Автор: Пользователь скрыл имя, 06 Декабря 2011 в 02:28, лекция
Узнікненне чалавечага грамадства — надзвычай доўгі і складаны працэс. Паводле сучасных навуковых даных, якія атрыманы на аснове апошніх сенсацыйных адкрыццяў ва Усходняй Афрыцы, найбольш старажытныя людзі з'явіліся на Зямлі каля 2,6 млн гадоў таму. Прыблізна мільён гадоў таму людзі праніклі ў Міжземнамор'е.
100 - 35 тыс. гадоў назад – першыя спробы пранікнення чалавека на тэр. Беларус
У 2-м ст. н.э. паўднёва-заходнюю Берасцейшчыну закранула міграцыя з узбярэжжа Балтыкі і Прычарнамор'я германскіх плямёнаў готаў-гутаў, а таксама роднасных ім гепідаў. У пошуках новых земляў яны рухаліся старадаўнім бурштынавым шляхам з Віслы на Буг і рабілі, мабыць, разам з мясцовым славянскім насельніцтвам, рабаўнічыя паходы на суседзяў. Не выключана, што менавіта па гэтай прычыне яшчэ і сёння літоўцы сваіх паўднёвых суседзяў славян-беларусаў называюць гудамі, а наш край Гудзіяй.
У II – IV стст. н.э. тэрыторыю Заходняга Палесся, абмежаваную рэкамі Буг, Ясельда і Гарынь, займала насельніцтва вельбарскай культуры, якая сфарміравалася на польскім Памор'і ў I ст. н.э. У II ст. адбылося значнае перамяшчэнне носьбітаў гэтай культуры на паўднёвы ўсход, праз палескія балоты далей на Украіну і ў Прычарнамор’е. У Беларусі адкрыты паселішчы і бескурганныя могільнікі вельбарцаў каля вёсак Вялічкавічы і Кругель Камянецкага, Блювінічы Брэсцкага, Струга, Велямічы Столінскага раёнаў і інш. Найбольш поўна даследаваны могільнік Брэст-Трышын, выяўлены на ўскрайку Брэста каля р.Мухавец. Пахаванні адбываліся па абрадзе трупаспалення ў невялікіх ямах глыбінёю да 1 м. Перапаленыя косткі, нярэдка з рэшткамі вогнішча, ссыпаліся на дно паглыблення. Пэўная колькасць урнавых пахаванняў выяўлена толькі на могільніку Брэст-Трышын. Найбольш тыповы набор прадметаў у пахавальным інвентары – гліняны посуд, касцяныя грэбені, металічныя фібулы. Зброю ў магілы ніколі не клалі. Керамічны комплекс прадстаўлены гаршкамі, вазападобнымі пасудзінамі, збанамі, кубкамі, міскамі, мініяцюрнымі пасудзінкамі. Гаршкі звычайна маюць шурпатую або сітаватую паверхню тулава і загладжаныя шыйкі і прыдонныя часткі. Усе астатнія формы посуду глянцаваліся. Практычна ўся кераміка зроблена рукамі. Ганчарны гаршчок, ваза і міска знойдзены толькі ў трох выпадках.
Значная частка Сярэдняй Беларусі і Усходняй Літвы была заселена ў VII ст. да н. э. – IV ст. н. э. плямёнамі культуры штрыхаванай керамікі, якая фарміравалася на аснове мясцовай культуры эпохі бронзы. Яе посуд адрознівае знешняя паверхня, пакрытая хаатычна нанесенай штрыхоўкай, што была зроблена пучком травы ці саломы яшчэ па неабпаленай гліне. Гэту культуру звязваюць з усходнелітоўскімі плямёнамі ці лічаць, што яна належала роднасным плямёнам, якія зніклі, не пакінуўшы пасля сябе назваў. Некаторыя бачаць у ёй славян, што вельмі спрэчна і неверагодна. Гарадзішча культуры штрыхаванай керамікі добра даследавана каля в. Малышкі Вілейскага раёна (Мінская вобласць). Выяўлены рэшткі пяці вялікіх жытлаў даўжынёй 18 м, шырынёй 7 м. Жытлы былі падзелены на асобныя памяшканні, якія знаходзіліся пад адным, відаць, двух-схільным дахам.
