Кантрольная работа па "Гісторыі Беларусі"

Автор: Пользователь скрыл имя, 24 Сентября 2011 в 20:05, контрольная работа

Описание работы

З часоў свайго заснавання Вялікае княства Літоўскае існавала ва ўмовах выбару паміж некалькімі культурна-рэлігійнымі мадэлямі развіцця грамадства. Гэта стварала далейшыя ўмовы складвання агульнай духоўнай асновы развіцця розных культур у адзіным грамадстве. Царкоўна-рэлігійны фактар у складванні беларускай-літоўскай дзяржаўнасці варта разглядаць у цывілізацыйным,культуралагічным, псіхалагічным аспектах,неабмежаваным уласна канфесійнай гісторыяй.

Содержание

Уводзіны


1. Канфесійная палітыка вярхоўнай улады.


2. Рэфармацыя і контррэфармацыя


3. Берасцейская унія


Заключэнне


Літаратура

Работа содержит 1 файл

Кантролка па гісторыі.doc

— 140.50 Кб (Скачать)

     Аб  паспяховым пашырэнні Рэфармацыі ў Беларусі сведчылі яе праціўнікі. Напрыклад, віленскі казнадзей Пётр Скарга сцвярджаў, пэўна, перабольшваючы, што ерэтыкi захапiлi ў Княстве 650 храмаў, а мiтрапапалiт Iпацi Пацей пазней напiсаў у сваім «Антырызiсе», што ў Наваградскiм павеце «наўрад цi хоць адзiн шляхецкi дом з сотні» застаўся неахоплены духам пратэстантызму. Віленскі бiскуп Бенядыкт Война скардзiўся ў Рым, што ў дзяржаве ў выніку дзейнасці пратэстантаў стала не хапаць каталіцкіх храмаў: «Раней тут было прыкладна 600 касцёлаў, а засталося толькi 300», — адзначаў ён.

     На  поспехi пратэстантаў у Еўропе каталіцкі  касцёл адказаў актыўнай барацьбой  з рэлігійнай рэфармацыяй і гуманізмам наогул. Галоўнымі крокамі гэтай  барацьбы стала стварэнне ордэна езуітаў («Таварыства Ісуса»), выданне афіцыйнага паказніка забароненых кніг і правядзенне спецыяльнага Ўсяленскага сабору. Сабор каталіцкага касцёла, названы па месцы правядзення Трыдзенцкім, праходзіў з перапынкамі з 1545 да 1563 г. Сваімі пастановамі ён узвысіў аўтарытэт папаў, умацаваў уладу біскупаў, захаваў непарушнымі каталіцкія дагматы, а вучэнні пратэстантаў перадаў анафеме. Узмацнялася цэнзура і ўводзіўся новы «Iндэкс забароненых кнiг». У 1564 г. было складзена «Трыдзенцкае спавяданне», якому мусілі прысягаць усе духоўныя асобы ды універсітэцкая прафесура. Пастановы Трыдзенцкага сабору пасля іх прыняцця Пётркаўскім сінодам 1577 г. пашырыліся і на Рэч Паспалiтую.

     У 1564 г. езуiты з’явiліся ў Кароне, а  ў 1569 па запрашэннi бiскупа Валяр’яна  Пратасевiча яны прыехалі ў Вiльню. З іх усталяваннем i на землях Беларусi пачаўся актыўны наступ контррэфармацыi, або «новай каталiцызацыi» з дэвiзам «кожны шляхцiч — каталiк». Езуiты сталі першым каталiцкiм ордэнам, якi важнай задачай сваёй дзейнасцi лiчыў адукацыю i выхаванне моладзi. Барацьбу супраць iдэй пратэстантызму яны вялi ў сферы iнтэлектуальнай. Праграма езуіцкіх школ і калегіумаў абапiралася на класiчныя мовы, рэлiгiйны дух i вымагала ад вучняў як ведаў, так і iнтэлектуальных здольнасцяў. Пераняўшы гуманiстычную сiстэму навучання, якая iснавала i ў пратэстанцкiх навучальных установах, езуiты стварылі самыя лепшыя на той час школы, у якія аддавалі сваіх дзяцей і многія пратэстанты.

