Старажытнае грамадства на тэрыторыі беларусі. Фарміраванне этнічных супольнасцей

Автор: Пользователь скрыл имя, 13 Марта 2012 в 18:32, курс лекций

Описание работы

Гісторыя Беларусі – невычарпальная крыніца гістарычнага вопыту і духоўнасці. Грамадска-палітычнае становішча і перспектывы развіцця Рэспублікі Беларусь. Чаму вучыць гісторыя Беларусі? Аб чым сведчыць гістарычны вопыт?

Работа содержит 1 файл

гист.doc

— 1.90 Мб (Скачать)

Прыбалтыка, праз якую праходзіў важны для Русі гандлёвы шлях па Заходняй Дзвіне ў Балтыйскае мора, ужо даўно знаходзілася ў сферы інтарэсаў Полацкага княства. Полацкія князі кантралявалі водны шлях, а мясцовыя плямёны ліваў прызнавалі васальную залежнасць ад Полацка і плацілі яму даніну.

Пабудаваўшы ў вусці Заходняй Дзвіны крэпасць Рыгу, рыцары ўстанавілі кантроль над гандлёвым шляхам і паставілі ў залежнасць ад сябе рускіх купцоў. Працягваючы агрэсію, ордэн наблізіў свае ўладанні да Кукенойса, аднаго з падначаленых Полацку рускіх гарадоў-княстваў, і паспрабаваў перахапіць у полацкага князя права на збіранне даніны з ліваў. Летам 1203 г. войскі полацкага князя Уладзіміра асадзілі дзве нямецкія крэпасці – Ікскюль і Гольм. Немцам давялося адкупіцца грашыма. Аднак ордэн працягваў палітыку захопаў. Летам 1206 г. Уладзімір спусціўся на караблях па Дзвіне з вялікім войскам, і 11 дзён працягвалася асада Гольма. Але крэпасць устаяла.

Князь Кукенойса Вячка некалькі разоў атрымліваў перамогу над крыжакамі. Пасля адной з іх ён паслаў полацкаму князю Уладзіміру багатыя падарункі: “лепшых тэўтонскіх коней, панцыры, балісты”. У 1207 г. Вячка разам з літоўскімі атрадамі асадзіў Рыгу, але, не атрымаўшы дапамогі ад полацкага князя, вярнуўся назад, спаліў свой горад і адышоў на Русь. Не змог вытрымаць націску крыжакоў і другі рускі горад-княства на Дзвіне – Герцыке. Яго князь вымушаны быў прызнаць сябе васалам рыжскага епіскапа.

Землі Кукенойса і Герцыке былі далучаны да ордэна. Неўзабаве ордэн і полацкі князь Уладзімір заключылі “вечны” мір. Полацк адмовіўся ад збірання даніны з ліваў. Дзвіна аб’яўлялася свабоднай для праезду купцоў. Але варожасць захавалася. У 1216 г. полацкі князь Уладзімір пачаў рыхтаваць сумесны паход з эстамі і лівамі супраць крыжакоў, але раптоўная смерць перашкодзіла яго ажыццяўленню.

Ваенная экспансія немцаў супраць Полацкага княства і Наўгародскай зямлі прывяла Полацк і Ноўгарад да палітычнага саюзу, які быў замацаваны шлюбам Аляксандра Неўскага з дачкой полацкага князя Брачыслава. У бітве на Няве са шведскімі войскамі ў 1240 г. наўгародцам дапамагалі палачане. У гэтай бітве вызначыўся полацкі воін Якуб. Знішчэнне Аляксандрам Неўскім нямецкіх рыцараў на лёдзе Чудскага возера ў 1242 г. спыніла крыжацкую агрэсію на паўночным захадзе.

