Беларускі нацыяналізм

Автор: Пользователь скрыл имя, 24 Января 2012 в 19:20, контрольная работа

Описание работы

Беларускі нацыяналізм - гэта вызвольны, аб'яднаўчы грамадзка-палітычны рух, які на аснове яднаньня ў суцэльны фронт усіх паборнікаў дзяржаўнай самастойнасьці мабілізуе найшырэйшыя народныя масы да барацьбы за волю народа й чалавека, за нацыянальную, палітычную ды сацыяльную справядлівасьць, за аднаўленьне на беларускіх этнічных землях Беларускай Незалежнай Нацыянальнай Дзяржавы - адзінага гаранта існаваньня й працьвітаньня нацыі.

Работа содержит 1 файл

Беларускі нацыяналізм.doc

— 128.50 Кб (Скачать)

"Бюлетэнь  БНП" зьмяшчаў партыйныя дакументы,  адозвы, кроніку, агляды міжнародных  падзеяў, артыкулы, прысьвечаныя Бацькаўшчыне, патрыятычныя вершы. Калі аб'ём першых нумароў складаў 8 балонак, дык апошняга - 16. "Бюлетэнь БНП" выдаваўся на гектографы або рататары.

"ЗА  ВОЛЮ"

Газэта  або часапіс Беларускай Вызвольнай Арміі. Выдавалася з 1945 года. Рэдактар Міхал Вітушка. Выходзіла ня вельмі рэгулярна й рознымі тэхнічнымі сродкамі, але пераважна друкам. Аб'ём "За волю" дасягаў 84 балонак. Вядомы № 16 ад 7 лістапада 1949 г. У верасьні 1950 г. эмігранцкі бюлетэнь Саюзу беларускіх журналістаў "Вольнае слова" зьмясьціў наступную інфармацыю: "Часапіс беларускіх партызанаў "За Волю" піша: "Перасылаем вам, братом па волі свае вітаньні і цьвердзім, што змаганьне ня спынецца!". У пазьнейшы час пра гэтае выданьне няма ніякіх зьвестак.

"ПАД  АБЦАСАМ МАСКАЛЁЎ"

Партызанская  газэта. Выдавалася на Смаленшчыне мясцовым аддзелам "Чорнага Ката" ў другой палове 1940-х гадоў.

ПЕРШЫ ШТУРМОВЫ ЗЬВЯЗ 

Баявы аддзел беларускіх нацыяналістаў. Створаны ў пачатку 1941 г. у Польшчы. 18 чэрвеня 1941 г. дэсантаваўся ў Беларусі. Праводзіў  баявыя акцыі супраць бальшавіцкіх акупантаў. Пазьней вайскоўцы Зьвязу ўвайшлі ў нацыянальнае падпольле.

РАДА  БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ (РАДА БНР)

Урад  на выгнаньні, адзін з цэнтраў  беларускай палітычнай эміграцыі. Утвораная  выканаўчым камітэтам 1-га Ўсебеларускага кангрэса, Рада БНР абвесьціла 25 сакавіка 1918 г. незалежнасьць Беларусі. З 1919 г. - на эміграцыі. У сакавіку 1943 г. паўнамоцтвы прэзыдэнта й старшыні ўрада БНР атрымаў Мікола Абрамчык.

У першыя пасьляваенныя гады Рада БНР дзейнічала нелегальна. У сакавіку 1946 г. у Рэгензбургу (Зах. Нямеччына) М.Абрамчык правёў сход беларускіх дзеячоў, на якім прад'явіў свае паўнамоцтвы. Рада была папоўнена новымі сябрамі й быў выбраны ўрад БНР на чале з Абрамчыкам. 28 сьнежня 1947 г. на 2-й сэсыі Рады БНР у Остэргофэне было афіцыйна абвешчана пра яе аднаўленьне. Быў адзінагалосна прыняты статут Рады, у якім яе асноўнай палітычнай задачай абвяшчалася "адбудова незалежнай беларускай дзяржаўнасьці на ўсіх землях, якія ў 1917-1918 гадах належалі да беларускага этнаграфічнага абшару". Рада БНР была аб'яўлена адзіным законным прадстаўніцтвам беларускага народу. Абавязкі старшыні Рады выконваў прэзыдэнт БНР.

Ці не першым выступам Рады БНР на міжнароднай  арэне ў пасьляваенны час быў  мэмарандум, накіраваны ад імя Рады ў 1946 г. на мірную канфэрэнцыю ў Парыжы. Ён быў падпісаны й "упаўнаважаным прадстаўніцтвам ураду БНР", якое нібыта ў той час нелегальна дзейнічала ў Беларусі й кіравала "змаганьнем беларускага народу супраць расейска-бальшавіцкай акупацыі". Ёсьць зьвесткі, што трэцяя частка сябраў Рады БНР жыла ў БССР. Аднак наколькі рэальным было "прадстаўніцтва Рады БНР" і ці мела яно ўплыў на партызанскі рух - невядома.