     Ужо ў 1569 г. езуiты адкрылi ў Вiльнi сваю двухкласавую школу, а праз год — калегiум з  пяцi класаў. У 1579 г. булаю папы Грыгора ХIII (1572—1585) вiленскаму езуiцкаму калегiуму быў нададзены статус акадэмii i ён ураўняўся ў правах з Кракаўскiм унiверсiтэтам. Першым рэктарам Вiленскай акадэмii стаў таленавіты езуіцкі палеміст Пётр Скарга (1536—1612). Стварыўшы сiстэму вышэйшых школ, езуiцкi ордэн даў магчымасць моладзi атрымлiваць добрую адукацыю ў яго установах, не выязджаючы ў унiверсiтэты Еўропы. Кальвiнiсты ж засталiся без сваёй вышэйшай школы, бо Жыгiмонт Аўгуст у 1567 г. адмоўна паставiўся да iх спробы адкрыць пратэстанцкі унiверсiтэт. Смерць апошняга вялікага апекуна Мiкалая Радзiвiла Рудога (1584) канчаткова аслабіла лагер рэфарматаў Вялiкага Княства Лiтоўскага.

     На  хвалi рэфармацыйнага руху пасля амаль  трыццацiгадовага перапынку ў Беларусi аднавiлася кнiгадрукаванне. Першым варштатам у ВКЛ пасля Скарынавага стала ўжо згаданая пратэстанцкая друкарня ў Берасці, створаная ў 1563 г. на сродкi Мiкалая Радзiвiла Чорнага. Тут было выпушчана ў свет перакладзенае на польскую мову Святое Пісанне (Стары і Новы Запавет), а потым іншыя выданні — разам каля 40 тытулаў, і ўсе па–польску. У адрозненне ад лютэранаў, якія ў сваёй дзейнасці выкарыстоўвалі нацыянальныя мовы, кальвiнiсты карысталіся амаль выключна польскай. Пасля Люблінскай уніі польская мова рабілася сродкам міжнародных зносін у Рэчы Паспалітай, выконваючы ролю своеасаблівай lingua franca Ўсходняй Еўропы, мовай літаратуры і высокай культуры. Таму з пратэстанцкiх друкарняў Беларусi кнігі выходзілі за рэдкім выключэннем па–польску. Фактычна да сярэдзіны ХVІІ ст. яны выдалі на «простай» мове толькі тры кнігі.

     Ініцыятывай і на сродкі пратэстантаў у Беларусі адзін за другім ствараліся прыватныя  выдавецкiя варштаты. Да канца ХVI ст. ім належала 8 з 15 заснаваных друкарняў. Сярод іх варта згадаць друкарні ў Нясвiжы (1562), Заслаўi (1570), Лоску (1570—1580), а таксама невялiчкі варштат у маёнтку Цяпiна, што недалёка ад Лепеля. Апошні быў асаблiвы тым, што належаў не магнату, а дробнаму шляхцiчу–арыяніну. Антытрынiтарыi, як i лютэране, пайшлi на выкарыстанне ў рэлiгiйных выданнях i царкоўнай службе нацыянальнай мовы. Да «простай» мовы як сродку масавай прапаганды штурхала i iдэалагiчная барацьба, якую вялi памiж сабой лагер Рэфармацыi i контррэфармацыi. Першым для паспалiтага люду на старабеларускай мове яшчэ ў 1562 г. у Нясвiжы выдаў свае кнiгi самы вядомы прадстаўнік беларуска–літоўскага антытрынітарызму Сымон Будны (1530—1593). Гэта былi «Катэхiзiс» i «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам». Прысвяцiўшы Катэхiзiс магутным Радзiвiлам, у звароце да сваiх паноў Будны заклiкаў iх шанаваць мову народа, сярод якога тыя жывуць, спрыяць пашырэнню кнiг сярод беларускага люду: «абы ваши княжацкие милости того народу язык миловати рачили». Гэты твор хутка апынуўся ў цэнтры ўвагi ўсходнееўрапейскiх палемiстаў. Яго перапiсвалi i каментавалi нават у ХVIII ст.

