Кантрольная работа па "Гісторыі Беларусі"

Автор: Пользователь скрыл имя, 24 Сентября 2011 в 20:05, контрольная работа

Описание работы

З часоў свайго заснавання Вялікае княства Літоўскае існавала ва ўмовах выбару паміж некалькімі культурна-рэлігійнымі мадэлямі развіцця грамадства. Гэта стварала далейшыя ўмовы складвання агульнай духоўнай асновы развіцця розных культур у адзіным грамадстве. Царкоўна-рэлігійны фактар у складванні беларускай-літоўскай дзяржаўнасці варта разглядаць у цывілізацыйным,культуралагічным, псіхалагічным аспектах,неабмежаваным уласна канфесійнай гісторыяй.

Содержание

Уводзіны


1. Канфесійная палітыка вярхоўнай улады.


2. Рэфармацыя і контррэфармацыя


3. Берасцейская унія


Заключэнне


Літаратура

Работа содержит 1 файл

Кантролка па гісторыі.doc

— 140.50 Кб (Скачать)

     Пад нацiскам контррэфармацыi пачаўся масавы пераход магнатаў у рыма–каталiцкае веравызнанне. Найбольш пацярпела ад гэтага грэцкая царква, якая страцiла сваiх патронаў, бо вялiкая група  былых праваслаўных магнатаў пасля пратэстантызму не вярнулася да старой веры, а прыняла каталiцтва. Толькi Астафi Валовiч (1530—1610) пад канец жыцця зноў стаў праваслаўным. Напрыканцы ХVI ст. грэка–вiзантыйская царква на тэрыторыi Беларусi заставалася практычна без апекуноў. На каронных землях Украіны яе раўніва абараняў кіеўскі ваявода князь Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі (1524—1608). Гэта яго александрыйскі патрыярх Мялеці І (1590—1601) спецыяльна прасіў узяць праваслаўных Рэчы Паспалітай пад сваю апеку. Яшчэ ў 1576 г. для павышэння інтэлектуальнага ўзроўню праваслаўнага духавенства князь Астрожскі заклаў у Астрозе славутую славяна–грэка–лацінскую акадэмію (на ўзор езуіцкага калегіума), якая мела вялікія заслугі ў пашырэнні асветы сярод праваслаўных Украіны і Беларусі. Аднак агульнай сітуацыі грэцкай веры яна не змяніла. Як сведчыў Мялецi Сматрыцкi, да 1596 г. царкву ўсходняга абраду пакiнулi князi Слуцкiя, Заслаўскiя, Сангушкi, Пронскiя, Саламярэцкiя, Галаўчынскiя, Крошынскiя, Масальскiя, Горскiя, Сакалiнскiя, Лукамскiя, Пузынi, а таксама шляхецкiя дамы Хадкевiчаў, Глябовiчаў, Сапегаў, Кiшкаў, Валовiчаў, Корсакаў, Дарагастайскiх i многiх iншых заможных праваслаўных родаў.  
 
 
 

Берасцейская  унія 

     Пад канец ХVI ст. праваслаўная царква на ўсходнеславянскiх землях Рэчы Паспалiтай перажывала глыбокi заняпад. З дзесяцi яе епархiй тэрыторыю Беларусi ахаплялi тады Полацкая, Смаленская, Пiнская (Тураўская) i Ўладзiмiра–Берасцейская. Рэзiдэнцыя мiтрапалiта мясцiлася не ў Кiеве, а ў Наваградку цi Вiльнi. Хоць праваслаўныя цэрквы функцыявалi бадай у кожным горадзе i мястэчку (а ў буйных гарадах iх было шмат, прыкладам, у Пiнску ў сярэдзiне ХVI ст. было 13 храмаў, у Гораднi — 6, у Клецку — 5), парафiяльная сетка заставалася слабаразвiтай. У сельскай мясцовасцi храмаў не хапала. Напрыклад, у Пiнскiм старостве на 105 вёсак налiчвалася толькi 10 цэркваў. Аднак галоўнай заганай усходняй царквы сталася тое, што яна на той час ужо зусiм не задавальняла патрэбаў грамадскага жыцця.

