчасці, якія раней ставіліся на сходах рабочых або вытворчых нарадах, цяпер станавіліся справай вузкага кола асоб.
Разам з пераходам да дырэктыўнай эканомікі, згортваннем, а затым і адмовай ад нэпа, наступам сацыялізму па ўсяму форнту разгарнуўся працэс пераўтварэння палітычнага рэжыму дэмакратычнага цэнтралізму, які пераважаў у пачатку 20-х гадоў (але, заўважым, ужо і тады з ухілам да цэнтралізму), у рэжым аўтарытарнага цэнтралізму. У пачатку 30-х гадоў у беларускім савецкім грамадстве былі ўсе рысы таталітарнага палітычнага рэжыму.
Пераход да таталітарызму праяўляўся ў далейшым паніжэнні ролі і ўдзелу ў справах грамадства дэмакратычных, прадстаўнічых органаў, поўным іх падпарадкаванні партыйнаму апарату. Дзяржава дыктатуры пралетарыяту пераўтваралася ў дзяржаву дыктатуры адной партыі, а дакладней – дыктатуры партыйнага кіраўніцтва і партапарату ВКП(б).
Усталяванне таталітарнага рэжыму, асабістай улады Сталіна праходзіла ва ўмовах жорсткай унутрыпартыйнай барацьбы у ВКП(б), праявы якой мелі месца і ў КП(б) Беларусі. У працэсе гэтай барацьбы сама КП(б)Б пацярпела ад усялякіх “чыстак”, “выкрыванняў”, страціла значную частку сумленных камуністаў, якія спрабавалі супрацьстаяць усталяванню сталінізму. У выніку “чысткі” партыі і абмену партыйных білетаў (1933–1936) колькасць членаў КП(б)Б скарацілася з 42 да 20 тыс. чалавек. У ходзе “чыстак” выключаліся перш-наперш іншадумцы і тыя, хто дапускаў ваганні.
Так у 30-я гады канчаткова сфарміраваліся палітычныя інстытуты беларускага грамадства, яго таталітарны палітычны рэжым.
Значнай з’явай у нацыянальных адносінах у 20–30-я гады была палітыка беларусізацыі. Многія здабыткі гэтай палітыкі, яе станоўчы вопыт і трагічны лёс маюць і сёння вялікае значэнне для нацыянальна-культурнага развіцця Беларусі. Патрэбна адзначыць, што амаль да сярэдзіны 80-х гадоў афіцыйная гістарычная літаратура амаль нічога не гаварыла аб гэтай з’яве ў нацыянальным развіцці беларускага народа альбо трактавала адмоўна тэндэнцыі нацыянальнага адраджэння на Беларусі ў 20-я гады.
Разглядаючы перадумовы палітыкі беларусізацыі, неабходна мець на ўвазе асаблівасці нацыянальных адносін на Беларусі на пачатку 20-х гадоў і праблемы, якія існавалі ў гэтым пытанні.
Па-першае, ішоў працэс тэрытарыяльнага самавызначэння беларускага народа, беларускай нацыі. У 1920–1923 гг. тэрыторыя БССР уключала толькі 6 паветаў былой Мінскай губерні: Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі (з 1924 г. – Чэрвеньскі), Мазырскі, Мінскі, Слуцкі (усяго 52 402 кв. км, каля 1,5 млн чалавек насельніцтва). Ужо ў верасні – лістападзе 1921 г. кіруючыя органы Беларусі ўзнімалі пытанне аб вяртанні БССР паветаў, у якіх большасць насельніцтва складалі беларусы.
3 сакавіка 1924 г. было заключана пагадненне паміж ЦВК РСФСР і ЦВК БССР аб перадачы (а лепш гаварыць – аб вяртанні) БССР 16 паветаў Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губерняў. У снежні 1926 г. Беларускай ССР былі вернуты яшчэ 2 паветы: Гомельскі і Рэчыцкі. У выніку тэрыторыя БССР склала 152 854 кв. км, а колькасць насельніцтва – 5 млн чалавек.
Па-другое, важна ўявіць асаблівасці нацыянальнага складу тагачаснага насельніцтва Беларусі. Паводле перапісу 1926 г., беларусы складалі 80,6 %, яўрэі – 8,2, рускія – 7,7, палякі – 2, украінцы – 0,7, латышы – 0,3, літоўцы, немцы і татары – па 0,1 %. Такім чынам, можна гаварыць аб нацыянальна-беларускім характары асноўнай масы насельніцтва Беларусі з улікам наяўнасці шматнацыянальнай меншасці, якая складала амаль пятую частку насельніцтва.
