Старажытнае грамадства на тэрыторыі беларусі. Фарміраванне этнічных супольнасцей

Автор: Пользователь скрыл имя, 13 Марта 2012 в 18:32, курс лекций

Описание работы

Гісторыя Беларусі – невычарпальная крыніца гістарычнага вопыту і духоўнасці. Грамадска-палітычнае становішча і перспектывы развіцця Рэспублікі Беларусь. Чаму вучыць гісторыя Беларусі? Аб чым сведчыць гістарычны вопыт?

Работа содержит 1 файл

гист.doc

— 1.90 Мб (Скачать)

Другой часткай рэформы П.Д. Кісялёва з’яўлялася палітыка “апякунства” над дзяржаўнымі сялянамі. Прадугледжвалася арганізацыя дапамогі сялянам на выпадак неўраджаяў і масавых эпідэмій, падзяжу жывёлы і высокай смяротнасці людзей. Акрамя гэтага, ставілася пытанне аб арганізацыі пачатковага навучання дзяцей дзяржаўных сялян, аказання медыцынскай дапамогі, правядзення розных агранамічных мерапрыемстваў, актывізацыі гандлю, развіцця сістэмы страхавання, барацьбы з п’янствам. Аднак недахоп сродкаў, жаданне палепшыць сялянскі быт цалкам за кошт сялян перашкаджалі ажыццяўленню планаў рэфарматараў.

Трэцяя і галоўная частка рэформы П.Д, Кісялёва – люстрацыя дзяржаўных маёмасцей. Гэта было мерапрыемства, якое ставіла тры мэты: дакладны ўлік дзяржаўных маёмасцей, выраўноўванне гаспадарчага ўзроўню сялян шляхам скасавання малазямелля і рэгламентацыі павіннаснага прыгнёту, павышэнне плацежаздольнасці дзяржаўных сялян.

У працэсе люстрацый у Беларусі знішчаюцца фальваркова-прыгонная сістэма і сістэма часовага ўладання. Дзяржаўныя сяляне паскоранымі тэмпамі пераводзяцца на пазямельны аброк. З фальварковых зямель ім былі зроблены прырэзкі да надзелаў.

Адмова ад фальваркова-прыгоннай сістэмы і перавод дзяржаўных сялян на аброк з’явіліся галоўнымі вынікамі рэформы, якія вызначылі яе буржуазна-прагрэсіўны характар. Агульная плошча надзельнага фонду ў выніку рэформы П.Д. Кісялёва павялічылася на 10,73 %. І хоць гэта мала што змяніла ў забяспечанасці сялян зямлёй (за гады рэформы колькасць рэвізскіх душ узрасла на 38,5 %), але затое было некалькі ўраўнавана становішча сялян, знізіўся іх павіннасны прыгнёт. Асабліва значныя перамены адбыліся ў прававым статусе дзяржаўных сялян. За імі прызнавалася грамадзянская свабода, што выгадна адрознівала іх ад бяспраўных памешчыцкіх сялян. Прынцыповае значэнне мелі правы ўступлення ў шлюб, бацькоўскія і апякунскія правы, правы атрымання спадчыны і ўласнасці, правы на занятак гандлем і промысламі.

З 1840 г. П.Д. Кісялёў пачаў займацца падрыхтоўкай інвентарнай рэформы з мэтай падцягнуць узровень памешчыцкай вёскі да дзяржаўнай. Памешчыкі рашуча сталі на абарону сваёй уласнасці. Паступова рэфармісцкія памкненні “Асобага камітэта па справах заходніх губерняў” пачалі прыглушацца. У выніку інвентарная рэформа, праведзеная ў памешчыцкай вёсцы, была значна менш радыкальнай.

Інвентарная рэформа некалькі паслабіла павіннасны прыгнёт сялян шляхам увядзення ў памешчыцкіх маёнтках абавязковых інвентароў па адзіных правілах. Яна, па сутнасці, мала што змяніла ў становішчы сялян. У адрозненне ад дзяржаўнай вёскі, пераведзенай на аброк, у памешчыцкай засталіся многія ранейшыя павіннасці: паншчына (штодзённая), згоны, шарваркі, жаночая праца, старажоўства, даніна. Агульны памер павіннасцей складаў 1/3 частку валавога даходу з надзелу.