     Шматлiкiя  прыклады сведчаць, што праваслаўныя ўладыкi (а паходзiлi яны звычайна з небагатай шляхты) не вызначалiся адукаванасцю ды маральнасцю, не мелi высокага грамадскага аўтарытэту. Адзiн з тагачасных праваслаўных пiсьменнiкаў у палемiцы з каталiцкiмi аўтарамi сам называў сваіх айцоў «невукамi i прастакамi вялiкiмi». Нiжэйшае духавенства было наогул цёмнае. I гэта не дзiўна, калi ўлiчыць, што да другой паловы ХVI ст. на ўсёй тэрыторыi Беларусi i Ўкраiны не было нiводнай вышэйшай школы для праваслаўных, а пачатковыя школкi пры манастырах i цэрквах вучылi толькi пiсьму ды царкоўным спевам. Невыпадкова наваградскі ваявода Хведар Скумiн–Тышкевіч напісаў, быццам у Палессi ён нават «такiх святароў спатыкаў, якiя па–руску чытаць... не ўмелi». Яшчэ горш было з маральнасцю духавенства. Характэрна, што пастанова Берасцейскага сойма 1591 г. спрабавала ўстрымаць святароў ад п’янства, сварак, разборак, дваяжэнства i г.д.

     Крызiс  праваслаўнай царквы Рэчы Паспалітай дасягнуў свайго апагею ў 1570—80-я г. Да ўнутраных прычынаў яго абвастрэння  дадаваўся недахоп апекi з боку дзяржавы, якая пры гэтым адкрыта падтрымлівала лацiнскі касцёл, а таксама нестабільнасць самога Царгародскага патрыярхату, сувязі Кіеўскай мітраполіі з якім аслаблі. У такой сiтуацыі стала набываць асаблівую папулярнасць даўняя iдэя аб’яднання ўсходняй царквы з заходняй, саюз з Рымам. Канфесiйная унiфiкацыя падданых заўжды адпавядала iнтарэсам каралеўскай улады, але цяпер iмкненнi дзяржаўных палiтыкаў супалi з настроямi тых, хто раней мог быць бескампрамiсным працiўнiкам унii. Распуста i бязладдзе выклікалі пратэст лепшай часткі праваслаўнага грамадства, што iмкнулася праз рэформы паправiць становiшча ў царкве, а калi не — то пакiнуць яе.

     Важным  штуршком да пачатку падрыхтоўкі  царкоўнай унii ў Рэчы Паспалітай стаў прыезд канстанцiнопальскага патрыярха  Ерамii II (1587—1595) і заснаванне ўласнага патрыярхату ў Маскве ў 1589 г. Апошняе адкрывала перспектыву падпарадкавання Кіеўскай мітраполіі маскоўскаму патрыярху, а епіскапы Беларусі і Ўкраіны не жадалі гэтага. Галасы аб мэтазгоднасцi саюзу з каталiцкiм касцёлам загучалі і з боку праваслаўных ерархаў ды свецкiх патронаў праваслаўя. Справу паскорылі і рэформы, пачатыя патрыярхам Ераміем ІІ у Кіеўскай мітраполіі. Знаходзячыся 4 месяцы ў Беларусі і Ўкраіне, ён зняў з пасадаў тут шэраг епiскапаў, прызначыў экзарха, падтрымаў брацтвы і г.д. Такія дзеянні патрыярха выклікалі незадаволенасць духавенства. Знаўца гісторыі уніі Барыс Гудзяк лічыць, што гэты прыезд Ераміі ІІ толькі паскорыў унійныя пачынанні мясцовага епіскапату. Чатыры епiскапы Кірыла Цярлецкi, Гедэон Балабан, Лявонці Пяльчыцкi i Дзіянісі Збiруйскi ўжо ў 1590 г. на Берасцейскiм саборы таемна падпiсалi дакумент аб згодзе пайсцi на унiю з Рымам. На гэтым жа саборы, як i на наступным у 1591 г., духавенства прыняло пастановы аб рэфармаваннi царкоўнага жыцця. З іх улікам можна дапускаць, што схільнасць праваслаўных ерархаў да уніі сыходзіла з імкнення пакласці канец бязладдзю царкоўнага жыцця. Відаць, не апошнім было i жаданне духавенства пазбавiцца кантролю брацтваў, якiя ўмацавалi свой аўтарытэт, а можа, i чыста прагматычныя iнтарэсы. Вядомыя словы аднаго з праваслаўных епiскапаў: «Калi паддамося пад рымскага папу, дык не толькi будзем сядзець на епiскапствах нашых да самай смерцi, але i на лавiцы сенатарскай засядзем разам з рымскiмi бiскупамi, i лягчэй адшукаем маёнткi, адабраныя ў царквы». Але сенатарства не было б адно прыватнай выгодай уладык, яно шмат значыла б для ўсёй царквы, бо ўключэнне епіскапаў у сенат адразу павышала б статус праваслаўнай ерархіі і давала б ёй новыя магчымасці.

