Беларускі нацыяналізм

Автор: Пользователь скрыл имя, 24 Января 2012 в 19:20, контрольная работа

Описание работы

Беларускі нацыяналізм - гэта вызвольны, аб'яднаўчы грамадзка-палітычны рух, які на аснове яднаньня ў суцэльны фронт усіх паборнікаў дзяржаўнай самастойнасьці мабілізуе найшырэйшыя народныя масы да барацьбы за волю народа й чалавека, за нацыянальную, палітычную ды сацыяльную справядлівасьць, за аднаўленьне на беларускіх этнічных землях Беларускай Незалежнай Нацыянальнай Дзяржавы - адзінага гаранта існаваньня й працьвітаньня нацыі.

Работа содержит 1 файл

Беларускі нацыяналізм.doc

— 128.50 Кб (Скачать)

БВР супрацоўнічае  з Беларускай Цэнтральнай Радай, дасылае сваіх дэлегатаў на яе пленумы. У 1952-53 гг., абапіраючыся на структуры БЦР, у розных краінах Захаду арганізоўваюцца Краёвыя Штабы БВР. Утвараюцца й Аддзелы моладзі пры БВР (напрыклад, у 1953 г. у Аўстраліі Аддзелам моладзі кіраваў лейтэнант Ул.Шнэк). БЦР на чале з Р.Астроўскім імкнулася падпарадкаваць сабе БВР, але гэтаму супрацівіўся палкоўнік Зарэчны, які хацеў захаваць незалежнасьць сваёй арганізацыі. У выніку, 8 лютага 1954 г. прэзыдэнт БЦР звольніў Л.Зарэчнага ад пасады старшыні Галоўнага Штаба БВР, прызначыўшы на ягонае месца маёра Ўладзіміра Сеньку (апошні адмовіўся выконваць гэты загад). Аднак Зарэчны рашэньні выканаўчых ворганаў БЦР праігнараваў і 18 лютага 1954 г. выдаў Зварот да ўсіх сяброў БВР і ўсяе беларускае грамадзкасьці. Палкоўнік Л.Зарэчны заклікаў сяброў БВР самім вырашыць лёс арганізацыі, склікаўшы Ўсеэміграцыйны зьезд БВР. Аднак, яшчэ напярэдадні зьезду БВР быў расколаты на дзьве часткі. У Ангельшчыне ствараў "свой" БВР Сымон Серафімовіч, перайшоў у лягер бэцээраўцаў кіраўнік палітычна-прапагандовага аддзелу Галоўнага штаба БВР Ягор Попка (капітан Б. Жубровіч).

29 жніўня 1954 г. у Манчэстары прайшоў  першы Ўсеэміграцыйны зьезд БВР,  на якім быў прыняты статут  і выбраны кіруючыя ворганы  арганізацыі. Генэральным сакратаром  БВР быў абраны С.Шчэрба. Старшынёй  ЦК БВР стаў Л.Зарэчны, а пасьля ягонага адыходу ад арганізацыі - Ул.Сенька. На зьезьдзе быў прыняты Маніфэст БВР. С.Шчэрба пісаў: "Маніфэст гэты мы перакінем усякімі шляхамі на родныя нашыя землі, каб падняць наш Народ на духу, а калі прыйдзе адпаведны час - да рэвалюцыі...".

27 кастрычніка  1954 г. пленум і калегія БЦР  "зьліквідавалі" БВР і арганізавалі  Беларускі Вызвольны Фронт. Аслаблены  БВР пачаў падзяляцца на малыя  групы. Маёр Сенька выконваў  абавязкі старшыні ЦК БВР толькі  фармальна. Уплыў БВР на беларускую  эміграцыю з гэтага часу стаў мінімальны. 7 верасьня 1957 г. у Дэўсбуры (Ангельшчына) прайшоў другі Агульны Ўсеэміграцыйны зьезд БВР, на якім прысутнічаў 41 дэлегат з Ангельшчыны, Аргентыны, Гішпаніі, Францыі, Аўстрыі, Канады і Аўстраліі. Аднак на ім вырашаліся дробныя справы, як напрыклад "чыстка" шэрагаў БВР ад "бязбожных групаў", "уласаўцаў" і г. п. Фактычна, гэта быў канец Беларускага Вызвольнага Руху. Спробы яго рэанімацыі адбываліся яшчэ ў 1960-70-я гг. У Манчэстары дзейнічалі дзьве варожыя групы, кожная зь якіх называла сябе "Беларускім Вызвольным Рухам". У Ангельшчыне выдаваўся часапіс БВР "Жыве Беларусь". У Кліўлендзе (ЗША) жыў Алесь Змагар (Яцэвіч, палкоўнік Баравы), які зьяўляўся старшынёй Галоўнай Управы БВР. Змагар з 1965 г. неперыядычна выдаваў газэту "Незалежная Беларусь". Да пачатку 1980-х гг. ён рэгулярна распаўсюджваў ад імя БВР адозвы да ўгодкаў 25 Сакавіка й Слуцкага паўстаньня. На сёньняшні дзень арганізацыя ўжо не існуе.