Трэба ўлічваць і тую акалічнасць, што беларусы ў асноўнай масе жылі ў вёсцы. Гарады былі населены значнай часткай рускіх, яўрэяў, якія складалі ў некаторых гарадах і мястэчках да 40–60 % жыхароў. Іншыя нацыянальныя меншасці жылі як у гарадах, так і ў вёсках даволі кампактнымі этнічнымі групамі. Такое рассяленне стварала пэўнае размежаванне паміж рускамоўным горадам і беларускамоўнай вёскай, што ўносіла спецыфіку ў моўную сітуацыю і патрабавала ўлічваць гэта ў нацыянальнай палітыцы.
Па-трэцяе, палітыка беларускага адраджэння ва ўмовах савецкай улады пачала ажыццяўляцца раней афіцыйна абвешчанай беларусізацыі перш за ўсё намаганнямі дзеячаў нацыянальна-дэмакратычнага руху. У снежні 1920 г. загадчык беларускага аддзела Наркамата асветы П. Ільючонак звярнуўся да кіраўніцтва Кампартыі Беларусі з запіскай, у якой абгрунтаваў неабходнасць пераводу навучання ў школах на беларускую мову, а таксама арганізацыі школ для нацыянальных меншасцей. Гэта ініцыятыва была падтрымана.
У пачатку 1921 г. у Камісарыяце земляробства, які ўзначальваў У. Ігнатоўскі, для супрацоўнікаў былі арганізаваны курсы па вывучэнні беларускай мовы і ўсё справаводства пераведзена на беларускую мову. Па ініцыятыве А. Бурбіса ажыццяўлялася беларусізацыя ў Наркамаце замежных спраў.
Такім чынам, намаганнямі вядомых дзеячаў беларускага нацыянальнага адраджэння закладваліся асновы нацыянальнай палітыкі, якая пазней была аформлена як дзяржаўная палітыка беларусізацыі.
Варта зазначыць, што на пачатку 20-х гадоў савецкія органы і Кампартыя рэспублікі як кіруючая сіла палітычнай сістэмы даволі рэалістычна вызначалі праблемы нацыянальнага адраджэння беларускай нацыі. У распрацоўцы палітычнай лініі па гэтым пытанні прыкметнае месца належыць VII з’езду КП(б) Беларусі (красавік 1923 г.), на якім з дакладам “Нацыянальныя моманты ў дзяржаўным і партыйным будаўніцтве” выступіў старшыня ЦВК і СНК БССР А. Чарвякоў. У чэрвені 1923 г. прынята пастанова Пленума ЦБ КП(б) Беларусі, у якой даволі дакладна быў намечаны комплекс практычных мерапрыемстваў па ажыццяўленні нацыянальнай палітыкі: гаспадарчае адраджэнне краю, тэрытарыяльнае самавызначэнне беларускага народа, развіццё беларускай мовы і пашырэнне сферы яе ўжывання, развіццё нацыянальнай культуры і павышэнне культурнага ўзроўню насельніцтва, вылучэнне і выхаванне кадраў партыйнага, дзяржаўнага і іншага апарату з карэннага насельніцтва, прыцягненне да актыўнага ўдзелу ў нацыянальным адраджэнні дэмакратычных элементаў.
Аб’ектыўны падыход да гісторыі патрабуе прызнаць, што КП(б) Беларусі на працягу 1923–1925 гг. надавала значную ўвагу нацыянальнай палітыцы. На Пленуме ЦБ КП(б)Б у чэрвені 1924 г. разглядалася пытанне аб праграме правядзення нацыянальнай палітыкі ў Беларусі; у 1925 г. пытанні нацыянальнай палітыкі разглядаліся на пленумах ЦК КП(б)Б у студзені, маі, кастрычніку; у рэзалюцыі апошняга быў вызначаны раздзел “Беларусізацыя”. У кастрычніку 1926 г. абмеркавана пытанне “Аб ходзе ажыццяўлення ў рэспубліцы нацыянальнай палітыкі”. Аднак сярод кіраўніцтва рэспублікі былі і праціўнікі беларусізацыі, што стварала цяжкасці.