У 1951-52 гг. амэрыканскімі сьпецслужбамі  былі перакінутыя ў Беларусь шэраг  сябраў Рады БНР, якія, аднак, былі арыштаваныя дзяржбясьпекай. Актыўныя захады па падтрыманьню сувязі з антысавецкім Супрацівам у БССР Рада БНР рабіла да сярэдзіны 1950-х гг. У апошнія гады Раду БНР, якая папоўнілася маладымі палітыкамі, ачольвае Івонка Сурвілла. З 1997 г. дзейнічае Эўрапейскі сэктар Рады БНР.

САЮЗ  БЕЛАРУСКАЙ МОЛАДЗІ (СБМ)

Беларуская  нацыяналістычная арганізацыя. Заснавана  ў чэрвені 1943 г. Дзейнічала легальна, з дазволу нямецкіх акупантаў, на тэрыторыі генэральнага камісарыяту "Беларусь". Займалася выхаваньнем  беларускай моладзі ў духу беларускага патрыятызму, любові да сваёй Бацькаўшчыны. Шэфам-правадніком Галоўнага Штабу СБМ быў Міхась Ганько. Галоўным друкаваным ворганам арганізацыі быў часапіс "Жыве Беларусь!". Да чэрвеня 1944 г. СБМ налічваў у сваіх шэрагах некалькі дзесяткаў тысяч маладых людзей. У 1944 годзе невялікая частка сяброў СБМ эмігравала на Захад. Частка эсбээмаўцаў, у тым ліку й М.Ганько, прыняла ўдзел у антыбальшавіцкай партызанскай і падпольнай барацьбе.

САЮЗ  ВЫЗВАЛЕНЬНЯ БЕЛАРУСІ (СВБ)

Падпольная  моладзевая арганізацыя ў Наваградку ў 1946-47 гг. СВБ створаны ў лістападзе 1946 г. па ініцыятыве сябры Беларускай Незалежніцкай Партыі Генадзя Казака. Быў створаны аргкамітэт, падрыхтавана праграма, былі прызначаныя ўпаўнаважаныя прадстаўнікі ў раёнах. Арганізацыйны аддзел узначаліў Міхась Кожыч ("Дубовы"), а фінансавы - Кастусь Рамановіч ("Сокал"). Галоўнай мэтай СВБ было "аддзяленьне Беларусі ад СССР і стварэньне самастойнай беларускай дзяржавы". Асноўным метадам барацьбы СВБ была антысавецкая агітацыя, але й не выключаўся ўзброены супраціў.

СВБ быў  разьбіты на "тройкі". Аднак сыстэма  кансьпірацыі была ненадзейная. Напрыклад, вяліся пратаколы пасяджэньняў кіраўніцтва  арганізацыі, якія пасьля трапілі ў  рукі дзяржбясьпекі.

У канцы  траўня 1947 г. сьледчым аддзелам УМГБ Баранавіцкай вобласьці было арыштавана 18 сябраў СВБ, выдадзеных правакатарам. 30 жніўня 1947 г. Вайсковы трыбунал войскаў МВД Баранавіцкай вобласьці прысудзіў удзельнікаў СВБ да зьняволеньня на тэрмін ад 8 да 25 гадоў канцлягераў.

САЮЗ  ЗМАГАНЬНЯ за НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ БЕЛАРУСІ (СЗНБ)

Падпольная  арганізацыя ў Заходняй Беларусі ў 1946-49 гг. Заснавана ў 1946 г., з ініцыятывы камандзіра беларускага партызанскага  атрада Івана Раманчука ("Ястраб"). Дзейнічала ў некаторых раёнах Заходняй Беларусі, у тым ліку, у Горадне, Нясьвіжскім, Клецкім і Стоўбцаўскім раёнах. Устаноўчы сход прайшоў у 1946 г. на хутары Сацкая Ліпа (Нясьвіжскі раён) і на ім прысутнічала 6 чалавек, а сярод іх студэнты Гарадзенскага педінстытута. Праграма СЗНБ прадугледжвала падрыхтоўку патрыятычных сілаў, якія ў выпадку вайны павінны былі выступіць у абарону беларускага народа і незалежнасьці Бацькаўшчыны. Арганізацыя павінна была сваімі структурамі ахапіць усю Беларусь і чакаць адпаведнага часу, каб дзейнічаць. У адпаведнасьці з праграмай СЗНБ, павінны былі быць распушчаны калгасы, а зямля перадавалася сялянам. Была выпушчана й распаўсюджана антысавецкая ўлётка. СЗНБ будаваўся з "пяцёрак", склад кожнай зь іх ведаў толькі кіраўнік гэтага зьвяна. Дзякуючы кансьпірацыі, частка структур СЗНБ не была раскрытая. Некаторыя сябры арганізацыі знаходзіліся на нелегальным становішчы (І.Раманчук, Міхась Кожыч). Спроба арганізацыі суполкі СЗНБ у Менску скончылася правалам. На пачатку 1949 г. ворганамі савецкай дзяржбясьпекі было арыштаванае кіраўніцтва арганізацыі. У траўні (або летам) 1949 г. быў захоплены чэкістамі паранены ў баю Іван Раманчук, кіраўнік СЗНБ. Ваенным трыбуналам войск МВД Беларускай ваеннай акругі ад 15-17 чэрвеня 1949 г. за "здраду Радзіме, ускосны тэрор і антысавецкую прапаганду" 17 сябраў СЗНБ былі засуджаны на розныя тэрміны зьняволеньня.

