Старажытнае грамадства на тэрыторыі беларусі. Фарміраванне этнічных супольнасцей

Автор: Пользователь скрыл имя, 13 Марта 2012 в 18:32, курс лекций

Описание работы

Гісторыя Беларусі – невычарпальная крыніца гістарычнага вопыту і духоўнасці. Грамадска-палітычнае становішча і перспектывы развіцця Рэспублікі Беларусь. Чаму вучыць гісторыя Беларусі? Аб чым сведчыць гістарычны вопыт?

Работа содержит 1 файл

гист.doc

— 1.90 Мб (Скачать)

Беларусь была таксама арэнай дзейнасці дзекабрыстаў. Пасля хваляванняў салдат Сямёнаўскага палка ў Пецярбургу ў 1820 г. у вайсковыя часці, што знаходзіліся ў Беларусі, былі пераведзены салдаты і афіцэры, якія мелі дачыненне да гэтых хваляванняў. Сярод іх былі будучыя дзекабрысты А. Бястужаў, М. Лунін, А. Адоеўскі, К. Рылееў і інш. М. Мураўёў, кіраўнік “Паўночнага таварыства”, падчас знаходжання ў Мінску, напісаў свой першы варыянт канстытуцыі. У Віцебску жыў і вучыўся вядомы дзекабрыст, сябра “Таварыства з’яднаных славян” І. Гарбачэўскі. Дзекабрыстамі распрацоўваўся план паўстання ў Бабруйскай крэпасці, што дало б штуршок дзяржаўнаму перавароту ў імперыі.

Вялікае значэнне як дзекабрысты, так і польскія рэвалюцыянеры надавалі прапагандысцкай рабоце сярод салдат і афіцэраў Літоўскага асобнага корпуса, які размяшчаўся ў Гродзенскай губерні. Пад іх уплывам у пачатку 1825 г. у Літоўскім корпусе ўзнікла “Таварыства ваенных сяброў” на чале з капітанам К. Ігельстромам. 24 снежня 1825 г. сябры “Таварыства” спрабавалі падняць паўстанне сярод салдат Літоўскага корпуса, але яно было падаўлена. Правалам скончылася і спроба сяброў “Таварыства з’яднаных славян” падняць паўстанне ў Палтаўскім палку ў Бабруйску ў лютым 1826 г.

У 1824–1825 гг. расійскі ўрад, улічваючы, што цэнтрамі большасці тайных таварыстваў былі навучальныя ўстановы, прымае меры па нагляду за навучэнцамі. У адпаведнасці з указам Аляксандра І жыхарам Беларусі і Літвы забаранялася адпраўляць дзяцей на вучобу ў замежныя універсітэты. Чыноўнікі абавязаны былі даваць падпіску аб недачыненні студэнтаў і настаўнікаў да тайных суполак. Але гэта не спыніла далейшага развіцця грамадска-палітычнага руху на Беларусі.

У лістападзе 1830 г. у Варшаве шляхецкімі рэвалюцыянерамі было паднята паўстанне супраць расійскага панавання. Галоўнымі прычынамі паўстання былі нездаволенасць шляхты падзеламі Рэчы Паспалітай, парушэнне расійскімі ўладамі польскай Канстытуцыі 1815 г. Рэвалюцыйныя сілы Польшчы адстойвалі лозунгі буржуазна-дэмакратычных пераўтварэнняў. Але яны не змаглі ўзначаліць паўстанне. Польскія арыстакраты, абапіраючыся на армію Царства Польскага і дапамогу заходнееўрапейскіх краін і імкнучыся дабіцца незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772 г., захапілі кіраўніцтва паўстаннем у свае рукі.

Расійскі ўрад імкнуўся прадухіліць распаўсюджанне паўстання на тэрыторыю Беларусі, Літвы і Украіны. Тут было ўведзена ваеннае становішча. Аднак у пачатку красавіка 1831 г. паўстанне ахапіла ўжо ўсю Літву і Паўночна-Заходнюю Беларусь (Ашмянскі, Браслаўскі, Дзісенскі і Вілейскі паветы). Ядро паўстанцаў складалі польская шляхта, навучэнцы, афіцэры-палякі, каталіцкае і уніяцкае духавенства. У паўстанні прымалі ўдзел каля 10 тыс. чалавек. Вузкія палітычныя мэты кіраўнікоў паўстання абумовілі тое, што яно не атрымала падтрымкі сярод шырокіх пластоў насельніцтва.

У жніўні 1831 г. паўстанне было падаўлена на ўсёй тэрыторыі Беларусі і Літвы, а потым і ў Польшчы. Але і пасля гэтых падзей палітычныя хваляванні ў межах былой Рэчы Паспалітай не сціхлі.

