Автор: Пользователь скрыл имя, 13 Марта 2012 в 18:32, курс лекций
Гісторыя Беларусі – невычарпальная крыніца гістарычнага вопыту і духоўнасці. Грамадска-палітычнае становішча і перспектывы развіцця Рэспублікі Беларусь. Чаму вучыць гісторыя Беларусі? Аб чым сведчыць гістарычны вопыт?
Ніжэйшым пластом (142 шляхцічы) была пешая шляхта, якая складала 3,6% пануючага класа і не мела сялянскіх гаспадарак.
У сярэдзіне XVI ст. шляхта, як ваенна-служылае саслоўе, пачынае разлагацца знутры: шукала багацця праз рамяство і гандаль. У 1633 г. сейм абвясціў, што не толькі шляхціч, але і яго нашчадкі назаўсёды будуць пазбаўлены шляхецкіх правоў за ганебныя для шляхецкай асобы справы: гандаль ці шынкарства.
Самым шматлікім саслоўем феадальнага грамадства былі сяляне. На становішча сялян вялікі ўплыў аказала так званая валочная памера. Аграрная перабудова гаспадаркі, згодна з “уставай на валокі”, была вызначана каралём у 1557 г. Незалежна ад мясцовых асаблівасцей рэформы, яе вынікі ўсюды былі аднолькавыя: заснаванне фальварачнай гаспадаркі, канчатковае запрыгоньванне сялян, павелічэнне сялянскіх павіннасцей, рост даходаў дзяржаўнага скарбу і шляхты. Пад фальварак адводзілася лепшая ворная зямля памерам у 8–15 валок. Сяляне атрымлівалі ў спадчыннае карыстанне ад валокі да паўвалокі зямлі, якая заставалася маёмасцю феадала. Велічыня валокі павінна была складацца з 21,37 га.
У выніку рэформы адбыліся змены ў прававым становішчы сялян. Сяляне да рэформы складалі такія асноўныя групы: чэлядзь нявольная, людзі “пахожыя”, “непахожыя”, сяляне-слугі. Пасля рэформы сяляне дзеляцца на наступныя катэгорыі: цяглыя – яны павінны былі адбываць паншчыну па 2 дні на тыдзень, талокі, гвалты, плаціць чынш ад 6 да 21 гроша з валокі і натуральны аброк; асадныя – гэта былі аброчныя сяляне, яны не хадзілі на паншчыну, а плацілі 30 грошаў чыншу і адбывалі астатнія павіннасці нароўні з цяглымі, яны былі менш залежныя, чым цяглыя; агароднікі – яны не мелі палявой зямлі, толькі агарод, халупнікі мелі толькі хату, а кутнікі туліліся ў кутках хат багатых сялян; сяляне-слугі – рамеснікі, конюхі – яны былі больш заможныя; вышэйшую групу ўтваралі ваенна-служылыя людзі: баяры-путныя, баяры-панцырныя. З гэтай групы рэкруціраваўся шляхецкі стан.
У выніку аграрнай рэформы адбыліся амаль што рэвалюцыйныя змены:
1) Была разбурана сялянская абшчына ў Цэнтральнай і Заходняй Беларусі, дзе пачало ўкараняцца падворнае землекарыстанне;
2) змяніліся катэгорыі сялян, іх прававое і эканамічнае становішча: адны групы сялян зніклі, іншыя аказаліся ў большай залежнасці ад пана; завяршыўся працэс запрыгоньвання сялян;
3) сялянская гаспадарка пачала ўцягвацца ў рыначныя адносіны, што вяло да дыферэнцыяцыі вёскі;
4) Псіхалогія абшчыннага калектывізму пачала замяшчацца псіхалогіяй індывідуалізму.
З другой паловы XVII ст. пачынаецца эканамічны заняпад Беларусі. Ён быў выкліканы ўзмацненнем феадальнага прыгнёту, разбурэннем гаспадаркі, як у выніку антыфеадальнай, нацыянальна-вызваленчай барацьбы, так і знешніх войнаў. Аднаўляць разбураную гаспадарку пачалі з раздачы зямлі сялянам і перавод іх на грашовы і натуральны аброк. Да 60-х гадоў XVIII ст. сельская гаспадарка была ў асноўным адноўлена: павялічылася плошча ворных зямель, павялічылася пагалоўе прадукцыйнай жывёлы.
З аднаўленнем гаспадаркі вяртаецца паншчына і павялічваюцца павіннасці.
Маёмасная дыферэнцыяцыя вёскі стварала рынак працоўных рук. Наёмныя рабочыя атрымлівалі грашовую плату і плату натурай.