     Сам князь Канстанцiн Астрожскi, найбагацейшы ў Рэчы Паспалiтай праваслаўны магнат, шукаў шляхоў да ажыццяўлення рэформаў у мітраполіі. У 1593 г. ён пiсаў уладзімірскаму епiскапу Іпацію Пацею пра неабходнасць глыбокіх унутраных пераменаў і прасіў, заехаўшы ў Рым, «парупiцца пра злучэнне цэркваў». Астрожскi выпрацаваў свой праект універсальнай унii, паводле якога праваслаўная царква захоўвала абрады i ўладаннi, а праваслаўнае духавенства ўраўноўвалася ў правах з каталiцкiм, прычым абавязковай умовай такой унii мусіла быць згода на яе ўсходніх патрыярхаў, маскоўскага цара i малдаўскага гаспадара.

     Найбольшая  прапаганда iдэi царкоўнай унii сыходзiла з боку езуiтаў, якiя старанна рыхтавалi яе iдэалагiчную аснову. Яшчэ ў 1574—76 г. езуіцкі палеміст Пётр Скарга прысвячаў  свае казанi «схiзме», у якiх трактаваў праваслаўе як «грэцкае адшчапенства», а ўсялякае адшчапенства, на яго думку, пагражае цэласці і ўнутранаму міру ў дзяржаве. У 1577 г. гэтыя казанi выйшлi ў Вiльнi асобнай кнiгай пад тытулам «Аб адзiнстве касцёла Божага пад адным пастырам», а ў 1590 г. пабачыла свет другое выданне гэтай жа кнiгi. Прапагандзе унii паслужыла таксама праца канстанцінопальскага патрыярха «Абарона Фларэнційскага Сабору», трактат езуiта Бенядыкта Гэрбста, а таксама iншыя выданні палемiчнай лiтаратуры 1580-х г. Распрацаваны езуiтамi праект злучэння цэркваў вызначаўся празмернай радыкальнасцю i прадугледжваў сапраўдную iнкарпарацыю праваслаўя.

     Да  абвастрэння супярэчнасцяў памiж  прадстаўнікамі розных веравызнанняў  спрычынiлася рэформа календара. З-за недакладнасці юліянскай каляндарнай сістэмы яшчэ ў пачатку ХVІ ст. розніца паміж астранамічным і каляндарным годам дасягала 10 дзён. Пасля падрыхтоўкі адпаведнага праекта папа Грыгоры ХІІІ (1572—1585) булаю ад 24 лютага 1582 г. абвясціў увядзенне новага календара, грыгарыянскага. Згодна з ім, пасля 4 кастрычніка адразу мела быць 15 кастрычніка. Новы каляндар у прызначаны папам тэрмін быў уведзены ў большасці дзяржаў Еўропы, у тым ліку ў Рэчы Паспалітай, аднак тут праваслаўныя ерархi патрактавалi гэта як «бяспраўе лацiнiкаў». Сам патрыярх Ерамія ІІ заклікаў іх не прымаць рэформы. У многiх гарадах (у Беларусi, у прыватнасцi, у Полацку) дайшло да сур’ёзных хваляванняў. Стэфан Баторы мусiў выдаваць шэраг пастаноў, каб утрымаць «згоду i спакой памiж рознымi ў веры i ў набажэнствах», гарантуючы праваслаўным далейшае выкарыстанне старога календара, і пры пасярэдніцтве Канстанціна Астрожскага канфлікт быў залагоджаны.

     Усё ж у выніку пяцігадовых дыскусій згода была дасягнута і ўладыкі  Кіеўскай мітраполіі прынялі 33 артыкулы, якія перадаваліся рымскаму папу і каралю Рэчы Паспалітай. Артыкулы аб умовах заключэння уніі адлюстравалі імкненне беларуска–ўкраінскіх епіскапаў увайсці ў саюз з Рымам на роўных. Яны агаворвалі захаванне ранейшай літургічнай традыцыі і абрадавай практыкі, права на ўласны кнігадрук, адукацыю і г.д.