Інвентарная рэформа не вырашыла найважнейшага пытання – аб сялянскім землекарыстанні. Сцвярджалася толькі, што сялянскія надзелы не павінны змяншацца, але гэта з самага пачатку не было замацавана заканадаўча. Толькі 14 мая 1855 г. Аляксандр ІІ зацвердзіў перагледжаныя ў інвентарных камітэтах правілы для маёнткаў Віцебскай і Магілёўскай губерняў, у якіх вызначаўся мінімальны сялянскі надзел у 4,75 дзесяціны на рэвізскую душу, а паншчына – 3 дні ў тыдзень.

У цэлым рэформы 30–50-х гг. мелі дваранскую накіраванасць. Прынцыпы рэфармавання дзяржаўнай вёскі былі прызнаны памешчыкамі занадта радыкальнымі, а сацыяльна-прававое становішча памешчыцкіх сялян змянілася мала. Феадальная ўласнасць засталася некранутай.

Прамысловасць. Гарады. Гандаль. Шляхі зносін. Да сярэдзіны ХІХ ст. прамысловая вытворчасць у Беларусі знаходзілася пераважна на дробнатаварнай і мануфактурнай ступенях развіцця. Асноўнымі прадпрыемствамі гэтага часу былі прыгонныя мануфактуры, гаспадарамі якіх з’яўляліся памешчыкі. Яны прымушалі працаваць на мануфактурах сваіх сялян. Перавага прыгонніцкай працы на прамысловых прадпрыемствах Беларусі была адной з асаблівасцей яе эканамічнага развіцця.

Акрамя таго, у гарадах і мястэчках мелася шмат розных дробных прадпрыемстваў і майстэрань з 1–3 рабочымі, гаспадарамі якіх былі купцы і мяшчане. Сярод прадпрыемстваў, якімі яны валодалі, былі скураныя, медныя, цагельныя, капялюшныя. Вырабы гэтых прадпрыемстваў збываліся ў асноўным на мясцовых рынках.

Былі ў Беларусі і прадпрыемствы, заснаваныя на вольнай працы. Большасць “вольнанаёмных” складалі прыгонныя, якіх паны на кароткі тэрмін адпускалі на заробкі. Па сканчэнні гэтага тэрміну яны пакідалі прадпрыемства. Часовыя рабочыя-прыгонныя не маглі задаволіць прамысловасць, якой былі патрэбны кваліфікаваныя майстры і працоўныя. Прыгоннае права ставіла сур’ёзныя перашкоды для развіцця капіталістычнай прамысловасці.

Новай з’явай у прамысловым развіцці Беларусі было выкарыстанне на асобных прадпрыемствах машын і паравых рухавікоў. Аднак колькасць прадпрыемстваў, якія мелі машынную тэхніку, была нязначнай. Уладальнікамі большасці такіх прадпрыемстваў спачатку былі памешчыкі, хаця ўжо з 30-х гг. больш за палову іх належала купцам і мяшчанам.

Па колькасці занятых у прамысловасці рабочых сярод беларускіх губерняў першае месца займала Гродзенская губерня. У канцы 50-х гг. на яе прадпрыемствах працавала 5112 рабочых з 9714. Другое месца са значным адставанем належала Магілёўскай губерні, дзе ў гэты час на прадпрыемствах было занята 1882 рабочыя. На апошнім месцы знаходзілася Мінская губерня, на прадпрыемствах якой працавала ўсяго 815 рабочых.

У Беларусі найбольш распаўсюджанымі былі прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны – вінакурныя, суконныя, палатняныя, цукровыя, мукамольныя.