Паспяховай барацьбе супраць ордэна перашкаджалі феадальныя міжусобіцы. Так, кукенойскі князь Вячка не ладзіў з полацкім Уладзімірам. Герцынскі князь Усевалад ваяваў не толькі супраць немцаў, але і ў саюзе з Літвой “разбураў землі рускіх хрысціян”. Захоўвалі нейтралітэт князі Турава-Пінскай зямлі. Нават перад тварам грознай небяспекі не спынялі барацьбы паміж сабой полацкія князі. Іх выступленні супраць ордэна насілі разрознены і няўзгоднены характар. Да таго ж на Полацкую зямлю ўсё часцей сталі рабіць спусташальныя набегі літоўцы, якія карысталіся аслабленнем княстваў Заходняй Русі. Аднак нягледзячы на гэта, Полацк змог спыніць наступленне рыцараў у глыбіню Русі і сыграў ролю перашкоды на шляху распаўсюджання нямецкай агрэсіі.

У 30–40-я гг. ХІІІ ст. Русь перажыла самыя трагічныя падзеі ў сваёй гісторыі. Полчышчы татара-манголаў абрынуліся на яе землі. У 1223 г. на р.Калцы сышліся на першую бітву татара-манголы і аб’яднаныя сілы рускіх і полаўцаў. Мужна змагаліся воіны галіцкага, валынскага і іншых княстваў. Аднак полаўцы нечакана кінуліся ўцякаць і змялі рускія палкі. Мангольскія войскі перайшлі ў наступленне і разбілі рускіх. На Калцы Русь пацярпела паражэнне па прычыне сваёй раздробленасці. Але і ворагі, не маючы сіл, не рызыкнулі ісці на Кіеў і пайшлі на Усход.

Трынаццаць гадоў спатрэбілася захопнікам для пыдрыхтоўкі іх нашэсця на Еўропу. З 1236 па 1240 г. татара-манголы з мячом і агнём прайшлі праз землі Паўночна-Усходняй Русі, разбурылі Разань, Маскву, Уладзімір, Суздаль і іншыя гарады. Яны рушылі да Вялікага ноўгарада, але дабрацца туды не змаглі. Гераічна абараняўся Смаленск, які прымусіў заваёўнікаў павярнуць на поўдзень. Татара-манголы як саранча прайшлі праз землі Паўднёвай Русі, захапілі і фактычна знішчылі Кіеў – “маці гарадоў рускіх”, валынскія і галіцкія гарады. Сотні тысяч людзей былі забіты альбо ўзяты ў палон. 1240 г. – год узяцця Кіева – лічыцца пачаткам татара-мангольскага іга на Русі, якое доўжылася 240 гадоў.

Расколатая на княствы і ўдзелы, якія часта ваявалі паміж сабой, Русь не змагла аб’яднаць сілы і даць арганізаваны адпор чужынцым. Калі б аб’ядналіся дружыны ўсіх рускіх князёў, то сабраліся б больш за 100 тыс. воінаў. Такое войска напэўна разбіла б ворага. Але, як пісаў летапісец, у розныя бакі глядзелі баявыя харугвы рускіх князёў. Амаль бесперапынна ваявалі між сабой князі валынскія і чарнігаўскія, суздальскія і смаленскія, полацкія і мінскія; не сціхалі заўзятыя сваркі князёў з баярамі Вялікага Ноўгарада і Пскова.

Разам з тым цаной велізарных страт рускі народ абяскровіў сілы татара-манголаў і пазбавіў іх магчымасці ажыццявіць свае планы заваявання Заходняй Еўропы. Пасля некалькіх бітваў у Польшчы, Чэхіі і Венгрыі яны вярнуліся на Русь і ў нізоўях Волгі заснавалі сваю дзяржаву – Залатую Арду.

Беларускія землі засталіся ў баку ад асноўнага напрамку руху татара-манголаў на захад. Яны не абкладаліся данінай і не ведалі ардынскіх нукераў (дружыннікі мангольскай феадальнай знаці ў ХІІ – ХІІІ стст.) і баскакаў (прадстаўнікі мангольскага хана ў заваяваных землях Русі ў ХІІІ–ХIV стст., якія ажыццяўлялі кантроль за мясцовымі ўладамі). Праўда, летапісы адзначаюць разбурэнне войскамі Батыя Брэста ў 1240 г., паведамляюць, што некаторыя гарады Паўднёвай Беларусі былі абкладзены данінай. Маюцца звесткі аб бітвах з татара-манголамі ў нізіне р.Прыпяць, пад Мазыром. Татара-мангольскія набегі на заходнерускія землі адбываліся ў 1258, 1275, 1277, 1287, 1315, 1325, 1338 гг.