У 1836 г. па ініцыятыве Ф. Савіча пры Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі была створана адна з найбольш радыкальных у Беларусі і Літве тайных суполак – “Дэмакратычнае таварыства”. У 1837 г. Ф. Савіч наладжвае сувязі з Пінскай і Слуцкай ячэйкамі тайнага таварыства “Садружнасць польскага народа”, якое ўзначальваў польскі рэвалюцыянер-дэмакрат Ш. Канарскі. У “Прынцыпах дэмакратызму” (статут “Дэмакратычнага таварыства”) былі абвешчаны ідэі сацыяльнай роўнасці, вызвалення сялян з зямлёй ад прыгоннай залежнасці, права кожнага народа на нацыянальную самастойнасць. У 1838 г. “Дэмакратычнае таварыства” было выкрыта, а Савіч праз год быў высланы на Каўказ у дзеючую армію. У 1846–1849 гг. у Ашмянах, Вільні, Гродне, Лідзе і Мінску дзейнічалі суполкі тайнай арганізацыі “Саюз свабодных братоў”. Ён ставіў сабе за мэту сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, барацьбу за свабодную Польшчу і Расію.

30-я гг. сталі паваротнымі ва ўрадавай палітыцы. Быў узяты курс на поўнае зліццё заходніх губерняў з Расіяй. Прычынамі гэтаму былі: па-першае, рост апазіцыйных грамадска-палітычных настрояў і рухаў, па-другое, разлажэнне феадальна-прыгонніцкага ладу, якое паступова перарастала ў крызіс.

Урад ідзе на сур’ёзны палітычны крок, вядомы пад назвай “разбор шляхты”. Ён быў накіраваны супраць дробнай шляхты, галоўнага распаўсюджвальніка апазіцыйных настрояў. У адпаведнасці з указамі ад 1831, 1847, 1857 гг. асобы, якія не змаглі дакументамі пацвердзіць свайго шляхецтва, не былі зацверджаны ў дваранскім званні. Яны пазбаўляліся права валодаць маёнткамі і павінны былі прадаць сваю ўласнасць. Гэтая катэгорыя былых шляхціцаў павялічвала падатковае саслоўе.

Важным мерапрыемствам у напрамку поўнага зліцця заходніх губерняў з Расіяй было ўвядзенне ўказам ад 1 студзеня 1831 г. расійскага заканадаўства ў Магілёўскай і Віцебскай губернях. На тэрыторыі Беларусі ўводзілася новае заканадаўчае ўлажэнне – “Установа аб губернях”, усім дзяржаўным установам і пасадам даваліся расійскія назвы.

У 1832 г. быў створаны “Асобы камітэт па справах заходніх губерняў”, які распрацоўваў і ажыццяўляў мерапрыемствы па пашырэнню расійскага дваранскага землеўладання і расійскага ўплыву ў галіне кіравання і суда, у іншых сферах. У мясцовыя адміністрацыйныя органы пачалі прызначацца пераважна расійскія чыноўнікі, польская мова ў судовай справе замяняецца на рускую.

У 1839 г. з мэтай аслаблення каталіцкага касцёла на царкоўным саборы ў Полацку было праведзена аб’яднанне уніяцкай царквы з праваслаўнай.

У 1840 г. было поўнасцю адменена дзеянне Літоўскага Статута. Расійскае заканадаўства распаўсюджвалася на ўсю тэрыторыю Беларусі.

Усімі гэтымі мерамі была ліквідавана юрысдыкцыя мясцовых феадалаў на Беларусі, падарваны ідэалагічны фундамент іх магутнасці – каталіцтва. Адначасова ўрад распачаў пошук шырокай апоры ў асяроддзі сялянства.

 

§ 2. Крызіс прыгоннага ладу. Эканамічныя рэформы 30–50-х гадоў XIX ст.

Адной з асаблівасцей развіцця сельскай гаспадаркі Беларусі было панаванне буйнога дваранскага землеўладання. У сярэдзіне 30-х гг. ХІХ ст. 3,6 % буйных памешчыкаў валодалі 50 % прыгонных сялян. Дробныя і сярэднія памешчыкі (да 100 душ прыгонных), якія складалі 80 % агульнай колькасці, валодалі ўсяго 15,8 % сялян.

У сваіх маёнтках памешчыкі будавалі прамысловыя прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны: суконныя, вінакурныя, цукраварныя, смалакурныя, жалезаапрацоўчыя. Вельмі важнай галіной даходу быў продаж лесу.