Вядучай галіной прамысловасці Беларусі ў першай палове ХІХ ст. заставалася суконная. У цыркуляры міністра ўнутраных спраў за 1808 г. указвалася на неабходнасць павелічэння колькасці суконных мануфактур у Беларусі. З мэтай заахвочвання стваральнікам суконных прадпрыемстваў даваліся дзяржаўныя пазыкі, аказвалася дапамога ў найме працоўнай сілы. У выніку ў 1861–1863 гг. у Беларусі налічвалася ўжо 64 суконныя прадпрыемствы, на якіх працавала звыш 51 тыс. рабочых. Суконная прамысловасць была ў асноўным сканцэнтравана ў Гродзенскай губерні, дзе ў гэты час размяшчалася 55 прадпрыемстваў.

Другое месца ў прамысловасці Беларусі займала вытворчасць шарсцяных вырабаў. У 1857 г. тут было 7 прадпрыемстваў, на якіх працавала 1444 рабочыя. Усе яны знаходзіліся ў Гродзенскай губерні.

Сярод прадпрыемстваў Беларусі значная доля належала папяровым, шкляным, чыгунным, медзеплавільным, жалезаапрацоўчым, цагельным і інш. Жалезаробчыя прадпрыемствы працавалі на мясцовай сыравіне. Жалеза здабывалі з балотнай руды. Шкляная прамысловасць была найбольш развітой у Магілёўскай губерні, дзе знаходзілася 8 з 14 заводаў.

Фабрыкі ў Беларусі пачалі ўзнікаць з 20-х гг. ХІХ ст. Першымі былі пабудаваны суконныя фабрыкі ў мястэчках Хомску Кобрынскага, Косаве Слонімскага паветаў. На металаапрацоўчым прадпрыемстве Бенкендорфа ў маёнтку Старынцы Чэрыкаўскага ўезда працавала каля 900 рабочых. Ствараліся ў Беларусі цукровыя прадпрыемствы. У 1857 г. было 13 цукровых заводаў, якія мелі паравыя рухавікі і штогод выраблялі 12,5 тыс. пудоў цукру. На іх працавала 1164 вольнанаёмныя рабочыя. Цукар, які вырабляўся на прадпрыемствах Беларусі, прадаваўся не толькі на мясцовых рынках, але вывозіўся і ў Маскву. Аднак “цукровая гарачка” працягвалася нядоўга. Цукровыя заводы Беларусі не вытрымалі канкурэнтнай барацьбы з больш буйнымі прадпрыемствамі Расіі, Украіны і Польшчы і ў сярэдзіне 60-х гг. спынілі сваё існаванне.

Тым не менш, нягледзячы на істотныя зрухі ў развіцці прамысловасці Беларусі першай паловы ХІХ ст., яе памеры ў параўнанні з агульнарасійскай былі нязначнымі, а тэмпы развіцця – надзвычай маруднымі. Пры гэтым дробнатаварная і мануфактурная вытворчасць у Беларусі з пачатку 30-х гг. перажывала крызіс, які быў звязаны з паглыбленнем крызісу ўсёй прыгонніцкай сістэмы.

У першай палове ХІХ ст. адбыліся пэўныя зрухі ў складзе насельніцтва Беларусі, што знайшло адлюстраванне галоўным чынам у росце гарадскога насельніцтва. Колькасць гарадскога насельніцтва расла як за кошт натуральнага прыросту, так і ў выніку прымусовага перасялення яўрэяў з сельскай мясцовасці, якія неўзабаве склалі пераважную колькасць гарадскога насельніцтва і якія засяродзілі ў сваіх руках рамяство і гандаль. 70–90 % гарадскога насельніцтва складала мяшчанства (рамеснікі, дробныя гандляры). У сярэдзіне ХІХ ст. у Беларусі налічвалася 40 гарадоў і больш чым 300 мястэчкаў. Найбольш буйнымі гарадамі былі Віцебск, Мінск, Магілёў, Гродна. Аднак у першай палове ХІХ ст. гарады яшчэ не сталі цэнтрамі прамысловасці, у іх працягвалі развівацца гандаль і рамяство.