     Праўдападобна, нясвiжская друкарня выпусцiла яшчэ некалькi кiрылiчных кнiг. Яе выданнi былi шырока вядомыя ў славянскiх землях. Але сярод беларускага мяшчанства iнiцыятыва Сымона Буднага не знайшла  падтрымкi, i ўсе наступныя кнiгi з яго варштатаў выходзiлi ўжо па–польску. Актыўная дзейнасць пратэстанцкага друкара ў 1573—1583 г. перанеслася ў мястэчка Лоск — уладанне Яна Кiшкi, якое доўгi час з’яўлялася цэнтрам арыянства ў Беларусi. Сымон Будны быў тут міністрам (прапаведнiкам) і друкаваў не толькі свае асноўныя творы («Пра дзве прыроды Хрыста», «Пра асноўныя артыкулы хрысціянскай веры», «Пра свецкую ўладу» і інш.), але i кнігі польскiх рэфарматаў, у тым лiку трактат вядомага прадстаўніка палітычнага мыслення эпохі Адраджэння Анджэя Фрыча Маджэўскага (1503—1572) «Пра выпраўленне Рэчы Паспалiтай» (1577), ідэі якога мелі вялiзны ўплыў на iнтэлектуальныя колы краiны, у тым ліку на стваральнікаў Статута 1588 г.

     Выразна нацыянальным характарам вызначалася  культурная дзейнасць паплечнiка Буднага беларускага шляхцiча Васiля Цяпiнскага (Амельяновiча) (1530—1603). Упершыню ў усходнеславянскай культуры ён пачаў выдаваць тэксты Святога Пiсання паралельна на дзвюх мовах: «славенскай» (царкоўна–славянскай) i «рускай», ці «простай» (старабеларускай). Цяпінскі першы сярод усходніх славянаў стварыў друкаваны пераклад Евангелля. Усхваляваны лёсам свайго народа, крызiсам праваслаўя, абыякавасцю заможных родаў да мясцовай культуры, беларускі арыянін выступiў супраць пераймання чужога — захаплення польскай мовай і культурай. Плакаць можна, адзначаў ён, гледзячы, як князi i паны вялiкiя цураюцца «мовы сваёй слаўнай». Беларускі арыянін выказаў думку, што адной з прычын паланiзацыi моладзi, прывабнасцi польскiх школ стала нiзкая культура, неадукаванасць праваслаўных святароў, якiя нават Слова Божага не ведаюць i не вучацца, «ани школы ку науце его нигде не мают». У 1570-х г. у рукапiснай прадмове да свайго перакладу Евангелля ён выказаў сапраўднае крэда патрыёта–асветнiка, гатовага, «калi яна (айчына) да канца загiне — з ёю загiнуць».

     Апрача  шляхецкага лагеру ў арыянскую плынь  уваходзілі мяшчане, якія ўтваралі левае  крыло руху. Пад уплывам радыкальных  ідэолагаў Пятра з Ганёндза i Марцiна Чаховiча яны крытыкавалi ўмераную праграму шляхты, асуджалi грамадскую i дзяржаўную аснову тагачаснага ладу. У вынiку барацьбы памiж левымi i правымi Сымон Будны быў спачатку адхiлены ад пасады міністра ў Лоску (1582), а праз два гады яго зусiм адлучылі ад збору. Але ўмацаванне плебейска–радыкальнага крыла было часовым. З 1580-х г. на тэрыторыi Беларусi пачало шырыцца вучэнне Фаўста Соцына, якi здолеў заглушыць сацыяльны радыкалiзм антытрынiтарнага руху i скiраваць яго ў русла рэлiгiйнага радыкалiзму. У пачатку ХVII ст., калi сацыяльная дактрына Соцына задамiнавала, антытрынiтарны рух стаў звацца сацыянiзмам. У Беларусi цэнтрам гэтага вучэння быў Наваградак, а адным з яго вядомых прапаведнiкаў — рэктар сацыянскай школы ў Iўi асветнік Ян Лiцынiй Намыслоўскi, аўтар папулярных падручнікаў для пратэстанцкіх школ.

     Рэфармацкiя iдэi ахапiлi ў Беларусi i праваслаўную царкву. Ерэтычная плынь у ёй была народжана глыбокiм унутраным крызiсам усходняй царквы, з аднаго боку, i ўплывам еўрапейскага пратэстантызму, з другога. Пра тое, што пратэстанцкiя выданнi карысталiся вялiкiм поспехам i ў праваслаўным асяроддзі, сведчыў пазней унiяцкi мiтрапалiт Антонi Сялява (1642—1655). Аднак праваслаўныя ерэтыкi не здолелi стварыць сваiх арганізацыйных структур i на тэрыторыi Беларусi далучалiся да пратэстанцкага збору. Маскоўскiя ерэтыкi на чале з Хведарам Касым, якiя знайшлi прыстанiшча ў Вiцебску, а потым i ў Полацку, падтрымалi тут арыянскую плынь. У Наваградскiм ваяводстве прыхiльнiкi вучэння Касога існавалі да пачатку ХVII ст. Блiзкiм да антытрынiтарызму быў i рэлiгiйны рух, узначалены праваслаўнымi дзеячамi братамі Стэфанам i Лаўрэнцiем Зiзанiямi (Тустаноўскімі).