Асновай сельскай гаспадаркі з’яўлялася земляробства, ад якога памешчыкі атрымлівалі галоўную частку сваіх даходаў. Яны імкнуліся павялічваць плошчу ворных зямель. З канца XVIII да сярэдзіны ХІХ ст. плошча ворных зямель павялічылася ў 3–4 разы. Вырошчвалася жыта, авёс, ячмень. Папулярнай культурай стала бульба. У сувязі з пераўтварэннем бульбы з агароднай культуры ў палявую яе пасевы з пачатку ХІХ ст. да канца 30-х гг. узраслі ў 20–25 разоў. У многіх памешчыцкіх маёнтках пашыралася вытворчасць ільну. Раслі пасевы канапель, пянькі, цукровых буракоў.

Важнейшым напрамкам спецыялізацыі памешчыцкіх гаспадарак, асабліва на Гродзеншчыне, становіцца танкарунная авечкагадоўля. На мяса-малочнай жывёлагадоўлі ў той час спецыялізаваліся толькі асобныя памешчыкі, якія мелі ў сябе вінакурныя заводы.

Некаторыя памешчыкі ў мэтах павелічэння таварнасці гаспадаркі выпісвалі з Англіі сельскагаспадарчыя машыны, уводзілі шматпольны севазварот, паляпшалі пароды жывёлы. У памешчыцкіх гаспадарках стала шырэй выкарыстоўвацца наёмная праца, галоўным чынам на прамысловых прадпрыемствах, на будаўнічых работах. Прапагандай перадавых метадаў земляробства і жывёлагадоўлі займалася Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, што існавала з 1826 па 1841 г. у Віцебску. Развіццю капіталістычных адносін спрыяла і тое, што мясцовае дваранства атрымала доступ да пазык у цэнтральных банках з правам закладу маёнткаў разам з сялянамі. Перад адменай прыгоннага права ў банках было закладзена каля 68 % беларускіх сялян. Так феадальная памешчыцкая ўласнасць пераўтваралася ў капіталістычную ўласнасць банкаў і крэдытных устаноў.

Асноўнай вытворчай базай маёнтка памешчыка з’яўлялася сялянская гаспадарка. Зямельныя надзелы сялян у Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губернях адводзіліся ў падворнае карыстанне; у Віцебскай, за выключэннем інфлянцкіх (латышскіх) паветаў, і Магілёўскай губернях пераважала абшчыннае землекарыстанне. Размеркаванне зямельных надзелаў паміж сялянамі было нераўнамерным. Так, у канцы 50-х гг. сярэдні надзел у Віцебскай губерні складаў 6,5 дзесяціны (дзесяціна – 1,09 га), у Магілёўскай – 7,3 дзесяціны. У Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губернях асноўнай адзінкай зямельнага забеспячэння лічылася валока (каля 21 га сенажаці, ворыўнай і прысядзібнай зямлі). Гэтых надзелаў ледзьве хапала для забеспячэння пражытачнага мінімуму сялянскай сям’і. Дзяржаўныя сяляне таксама пакутавалі ад малазямелля. Сярэднія надзелы на рэвізскую душу складалі ў Гродзенскай губерні ад 1 да 2 дзесяцін, у Віцебскай і Магілёўскай ад 3 да 5. Гаспадарка сялян, як дзяржаўных, так і памешчыцкіх, была вельмі прымітыўнай. Жывёлы не хапала, глеба ўгнойвалася рэдка, ураджаі былі нізкімі. У пошуках выхаду невялікая частка сялян займалася промысламі, гандлем і іншымі пабочнымі заробкамі.

Аднак, нягледзячы на панаванне баршчыннай сістэмы, сялянская гаспадарка паступова звязвалася з рынкам. З пачатку ХІХ ст. развівалася і прамысловая дзейнасць сялян. Яны выраблялі на продаж ільняныя і суконныя тканіны, аўчыну, хатнія драўляныя вырабы.

Пашыралася маёмасная дыферэнцыяцыя сярод сялян. З’явіліся заможныя сяляне. Многія з іх арандавалі млыны, займаліся дробным гандлем, карысталіся ў сваіх гаспадарках рознымі механічнымі прыстасаваннямі. У той жа час у беларускай вёсцы расла колькасць беззямельных сялян (бабылёў, кутнікаў і інш.). Сяляне ў масе сваёй усё больш разараліся і не маглі, як раней, несці павіннасці. Паншчына ў большасці маёнткаў Заходняй і Цэнтральнай Беларусі складала 6 чалавека-дзён у тыдзень з сялянскай гаспадаркі.

Адным з яскравых паказчыкаў крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы было нарастанне сялянскага руху. Калі ў першай трэці ХІХ ст. адбылося 46 буйных сялянскіх хваляванняў, то ў другой трэці, – больш за 90. Асаблівасцю сацыяльных супярэчнасцей у Беларусі з’яўлялася іх пераплятанне з нацыянальна-рэлігійнай варожасцю паміж сялянамі і панамі.