Развіццё прамысловасці, рост гарадскога насельніцтва стымулявалі пашырэнне ўнутранага рынку. Гандаль Беларусі развіваўся пераважна ў форме кірмашоў, часцей з вялікім гандлёвым абаротам. Напрыклад, у Гродзенскай губерні налічвалася 43 кірмашы. На самым буйным з іх – Зэльвенскім – гадавы абарот перавышаў 1 млн руб. Сярод буйных кірмашоў былі таксама Любавіцкі ў Магілёўскай губерні і Мінскі. Усяго ў Беларусі штогод праходзіла каля 200 кірмашоў. Сюды прывозілі сельскагаспадарчыя, прамысловыя тавары не толькі з Беларусі, але таксама з Маскоўскай, Уладзімірскай, Ніжагародскай губерняў, з Украіны, Польшчы, Прусіі і інш.

Важнае значэнне ў Беларусі набыў вывазны гандаль. Прадметамі экспарту былі збожжа, лён, пянька, каноплі, лес, спірт, смала, паташ і г.д. У Беларусь завозілі шэрсць, металічныя вырабы, галантарэю, прадметы раскошы: фарфоравы і фаянсавы посуд, крышталь, люстэркі і г.д.

У развіцці гандлю важную ролю адыгралі суднаходныя рэкі: Бярэзіна, Прыпяць, Днепр, Заходняя Дзвіна, Нёман, якія звязвалі Беларусь з балтыйскімі і чарнаморскімі портамі. У 1804–1805 гг. скончылася будаўніцтва Агінскага і Бярэзінскага каналаў, якія звязалі Днепр з Заходняй Дзвіной, Нёманам і Віслай. Хоць прапускная магчымасць гэтых каналаў была малой, яны ўсё ж мелі вялікае транспартнае значэнне. На беларускіх рэках і каналах знаходзілася каля 85 прыстаней. Праз Рыгу, Гданьск, Кёнігсберг з Беларусі адпраўляліся вялікія баржы з таварамі за мяжу. Гэтаму спрыяла будаўніцтва новых і паляпшэнне старых дарог. Была пабудавана Маскоўска-Варшаўская шаша, якая прайшла праз 3 беларускія губерні: Магілёўскую, Мінскую, Гродзенскую.

Але развіццё гандлю было самым цесным чынам звязана з развіццём прамысловасці і сельскай гаспадаркі, са станам плацежаздольнасці насельніцтва. Феадальна-прыгонніцкая сістэма скоўвала развіццё ўсіх галін гаспадаркі, тым самым абмяжоўвала і пашырэнне ўнутранага рынку. Знішчэнне прыгонніцкіх адносін з’яўлялася неабходнай перадумовай далейшага эканамічнага развіцця.


КУЛЬТУРА БЕЛАРУСІ КАНЦА XVIII – ПЕРШАЙ ПАЛОВЫ XIX ст.

 

 § 1. Асаблівасці культурнага развіцця Беларусі. Адукацыя і навука. Беларусазнаўства – частка славістыкі

 § 2. Літаратура. Музычна-тэатральная культура. Выяўленчае мастацтва. Архітэктура

  

§ 1. Асаблівасці культурнага развіцця Беларусі. Адукацыя і навука. Беларусазнаўства – частка славістыкі

У беларускай савецкай гістарыяграфіі, а таксама ў публікацыях 90-х гадоў шырока выкарыстаны тэзісы аб т.зв. “забароне” Мікалаем І назваў “Беларусь” і “Літва”, “беларускія і літоўскія губерні”, аб забароне беларускай мовы і беларускага друкаванага слова. Ля вытокаў гэтых тэзісаў знаходзіліся складальнікі 2-га тома дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі акадэмік М.М. Нікольскі, навуковыя супрацоўнікі Інстытута гісторыі АН БССР Д.А. Дудкоў, І.Ф. Лочмель і інш. Яны, перадрукоўваючы ўказ ад 18 ліпеня 1840 г. з “Хронологического указателя указов и правительственных распоряжений...”, на што зроблена адпаведная спасылка, замянілі яго назву: замест “06 именовании губерний Белорусских и Литовских, каждою отдельно: Витебскою, Могилёвскою, Виленскою и Гродненскою” назвалі гэты дакумент так: “Забарона царом Мікалаем ужываць назвы Беларусь і Літва” (гл.: Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі (1772–1903). Мн.: Выдавецтва АН БССР, 1940. Т.2. С.369). Аналагічным чынам зрабілі і складальнікі 4-га тома зборніка дакументаў і матэрыялаў “Белоруссия в эпоху феодализма”, якія далі такі загаловак указу ад 18 ліпеня 1840 г.: “Указ Сената о запрещении употребления терминов “Белоруссия и Литва” (гл.: Белоруссия в эпоху феодализма. Мн., 1979. Т.4. С.131).