"ЧОРНЫ  КОТ" 

Беларуская  партызанская арганізацыя. Па некаторых  зьвестках, "Чорны Кот" быў арганізаваны ўжо 1944 г., па іншых - у 1945 г. Дзейнічала пад кіраўніцтвам генэрала Міхала Вітушкі ("Лось"). У некаторых крыніцах паведамляецца, што назоў "Чорны Кот" ("Чорная Кошка") меў адзін з партызанскіх аддзелаў генэрала Вітушкі, або нават атрад "Дальвіца", які дэсантаваўся ў Беларусі 17 лістапада 1944 г. У іншых крыніцах "Чорны Кот" - гэта злучэньне партызанскіх аддзелаў генэрала Вітушкі або "тэрарыстычная арганізацыя".

"Чорны  Кот" (Беларуская Вызвольная Армія)  складалася з рэгулярных партызанскіх  аддзелаў і ўдзельнікаў збройнага  падпольля ("ударнікаў"), якія  легальна працавалі ў калгасах, сваіх гаспадарках, на прадпрыемствах і ў установах, але бралі ўдзел у акцыях. На чале "Чорнага Ката" стаяў Галоўны Штаб, якім камандаваў генэрал Міхал Вітушка і ягоныя намесьнікі: Ахрэм і Шукайловіч. М.Вітушка зьяўляўся й старшынёй ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі, сканцэнтраваўшы, такім чынам, у сваіх руках вайсковае й палітычнае кіраўніцтва Нацыянальным Супрацівам. У складзе "Чорнага Ката" былі ня толькі беларускія аддзелы, але й летувіскія, латышскія, нямецкія ("Вэрфольф", "Цэпэлін", "Эдэльвейс") й украінскія атрады, якія ў асноўным дзейнічалі ў заходняй і паўночнай Беларусі, а таксама ў Прыбалтыцы.

"Чорны  Кот" праводзіў акцыі на  чыгунцы, узрываючы або захопліваючы  цягнікі, рабіў напады на савецкія  склады й гарнізоны, на вёскі,  мястэчкі й гарады, вызваляў вязьняў  з турмаў і канцлягераў. Рабіліся напады на банкі з мэтай здабыцьця сродкаў, неабходных для забясьпечаньня падпольнай й партызанскай дзейнасьці. Баявікі "Чорнага Ката" зьдзяйсьнялі тэрарыстычныя акты супраць прадстаўнікоў савецкай улады, членаў камуністычнай партыі, супрацоўнікаў МВД і МГБ (КГБ). Па некаторых зьвестках, у кастрычніку 1948 г. была спроба замаху на І.Сталіна. Частку зброі, боепрыпасаў, радыёапаратуру, амуніцыю "Чорны Кот" атрымоўваў праз Польшчу з Ангельшчыны, з дапамогай мясцовых сьпецслужбаў. "Чорным Катом" праводзілася й вялікая прапагандовая праца: выдаваліся дзесяткі газэт, часапісаў, плякатаў, адозваў і абвестак, якія пашыраліся ня толькі сярод партызанаў, але й сярод насельніцтва.

У эміграцыйных крыніцах ёсьць зьвесткі, што "Чорны  Кот" працягваў сваю актыўную баявую дзейнасьць да 1950 г. Аднак і ў пазьнейшыя гады ад імя гэтай арганізацыі праводзіліся акцыі, скіраваныя супраць савецкіх уладаў. Аднак гэта была ўжо хутчэй дзейнасьць узброенага падпольля, чымсьці партызанкі. Магчыма, што кіраўніцтва "Чорнага Ката", падобна камандаваньню УПА, перавяла свае структуры са стану ўзброенай партызанскай вайны да стану збройнага падпольля. Наколькі была эфектыўнай і колькі працягвалася барацьба "Чорнага Ката" ў новых умовах - невядома. Аднак яшчэ напрыканцы 1950-х гг. у БССР існавалі падпольныя групы, якія пазьней перабраліся на Захад, у Польшчу, або засталіся на Бацькаўшчыне, так і ня выкрытыя савецкай дзяржбясьпекай. На Захадзе апынуўся й генэрал Міхал Вітушка.

