Автор: Пользователь скрыл имя, 13 Марта 2012 в 18:32, курс лекций
Гісторыя Беларусі – невычарпальная крыніца гістарычнага вопыту і духоўнасці. Грамадска-палітычнае становішча і перспектывы развіцця Рэспублікі Беларусь. Чаму вучыць гісторыя Беларусі? Аб чым сведчыць гістарычны вопыт?
Цяпер уся зямля, маёмасць сялян і самі сяляне сталі ўласнасцю феадала ці дзяржавы ў залежнасці ад таго, на чыёй зямлі яны сядзелі. Прынятыя ў хуткім часе статуты 1566 і 1588 гг. устанавілі спачатку 10-, а потым 20-гадовы тэрмін вышуку беглых сялян і вяртання іх гаспадарам. Гэта азначала канчатковае юрыдычнае афармленне прыгоннага права на Беларусі і ва ўсім Вялікім княстве Літоўскім.
У XIV–XVI стст. адбываецца значны рост гарадоў і гарадскога насельніцтва. Гарады былі цэнтрамі рамяства і гандлю. Па памерах яны адрозніваліся, большая частка з іх былі невялікія. Гэта былі паселішчы з некалькіх вуліц з 200–300 дварамі. Найбольш буйнымі гарадамі на тэрыторыі Беларусі ў гэты час былі Полацк, Магілёў, Віцебск, Мінск, Брэст, Гародня, Слуцк, Навагародак. Растуць і паселішчы гарадскога тыпу – мястэчкі. Гарады і мястэчкі ўзнікалі як на дзяржаўных, так і на прыватнаўласніцкіх землях. Мястэчкі ў асноўным належалі феадалам. Каля 40% усіх гарадоў таксама былі прыватнаўласнымі. Гарады, што належалі феадалам, былі адміністрацыйнымі, гаспадарчымі і культурнымі цэнтрамі іх зямель. Жыхары гэтых гарадоў неслі феадальныя павіннасці на карысць свайго гаспадара.
Разам з прыватнаўласнымі былі і дзяржаўныя, ці вялікакняскія гарады. Іх насельніцтва лічылася асабіста вольным. Аднак у XVI ст. у гэтых гарадах з’явіліся ўладанні вяльможных і духоўных феадалаў разам з залежным ад іх людам. Прыватныя ўладанні ў вялікакняскіх гарадах атрымалі назву “юрыдык”. Яны складалі адасобленую частку горада і не падпарадкоўваліся ўладзе гарадскога самакіравання. Да другой паловы XVI ст. магдэбургскае права атрымалі амаль усе буйнейшыя гарады Беларусі. Мінску было даравана магдэбургскае права ў 1499 г.
Што ж сабой уяўляла гарадское самакіраванне? Галоўным органам адміністрацыйнага кіравання горада быў магістрат. Ён складаўся з Рады (выбарнага органа кіравання) і лавы (суда). На чале Рады стаяў войт, як правіла, прызначаны літоўскімі князямі. Сябры Рады (райцы) выбіраліся з гарадскіх багацеяў. Радзе належалі не толькі функцыі кіравання жыццём горада, але і суда. Але ж судовыя функцыі яна выконвала толькі па маёмасных і грамадзянскіх справах. Крымінальныя справы разбіраліся лавай. Лаўнікі (сябры лавы) выбіраліся гараджанамі. Месцам знаходжання Рады ў гарадах былі адмыслова пабудаваныя для гэтай мэты будынкі-ратушы.
Насельніцтва гарадоў фарміравалася за кошт беглых сялян, а таксама з рамеснікаў, пераселеных феадаламі ў горад. Сярод жыхароў гарадоў большасць (каля 80%) складалі беларусы. Акрамя іх, жылі рускія, украінцы, літоўцы, палякі, яўрэі, немцы, татары. Большую частку насельніцтва складалі рамеснікі і гандляры. Яны называліся мяшчанамі.
Рамеснікі адной спецыяльнасці былі аб’яднаныя ў цэхі. Яны ствараліся з мэтай абароны грамадскіх, палітычных і маёмасных правоў горада. Гэта былі своеасаблівыя манапалізаваныя структуры, якія дапамагалі рамеснікам пазбегнуць канкурэнцыі, а таксама засцерагчы мясцовы гарадскі рынак ад вырабу іншагародніх і іншаземных рамеснікаў. Падчас ваенных дзеянняў цэхі пераўтвараліся ў вайсковыя атрады.