Штрыхавікі жылі амаль выключна на гарадзішчах у вялікіх наземных хацінах слупавой канструкцыі. Памерлых хавалі па абрадзе, які не захоўваў слядоў магіл.
На поўначы Беларусі, у Віцебскай вобласці і суседніх з ёй раёнах Магілёўскай вобласці, на Смаленшчыне знаходзіліся плямёны днепра-дзвінскай культуры, якія належалі да балтамоўнага насельніцтва. У паўночных раёнах Віцебскай вобласці на некаторых гарадзішчах каля рубяжа нашай эры сумесна з балтамі жылі фіна-угры.
Балты і фіна-угры належаць да дзвюх зусім розных моўных сем'яў. Фіна-угорскія народы складаюць уральскую моўную сям’ю. Фіна-угорскі арэал ахоплівае значную частку Волжскага басейна, уключаючы Прыкам’е. Да пачатку сярэдневякоўя фіна-угры ў моўных і культурных адносінах падзяліліся на мноства плямён і племянных груповак. Да прыбалтыйска-фінскай моўнай групы цяпер належаць эстонцы, фіны-суомі, лівы, карэлы.
Прыбалтыйска-фінскія
плямёны ў старажытнасці
Аднак пераважная большасць назваў рэк ва ўсёй Беларусі захавала карані, якія ёсць у літоўскай і латышскай мовах, і характэрныя канчаткі. Адсюль назвы рэк Волча, Гайна, Грыўда, Друць, Клёва, Лучоса, Мытва, Нача, Ула, Усяжа, Эса.
Мовазнаўцы вывучылі назвы рэк і азёр на абшары, які супадае са значнай часткай беларускай этнічнай тэрыторыі, і выявілі тут сотні балцкіх гідронімаў. Асабліва густа размешчаны назвы рэк, звязаныя з балтамі, у басейнах Бярэзіны і Сожа. Дадзеныя гідранімікі паслужылі адным з аргументаў для вываду, што на тэрыторыі Беларусі з глыбокай старажытнасці, прыкладна да сярэдзіны 1 тысячагоддзя н. э. і яшчэ пазней, жылі балтамоўныя плямёны. Славянскас насельніцтва запазычыла назвы рэк і азёр ад сваіх папярэднікаў. Старажытныя назвы дажылі да нашых дзён і ператварыліся ў сведчанне этнічнай гісторыі.
Як штрыхавікі, так і днепра-дзвінцы адставалі ў сваім развіцці ад плямёнаў паўднёвай Беларусі. Так, яны запазніліся з авалоданнем жалезаробчай справы, таму на ранніх этапах сваёй гісторыі яшчэ шырока карысталіся каменнымі вырабамі. Больш увагі ўдзялялі паляванню, рыбалоўству, збіральніцтву, лясным промыслам. Адставалі яны і ў сацыяльным жыцці. Вялікія памеры жылля сведчаць пра захаванне архаічнай вялікай сям'і – роду, у той жа час на Палессі асноўнай гаспадарчай адзінкай становіцца невялікая сям'я.
Распад
патрыярхальна-родавых адносін
Сярод носьбітаў культур жалезнага веку Беларусі вучоныя шукаюць карані сучасных народаў. Найбольш спрэчным з'яўляецца этнічнае вызначэнне паўднёвабеларускіх культур. Мілаградцаў і зарубінцаў адносяць то да старажытных балтаў, то да славян, то да плямён невядомай мовы, што затым растварыліся сярод суседзяў. Аднак маецца шмат сведчанняў, што нашчадкі зарубінцаў ужо мелі сувязь са славяншчынай. Менш спрэчак пра штрыхавікоў і днепра-дзвінцаў. Яны засялялі землі, дзе назвы большасці вадаёмаў балцкія, гэта значыць лета-літоўскія. Па гэтай прычыне большасць даследчыкаў насельніцтва жалезнага веку сярэдняй і паўночнай Беларусі лічаць продкамі сённяшніх латышоў і літоўцаў.