     Увасабленнем  рэфармацыйных ідэй у праваслаўi, у прыватнасці, прынцыпу ўдзелу няклірыкаў у кіраванні царквой, сталi царкоўныя  брацтвы. Iх з’яўленне было адказам  шырокіх грамадскіх колаў, найперш мяшчан, на глыбокi заняпад усходняй царквы ва ўмовах наступу каталiцкага касцёла. Паўставалi праваслаўныя брацтвы пераважна вакол храмаў або манастыроў у буйных гарадах. I калi падобныя аб’яднанні каталiкоў ставілі на мэце ўмацаванне пазiцый духавенства, дык праваслаўныя брацтвы дамагалiся кантролю свецкiх людзей над святарамi i нават епiскапамi. Першым у Вялiкiм Княстве з’явiлася Вiленскае Свята–Троiцкае брацтва, створанае ў 1584 г. Потым такiя ж арганiзацыi паўсталi ў Крычаве (1588), Магiлёве (1590), Берасцi i Гораднi (1591), Менску i Оршы (1592) ды ў iншых гарадах. У некаторых з iх iснавала па некалькi брацтваў. Напрыклад, у Менску да паловы ХVII ст. iх было сем, у Магiлёве — не менш за пяць. Маскоўская Русь такой з’явы наогул не ведала. Як падкрэсліў украінскі гісторык Яраслаў Ісаевіч, Беларусь i Ўкраiна сталi адзiнымi краiнамi Ўсходняй Еўропы, дзе атрымалi шырокае распаўсюджанне брацтвы прыхажан пры праваслаўных цэрквах.

     Братчыкамi з’яўлялiся галоўным чынам рамеснiкi i гандляры, але часам да iх далучаліся і шляхцічы, прадстаўнiкi свецкай арыстакратыi і духавенства. Дзейнасць брацтваў была скiравана найперш на дабрачынную дапамогу царкве i кантроль над ёй, на развiццё адукацыi для праваслаўных, на апекаванне хворымi, калекамi i сiротамi. Каб канкураваць з каталiцкiм касцёлам, брацтвы пачалi ўтвараць свае школы. Першыя з іх былi заснаваны пры Львоўскiм i Вiленскiм брацтвах (1585), а потым на iх узор паўсталi брацкiя школы ў Берасцi (1591), Менску (1592), Магiлёве (1592 i 1597) ды iншых беларускiх гарадах. Навучалiся ў iх бясплатна ў асноўным дзецi мяшчан. Галоўнымi прадметамi былi славенская (царкоўнаславянская) i грэцкая мовы (таму такiя школы часам называлi славяна–грэцкiмi), а ў Вiльнi ды некаторых iншых гарадах (напрыклад, у Берасцi) на ўзор езуiцкiх калегiумаў у праграму ўключылi яшчэ мовы лацiнскую i польскую. Наогул, навучальныя праграмы брацкiх школ мелі выразную гуманiстычную арыентацыю. Вiленскай брацкай школай кiраваў Кiрыл Лукарыс, якi сам атрымаў адукацыю ў Падуанскiм унiверсiтэце.

     Пры некаторых школах адкрывалiся друкарнi, што выпускалі царкоўныя кнiгi i дапаможнiкi на стараславянскай i старабеларускай мовах. Найбольшай вядомасцю карысталіся друкарнi вiленскага Святатроiцкага i магiлёўскага Багаяўленскага брацтваў. У канцы ХVІ ст. царкоўныя брацтвы дамагліся найбольшага ўплыву ды кантралявалі амаль усе школы і праваслаўныя друкарні. Аднак брацкiя навучальныя ўстановы не дасягалі таго ўзроўню адукацыі, які забяспечвалі езуіцкія школы. Таму да езуітаў нярэдка аддавалi сваiх дзяцей i праваслаўныя сем’i. У Вiльнi, напрыклад, у канцы ХVI ст. сярод студэнтаў езуiцкай акадэмii былi «ерэтыкi i схiзматыкi» i нават сыны «князёў праваслаўных».