У XIV–XVI стст. развіваецца ўнутраны і знешні гандаль гарадоў Беларусі. Таргі і ярмаркі становяцца атрыбутам гаспадарчай дзейнасці гарадоў і мястэчак. Таргі, як правіла, наладжваліся 1–2 разы на тыдзень. Ярмаркі існавалі толькі ў буйных гарадах і ладзіліся раз на год. На знешні рынак Беларусь пастаўляла жыта, сала, лес, паташ, футра, скуры, вырабы рамяства. Імпартавалася жалеза, медзь, волава, свінец, металічныя вырабы, фламандскае і англійскае сукно, галандскае палатно, віно, соль, селядзец, прадметы раскошы.
Такімі былі асноўныя асаблівасці сацыяльна-эканамічнага жыцця Беларусі ў XIV–XVI стст. Мацнела феадальная залежнасць сялян ад феадалаў. Ішоў працэс іх масавага запрыгоньвання. Цэнтрамі культурнага жыцця, развіцця рамёстваў і гандлю станавіліся гарады. Іх роля ў эканоміцы Беларусі ўзрастае.
§ 1. Фарміраванне беларускай народнасці
§ 2. Культура Беларусі другой паловы XIII – першай паловы XVI ст. ,
Асноўнымі прыкметамі народнасці з’яўляюцца адносная агульнасць мовы, агульнасць тэрыторыі, культуры і характару людзей, пэўныя гаспадарчыя сувязі, этнічная самасвядомасць і саманазва.
Існаванне Вялікага княства Літоўскага стварала новыя ўмовы для далейшага фарміравання беларускай народнасці. Гэтаму садзейнічала мноства фактараў.
Першая група – палітычныя фактары. Неабходнасць барацьбы са знешняй агрэсіяй, уваходжанне беларускіх зямель у склад ВКЛ садзейнічалі стварэнню палітычных умоў для ўмацавання сувязей паміж рознымі тэрытарыяльнымі часткамі насельніцтва Беларусі, яго кансалідацыі і інтэграцыі з суседнімі народамі. У межах ВКЛ было арганізавана адзінае кіраванне, уведзена адзінае заканадаўства, што сведчыла аб складанні сістэмы палітыка-прававой цэнтралізацыі, узмацненні палітычных сувязей паміж яе рознымі тэрыторыямі.
Аднак палітычнае аб’яднанне поўнасцю не знішчыла лакальнай аўтаномнасці асобных зямель. Увогуле, у грамадска-палітычным жыцці ВКЛ наглядалася як аб’яднальная, так і сепаратысцкая тэндэнцыі, што ўскладняла працэс фарміравання беларускай народнасці.
Эканамічнай асновай этнаўтваральных працэсаў з’явілася далейшае развіццё сельскай гаспадаркі, замена двухполля парнай зерневай сістэмай трохполля, удасканаленне рамяства, пашырэнне гандлю. Вырастала роля буйных гарадоў Беларусі як цэнтраў рэгіянальнага і транзітнага гандлю, сродкаў умацавання тэрытарыяльна-эканамічных сувязей беларускіх зямель.
Паступова ў ВКЛ усталёўвалася адзіная грашовая сістэма гандлёва-вымяральных стандартаў.
Разам з тым ва ўмовах феадальнага спосабу вытворчасці з яго натуральнай сістэмай гаспадарання аб’яднальныя працэсы абмяжоўваліся рэгіянальнымі, а не агульна-дзяржаўнымі сувязямі, стварэннем лакальных рынкаў вакол гарадоў і мястэчкаў.
З папярэднімі фактарамі цесна звязаны і сацыяльныя ўмовы. Далейшае развіццё феадальных адносін, паступовае зацвярджэнне прыгоннага права садзейнічала кансалідацыі шматлікіх катэгорый насельніцтва зямель Беларусі ў сацыяльныя групы з агульнымі правамі і абавязкамі для кожнай з іх.
Разам з палітычнымі, эканамічнымі і сацыяльнымі фактарамі пэўную ролю адыгрываў і канфесійны фактар. Канфесійныя антаганізмы актывізавалі складанне і ўмацаванне розных форм самасвядомасці насельніцтва. Прыкмета веры станавілася своеасаблівай прыкметай народа, а барацьба народа з’яўлялася часткай барацьбы за яго самабытнасць.