     УРым  да папы Клімента VІІІ (1592—1605) былi дэлегаваныя  гарачыя прыхiльнiкi унii епiскап уладзiмiра–берасцейскi Iпацi Пацей i выхадзец з пiнскай шляхты епiскап луцкi Кiрыла Цярлецкi. У Кракаве  яны скарэктавалi ўмовы аб’яднання цэркваў, у аснову якiх ляглi фармулёўкi Фларэнцiйскага сабору. У прыватнасцi, праваслаўная царква прызнавала прымат папы i прымала новы каляндар, але абрады, дагматы i лiтургiю захоўвала свае ранейшыя. Уладыкам абяцалiся месцы ў сенаце, усяму духавенству — свабоду ад падаткаў, мяшчанам — роўныя правы з каталiкамi. Прыехаўшы ў Рым, Iпацi Пацей i Кiрыла Цярлецкi ад iмя ўсяго праваслаўнага епiскапату выказалi згоду падпарадкавацца папу на сфармуляваных умовах. Потым, пасля дазволу Жыгiмонта III, мiтрапалiт Мiхаiл Рагоза (1589—1596) абвясцiў пра склiканне царкоўнага сабору ў Берасцi на 6/16 кастрычнiка 1596 г. для ўрачыстага абвяшчэння уніі праваслаўнай Кіеўскай мітраполіі з Апостальскай сталіцай.

     Здавалася, планам аб’яднання наканаваны поспех. Яго жадалi не толькi каралеўская ўлада, рымская курыя i каталiцкая ерархiя, але i прадстаўнiкi процiлеглага лагера — праваслаўны епiскапат. Аднак грамадства было расколата і ўзрушана. Князь Канстанцін Астрожскі ў1595 г. выступіў з вострай антыуніяцкай адозвай.

     На  прызначаны дзень у Берасцi, апрача праваслаўных епiскапаў, бiскупаў i каталiцкiх тэолагаў, сабралiся прадстаўнiкi некаторых ваяводстваў, паветаў, гарадоў i праваслаўных брацтваў. Бальшыня дэлегатаў прыехала з Украiны, дзе шляхта адкрыта выступала супраць унii. Магнаты i шляхта Вялiкага Княства Лiтоўскага практычна ўхiлiлiся ад удзелу ў саборы. Прыслалi сваiх прадстаўнiкоў праваслаўныя жыхары Вiльнi, Менска, Слуцка ды Пiнска. Лагер працiўнiкаў падпарадкавання Рыму меў нават зброю, аднак абышлося без яе.

           У першы ж дзень нарадаў дэлегаты падзялiлiся на дзве непрымiрымыя групы, якія ўтварылі два асобныя саборы. Абаронцаў самастойнасцi грэцкай царквы ўзначальвалi колішнія ініцыятары уніі — галоўны свецкi апякун праваслаўных кiеўскi ваявода князь Канстанцiн Астрожскi, епiскап львоўскi Гедэон Балабан, епiскап пярэмышльскi Мiхаіл Капысценскi, а таксама архiмандрыт Кiева–Пячэрскага манастыра, экзарх канстанцiнопальскага патрыярха Нiчыпар Тур. Усе iншыя епiскапы, у тым лiку ўладыка полацкi Герман, пiнскi Iона, уладзiмiра–берасцейскi Пацей, выступілі за аб’яднанне цэркваў.

     Нiякай згоды памiж двума лагерамi проста не магло быць. Мiтрапалiт Мiхаiл  Рагоза i праваслаўны епiскапат ужо  на трэцi дзень Сабору на нарадзе  ў касцёле святога Мiкалая склалi афiцыйны акт аб прызнаннi ўлады рымскага папы i далучэннi да каталiцкага касцёла, які быў урачыста абвешчаны 9/19 кастрычнiка 1596 г. Тады ж адбылася экскамунiкацыя епiскапаў пярэмышльскага i львоўскага, якiя не прызналi унii. Пасля прыняцця акта унiі Кіеўская мітраполія парывала з Канстанцiнопалем i мусiла прызнаваць асноўныя дагматы каталiцкага касцёла. Арганізацыйна–тэрытарыяльная структура заставалася непарушнай, ерархiя — тая ж, мова богаслужэнняў — ранейшая (царкоўнаславянская), абрад таксама не змяняўся.