Побач з тэндэнцыяй да росту землеўладанняў свецкіх феадалаў з другой паловы XVIII ст. назіраецца і іншая тэндэнцыя – перадача маёнткаў у залог, якія з цягам часу пачалі пераходзіць ва ўласнасць залогаатрымальнікаў. Гэта быў першы эканамічны парастак капіталізму ў нетрах феадалізму.
Другім парасткам было з’яўленне ў буйной памеснай гаспадарцы прадпрымальніцтва. Найбуйнейшыя феадальныя прадпрыемствы: Урэцкі і Налібоцкі шкляныя заводы князёў Радзівілаў, фаянсавы завод князя Агінскага і інш.
Яшчэ адным саслоўем былі мяшчане – жыхары гарадоў. На працягу XVI – першай паловы XVII ст. колькасць гарадоў дасягнула 37. Саслоўе мяшчан павялічвалася за кошт вольных сялян, уцекачоў і прыгонных.
Да першай паловы XVIII ст. магдэбургскае права мелі ўсе буйныя гарады. Магістрат быў вышэйшым органам самакіравання.
Саслоўе мяшчан складалася з заможных вярхоў (багатыя купцы і частка майстроў), сярэдняга пласта (пераважна частка майстроў і гандляроў) і беднаты. За межамі гарадской абшчыны знаходзіліся наёмныя людзі (землякопы, грузчыкі, вадавозы і г.д.).
Юрысдыкцыі магістрата не падлягалі сяляне, якіх пасяліў у горадзе феадал (мяшчане прыватных “юрыдык”), а таксама татары і яўрэі, што мелі свае судова-адміністрацыйныя органы.
Асновай эканамічнага жыцця гарадоў былі рамёствы і гандаль. У крыніцах таго часу ўпамінаецца каля 200 прафесій і спецыяльнасцей: па апрацоўцы металу, дрэва, скураной і футравай вытворчасці і г.д.
У той час пачынаюць стварацца ўласныя карпарацыі рамеснікаў – цэхі. Звычайна ў цэхі ўваходзіла 60–70 чалавек. Цэхі былі трох тыпаў: спецыялізаваныя (адной прафесіі), аб’яднаныя (дзвюх і больш блізкіх прафесій), зборныя (розных прафесій). Цэхавыя статуты рэгламентавалі вытворчую дзейнасць цэха, імкнуліся ахоўваць сваіх рамеснікаў ад канкурэнцыі на рынку.
Пашыраўся гандаль як унутраны, так і знешні. Найбольш трывалыя сувязі былі з Расіяй, Польшчай, Левабярэжнай Украінай, Рыгай, з краінамі Заходняй Еўропы. У Заходнюю Еўропу з Беларусі вывозілася жыта, лес і іншыя тавары лясной і сельскай гаспадаркі. Завозілася на Беларусь футра, абутак, мыла, жалеза, сталь, свінец і г.д.
Пастаяннай пагрозай для купецтва было самавольства шляхты, якая рабавала купцоў, разганяла кірмашы. Каб абараніць свае інтарэсы, ствараліся цэхі купцоў, якія рэгулявалі парадак куплі і продажу тавараў і іншыя справы.
Будаваліся новыя шляхі зносін. У 1784 г. было завершана будаўніцтва канала Агінскага, які злучаў Нёман з Прыпяццю. У 1781 г. пачалося будаўніцтва Днепра-Бугскага канала.
Такім чынам, сельская і гарадская гаспадарка Беларусі да сярэдзіны XVIII ст. была ў асноўным адноўлена.
Першы выток палітычнага крызісу Рэчы Паспалітай – гэта Люблінская унія – гэта пачатак канца, згубы не толькі Вялікага княства Літоўскага, але і Польшчы як самастойных, незалежных дзяржаў.
Другім вытокам стаў палітычны лад Рэчы Паспалітай, які падрываў асновы дзяржаўнасці. Найбольш небяспечным было спалучэнне “залатых шляхецкіх вольнасцей”: выбранне манарха, Liberum veto і “Pacta conventa”. У час бескаралеўя шляхецтва раз’ядноўвалася на працілеглыя партыі: рускую, французскую, шведскую, аўстрыйскую, краіна апускалася ў бездань бязладдзя, анархіі.
Выбранне манарха мела адмоўнай рысай подкуп. Знікаюць паняцці маральнасці, патрыятызму і інш. Асабісты інтарэс прэваліруе над усім жыццём.
Каронны сейм у Рэчы Паспалітай дыктаваў каралю сваю волю. Кароль павінен быў строга выконваць як “Pacta conventa”, так і пастановы сейма. “Pacta conventa” – гэта заключэнне з прэтэндэнтамі на польскі прастол пагаднення, згодна з якім кароль ускладаў на сябе шэраг абавязкаў па вырашэнні некаторых унутраных і знешніх праблем.