БЕЛАРУСКІ ВЫЗВОЛЬНЫ ФРОНТ (БВФ)

Беларуская  эмігранцкая палітычна-вайсковая  арганізацыя. БВФ быў заснаваны 27 кастрычніка 1954 г. указам прэзыдэнта Беларускай Цэнтральнай Рады Радаслава Астроўскага. Галоўнай мэтай БВФ было вызваленьне Беларусі ад маскоўска-бальшавіцкай акупацыі. БВФ прызнаваў Акт 25 сакавіка 1918 г. і пастановы 1-га й 2-га Ўсебеларускіх кангрэсаў, ды стаяў на плятформе Беларускай Цэнтральнай Рады.

Галоўны Штаб БВФ, які знаходзіўся ў Штутгарце (Зах. Нямеччына), узначаліў падпалкоўнік Дзімітры Касмовіч ("Каршун"). Былі арганізаваны Краёвыя аддзелы Фронту ў Заходняй Нямеччыне, Ангельшчыне, Аўстраліі, ЗША і Канадзе. З 1955 г. выходзіў часапіс "Барацьба", ворган БВФ, наклад якога ў 1950-я гг. складаў тысячу паасобнікаў.

Асноўную  частку актывістаў БВФ склалі былыя  сябры Беларускага Вызвольнага  Руху - прыхільнікі БЦР, а таксама сябры Беларускай Незалежніцкай Партыі. БВФ ня толькі разгарнуў шырокую інфармацыйна-прапагандысцкую дзейнасьць у краінах Заходняй Эўропы, але й спрабаваў падтрымліваць кантакты з рэшткамі антысавецкага падпольля ў Беларусі.

БВФ супрацоўнічаў  ў шэрагам антыкамуністычных арганізацый: з Антыбальшавіцкім Блёкам Народаў (АБН), Антыкамуністычнай Лігай Народаў Азыі (АПАКЛ, з 1955 г.), Міжамэрыканскай Канфэдэрацыяй Абароны Кантынэнту, Міжнароднай федэрацыяй для перамогі над камунізмам ды інш. Ад імя БВФ і БЦР Дз.Касмовіч у 1964 г. выступаў у Эўрапарлямэнце, а ў 1968 г. - у Брытанскім парлямэнце. У 1967 г. БВФ быў адным з арганізатараў Эўрапейскае Рады Свабоды, у якую ўвайшлі вядомыя палітыкі й грамадзкія дзеячы. У 1967 г. была арганізавана Сусьветная Антыкамуністычная Ліга, галоўны штаб якой знаходзіўся ў Сэуле (Паўднёвая Карэя), і зь якой актыўна супрацоўнічаў Беларускі Вызвольны Фронт. Пачынаючы з канца 1950-х гг. асноўная дзейнасьць аддзелаў БВФ заключалася ў правядзеньні антыкамуністычных мітынгаў і дэманстрацый, ва ўдзеле ў міжнародных канфэрэнцыях, на якіх ставілася на абмеркаваньне беларускае пытаньне.

У 1960-70-я  гг. актыўна дзейнічалі Краёвыя аддзелы  БВФ у Ангельшчыне (кіраўнік штаба - Кастусь Глінскі), Аўстраліі (Сіднэй і Мэльбурн, актывісты - Уладзімір  Сідлярэвіч, Паўла Гуз, Міхась Зуй, Алесь Алехнік, Уладзімір і Алег Шнэкі), Канадзе (Вэнніпэг), ЗША (актывісты - Іван Касяк, А.Касоўская, Анатоль Плескачэўскі, В.Лапіцкая).

Са сьмерцю  ў 1991 г. Дз.Касмовіча, БВФ фактычна спыніў сваё існаваньне. Толькі ў Аўстраліі яшчэ некалькі гадоў працягваў дзейнічаць мясцовы аддзел БВФ, які высылаў свае адозвы і мэмарандумы ў газэты й часапісы Беларусі.