     Аднак лагер працiўнiкаў аб’яднання са свайго боку выступiў з пратэстам i пачаў дамагацца пазбаўлення годнасцi мiтрапалiта i епiскапаў, якiя далучылiся да лацiнян. У выніку Берасцейскi сабор прывёў да расколу царквы i грамадства, стаўшы паваротным момантам у гiсторыi праваслаўя. Адбылося раздваенне «рускага народа» (Русi) як этнаканфесiйнай супольнасцi, якая ахоплівала Беларусь i Ўкраiну. Пастаўленая перад саборам мэта была дасягнута адно напалову: фармальна ён злiквiдаваў праваслаўную ерархiю (хто не прыняў унii — апынуўся на нелегальным становiшчы), пазбавiў праваслаўе правоў i прывiлеяў, якія былі перададзены унiяцкай царкве, але масы праваслаўных вернiкаў толькi ўмацавалiся ў «схiзме». У суме Берасцейскi сабор толькi ўскладнiў унутраныя праблемы Рэчы Паспалiтай, бо выклікаў сацыяльную дэстабілізацыю і замяшанне ў рэлігійнай свядомасці самых шырокіх колаў.

     З сабору канфлiкт быў адразу перанесены на грамадскае жыццё. Абодва бакi (хто  перайшоў у унiю i хто застаўся ў  праваслаўi) звярнулiся да вярхоўнай  улады Рэчы Паспалiтай з просьбай прызнаць iх законнасць. Згодна з актам варшаўскай канфедэрацыі 1573 г., права на iснаванне мелi абедзве паловы Берасцейскага сабору. Аднак Жыгiмонт III Ваза пацвердзiў законныя правы толькi унiятаў. Праваслаўе апынулася па-за законам. Усё гэта стала падставай для ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалiтай усходнiх патрыярхаў і выклiкала рэзкае ўзрастанне рэлiгiйнага фанатызму, узаемнай мiжканфесiйнай варожасцi. Ад прынятага акта унii вяла простая дарога i да трагiчных падзей сярэдзiны ХVII ст., хоць, як слушна калiсь заўважыў гiсторык Юльян Пелеш, зводзiць прычыну казацкiх войнаў да наступстваў Берасцейскага сабору наўрад цi можна. Бо Беларусь, дзе унiя пашыралася найбольш паспяхова, доўга заставалася адносна спакойным краем.

     Трэба адзначыць, што сам акт аб’яднання цэркваў не быў вынiкам гвалту над праваслаўнымi цi падкопам езуiтаў, як пра гэта шырока пiсалася ў расiйскай i савецкай гiстарычнай лiтаратуры. Сабор у Берасцi не зведаў анiякага знешняга ўцiску. Галоўныя прычыны, якiя прывялi да яго склiкання, хаваліся найперш ва ўнутраным жыццi праваслаўя. Да нечаканага абвастрэння i паглыблення канфлiкту прывяло тое, што, як высветлiлася, розныя бакi па–рознаму разумелi саму унiю: калi праваслаўны лагер спадзяваўся на аб’яднанне дзвюх цэркваў на аснове кампрамiсу, дык каталiцкi глядзеў на яе як на iнкарпарацыю, падпарадкаванне схiзматыкаў «сапраўднай» царкве.

     Першыя 10 гадоў барацьба супраць унii вялася галоўным чынам на соймах. Адразу ж  абвастрылася рэлiгiйная палемiка ў  лiтаратуры, ажывiўся друк кiрылiцай. З’явiлася цэлая плынь як друкаваных, гэтак i рукапiсных палемiчных трактатаў, памфлетаў, пасланняў, казанняў, адкрытых лiстоў. Агулам з 1577 да 1666 г. у Вялiкiм Княстве выйшла больш за 140 выданняў «за» цi «супраць» унii. Цяжка пераацаніць значэнне ўзнятай лiтаратурнай палемiкі для інтэлектуальнага жыцця. Праблемы дагматыкi саступiлi ў ёй месца палiтычным i агульнакультурным. У нацыянальным плане асаблiва важным стаў зварот да гiстарычнага мiнулага. У напружаных спрэчках апаненты шукалi аргументы ў летапiсах i хронiках. Аўтары з асяроддзя Вiленскага праваслаўнага брацтва карысталiся як старажытнарускiмi, так i маскоўскiмi летапiсамi, цытавалi Мацея Стрыйкоўскага, Аляксандра Гвагнiна, Марцiна Кромэра. У антыунiяцкiя выданнi ўключалiся гiстарычныя дакументы, граматы i прывiлеi розных эпох i стагоддзяў. Варта асабліва падкрэсліць, што праваслаўнай шляхце пры гэтым уяўлялася пераемнай i цэльнай гiсторыя Русi ад часоў Уладзiмiра да Рэчы Паспалiтай. Звяртаючыся да Жыгiмонта III, яна прасiла захаваць вольнасці, якія «ўжо 600 гадоў i больш у народзе нашым рускiм трываюць».

Информация о работе Кантрольная работа па "Гісторыі Беларусі"