Liberun veto магло паралізаваць цэнтральную ўладу. У 1652 г. дэпутат Сіцінскі ўпершыню ўжыў слова “не пазволям” (г.зн. не згодзен з пастановай сейма) і прыпыніў пастанову сейма. Так за 1744–1762 гг. усе адзінаццаць сеймаў не здолелі прыняць патрэбных рашэнняў. Любая пастанова караля ці сейма магла быць адхілена шляхтай.
У выніку асаблівасцей палітычнага ладу Рэчы Паспалітай да канца XVII ст. у дзяржаве ўзнікае аслабленне манархічнай улады, узмацненне шляхты, заняпад адміністрацыйнага кіравання, духоўнасці і грамадзянскага сумлення.
Трэцім вытокам палітычнага крызісу з’явілася бязглуздая рэлігійная палітыка. Берасцейская царкоўная унія не дала жаданых вынікаў.
Лацінізацыя уніяцкай царквы прывяла да расколу грамадства на яе прыхільнікаў і праціўнікаў. Гэта паглыбіла існуючыя ў грамадстве супярэчнасці.
Чацвёрты выток палітычнага крызісу – спалучэнне нацыянальнага і рэлігійнага прыгнёту з феадальным. Распаўсюджанне аграрнай рэформы Жыгімонта ІІ Аўгуста на Усходнюю Беларусь выклікала супраціўленне народных мас: уцёкі ад гаспадароў, падпальванне маёнткаў, узброеныя паўстанні.
Адным з буйных сялянскіх рухаў у XVIII ст. было паўстанне ў Крычаўскім старастве, уладанні князя І.Радзівіла. Арандатары гэтага стараства ўжывалі грабёж, насілле, мардаванне сялян. Непасрэднай прычынай паўстання 1740 г. на чале з Канстанцінам Вашчылай быў арышт і прыгавор да пакарання смерцю 18 сялян па падазрэнні ў падпальванні дома аднаго з арэндатараў. У руху ўдзельнічала некалькі тысяч чалавек. І.Радзівіл быў вымушаны перадаць стараства іншаму арандатару, але ўлетку 1743 г. барацьба перарасла ва ўзброеннае паўстанне. Паўстанцы праганялі і забівалі чыноўнікаў, не прымалі распараджэнняў Радзівіла.
На пачатку 1744 г. І.Радзівіл накіраваў у Крычаў атрад коннага і пешага войскаў з артылерыяй. Паўстанне было жорстка падаўлена: 74 паўстанцы былі закатаваны (адны павешаны, іншыя – жывымі пасаджаны на кол).
Пяты выток паглыблення палітычнага крызісу – барацьба паміж магнатамі за ўладу. У другой палове XVII ст. у Вялікім Княстве Літоўскім асноўнымі сапернікамі былі Радзівілы, Пацы і Сапегі.
У 1696 г. большая частка беларуска-літоўскай шляхты выступіла супраць усемагутнасці Сапегаў. Барацьбу ўзначалілі Агінскія і Вішнявецкія. Яны выдалі ў Вільні універсал, у якім абвяшчалі гетмана Сапегу і яго сяброў ворагамі айчыны і прыгаварылі іх да пакарання смерцю з канфіскацыяй маёмасці. Барацьба прыняла характар грамадзянскай вайны. У час Паўночнай вайны Сапега перайшоў на бок Карла XII і разам з ім пачаў граміць айчыну.
У часы кіравання Аўгуста ІІІ (1733–1763, сын Аўгуста ІІ) у палітычным жыцці з’яўляецца новая рыса – зварот шляхты за дапамогай да суседніх краін дзеля вырашэння ўнутраных спраў.
У 1768 г. сейм (пад націскам рускіх войск) прыняў пастанову аб ураўнаванні ў правах праваслаўных і пратэстантаў з католікамі.
У лютым 1768 г. каталіцкія фанатыкі стварылі ў Бары (на Украіне) канфедэрацыю з мэтай працідзеяння ўплыву рускай імператрыцы ў Польшчы. Хутка разгарэлася грамадзянская вайна, у якой канфедэратыўны рух быў задушаны з дапамогай царскай арміі.
Па прапанове прускага караля Фрыдрыха ІІ Вялікага 5 жніўня 1772 г. у Пецярбургу была падпісана канвенцыя аб падзеле Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Прусія атрымала паўночна-заходнюю частку Польшчы і частку Заходняй Украіны са Львовам. Да Расіі адышлі Інфлянты, большая частка Полацкага ваяводства, амаль усё Віцебскае, усё Мсціслаўскае ваяводства і ўсходняя частка Рэчыцкага павета, Магілёўскае ваяводства.