Усё гэта было зроблена па палітыка-ідэалагічных матывах. На самой справе ніякай “забароны” расійскім урадам назваў “Беларусь” і “Літва”, “беларускія і літоўскія губерні”, беларускай мовы і беларускага друкаванага слова на працягу ўсяго часу ўваходжання Беларусі ў склад Расійскай імперыі ніколі не было (падрабязныя доказы гл.: Гісторыя Беларусі: Вуч. дапам. У 2 ч. Ч.1. Ад старажытных часоў – па люты 1917 г. / Пад рэд. Я.К. Новіка, Г.С. Марцуля. 2-е выд., перапрац. і дап.–Мн.: 2000. С.285–288.).

Перыяд з канца XVIII па 10-я гг. ХІХ ст. адносіцца да эпохі Асветніцтва ў Беларусі. Ідэйнай асновай дадзенай эпохі сталі працы філосафаў-асветнікаў, якія заклікалі да пераўтварэння грамадскага ладу на рацыянальных, гэта значыць разумных, пачатках. Яны лічылі, што прычына ўсіх пакут народа – невуцтва, таму дасягнуць “Царства розуму” на Зямлі магчыма толькі шляхам развіцця навукі і шырокай асветы народных мас. Менавіта адсюль і ўтварылася сама назва эпохі.

У эпоху Асветніцтва ў Беларусі набыў распаўсюджанне своеасаблівы мастацкі стыль – класіцызм (ад лац. classicus – узорны). Рацыяналізму асветніцкай філасофіі найбольш адпавядала антычная спадчына. Яна разглядалася ў рамках класіцызму як ідэальны ўзор. Творчая перапрацоўка набыткаў антычнага мастацтва прывяла да ўзнікнення непаўторных помнікаў літаратуры, выяўленчага мастацтва, архітэктуры.

Прыкладна з 10-х гг. ХІХ ст. у культуры Беларусі ўзнікаюць парасткі новага ідэйнага і мастацкага напрамку – рамантызму. У Заходняй Еўропе рамантызм узнік раней. Ён адлюстраваў расчараванне тымі вынікамі, якімі скончылася французская буржуазная рэвалюцыя канца XVIII ст. Пераўтварэнне грамадства шляхам, прапанаваным філосафамі, не прывяло да стварэння “Царства розуму” на Зямлі. У процівагу асветніцкаму рацыяналізму светапогляд эпохі рамантызму прасякнуты сцвярджэннем перавагі духоўнага пачатку над розумам. Рамантызм не з’яўляўся акрэсленым мастацкім стылем, але ў некаторых сферах мастацкай культуры ён выступаў як альтэрнатыва класіцызму (у літаратуры, жывапісе). Расчараваныя ў рэчаіснасці, рамантыкі звярнуліся да гістарычнага мінулага. Гэта выклікала шырокае распаўсюджанне ў выяўленчым мастацтве і літаратуры гістарычнага жанру. Рамантызм прыўнёс у мастацтва ідэі народнасці, каштоўнасці нацыянальных традыцый і быту.

З пункту гледжання асветнікаў стварыць ідэальнае грамадства можна перш за ўсё з дапамогай правільнага выхавання і адукацыі. Пад уплывам асветніцкіх ідэй адукацыя паступова пазбаўлялася царкоўнага ўплыву, пераходзіла ў падпарадкаванне да дзяржавы і набывала свецкі характар. Гэта абумовіла правядзенне ў апошняй трэці XVIII – пачатку ХІХ ст. шэрагу рэформ у галіне адукацыі Расійскай імперыі.

Информация о работе Старажытнае грамадства на тэрыторыі беларусі. Фарміраванне этнічных супольнасцей