Пачатак палітыкі беларусізацыі варта аднесці да чэрвеня 1924 г., калі сесія ЦВК БССР прыняла пастанову аб утварэнні спецыяльнай камісіі на чале з А. Хацкевічам па ажыццяўленні нацыянальнай палітыкі. Такія ж камісіі ўтвараліся і пры акруговых выканаўчых камітэтах.
З сярэдзіны 1923 г. і да сярэдзіны 1924 г. працэс беларусізацыі прайшоў першую фазу, на працягу якой вялася ў асноўным яе палітычная і ідэалагічная падрыхтоўка. Была разгорнута тлумачальная работа сярод насельніцтва аб неабходнасці і сэнсе беларусізацыі, распрацаваны погляды на змест гэтай палітыкі, прымаліся дырэктыўныя дакументы, пастановы. Лета 1924 г. і прыкладна да 1928 г. – час актыўнай практычнай рэалізацыі вызначаных напрамкаў дзейнасці ў палітыцы беларусізацыі.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа праведзена ў 1926–1929 гг. пасля таго, як адбылося вяртанне БССР значнай часткі этнічна беларускіх зямель. У складзе БССР губерні, паветы, воласці былі ліквідаваны і замест іх утвораны акругі, раёны і сельсаветы, прычым значна змяняліся межы адміністрацыйных адзінак. У аснову новаўтварэнняў пакладзены нацыянальны прынцып. З улікам інтарэсаў і патрабаванняў нацыянальных меншасцей (карыстанне роднай мовай, захаванне здабыткаў нацыянальнай культуры, звычаяў і г.д.) у месцах іх кампактнага пражывання ўтвараліся нацыянальныя Саветы. У 1928 г. налічвалася 23 яўрэйскія, 19 польскіх, 16 рускіх, 5 латышскіх, 2 украінскія і 2 нямецкія Саветы. У 1932 г. быў утвораны нацыянальны (польскі) раён з цэнтрам у Дзяржынску. Палітыка беларусізацыі не азначала прыніжэння ці ўшчамлення правоў і інтарэсаў нацыянальных меншасцей.
Адным з напрамкаў нацыянальнай палітыкі з’яўлялася беларусізацыя дзяржаўных устаноў, грамадскіх арганізацый, якая мела на мэце вывучэнне супрацоўнікамі беларускай мовы і перавод на яе справаводства. Усім дзяржаўным і грамадскім установам, а таксама прадпрыемствам і кааператыўным аб’яднанням былі ўстаноўлены канкрэтныя тэрміны пераводу іх працы на беларускую мову. У 1927 г. беларускай мовай валодалі ў цэнтральных дзяржаўных установах 80 % служачых, у акруговых і раённых установах – каля 70 %. Асноўныя рэспубліканскія дакументы выдаваліся на беларускай мове, а таксама на адной з трох іншых моў: рускай, польскай і яўрэйскай.
У ходзе беларусізацыі вырашалася задача больш актыўнага вылучэння на кіруючыя пасады прадстаўнікоў карэннага (не толькі беларускага) насельніцтва. У выніку за 1926–1927 гг. сярод кіраўнікоў акруговага і раённага ўзроўню ўдзельная вага беларусаў павялічылася з 30,3 да 46 %, гарсаветаў – з 43,8 да 45 %. У складзе сельскіх Саветаў колькасць беларусаў была 90 %.
Палітыка беларусізацыі закранула і войска. У 1923–1925 гг. праводзілася ваенная рэформа. Камплектаванне войск Чырвонай Арміі пачало базіравацца на тэрытарыяльным прынцыпе ў спалучэнні з кадравым. Ваенная рэформа прадугледжвала аднаўленне нацыянальных тэрытарыяльных часцей і злучэнняў.
Для падрыхтоўкі сярэдняга каманднага саставу была ўтворана Аб’яднаная беларуская вайсковая школа імя ЦВК БССР.
Палітыка беларусізацыі закранула і ўнутранае жыццё войска. Усе асноўныя навучальныя дапаможнікі (статуты, падручнікі) былі выданы на беларускай мове.
Тэрытарыяльныя фарміраванні БВА існавалі да 1935–1938 гг., пасля былі скасаваны.