     Часы  развiцця Рэфармацыi сталi самай яркай  старонкай рэлiгiйнай талеранцыi ў  Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм, яе «залатым векам». Пазiцыi рыма–каталiцкага касцёла саслаблі, а некаталiкі атрымалі шырокае прадстаўнiцтва ў органах улады. У 1569 г. у сенаце беларуска–лiтоўскай дзяржавы з 22 членаў пратэстантамi з’яўлялася 15 (68% ад усяго складу; у Кароне тады ж — 50%). У 1572 г. сярод той сама колькасцi сенатараў было 16 пратэстантаў (што складала 73%), а каталiкоў i праваслаўных — па 3.

     У студзенi 1573 г. канвакацыйны сойм у Варшаве  прыняў пастанову, якая законна замацавала рэлiгiйную талеранцыю — знакамiты акт  варшаўскай канфедэрацыi, які потым цалкам увайшоў у Статут 1588 г. Ад палітычнага народа Вялікага Княства яго падпісала 17 паслоў. Прынятая пастанова замацавала поўную свабоду веравызнанняў, дэкларавала роўнасць у публiчных i прыватных правах прадстаўнiкам усiх хрысціянскіх рэлiгiй i станаў Рэчы Паспалітай. Адметна, што гэта адбылося праз год пасля таго, як у Парыжы за адну Варфаламееўскую ноч тысячы гугенотаў сталi ахвярамi сваiх рэлiгiйных апанентаў. Варшаўскую канфедэрацыю як хартыю свабоды рэлігійнага сумлення можна па праву лiчыць вялікім дасягненнем шляхецкага народа. Нягледзячы на пратэсты каталiцкага духавенства, Стэфан Баторы пазней пацвердзiў яе, i акт варшаўскай канфедэрацыі надоўга стаў юрыдычнай асновай, якая гарантавала рэлiгiйны мiр у краiне.

     Пашырэнне ідэй пратэстантызму на землях Беларусi было перапынена ўнутранай iнтэграцыяй Рэчы Паспалiтай i наступам каталiцкай рэакцыi, узначаленай езуiтамi. Менавiта езуiты сцвярджалi зусiм нехарактэрную для Вялiкага Княства жорсткую палiтыку адносна як праваслаўных, так i пратэстантаў. Стаўленне да іншаверцаў хутка мянялася, нарастала напруга. Прыкладам рэлігійнай нецярпімасці стала дзейнасць Мiкалая Крыштафа Радзiвiла, званага Сiроткам (1549—1616), нашчадка колiшняга «слупа» Рэфармацыi — Мікалая Радзівіла Рудога. Перайшоўшы ў каталiцтва пад уплывам езуіта Пятра Скаргi, ён стаў заўзята нiшчыць усё, зробленае бацькам: зачыняў пратэстанцкiя дамы, палiў кнiгi, лiквiдаваў друкарнi. Так нясвіжская лінія роду Радзівілаў вярнулася да каталіцкага касцёла (кальвіністамі заставаліся Радзівілы біржанскія). Знакамiтая берасцейская друкарня ў 1570 г. была зачынена, а яе абсталяванне перавезена ў Вiльню, дзе Сiротка адкрыў першае на тэрыторыi Вялiкага Княства каталiцкае выдавецтва. Праз год спынiла iснаванне пратэстанцкая друкарня ў Нясвiжы, яшчэ праз год — у Заслаўi, а ў 1580-х г. была лiквiдаваная i Лоская друкарня. У 1581 г. на Рынкавай плошчы ў Вiльнi з санкцыi бiскупа Яна Радзівіла запалалi кнiгi iншаверцаў, выдадзеныя ў Нясвiжы, Берасцi, Заслаўi, а праз дзесяць гадоў езуіты спалілі ў сталіцы кальвінскі збор. У 1598 г. каталікі ўчынілі пагром у віленскім праваслаўным храме Святога Духа. Але найбольш цярпелі кальвіністы, якім у 1611 г. раз’юшаны натоўп фанатыкаў знішчыў збор, бібліятэку і архіў.

Информация о работе Кантрольная работа па "Гісторыі Беларусі"