Своеасаблівай формай пратэсту сялян было тое, што некаторыя з іх пакідалі родныя мясціны ў пошуках “вольных зямель”. Так, напрыклад, у пачатку 40-х гг. 1200 прыгонных Беліцкага павета Магілёўскай губерні пакінулі свае вёскі і групамі накіраваліся на пасяленне ў Херсонскую, Екацярынаслаўскую губерні і Бесарабію. Для таго каб затрымаць і вярнуць іх на радзіму, была паслана ваенная каманда.

У канцы 40-х гг. сярод сялян Беларусі пашырыліся чуткі, што рыхтуецца адмена прыгоннага права. У сувязі з гэтым сяляне пачалі часцей уцякаць ад памешчыкаў. У 1847 г. каля 10 тыс. сялян Віцебскай губерні групамі па 200 чалавек накіраваліся на будаўніцтва Мікалаеўскай чыгункі, спадзеючыся, што, адпрацаваўшы там 3 гады, яны будуць вызвалены ад прыгоннай залежнасці.

Але найбольш распаўсюджанымі формамі сялянскага руху з’яўлялася адмова ад выканання павіннасцей, падача “іскаў аб вольнасці” на імя цара і забойства прыгоннымі сваіх гаспадароў.

З 40-х гг. ХІХ ст. працэс разлажэння феадальна-прыгонніцкай сістэмы на Беларусі, як і ва ўсёй Расіі, перарастае ў крызіс. У сельскай гаспадарцы ён выявіўся ў рэзкім зніжэнні прыбытковасці памешчыцкай і дзяржаўнай вёскі, у абеззямельванні і збядненні сялянства, у росце сацыяльных канфліктаў.

У гэтых умовах урад праводзіць рэформы, мэтай якіх было захаваць сістэму феадальнага землеўладання, падняць прыбытковасць памешчыцкай і дзяржаўнай вёскі, ураўняць гаспадарчы ўзровень сялян. Аўтарам адной з рэформ быў граф П.Д. Кісялёў – кіраўнік Міністэрства дзяржаўных маёмасцей, прыхільнік абмежавання прыгоннага права.

Рэформа ў сістэме феадальнага землеўладання пачалася з дзяржаўнай вёскі, становішча якой у Расіі і Беларусі было розным. У Расіі інстытут “дзяржаўнага феадалізму” выступаў як сістэма эксплуатацыі, пад якую непасрэдна падпадалі дзяржаўныя сяляне з боку казённага ведамства. Нормы эксплуатацыі дзяржаўных сялян тут абмяжоўваліся інвентарамі, ніхто не меў права іх перавышаць. У Беларусі ж дзейнічала сістэма часовага ўладання. Дзяржаўныя маёнткі здаваліся ў арэнду мясцовым памешчыкам.

Розным было і прававое становішча дзяржаўных сялян Расіі і Беларусі. У Расіі з паскарэннем тэмпаў развіцця капіталізму значна пашырыліся саслоўныя правы дзяржаўных сялян. Яны былі абвешчаны вольнымі грамадзянамі, маглі мяняць месца жыхарства, пераходзіць у іншыя саслоўі, мяняць накірунак дзейнасці, звяртацца са скаргамі ў судовыя інстанцыі. У Беларусі прававое становішча дзяржаўных сялян нічым не адрознівалася ад становішча памешчыцкіх. Часовы ўладар быў надзелены адміністрацыйнай, судовай і эканамічнай уладай над сялянамі. Але галоўнае адрозненне двух рэгіёнаў было ў сістэме збору феадальнай рэнты: у Расіі дзяржаўныя маёнткі былі на падушным аброку, у Беларусі – на паншчыне.

Рэформа дзяржаўнай вёскі пачалася з перабудовы яе апарату кіравання. Дагэтуль агульнакіраўнічыя функцыі былі сканцэнтраваны ў Дэпартаменце дзяржаўных маёмасцей Міністэрства фінансаў. З 1 студзеня 1836 г. яны перадаваліся новаму Міністэрству дзяржаўных маёмасцей, першым міністрам якога быў назначаны П.Д. Кісялёў. У Расіі ўводзілася чатырохярусная сістэма мясцовага кіравання, а ў Беларусі ўстанаўліваліся тры адміністрацыйныя ярусы: губерня – акруга – сельская ўправа. У выніку рэформы П.Д. Кісялёва абшчына ў Беларусі была максімальна набліжана да агульнарасійскага ўзору.

Информация о работе Старажытнае грамадства на тэрыторыі беларусі. Фарміраванне этнічных супольнасцей