 

§ 5. Культура. Увядзенне хрысціянства на беларускіх землях

Хрысціянскай рэлігіі на Русі папярэднічала язычніцтва. Язычніцтва (ад царкоўнаславянскага “языцы” – народы, чужаземцы) – прыняты ў багаслоўі і ўмоўна ў гістарычнай літаратуры тэрмін, які абазначае старадаўнія вераванні і культы, што існавалі да пашырэння т. зв. “вышэйшых” рэлігій – хрысціянства, ісламу і інш. Для нашага далёкага продка-язычніка маланка азначала гнеў Перуна, набрыньвалі коцікі на вярбе – багіня вясны ўзялася за справу; каменні пад сахою пасеяў чорт, у хаце гаспадарыў дамавік. Навокал чалавека дзейнічалі сілы, якіх трэба было слухацца, каб жыць у згодзе з навакольным светам.

З прыняццем хрысціянства разумовы, духоўны, рэлігійны стан грамадства зазнаў істотныя змены. Язычніцкае для хрысціянства стала сінонімам “д’ябальскага”, варварскага.

У адрозненне ад Рымскай імперыі, хрысціянства на Старажытную Русь прыйшло, па-першае, у гатовым выглядзе, з адшліфаванымі за дзевяць стагоддзяў свайго існавання формуламі, са Старым і Новым Запаветам, з літаратураю айцоў царквы, з культамі Хрыста і Багародзіцы, са стараславянскай мовай, прынесенай першымі місіянерамі з Візантыі. Па-другое, пры ўсёй складанасці станаўлення ранняга хрысціянства ў Рымскай імперыі яно ўсё ж такі развівалася ў накірунку ад нізоў да вярхоў, ураду, эліты. У славянскім грамадстве хрысціянства наладжвалася зверху – ад эліты да народа. Па-трэцяе, злом свядомасці, адмаўленне ад веры бацькоў і дзядоў, руйнаванне старых духоўных каштоўнасцей, замена язычніцкіх міфаў новымі суправаджалася знішчэннем абаронцаў былой веры, гатовых адстайваць свае перакананні. Гэтае знішчэнне прыняло форму дзяржаўнай палітыкі, было адной з паліцэйскіх функцый вялікакняжацкай улады.

Хрысціянства на Кіеўскую Русь прыйшло з Візантыі. Першая царква была пабудавана ў Кіеве, відавочна, яшчэ ў ІХ ст. Сучасніца Візантыйскага імператара Канстанціна Барвянароднага – руская княгіня Вольга прыняла хрысціянства. А яе ўнук Уладзімір Святаслававіч у 988–989 гг. пачаў хрышчэнне Русі. Ён найперш знішчыў язычніцкіх багоў – Дажбога, Стрыбога, Сімаргла, Макошу, Перуна. Па яго загаду Перуна прывязалі да конскага хваста, пацягнулі да Дняпра, і слугі князя па дарозе білі яго бізунамі. Потым вярхоўнага бога скінулі ў раку. Людзі, якія верылі ў свайго бога, плакалі, беглі за ім. Насуперак чаканням чараўнікоў, гром не грымнуў, маланкі ў Кіеў не ўдарылі. Князь Уладзімір застаўся жывы і быў здаровы многія гады. Аднак, каб народ маўчаў, князь перад хрышчэннем аб’явіў: хто не прыйдзе да Дняпра, вораг яму, Уладзіміру. Спрачацца з князем асмеліліся нямногія. Тыя ж, хто не асмеліўся, прыйшлі раніцай да дняпроўскага берагу і па знаку прыбыўшага разам з Уладзімірам мітрапаліта і пад пагрозаю бізуноў княжацкай дружыны ўвайшлі ў ваду па шыю. Выйшлі з вады, атрымалі крыжык – і сталі хрысціянамі. Забаранялася старая і ўводзілася новая абраднасць, падлягалі забыццю імёны старых божышчаў; месцы паганскіх маленняў разбураліся.