3 мая 1791 г. сейм прыняў канстытуцыю Рэчы Паспалітай, якая адмяняла выбарнасць каралёў, Liberum veto і права на канфедэрацыі. Заканадаўчая ўлада належала двухпалатнаму сейму, які выбіраўся на два гады і павінен быў прымаць рашэнні большасцю галасоў. Каралю і радзе належала выканаўчая ўлада. Урад, войска і бюджэт былі абвешчаны агульнымі для ўсёй Рэчы Паспалітай. Канстытуцыя зрабіла крок у напрамку збліжэння мяшчанства са шляхтай: шляхта атрымала дазвол займацца гандлем, а мяшчанне – набываць зямельныя ўладанні, займаць цывільныя пасады. Зусім не змянілася становішча сялян.
14 мая 1792 г. у мястэчку Таргавіцы (на Украіне) была створана канфедэрацыя і абвешчаны акт аб абароне ранейшага парадку кіравання краінай. Зноў пачалася грамадзянская вайна, кароль далучыўся да канфедэратаў.
У 1793 г. адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай паміж Расіяй і Прусіяй. Да Прусіі адышлі Данцыг і Вялікая Польшча, а да Расіі – частка Полацкага ваяводства, рэшткі Віцебскага і Мсціслаўскага, Мінскае і ўсходнія часткі Навагрудскага і Брэсцкага ваяводстваў.
Гэты падзел выклікаў пратэст розных пластоў шляхецтва. 24 сакавіка 1794 г. у Кракаве пачалося паўстанне на чале з генерал-лейтэнантам Тадэвушам Касцюшкам. Мэта паўстання – адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г.
З 22 па 23 красавіка 1794 г. паўстанцы захапілі Вільню і ўтварылі найвышэйшую раду літоўскага народа на чале з віленскім камендантам палкоўнікам Якубам Ясінскім. Але абаронцы айчыны не здолелі згуртавацца. Паміж імі адсутнічала дысцыпліна, працягваліся сваркі і спрэчкі. Хутка ўся Беларусь і Літва былі ахоплены паўстаннем, да якога далучылася частка сялян, што паверылі абяцанням Касцюшкі вызваліць іх ад феадальнага прыгнёту. Выкананне абяцання затрымлівалася, сяляне пачалі адыходзіць ад паўстання.
Супраць Рэчы Паспалітай выступілі Прусія, Аўстрыя і Расія. У бітве пад Мацаёвіцамі (паблізу Варшавы) Касцюшка трапіў у палон, а ў Варшаву былі ўведзены рускія, прускія і аўстрыйскія войскі. Апошні кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст IV (Станіслаў Панятоўскі) адрокся ад прастола.
У 1795 г. адбыўся апошні падзел Рэчы Паспалітай. Расія атрымала Заходнюю Беларусь і Усходнюю Літву, а таксама Украіну да Заходняга Буга. Аўстрыя і Прусія захапілі карэнныя землі, частку ўкраінскіх і літоўскіх зямель.
Такім чынам, палітычны лад Рэчы Паспалітай, неабмежаваныя шляхецкія вольнасці, рэлігійны фанатызм, падзенне нораваў шляхецкага саслоўя з’явіліся галоўнымі прычынамі гібелі дзяржавы.
У гісторыі культуры Беларусі сярэдзіны XVI – XVIII ст. можна выдзеліць тры перыяды:
1) другая палова XVI ст. – рэфармацыйна-гуманістычны рух;
2) канец XVI – першая палова XVII ст. – эпоха контррэфармацыі і ўсталявання барока;
3) другая палова XVII – XVIII ст. – панаванне ў мастацтве стылю барока і пачатак стылю класіцызму.
У XVI ст. разам з развіццём традыцый Старажытнай Русі на асвету пашыраецца ўплыў рэнесансавага гуманізму. На тэрыторыі Беларусі з’яўляюцца найбольш перадавыя для свайго часу пратэстанцкія і брацкія школы. У 70 – я гады XVI ст. на Беларусі існавалі кальвінісцкія школы ў Брэсце, Нясвіжы, Мінску і г.д. У школах вывучаліся гуманітарныя навукі – лацінская, грэчаская, польская, нямецкая мовы, рыторыка, гісторыя, правазнаўства, матэматыка, фізіка. Таксама існавалі і арыянскія школы.
Информация о работе Старажытнае грамадства на тэрыторыі беларусі. Фарміраванне этнічных супольнасцей