Паселішчы рымскага часу ў Беларусі. У Паўднёвай і Усходняй Беларусі ў III – V стст. былі распаўсюджаны помнікі кіеўскай культуры. Упершыню яны вывучаліся ўкраінскімі археолагамі на Кіеўшчыне і амаль адначасова беларускімі даследчыкамі ў Верхнім Падняпроўі.
У першыя
стагоддзі нашай эры
Чаму ж адбыліся такія значныя змены ў тыпах паселішчаў? Прычын было дзве. Па-першае, на нізка размешчаных вялікіх паселішчах было больш зручна займацца сельскай гаспадаркай і жывёлагадоўляй, чым пражываючы на высокай, невялікай памерамі, гары. Па-другое, напэўна, у пачатку нашай эры ў плямён узнікла даволі моцная грамадская арганізацыя – саюз плямён, якая забяслечвала ахову кожнай асобнай абшчыны і адначасова спрыяла далейшаму пранікненню гэтых плямён у іншыя суседнія вобласці.
Больш як 300 паселішчаў і некалькі бескурганных могільнікаў удалося выявіць у Беларускім Падняпроўі. Некаторыя з іх грунтоўна вывучаны. Гэтыя помнікі маюць некаторыя агульныя рысы з паселішчамі і могільнікамі зарубінецкай культуры. На паселішчах будавалі невялікія памяшканні слупавой канструкцыі, а таксама збудаванні квадратнага паўзямлянкавага тыпу. Насельніцтва мела сувязі з паўночнымі правінцыямі Рымскай імперыі.
Адно з такіх вялікіх паселішчаў кіеўскай культуры было даследавана каля в. Адаменка ў Быхаўскім раёне на Магілёўшчыне. Яго старажытныя жыхары здабывалі і апрацоўвалі жалеза, кавалі выраблялі сярпы, нажы, іншыя рэчы. 3 каляровых металаў рабілі ўпрыгажэнні, якія адлівалі ў спецыяльных формах. Прывабна вьгглядалі бронзавыя жаночыя падвескі. Іх насілі ў складзе маністаў. У сярэдзіне кожнага вырабу былі невялікія паглыбленні, запоўненыя шклопадобнай масай чырвонага колеру – эмаллю. Найбольш цікавыя знаходкі – рэчы, якія трапілі сюды з далёкіх зямель Рымскай імперыі. Напрыклад, медная манета Геты, выбітая ў 209 г. у горадзе Аўгуста-Траяна (цяпер горад Філінопаль у Балгарыі). Выяўлены таксама рэшткі бронзавых рымскіх пасудзін і рымскай керамікі, якая пакрыта лакам. Памёршых, як і раней, спальвалі і хавалі ў грунтавых ямах. Такі грунтавы могільнік даследаваны каля в. Тайманава Быхаўскага раёна. Рэшткі спальвання памёршых ссыпалі ў гаршкі (урны), якія клаліся ў яму. Многія вучоныя лічаць плямёны кіеўскай культуры славянскімі. Калі гэта канчаткова пацвердзіцца, то прарадзімай славян можна будзе лічыць Верхняе Падняпроўе і значную частку тэрыторыі Беларусі,
Засяленне славянамі тэрыторыі Беларусі ў раннім сярэдневякоўі
У 455 г. вандалы зруйнавалі сталіцу калісьці непераможнай Рымскай імперыі. Дым пажараў абвясціў заняпад бліскучай антычнай цывілізацыі, заснаванай на рабаўладальніцтве. Аднак агонь, што пажыраў палацы нобіляў і халупы гарадскога плебсу, высвеціў набліжэнне новай эпохі ў еўрапейскай гісторыі – сярэднявечча. Беларусь таксама не мінулі тагачасныя бурлівыя падзеі. Развіццё гаспадаркі, масавыя перамяшчэнні насельніцтва, уплыў суседніх супольнасцяў паступова трансфармавалі першабытны лад у феадальны. Аднак гэты працэс у нас зацягнуўся на некалькі стагоддзяў.