БЕЛАРУСКІ ДЭСАНТНЫ БАТАЛЬЁН "ДАЛЬВІЦ"

Вайсковае фарміраваньне, створанае беларускімі  нацыяналістамі пры дапамозе абвэра (нямецкай вайсковай разьведкі й контрразьведкі) для антысавецкай барацьбы ў тыле Чырвонай Арміі, на тэрыторыі Беларусі. Батальён быў арганізаваны ў ліпені 1944 г. у мястэчку Дальвіц ва Ўсходняй Прусіі пры нямецкай дывэрсыйна-разьведвальнай школе. Начальнікам школы быў маёр Геруліс, а яго намесьнікамі Барыс Рагуля й Усевалад Родзька. Родзька адказваў за палітычную падрыхтоўку асабовага складу батальёна, а Іван Гелда - за вайсковую.

"Дальвіц"  камплектаваўся з афіцэраў і  жаўнераў Беларускай Краёвай  Абароны, пераважна сябраў Беларускай Незалежніцкай Партыі. У 1944 г. у батальёне налічвалася болей за 200 чалавек і ён быў падзелены на дзьве роты: "Паўднёвую" і "Паўночную". Беларускія вайскоўцы вывучалі падрыўную й сапёрную справы, тапаграфію, тактыку вядзеньня партызанскага бою, тыпы зброі. Невялікая група дзяўчат і жанчын рыхтаваліся на радыстак. У другой палове 1944 г. на Беларусь было скінута з нямецкіх самалётаў некалькі атрадаў, груп і асобных дэсантнікаў "Дальвіца". Частка зь іх была ліквідавана савецкай дзяржбясьпекай, іншыя пераходзілі да партызанскае дзейнасьці. Дэсантнікі, акрамя абвэра, атрымоўвалі заданьні й ад кіраўнікоў БНП, якія спрабавалі ўзьняць у Беларусі антысавецкі партызанскі рух. Усе перакінутыя ў Беларусь вайскоўцы лічыліся сябрамі Беларускай Вайсковай Арганізацыі й мусілі выконваць заданьні толькі беларускага кіраўніцтва.

На пачатку  лістапада 1944 г. "Дальвіц" перадыслякаваўся ў мястэчка Вальбуш пад Быдгошчам (Польшча), дзе працягваў падрыхтоўку. Пазьней ён пераехаў у раён Бэрліна.

Напрыканцы сакавіка 1945 г. камандзір батальёна маёр У.Родзька заключыў пагадненьне з кіраўніком "Ягдфербанд-Ост СС" палкоўнікам нямецкіх сьпецслужбаў Ота Скарцэні аб павелічэньні складу "Дальвіца" да 700-800 чалавек і яго перакідцы ў Беларусь. Аднак падрыхтаваныя атрады "Дальвіца" ў Беларусь перакінутыя не былі.

У траўні 1945 г. "Дальвіц" быў раззброены чэшскімі партызанамі, пасьля чаго Родзька  аб'явіў пра яго роспуск. Батальён быў падзелены на групы, якія прабіваліся  на Захад, або ў Беларусь. Атрад  маёра Ў.Родзькі перабраўся на Беласточчыну, дзе ў чэрвені 1945 г. старшыня ЦК БНП і камандзір "Дальвіца" быў арыштаваны. Частка вайскоўцаў батальёна, дабраўшыся да Белавежскай і Налібоцкай пушчаў, прыступілі да партызанскай дзейнасьці. Некаторыя дэсантнікі, як, напрыклад, Аўген Жыхар, камандавалі партызанскімі аддзеламі. А генэрал Міхал Вітушка кіраваў партызанкай і падпольлем "Чорнага Ката". Па афіцыйных савецкіх зьвестках, у 1956 г. дзяржбясьпека расшуквала 57 дэсантнікаў "Дальвіца", якія былі або на Захадзе, або скрываліся ў Савецкім Саюзе.

Батальён "Дальвіц" адыграў выключную  ролю ў падрыхтоўцы каманднага складу для беларускага партызанскага  руху. Ягоныя дэсантнікі здолелі часткова аб'яднаць стыхійную партызанку й  аформіць яе ў арганізацыйныя рамкі.

