Старажытнае грамадства на тэрыторыі беларусі. Фарміраванне этнічных супольнасцей

Автор: Пользователь скрыл имя, 13 Марта 2012 в 18:32, курс лекций

Описание работы

Гісторыя Беларусі – невычарпальная крыніца гістарычнага вопыту і духоўнасці. Грамадска-палітычнае становішча і перспектывы развіцця Рэспублікі Беларусь. Чаму вучыць гісторыя Беларусі? Аб чым сведчыць гістарычны вопыт?

Работа содержит 1 файл

гист.doc

— 1.90 Мб (Скачать)

Яскравай і самабытнай з’яўлялася гродзенская архітэктурная школа. У ХІІ ст. былі пабудаваны царква Барыса і Глеба на Каложы на ўскраіне старажытнага Гродна, Крэпасныя вежы, Ніжнаяя царква на тэрыторыі гродзенскага дзядзінца, гродзенская Прачысценская царква, а таксама храм, заложаны на Ваўкавыскім Замчышчы. Спалучэнне чырвонага фону цаглянай кладкі з умураванымі разнакаляровымі керамічнымі маёлікавымі пліткамі і паліраванымі камянямі надавалі архітэктурным ансамблям маляўнічасць і непаўторнасць. Для паляпшэння акустыкі ў сцены ўмуроўвалі збаны-галаснікі.

У ХІІІ ст. у манументальным будаўніцтве пачынаюць пераважаць абарончыя збудаванні, што звязана з узмацненнем ваеннай пагрозы з боку крыжакоў і татар. У апошняй чвэрці ХІІІ ст. у Камянцы (каля Брэста) была ўзведзена 30-метровая вежа абарончага значэння – Белая вежа, якая захавалася да нашага часу. Круглая ў плане, яна мае пяць ярусаў з байніцамі на кожным з іх. Маюцца звесткі пра тое, што такія ж вежы былі ў Гродне, Тураве і, магчыма, у Полацку.

Састаўной часткай культуры беларускіх зямель з’яўлялася вусная народная творчасць: песні, быліны, легенды, прымаўкі, казкі, плачы-галашэнні, загадкі. Глыбокімі і каларытнымі былі песенныя цыклы, якія выконваліся на вяселлях, пахаваннях і каляндарных святах. Усе гістарычныя быліны прасякнуты пачуццём патрыятызму, гордасці за сваіх герояў, клопатам аб лёсе ўсіх рускіх зямель. У былінах полацкі князь Усяслаў Брачыслававіч паказваецца храбрым і справядлівым воінам, здольным да пераўвасаблення то ў ляснога сокала, то ў шэрага ваўка, то ў гнядога тура. Некаторыя народныя паданні пазней былі ўнесены ў летапіс. Такім паданнем, напэўна, было апавяданне пра лёс гордай палачанкі Рагнеды.

З хрысціянствам звязана ўвядзенне і пашырэнне пісьменнасці. З’явіліся богаслужэбныя кнігі, перакладная літаратура, філасофскія трактаты. З грэчаскай мовы запазычаліся некаторыя словы (напрыклад “тетрадь”, “лампа”), рускім людзям даваліся грэчаскія імёны – Андрэй, Аляксандр, Георгій, Соф’я. Русь пераймала грэчаскія кнігі, многія з якіх перакладаліся на рускую мову. Былі сярод іх сачыненні пра стварэнне свету, пра біблейскіх герояў, аб рымскіх палкаводцах, “жыцці святых” і г.д.

У адрозненне ад каталіцкіх краін Захаду ў культуры і справаводстве Русі прымянялася родная мова. Разам з перакладнымі кнігамі з’яўляюцца і арыгінальныя сачыненні, у тым ліку рускія летапісы. Маюцца звесткі аб тым, што летапісанне вялося ў Полацку, Тураве, Новагародку.