Каляндар  асноўных датаў з гісторыі беларускага нацыяналізму

2 жніўня 1833 г. - у Горадні маскоўскімі акупантамі  быў павешаны беларускі рэвалюцыянер, камандзір паўстанцаў, ураджэнец  Слонімшчыны Міхал Валовіч (ён  нарадзіўся 18 чэрвеня 1806 г. у маёнтку  Парэчча Слонімскага павету).

2 лютага 1838 г. - у вёсцы Мастаўляны Ваўкавыскага павету нарадзіўся Кастусь Каліноўскі, вялікі беларускі нацыяналіст-рэвалюцыянер, адзін з кіраўнікоў антымаскоўскага паўстаньня 1863-64 гг. у Літве-Беларусі. Выдавец беларускай падпольнай газэты "Мужыцкая праўда".

16 лістапада 1888 г. - у мястэчку Поразава Ваўкавыскага павету нарадзіўся Вінцэнт Гадлеўскі, рыма-каталіцкі сьвятар, ідэолаг беларускага нацыяналістычнага руху, заснавальнік шэрагу нацыяналістычных арганізацый у 1930-40-я гады.

5 лістапада  1907 г. - у Нясьвіжы нарадзіўся Міхал Вітушка, беларускі генэрал, адзін з лідэраў Беларускай Незалежніцкай Партыі, кіраўнік Беларускага Супраціву ў другой палове 1940-х - пачатку 50-х гадоў.

1920 г. - у вёсцы Чучэвічы Лунінецкага  павету нарадзіўся Ўсевалад Родзька,  кіраўнік Беларускай Незалежніцкай Партыі ў часы Другой сусьветнай вайны, арганізатар антыбальшавіцкага партызанскага руху.

20 жніўня 1924 г. - на першым зьездзе беларускіх  студэнтаў у Празе ўтворана "Аб'яднаньне  Беларускіх Студэнцкіх Арганізацый" (АБСА).

1933 г. - у Заходняй Беларусі запачаткавана Беларуская Нацыянал-Сацыялістычная Партыя.

1936 г. - заснаваньне а. Вінцэнтам Гадлеўскім  у Заходняй Беларусі нацыяналістычнай  арганізацыі "Беларускі Фронт".

Восень 1939 г. - заснаваньне ў Вільні пад  летувіскай акупацыяй падпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыі. Ініцыятары - а. Вінцэнт Гадлеўскі, Станіслаў Грынкевіч (старшы), Мікола Шкялёнак ды інш.

Лета 1940 г. - у Варшаве пачынае дзейнічаць паўлегальная нацыяналістычная арганізацыя "Беларускі Нацыянальны Фронт" (БНФ), якім кіраваў а. Вінцэнт Гадлеўскі.

18 чэрвеня  1941 г. - у Беларусі дэсантаваўся  Першы Штурмовы Зьвяз, баявы  аддзел беларускіх нацыяналістаў. 

19 чэрвеня  1941 г. - у Бэрліне сябрамі Беларускага  нацыянальнага Супраціву быў  закладзены "Беларускі Нацыянальны Цэнтар", як правобраз беларускага ўраду на выпадак вайны і вяртаньня нацыянальнага актыву на Бацькаўшчыну. У кіраўніцтва БНЦ увайшлі: Мікалай Шчорс (старшыня), а. Вінцэнт Гадлеўскі, Мікалай Шкялёнак, Вітаўт Тумаш, Часлаў Ханяўка ды інш.

Жнівень 1941 г. - антыбальшавіцкая беларуска-ўкраінская вайсковая апэрацыя на Палесьсі. Аб'яднанымі сіламі Беларускай Самаабароны й Палескай Сечы УПА былі вызвалены ад бальшавіцкіх партызанаў і акружэнцаў цэлыя раёны беларускага і ўкраінскага Палесься. Сярод кіраўнікоў беларускіх вайскоўцаў былі вядомыя нацыяналісты Ўсевалад Родзька й Міхал Вітушка.

Канец жніўня (па іншых зьвестках - верасень) 1941 г. - Варшаўская нарада кіраўніцтва  Беларускай Незалежніцкай Партыі. Была прынята праграма падпольнай антыфашыстоўскай дзейнасьці, распрацаваная а. Вінцэнтам Гадлеўскім.

1942 г. - айцец Вінцэнт Гадлеўскі стварае  падпольны "Беларускі Цэнтральны (Народны) Фронт", адну з арганізацый  Беларускага нацыянальнага Супраціву,  якая, у асноўным, складалася з  беларускай інтэлігенцыі.

Информация о работе Беларускі нацыяналізм