Пасля знішчэння Перуна ў Кіеве, належала перамагчы язычніцтва ў іншых землях. Па водным шляху адправіліся з Кіева з місіяй хрысціянізацыі грэчаскія і балгарскія святары, а з імі дзядзька князя Уладзіміра – Дабрыня з войскам. Маршрут іх пралягаў праз Полацкае княства да Ноўгарада. Першым на іх шляху быў горад Тураў, дзе місіянерам аказалі ўпартае супраціўленне. Пра крывавае хрышчэнне тураўцаў сведчыць легенда аб чырвоных каменнях, якія быццам бы прыплылі па рацэ ў горад, у чым бясспрэчна чуецца памяць пра разню, якую абрушыў на мясцовых язычнікаў Дабрыня. Пазней, як паведамляе летапіс, людзі казалі, што Пуцята хрысціў агнём, а Дабрыня – мячом.

Калі з’явіліся першыя хрысціяне ў Полацкай зямлі, сказаць цяжка. Паводле падання, ужо ў ІХ ст. тут былі хрысціяне. Вядома, што землі Беларусі размяшчаліся на вялікім водным шляху “з варагаў у грэкі”, па якім ішоў не толькі гандаль з Візантыяй, але і распаўсюджвалася хрысціянская вера і культура. У 992 г. была створана Полацкая епархія, у 1003 г. = Тураўская.

Хрысціянская вера не прыйшла на беларускія землі як вера, усталяваная толькі гвалтам і насіллем, агнём ды мячом. Праўда, была і барацьба паміж святарамі новай веры і чараўнікамі, прыхільнікамі язычніцтва, але ўсё ж такі хрысціянскія погляды пераймаліся, як і ўся культура, адносна мірным шляхам. Яны выціскалі з жыцця грамадства старыя, язычніцкія погляды, часта зліваючыся з імі. Так, святы прарок Ілля стаў падобны да Перуна. Язычніцтва ў асноўным заставалася бытавой рэлігіяй сялянства з яго натуральнай гаспадаркай, патрыярхальным ладам жыцця, поўным залежнасці ад сіл прыроды. Многія сяляне патаемна выконвалі язычніцкія абрады. Гарадское супольнае жыццё, наадварот, схіляла да разумення і ўспрыняцця палажэнняў хрысціянскай рэлігіі, яе сімволікі. Такім чынам, стваралася тое двухвер’е, якое існавала на тэрыторыі Беларусі з даўнейшых часоў, існуе сёння і дазваляе славянскаму язычніцтву мірна ўжывацца з усходнім і заходнім хрысціянствам.

Сёння ў памяці народа жывуць розныя язычніцкія міфалагічныя ўяўленні аб існаванні “таго свету”, святкуюцца “дзяды” і “радаўніца”, апавядаюцца гісторыі пра русалак, лесавікоў, чарцей, ведьзьмаў. Працягваецца традыцыя паважлівых адносін да агню, у фальклоры ўслаўляюцца сонца, месяц, зоркі, дрэвы, рэкі і г.д. Захоўваюцца некаторыя язычніцкія абрады – гуканне вясны, купалле, валачобніцтва, юр’еўскія і траецкія звычаі. Але ўсе яны страцілі цяпер сваю магічную сілу, сталі хутчэй за ўсё гістарычнымі традыцыямі і абрадамі беларускага народа.

Вышэйшым узорам старажытнарускай культуры з’яўляецца манументальная архітэктура. У Х–ХІІІ стст. у архітэктуры Еўропы дамінаваў раманскі стыль. Грамадзянскія і культавыя раманскія пабудовы вызначаліся масіўнасцю, суровай манументальнасцю і крапаснымі рысамі. У муроўцы абавязкова ўжываўся часаны і прыродны камень, часам разам з цэглай. Рысы раманскага стылю ёсць у многіх помніках беларускага дойлідства.