Пачатак беларускага сярэднявечча супаў са славянізацыяй большай часткі нашага края, чым закладвалася аснова для фарміравання тут старабеларускага этнасу.
Рымскія аўтары I – II стст. н.э. пісалі пра плямёны “венедаў”. Гэта самая старажытная назва славян. Аднак пакуль што цяжка на падставе археалагічных матэрыялаў вызначыць межы іх першапачатковага рассялення. У V ст. пачалося засяленне славянскімі плямёнамі Балканскага паўвострава, які належаў Візантыі.
Гісторыкі VI ст. называлі славянскія плямёны антамі і склавінамі. Славяне рассяліліся на вялікую тэрыторыю ад Лабы (Эльбы) да Ніжняга Дуная, Сярэдняга Дняпра, Дона і Чорнага мора. Яны сталі найбольш небяспечнымі суседзямі Візантыі.
Ксярэдзіне VII ст. славяне занялі сваімі паселішчамі амаль усю тэрыторыю Балканскага паўвострава. Яны рабілі частыя набегі на астравы Эгейскага мора. нападалі на Крыт, а ў 626 г. нават асаджалі сталіцу Візантыйскай імперыі – Канстанцінопаль. Нямала славян перасялілася ў Малую Азію.
У VI – VII стст. славяне падзяліліся на тры вялікія групы: адны з іх праніклі на захад – на берагі Одры і Лабы. Разам з насельніцтвам, якое жыло на берагах ракі Віслы, яны сталі продкамі сучасных заходнеславянскіх народаў – польскага, чэшскага, славацкага. Славянскія плямёны, якія пасяліліся на Балканскім паўвостраве, былі продкамі сучасных паўднёваславянскіх народаў – балгар, сербаў, харватаў, славенцаў, македонцаў, чарнагорцаў. Яны змяшаліся з мясцовым фракійскім і ілірыйскім насельніцтвам. Амаль адначасова з заходнімі і паўднёвымі славянамі вылучылася трэцяя група – усходнія славяне, продкі сучасных беларусаў, украінцаў і рускіх.
Пісьмовых звестак пра рассяленне славян на тэрыторыі Беларусі амаль не захавалася. У “Аповесці мінулых часоў” вельмі коратка гаворыцца пра рассяленне славян ва Усходняй Еўропе з Дуная. Асноўныя звесткі пра гісторыю насельніцтва тых часоў вучоныя атрымліваюць з археалагічных крыніц.
Славяне на поўдні Беларусі. У V – VIII стст. на поўдні Беларусі з’яўляюцца помнікі пражскай культуры, якія, бясспрэчна, належалі славянам. Упершыню яны былі даследаваны каля Прагі, у Чэхіі. Славянскія плямёны гэтай культуры насялялі тэрыторыю Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ад Эльбы і Одэра на захадзе да Дняпра на ўсходзе і ад Віслы і Прыпяці на поўначы да Дуная на поўдні. Спачатку насельніцтва жыло на неўмацаваных паселішчах. Рэшткі такога славянскага паселішча V – VI стст. з паўзямлянкамі і печамі-каменкамі выяўлены на ўскраіне горада Петрыкава.