Вакол царквы і манастыроў групаваліся адукаваныя людзі, у іх ці пры іх існавалі школы, пісаліся і перапісваліся кнігі, збіраліся бібліятэкі. Узорамі старажытных рукапісных кніг, знойдзеных на тэрыторыі Беларусі, з’яўляюцца: вядомае Тураўскае Евангелле (ХІ ст.), Рэймскае Евангелле (ХІ ст. – названае так па месцу знаходжання ў муніцыпальнай бібліятэцы г. Рэймса ў Германіі), служэбнік Валаама Худынскага (канец ХІІ – пачатак ХІІІ стст.), Аршанскае Евангелле (ХІІІ ст.) і некаторыя іншыя. Асноўная частка старых рукапісных кніг загінула ў пажарах, была разрабаваная ў перыяд міжусобных войнаў. Шмат помнікаў старажытнай культуры, у тым ліку кніг, было знішчана пазней езуітамі і іншымі каталіцкімі манаскімі ордэнамі.

З прадстаўнікоў кніжнай асветы старажытнага перыяду нашай гісторыі мы павінны адзначыць: у Смаленску – Клімента Смаляціча, у Тураве – Кірылу Тураўскага, у Полацку – князёўну Прадславу-Ефрасінню.

Клімент Смаляціч жыў у 1 палове ХІІ ст. Як паведамляе летапіс, гэта быў кніжнік, раўні якому не было на ўсёй Русі. Жыў ён у манастыры, але больш быў вучоным, як манахам. У яго келлі побач з кніігамі Святога Пісьма можна было знайсці і кнігі айцоў царквы (так звалі багасловаў, якія сфарміравалі дагматыку, правілы богаслужэння, законы ўнутранага жыцця). З іх ён атрымліваў звесткі пра антычных аўтараў: Гамера, Платона, Арыстоцеля. Паводле звестак, дайшоўшых да нас, Клімент напісаў шмат кніг, казанняў (пропаведзяў), пасланняў, тлумачэнняў. З усіх гэтых матэрыялаў да нашага часу дайшло толькі адно пасланне, напісанае Кліментам смаленскаму святару Фаме. Клімент Смаляціч з 1147 па 1154 гг. з’яўляўся мітрапалітам Кіеўскім.

Кірыла Тураўскі – другі прадстаўнік асветы ХІІ ст. – паходзіў з сям’і заможных гараджан. Вучылі яго грэкі. Потым ён стаў манахам. Калі вызвалілася епіскапская кафедра ў Тураве, яго абралі епіскапам. Праваслаўная царква прылучыла Кірылу Тураўскага да ліку святых. Гэта быў не толькі кабінетны вучоны, але і выдатны царкоўны аратар. Імя яго сустракаем у агульных курсах рускай літаратуры старажытнага перыяду. Прамовы Кірылы ўяўляюць сабою ўзоры царкоўнага красамоўя таго часу. Яго казанні і павучанні створаны на асновах візантыйскай рыторыкі. Сучаснікі далі яму назву Залатавуснага (задоўга да Кірылы жыў выдатны царкоўны аратар, адзін з айцоў усходняй (праваслаўнай) царквы Іаан (каля 350 – 407 гг.), якога за красамоўства назвалі Залатавусным). І гэтае найменне з поўным правам застаецца за ім да нашага часу.

Прадслава-Ефрасіння, князёўна полацкая, таксама жыла ў ХІІ ст. Яна была ўнучкаю знаёмага нам полацкага князя-чарадзея Усяслава. Як апавядаюць паданні, яна сваёю прыгажосцю і розумам стаяла вышэй за ўсіх сваіх сучасніц. Жаніхі шукалі рукі князёўны, але яна адмаўлялася ісці замуж. Бацькі хацелі аддаць яе замуж прымусам. Дазнаўшыся аб гэтым, яна цішком пакінула родную сям’ю і ўцякла ў жаночы манастыр, на чале якога стаяла яе цётка. Калі бацькі даведаліся пра гэта, яны прасілі яе вярнуцца дадому. Прадслава ж засталася ў манастыры і праз некаторы час прыняла пострыг. Яшчэ ў доме бацькоў Прадслава любіла ў час адпачынку чытаць кнігі. Чытанне ў тыя часы было рэдкаю з’явай у грамадстве. Прыняўшы манаства, яна стала працаваць над перапісваннем кніг. Вакол яе аб’ядноўваліся шматлікія паслядоўнікі асветы і кніжнасці. Манастыр, у якім жыла і працавала Прадслава-Ефрасіння, паступова стаў буйным рэлігійным і культурным цэнтрам, адкуль кнігі разыходзіліся па ўсіх заходніх землях Русі. У сталым узросце Прадслава здзейсніла паломніцтва ў Палестыну і Ерусалім. Там яна і памерла ў 1173 годзе. Мошчы Ефрасінні Полацкай спачываюць цяпер у пабудаваным ёю Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры, які часткова захаваўся да нашых дзён.