З прыняццем хрысціянства бярэ пачатак каменна-цаглянае будаўніцтва, узвядзенне манументальных культавых пабудоў. На пачатковым этапе рускія дойліды пераймалі візантыйскія архітэктурныя формы, потым іх пераасэнсавалі ў адпаведнасці са сваімі мастацкімі густамі, традыцыямі.

Будаўніцтву сабораў на Русі надавалася дзяржаўнае і палітычнае значэнне. Цэрквы былі не толькі культавымі ўстановамі, але і важнейшымі цэнтрамі інфармацыі аб палітычных, рэлігійных і грамадскіх справах і падзеях. У іх захоўваліся казна, бібліятэкі, архівы. Каля сцен цэркваў праходзілі сходы гараджан. Пры храмах і манастырах навучалі грамаце, тут пісаліся славутыя рускія летапісы.

У сярэдзіне ХІ ст. у Полацку, следам за Кіевам і Ноўгарадам, быў пабудаваны старажытнейшы з вядомых на тэрыторыі Беларусі мураваны Сафійскі сабор (Сафія – гэта ўвасабленне Слова Божага, другога твару Троіцы). Ён меў шмат агульнага з наўгародскай Сафіяй. Будаўнічым матэрыялам была плітачная цэгла і брукаваны камень. План храма адрозніваецца строгай сіметрыяй. Унутраная прастора падзялялася 16 слупамі на пяць ўздоўжных нефаў1. Пасярэдзіне будынка змяшчаўся галоўны купал, вакол якога групавалася яшчэ 4 меньшых. Сцены ўнутры сабора былі распісаны фрэскамі і ўпрыгожаны мазаікай. Сабор неаднаразова перабудоўваўся, апошні раз – у XVIII ст. у стылі віленскага барока.

У XII ст. у Віцебску была пабудавана Благавешчанская царква, якая моцна пацярпела ў гады Вялікай Айчыннай вайны і канчаткова разбурана ў 1961 г. Храм аднаапсідны2, трохнефавы, шасціслупавы, нагадвае заходнееўрапейскія базілікі1. Царква мела багаты фрэскавы роспіс: фігуры святых, ілюстрацыі да біблейскіх сказанняў. Не выключана, што грэчаскіх майстроў-будаўнікоў храма прывезлі з сабой полацкія князі, калі вярталіся ў 1140 г. з візантыйскай ссылкі.

У сярэдзіне ХІІ ст. у Полацку быў пабудаваны Спаса-Праабражэнскі (Спаса-Ефрасіннеўскі) сабор, які захаваўся амаль цалкам. Храм лічыцца вяршыняй полацкай архітэктуры. Ён уяўляе сабой вежападобны, выцягнуты ў плане шасціслупавы будынак з адной паўкруглай апсідай. У прыгарадзе Полацка – Бельчыцах, якія магчыма былі загараднай рэзідэнцыяй полацкіх князёў, у ХІІ–ХІІІ стст. былі пабудаваны Вялікі сабор, Пятніцкая і Барысаглебская цэрквы, а таксама Манастырскі дом, які меў выцягнутую форму і акрамя ўсходняй апсіды яшчэ два адкрытыя ўнутр паўкруглыя выступы (конхі). Падобныя тыпы храмаў (трыконхі) былі распаўсюджаны на Балканах і Афоне.

З пабудоў ХІІ ст. трэба адзначыць трохапсідную, чатырохслуповую Барысаглебскую царкву ў Новагародку (на рэштках старажытнай мураванай пабудовы ў ХVI ст. узведзена новая) і царкву ў Тураве, якая была пабудавана з плінфы спосабам роўнаслойнай муроўкі на растворы з дамешкай цамянкі (дробна тоўчанай цэглы). У 1949 г. у раскопках Мінскага Замчышча знойдзены падмурак старажытнай каменнай царквы, якая па невядомых прычынах не была дабудавана.

Информация о работе Старажытнае грамадства на тэрыторыі беларусі. Фарміраванне этнічных супольнасцей