Пазней, з VIІ ст., узнікаюць ўмацаваныя валамі і равамі славянскія гарадзішчы. У навуцы добра вядомы дэталёва вывучаныя гарадзішча і паселішча каля в. Хатомель Столінскага раёна на Брэстчыне. Гарадзішча. было не толькі месцам сховішча для навакольнага насельніцтва, але і з’яўлялася ўмацаванай сядзібай знаці. Тут знаходзіліся ўзброеныя дружыннікі. Простае насельніцтва жыло побач на неўмацаваным паселішчы. Яно займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, рыбнай лоўляй і забяспечвала знаць усім неабходным. Гэта былі, магчыма, славяне-дулебы, вядомыя па пісьмовых крыніцах. Мяркуюць, што славянскае племя дулебаў складвалася ў рымскі час паблізу заходнегерманскага насельніцтва. Адтуль дулебы рассяляліся ў розных напрамках. Дулебы былі на Валыні, у Чэхіі, на Сярэднім Дунаі і ў многіх іншых месцах. Магчыма, з Валыні яны трапілі ў Беларусь, дзе вядомы асобныя назвы вёсак «Дулебы» (Бярэзінскі, Клічаўскі раёны).
У VI ст. невялікія, але добра ўзброеныя групы славянскага насельніцтва, у якіх, мяркуючы па знаходках, пераважалі мужчыны-ваяры, распачынаюць рух на поўнач ад Прыпяці да Дняпра і яго прытокаў, у далёкае Падзвінне. Сляды пажараў на некаторых гарадзішчах штрыхавікоў і днепра-дзвінцаў сведчаць аб тым, што гэта пранікненне не абыходзілася без сутыкненняў.
Верагодна, што прышлыя людзі з-за Прыпяці паспрыялі фарміраванню на большай частцы Беларусі дзвюх роднасных культур – банцараўскай (па гарадзішчы каля в.Банцараўшчына пад Мінскам), якая была распаўсюджана ў Верхнім Падняпроўі, Верхнім Панямонні, Верхнім і Сярэднім Падзвінні. і калочынскай (па гарадзішчы і селішчы Калочын Рэчыцкага раёна на Гомельшчыне). Для іх старажытнасцяў характэрныя пераважна балцкія рысы, аднак тут ужо выяўляецца і ўплыў славянскага свету.
Насельніцтва банцараўскай культуры, як і калочынскай, жыло на неўмацаваных паселішчах, будуючы там наземныя жытлы і паўзямлянкі. Гарадзішчы сваіх папярэднікаў яны выкарыстоўвалі як сховішчы ў час небяспекі, ператварыўшы іх у сапраўдныя земляныя замкі. Развіццё гаспадаркі, змешванне насельніцтва ў час міграцый, суіснаванне прышлых людзей з абарыгенамі вялі да паступовага ператварэння родавай абшчыны ў суседскую. Перасяленні ж у гэты час з гарадзішчаў у вёскі могуць сведчыць, што адпала неабходнасць кожнаму калектыву клапаціцца пра сваю бяспеку. Такое магло здарыцца пры існаванні калектыўнай абароны на вялікай прасторы пры пэўных формах дзяржаўнай арганізаванасці.Яна была распаўсюджана ў Верхнім Падняпроўі, Верхнім Панямонні, Верхнім і Сярэднім Падзвінні.Паселішчы з паўзямлянкамі і наземнымі жытламі размяшчаліся на пакатых узвышшах у поймах рэк або на мысах іх берагоў. Шмат паселішчаў узнікла недалёка ад ранніх гарадзішчаў, якія дадаткова ўмацоўваліся землянымі валамі і ператвараліся ў гарадзішчы-сховішчы. У матэрыяльнай культуры насельніцтва прысутнічаюць прыкметы як культуры. славян (паў-зямлянкавыя жытлы з печамі-каменкамі), так і балтаў (ляпныя слоікападобныя пасудзіны). На Віцебшчыне былі даследаваны доўгія курганы з пахаваннямі па абраду трупаспалення і пасудзінамі банцараўскай культуры. Пахаванні належаць крывічам-палачанам. Банцараўская культура – своеасаблівая балта-славянская культура. Выдатнае гарадзішча VI – VIII стст., дзе знаходзіўся ваенны правадыр з дружынай, вывучылі археолагі каля в. Нікадзімава Горацкага раёна і знайшлі шмат матэрыялаў таго часу.