З імем полацкай князёўны звязаны такі помнік гісторыі і культуры, як крыж Ефрасінні Полацкай, створаны мясцовым майстрам Лазарам Богшам у 1161 г. Яго асновай з’яўлялася кіпарысавае дрэва. Зверху і знізу дрэва закрывалі залатыя пласціны (усяго 21), аздобленыя каштоўнымі камянямі, арнаментальнымі кампазіцыямі і абразкамі, якія былі выкананы ў тэхніцы перагародкавай эмалі. Па майстэрстве выканання твор Лазара Богшы не саступаў лепшым візантыйскім узорам, вырабленым у гэтай найтанчэйшай тэхніцы. Шасціканцовы крыж меў вышыню каля 52 см, пасярэдзіне ў 5 квадратных падпісаных гнёздах знаходзіліся рэліквіі. Яго бакі былі абкладзены срэбнымі з пазалотаю пласцінамі, выкананымі ў тэхніцы ціснення. Крыж быў абведзены шнурком перлаў.

Крыж Ефрасінні Полацкай з’яўляецца не толькі выдатным творам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але і каштоўным помнікам старажытнабеларускага пісьменства. Зробленыя на крыжы надпісы ўмоўна падзяляюць на дзве часткі. У першай частцы паведамляецца аб годзе стварэння святыні, кошце матэрыялаў і працы, у другой жа запісаны праклён таму, хто знясе крыж са Спаскай царквы, якой падаравала яго Ефрасіння.

Няпросты лёс напаткаў крыж Ефрасінні Полацкай, шмат разоў змяняў ён уладальнікаў і месцазнаходжанне. Ужо на мяжы ХІІ–ХІІІ стст. яго вывезлі з Полацка смаленскія князі, у ХVI ст. крыж ненадоўга трапіў у рукі маскоўскіх князёў, а затым захоўваўся ў Сафійскім саборы, які належаў уніятам. Пасля скасавання уніі ён быў вернуты ў Спаса-Ефрасіннеўскую царкву. З 1929 г. крыж знаходзіўся ў Магілёўскім краязнаўчым музеі. У гады Вялікай Айчыннай вайны крыж знік, і яго месцазнаходжанне невядома. У 90-я гады брэсцкім майстрам М. Кузьмічом была зроблена дакладная копія гэтага крыжа.

Вялікае развіццё ў беларускіх землях атрымала прыкладное мастацтва. Нават звычайныя прадметы з дрэва, косці, гліны, металу ўпрыгожваліся разьбою, інкрустацыяй. Своеасаблівая ў гэтым сэнсе прыгажосць керамікі ХІ–ХІІІ стст. У ёй мы не знойдзем яскравасці маляўнічых спалучэнняў эмалі, пераліваў сонечнага спектра шкла. Яе прыгажосць выяўлялася ў строгасці і стрыманасці каляровых гучанняў, у шурпатасці, аксамітнасці груба зробленай фактуры.

Трохі іншы характар мелі прадметы, прызначаныя для феадальнай арыстакратыі, заможных гараджан. Яны часта ўпрыгожваліся выявамі фантастычных звяроў і птушак, выкананымі ў асаблівай манеры – “звярыным стылі”. Любімымі сюжэтамі старажытнарускага прыкладнога мастацтва былі геральдычныя львы. Узорамі тонкай разьбы па каменю і косці з’яўляюцца шахматныя фігуркі, знойдзеныя ў Гродне і Ваўкавыску.