Важным напрамкам беларусізацыі з’яўлялася нацыянальна-культурнае будаўніцтва. Калі ў 1921 г. беларускія школы складалі 1,5 % ад агульнага ліку школ на Беларусі, то ў 1931 г. – 83,5 %. У 1930 г. 76,6 % студэнтаў вышэйшай школы рэспублікі былі беларусамі, выкладанне больш за 80 % вучэбных дысцыплін вялося на беларускай мове.
У Беларускай акадэміі навук працавалі нацыянальныя сектары – яўрэйскі, польскі, латышскі, а таксама Камісія па вывучэнні Заходняй Беларусі, сектар масавай работы і краязнаўства. Сярод навуковых супрацоўнікаў акадэміі ў пачатку 30-х гадоў колькасць беларусаў складала 45 %.
Шмат што было зроблена ў напрамку беларусізацыі ў выдавецкай справе. У 1924 г. заснавана Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі. Апрача таго, працавалі выдавецтвы тэхнічнай літаратуры, вайсковай літаратуры і інш. У 1931 г. было выдадзена на беларускай мове 1069 назваў кніг. У перыядычным друку выходзіла 13 рэспубліканскіх газет, з іх 6 – на мовах нацыянальных меншасцей, 64 – раённыя і гарадскія газеты, 30 часопісаў.
Значных поспехаў у гады правядзення палітыкі беларусізацыі дасягнулі беларуская літаратура, нацыянальны беларускі тэатр, музыка, жывапіс.
Разглядаючы палітыку беларусізацыі ў 20-я гады, важна адзначыць, што яе ход меў пэўныя супярэчнасці і цяжкасці. З аднаго боку, гэта недаацэнка нацыянальных асаблівасцей Беларусі ў першую чаргу рускімі чыноўнікамі, якіх нямала было ў гаспадарчым і дзяржаўным апараце. Яны разглядалі беларусізацыю як гвалтоўнае насаджэнне беларушчыны, усялякім чынам перашкаджалі яе ажыццяўленню. Такую ж пазіцыю займалі і некаторыя прадстаўнікі іншых нацыянальных меншасцей, асабліва яўрэйства, у асяроддзі якога назіраліся праявы сіянізму.
З другога боку, мелі месца спробы фарсіраваць тэмпы беларусізацыі без уліку аб’ектыўных умоў. Нярэдка ва ўстановах складаліся спісы супрацоўнікаў, якія былі абавязаны ў кароткі тэрмін вывучыць беларускую мову, да таго ж заахвочваліся “сустрэчныя планы”, калі гэтыя тэрміны яшчэ больш скарачаліся. Не заўсёды існавалі ўмовы для вывучэння беларускай мовы – не хапала выкладчыкаў, падручнікаў. Здараліся выпадкі звальнення з пасады за невалоданне беларускай мовай. Усё гэта выклікала незадаволенасць пэўнай часткі насельніцтва, садзейнічала ажыўленню антыбеларускіх настрояў, кампраметавала сутнасць палітыкі беларусізацыі.
Але, нягледзячы на супярэчнасці, цяжкасці і недахопы, палітыка беларусізацыі з’явілася практычнай спробай ва ўмовах савецкай улады ажыццявіць беларускае нацыянальнае адраджэнне. Да яе істотных станоўчых вынікаў у 20-я гады можна аднесці пэўную дэмакратызацыю грамадскага жыцця, калі нацыянальны момант, нацыянальныя пытанні прывялі да аб’яднання даволі разнастайных палітычных сіл. Кампартыя (бальшавікоў) Беларусі рабіла пэўныя крокі да супрацоўніцтва з больш шырокімі нацыянальнымі коламі. Аб прычынах згортвання палітыкі беларусізацыі ў канцы 20 – пачатку 30-х гадоў будзе сказана ў параграфе, прысвечаным палітычным рэпрэсіям.
Неад’емнай састаўной часткай беларускага народа неабходна разглядаць беларусаў, што апынуліся ў выніку палітычнай, ідэалагічнай і ваеннай барацьбы за межамі Беларусі. У ходзе і пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. з Беларусі эмігрыравала каля 122 тыс. чалавек (усяго з былой Расійскай імперыі – каля 2 млн чал.). Частка гэтай хвалі эмігрантаў рушыла на Усход – у Маньчжурыю і ў Кітай, але асноўная маса накіравалася на Захад – у Фінляндыю, Прыбалтыку, Германію, Францыю, Чэхаславакію, ЗША.
Информация о работе Старажытнае грамадства на тэрыторыі беларусі. Фарміраванне этнічных супольнасцей