Сукупнасць дзейнасці этнаўтваральных фактараў спрыяла фарміраванню беларускай народнасці і такіх яе агульных прыкмет як этнічная тэрыторыя, адносная агульнасць мовы, своеасаблівая матэрыяльная і духоўная культура, этнічная самасвядомасць і саманазва.
Ядро этнічнай тэрыторыі беларускай народнасці ў асноўных рысах адпавядала арэалам рассялення яе старажытных продкаў – крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. На этнічнай тэрыторыі беларусаў адбыліся значныя змены ў мове ўсходне-славянскага насельніцтва. На працягу XIV–XV ст. на аснове старажытнарускай мовы развіваліся спецыфічныя рысы беларускай гаворкі. Фарміравалася гутарковая мова як сродак зносін паміж людзьмі.
Матэрыяльная і духоўная культура новага ўсходнеславянскага этнасу базіравалася на шэрагу элементаў, атрыманых у спадчыну са старажытнарускага часу. Другой яе састаўной часткай былі новаўвядзенні, якія закранулі сямейны і абшчынны быт, навуку і асвету, фальклор, звычаі і абрады, мастацтва. Трэцяй часткай комплексу культуры былі элементы, запазычаныя з суседніх народаў. У XV–XVI стст. на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца шэраг новых тыпаў пасяленяў: мястэчка, фальварак, засценак, ваколіца. Змянілася планіроўка вёсак. Гэтаму ў значнай ступені спрыяла аграрная рэформа 1557 г., калі было ўведзена падворнае землекарыстанне і распаўсюдзіўся пагонны тып двара з уласцівым яму размяшчэннем пабудоў у адзіны рад.
Асноўнымі прыладамі сельскагаспадарчай працы з’яўляліся літоўская саха, драўляная частапляцёная барана, сукаватка, матыка, серп, цэп і інш.
На ўсёй тэрыторыі Беларусі былі распаўсюджаны саматканыя суконныя спадніцы з клятчатай ці паласатай тканіны, яркія безрукаўкі, світкі, упрыгожаныя кажухі. Менавіта ў той час узнік новы эпічны жанр – гістарычныя песні і паданні.
Першым тэатральным відовішчам былі карагоды, народныя гульні, прадстаўленні скамарохаў. Паступова ў карагодзе зараджалася драматычнае дзеянне, якое адлюстроўвала розныя бакі жыцця. Узнікае таксама народны лялечны тэатр “Батлейка”, дзе разам са свецкімі сюжэтамі выкарыстоўваліся і хрысціянскія міфалагічныя тэмы. У XVI ст. з’яўляюцца новыя музычныя інструменты – скрыпка, цымбалы, дудка.
Адным са значных кампанентаў народнасці з’яўляецца самасвядомасць беларусаў. У ВКЛ жыхар беларускіх зямель адрозніваў сябе ад іншых народаў. Аднак значна пазней беларусы пачалі адрозніваць сябе ад рускіх. Гістарычная супольнасць усходнеславянскага народа, адзіная рэлігія і мова продкаў тармазіла працэс дыферэнцыяцыі рускага і беларускага народаў.
Беларуская культура другой паловы XIII – першай паловы XVI ст. развівалася на аснове засвойвання багатых традыцый высокаразвітых візантыйскай і старажытнарускай культур, пад уздзеяннем мясцовых умоў.
Беларуская культура мела ў асноўных рысах сярэдневяковы характар, развівалася на феадальна-прыгоннай аснове. Культурныя здабыткі з’яўляліся прывілеяй вышэйшых саслоўяў.
Паколькі змест і формы культуры ў эпоху сярэднявечча вызначаліся ў першую чаргу інтарэсамі феадалаў і рэлігіі, то царква ўнесла значны ўклад у развіццё асветы, грамадска-палітычнай думкі, літаратуры, дойлідства, жывапісу, музыкі. Калі праваслаўная царква з’яўлялася носьбітам старажытнарускіх традыцый, то каталіцтва прыносіла ў ВКЛ элементы польскай і пераважна заходнееўрапейскай культуры. Кантакты з Заходняй Еўропай прывялі да ўзнікнення новых з’яў у беларускай культуры.