Пра высокае мастацкае майстэрства тагачасных умельцаў гавораць прадметы хрысціянскага культу. Сярод іх вылучаюцца найтанчэйшай мастацкай разьбой абразкі з шэрага шыферу, знойдзеныя ў час раскопак на гарадзішчы Мінска. Адзін з гэтых абразкоў выяўляе ўшанаваных у старажытнасці святых у поўны рост з фігураю Хрыста ў верхняй частцы. Твары і ўсё аблічча святых у многім нагадваюць нам беларускіх сялян.

Для стварэння прадметаў хатняга побыту, зброі, прылад працы і ўпрыгожванняў выкарыстоўваліся розныя металы: жалеза, бронза, медзь, срэбра, золата. Тэхніка іх апрацоўкі ў ХІ–ХІІІ стст. дасягнула высокага ўзроўню. У беларускіх гарадах былі распаўсюджаны амаль усе вядомыя ў Еўропе тэхнічныя спосабы апрацоўкі металаў: плаўка, ліццё, коўка, залачэнне дроту, гравіраванне, упрыгожванне металічных вырабаў эмаллю, чарненнем.

Такім чынам, багатая, яскравая і шматгранная культура беларускіх зямель у ІХ–ХІІІ стст. стаяла ў шэрагу перадавых культур свайго часу, была часткай усходнеславянскай культуры.

 

УТВАРЭННЕ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА

Для таго каб зразумець, як ішоў працэс утварэння Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ), трэба пачаць з аналізу таго, што сабой уяўлялі заходнерускія і літоўскія землі ў ХІІ ст.

Для заходніх зямель Русі ХІІ–ХІІІ стагоддзі былі перыядам феадальнай рздробленасці.

Калі ў першай палове ХІІ ст. аўтарытэт Полацкага княства быў дастаткова высокім, то ў сярэдзіне ХІІІ ст. становішча мяняецца. Знясіленае бясконцымі войнамі і міжусобіцамі, яно ўсё больш аслаблялася, што адразу ж выкарысталі знешнія ворагі.

З ХІІ ст. заходнім і паўночна-заходнім землям Русі пачала пагражаць сур’ёзная небяспека – агрэсія нямецкіх феадалаў.

Яшчэ большая небяспека навісла над княствам, калі на пачатку ХІІІ ст. у Прывіслінні быў заснаваны Тэўтонскі Ордэн.

Яшчэ адным фактам аслаблення заходнерускіх зямель стала мангола-татарскае нашэсце.

Такім чынам, на заходнерускія землі, што пазней склалі тэрыторыю Беларусі, у ХІІІ ст. узмацніўся ўціск знешнепалітычнага фактару. Пагроза з захаду ад крыжакоў, з поўдню і ўсходу – ад мангола-татараў адрадзіла аб’яднальную тэндэнцыю ў гэтых землях.

Але самая важная прычына адраджэння аб’яднальнай тэндэнцыі на Русі – унутрыпалітычная. ХІІІ стагоддзе вучоныя характарызуюць як новы этап інтэнсіўнага развіцця феадальных адносін (у адрозненне ад папярэдняга перыяду генезіса феадальных адносін). Развіваюцца прадукцыйныя сілы, ідуць працэсы экстэнсіўнага і інтэнсіўнага развіцця земляробства, растуць гарады, пашыраюцца гандаль, рамёствы. Адчуваюцца змяненні ў інстытуце феадальнай уласнасці. У плынь феадальнай эксплуатацыі ўцягваюцца новыя катэгорыі вольнага (з ліку вольных абшчыннікаў) і несвабоднага (з ліку халопаў) насельніцтва. Расце сіла і моц баярства за кошт князёў. Паказчыкам гэтага з’яўляецца ўзнікненне вечавога кіравання ў шэрагу гарадоў.

Феадалам спатрэбілася аб’яднаць сілы для ўзмацнення прававога рэгулявання феадальных адносін, уніфікацыі феадальнага прыгнёту, спынення перабежкі сялян ад аднаго феадала да іншага, прымацавання іх да зямлі.