У другой палове XIII – першай палове XVI ст. паралельна з працэсамі стварэння беларускай арыгінальнай літаратуры ішло развіццё старабеларускай літаратурнай мовы, якая замацоўвала характэрныя асаблівасці гаворкі насельніцтва Беларусі.
Пісьмовыя помнікі з беларускамоўнай асновай можна падзяліць на тры групы: юрыдычна-дзелавыя, свецка-мастацкія і канфесійныя. Ад часоў Старажытнай Русі захавалася на беларускіх землях сістэма пісьмовага двухмоўя, калі старажытная літаратурная мова задавальняла духоўныя інтарэсы і дзелавыя патрэбы насельніцтва, а царкоўнаславянская выкарыстоўвалася ў набажэнстве і рэлігійнай літаратуры. Паступова царкоўнаславянская мова страчвала на Беларусі свае пазіцыі. З’явілася так званая беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы. Аб гэтым сведчыць мова такіх твораў канфесійнай літаратуры XV ст. як “Жыццё Аляксея, чалавека божага”, “Пакуты Хрыста” і інш.
Найбольш чутка на гаворку народа рэагавала юрыдычна-дзелавая пісьменнасць. Асноўнымі цэнтрамі яе з’яўляліся дзяржаўныя, прыватнаўласніцкія і магістрацкія канцылярыі. Вялікакняжацкая канцылярыя мела свой архіў, які называўся метрыкай.
Прамежкавае становішча паміж юрыдычна-дзелавой пісьменнасцю і канфесійнай займала мова свецкіх мастацка-літаратурных твораў.
З усіх жанраў беларускай літаратуры перыяду яе станаўлення найбольш дынамічна развіваліся летапісы. У XVI ст. яны набылі новыя рысы, з’явіўшыся яркім адлюстраваннем новага этапа ў жыцці беларускага народа.
Беларуска-літоўскія летапісы падзяляюцца на 4 групы: “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх”, “Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г.”, “Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага”, “Хроніка Быхаўца”.
“Летапісец вялікіх князёў літоўскіх” – адзін з першых твораў уласнабеларускай гістарычна-дакументальнай літаратуры. Ён быў напісаны невядомым аўтарам каля 1430 г. у Смаленску ў форме суцэльнага апавядання без выкарыстання дат. Тут выкладаецца гісторыя ВКЛ з 1341 г. (ад смерці Гедыміна) да канца XIV ст. Асноўную ўвагу храніст надае апісанню барацьбы за ўладу паміж Кейстутам і Ягайлам, шмат расказвае пра дзейнасць Вітаўта. Галоўная ідэя “Летапісца…” – абгрунтаванне цэнтралізатарскай палітыкі літоўскіх князёў.
“Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г.” – першы беларуска-літоўскі летапісны звод. Храналагічны звод ахоплівае перыяд ад сярэдзіны XI ст. да 1446 г. У летапісу змешчаны як рускія летапісы, так і творы мясцовага паходжання.
На пачатку XVI ст. адбыліся некаторыя змены ў летапісным жанры: аўтары сваю ўвагу амаль цалкам сканцэнтравалі на гісторыі ВКЛ. У 20-я гг. XVI ст. створана “Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага”, дзе выкладаецца гісторыя ВКЛ ад легендарнага князя Палемона да Гедыміна. У гэтым творы, напісаным у жанры гістарычнай аповесці, сцвярджаецца паходжанне літоўскіх князёў ад рымскіх арыстакратаў.
“Хроніка Быхаўца” – яшчэ адзін найбольш поўны агульнадзяржаўны летапісны звод. Сваю назву яна атрымала ад прозвішча пана А. Быхаўца, якому належаў адзіны вядомы рукапісны экзэмпляр. “Хроніка” апісвае падзеі палітычнай гісторыі ВКЛ ад легендарных часоў да пачатку XVI ст. У ім упершыню была створана найбольш поўная сістэматызаваная палітычная гісторыя ВКЛ на працягу значнага прамежку часу. Цэнтральная тэма твора – ваенна-патрыятычная. Шмат увагі храніст надае апісанню паходаў і бітваў, ратных подзвігаў суайчыннікаў.
У другой палове XVI ст. летапісы сталі паволі адміраць, уступаючы месца іншым гістарычным жанрам.
Информация о работе Старажытнае грамадства на тэрыторыі беларусі. Фарміраванне этнічных супольнасцей