Аб’яднальнай сілай заходнерускіх княстваў выступіла ўлада вялікіх князёў літоўскіх.

У першай палове ХІІІ ст. ствараецца цэнтралізаваная раннефеадальная Літоўская дзяржава з моцнай вялікакняжацкай уладай. Яе ўзнікненне звязана з імем вядомага літоўскага князя Міндоўга, як сведчаць хронікі, сына буйнейшага феадала Літвы. Яму ўдалося аб’яднаць большасць літоўскіх княстваў. Аднак па ўзроўню свайго культурнага і эканамічнага жыцця Літоўская дзяржава значна адстала ад Русі. Літоўцы ў большасці заставаліся земляробамі. У іх яшчэ не развівалася гарадское жыццё з яго гандлем і рамёствамі. Але ж у палітычным плане літоўскія землі набылі моцную дзяржаўнасць і мелі сур’ёзную перавагу перад раздробленымі землямі Русі.

Такім чынам, у ХІІІ ст. складаюцца перадумовы ўзнікнення ў Еўропе новага дзяржаўнага ўтварэння – ВКЛ. Велізарную ролю ў працэсе аб’яднання літоўскіх і заходнерускіх зямель у адзіную дзяржаву адыграў фактар узаемнага імкнення. У Заходняй Русі ўсё больш акрэсленай была тэндэнцыя пераходу ад раздробленасці да кансалідацыі, але не было аб’яднальнага палітычнага ядра. Літоўцы, нягледзячы на тое, што знаходзіліся на больш нізкай ступені развіцця, у стадыі фарміравання дзяржавы, дапамаглі знайсці страчаны палітычны аб’яднальны цэнтр. Улада вялікіх князёў літоўскіх, якая ўмацавалася ў барацьбе за аб’яднанне літоўскіх зямель, стала своеасаблівым фундаментам у гэтым працэсе. Велізарную ролю ў аб’яднанні літоўскіх і заходнерускіх княстваў адыграў фактар знешняй небяспекі.

Працэс аб’яднання ў ВКЛ быў працяглы і складаны. Ён адбываўся больш за стагоддзе – з 2-й чвэрці ХІІІ ст. па 3-ю чвэрць ХІV ст.

Пэўную ролю ў ім адыграў узаемны палітычны інтарэс.

Аблегчыла сітуацыю адсутнасць у той час акрэленай палітычнай мяжы паміж двума рэгіёнамі. Глыбокае ўзаемапранікненне абодвух этнічных элементаў збліжала суседнія народы, асабліва ў эканамічных і культурных адносінах. Гэта пацверджана археалагічнымі, лінгвістычнымі і этнаграфічнымі матэрыяламі. Поспеху спрыяла і тое, што спачатку літоўскія князі давалі абяцанне “не рухаць старыны” і не ўводзіць “навіны” на заходнерускіх землях. Больш таго, яны актыўна запазычвалі эканамічны, палітычны, прававы, рэлігійны фундамент, пісьменнасць (якой самі не мелі) больш развітога народа. Уваходжанне ў склад ВКЛ не ўспрымалася заходнерускімі княствамі як вынік літоўскай агрэсіі.

Шляхі, спосабы і акалічнасці далучэння асобных зямель да ВКЛ былі розныя. У адных выпадках тэрыторыя далучалася пры дапамозе ваеннай сілы, у іншых – шляхам дынастычных шлюбаў, у трэціх – на аснове пагадненняў паміж літоўскімі і рускімі князямі. Усё залежала ад узроўню развіцця, ступені палітычнай кансалідацыі той ці іншай зямлі. Адыгравалі ролю знешнепалітычныя, геаграфічныя і часовыя фактары. Так паступова ішоў працэс уключэння заходнерускіх зямель у палітычнае жыццё літоўскай дзяржавы, якая па меры свайго росту ператварылася ў ВКЛ.

Информация о работе Старажытнае грамадства на тэрыторыі беларусі. Фарміраванне этнічных супольнасцей