БЕЛАРУСКІ НАЦЫЯНАЛЬНЫ ЦЭНТАР (БНЦ)

Эмігранцкая нелегальная палітычная арганізацыя. БНЦ заснаваны 15 жніўня 1945 г. на нелегальным  сходзе беларускага нацыянальнага актыву ў Рэгэнсбургу, у амэрыканскай акупацыйнай зоне Нямеччыны. Сярод 12 прысутных былі: Радаслаў Астроўскі, Мікола Абрамчык, Аўген Каханоўскі (Калубовіч), Барыс Рагуля ды інш. БНЦ мусіў стаць "беларускім цэнтральным прадстаўніцтвам" на Захадзе. Ідэю стварэньня гэтай арганізацыі падтрымаў і прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады Р.Астроўскі, які разумеў, што ў пасьляваенных умовах БЦР ужо ня можа дзейнічаць, маючы пляму "калябарацыі" (БЦР будзе распушчаная ў верасьні 1945 г.). На прапанову Астроўскага старшынём БНЦ быў выбраны М.Абрамчык, а яго заступнікам А.Каханоўскі. Быў арганізаваны й Прэзыдыюм БНЦ. Аднак ужо ў 1946 г. з арганізацыі выйшлі прыхільнікі Р.Астроўскага ("зарубежнікі"). На жаль, невядома, ці прызнаваў БНЦ пераемнасьць ад Беларускага Нацыянальнага Цэнтру, заснаванага ў Бэрліне 19 чэрвеня 1941 г. групай Міколы Шчорса і а. Вінцэнта Гадлеўскага.

Утвораны  ў 1945 г., БНЦ меў на мэце "мабілізаваньне і арганізаваньне ўсіх беларускіх нацыянальных сілаў для няўтомнага і бескампраміснага змаганьня супраць бальшавізму і ўсякіх іншых формаў паняволеньня беларускага народу", змаганьне "за палітычную, нацыянальную, рэлігійна-царкоўную, сацыяльную і эканамічную незалежнасьць беларускага народу". БНЦ у сваіх праграмных дакументах заяўляў пра сваю прынцыпіяльную арыентацыю на свае ўласныя сілы. Арганізацыя афіцыйна заяўляла пра сваю надпартыйнасьць, але тайна ад шырокіх колаў беларускага грамадзтва знаходзілася пад уплывам Рады БНР, якая да сьнежня 1947 г. дзеяла нелегальна. БНЦ здолеў аб'яднаць у сваіх шэрагах прадстаўнікоў многіх існаваўшых у той час палітычных партый і арганізацый. Але брабэцээраўскай "Сялянска-Работніцкай Партыі Вызваленьня Беларусі", як "русафільскай", было адмоўлена ў супрацоўніцтве.

Нелегальна  выдаваліся й распаўсюджваліся перыёдыкі БНЦ і ягоныя ўлёткі. З красавіка 1946 г. выдаваўся часапіс "Рух", ворган БНЦ або "цэнтралі пасярэдніцтва Беларускага вызвольнага руху (у апошніх нумарах - "беларускай нацыянальна-вызвольнай думкі"), як было пазначана пад лагатыпам. На працягу 1946-48 гг. выйшла 5 нумароў (рэдактар Ст.Станкевіч, які выступаў у часапісе, як "Язэп Каранеўскі"). У чэрвені 1948 г. выйшаў першы нумар "Бюлетэня" Замежнага Сэктару БНЦ", які быў прызначаны для ўнутранага карыстаньня сяброў арганізацыі. У 1949 г. група сяброў БНЦ выдавала часапіс "За волю". Частка адозваў і зваротаў арганізацыі друкавалася ў часапісе "Рух", іншыя выходзілі асобнымі выданьнямі, як, напрыклад, зварот БНЦ да беларускай эміграцыі ад 20 ліпеня 1947 г. Ён быў выкананы друкам на чатырох балонках. Зварот меў антырасейскі характар: "ад самага пачатку арганізаванага жыцьця беларускай эміграцыі ўся варожая разбуральная дзейнасьць у ейным асяродзьдзі йшла цераз расейскую дывэрсыю", "і ў маскоўскіх нацыяналістых і ў бальшавікоў у дычыненьні да нас адна мэта - сьцерці нас з карты гісторыі".

Да 1949 г. ў амэрыканскай зоне Нямеччыны адбылося найменш чатыры зьезды БНЦ, якія праводзіліся кансьпіратыўна. Ці не самы прадстаўнічы (чацьверты па ліку) зьезд сабраўся ў сакавіку 1949 г. у Остэргофэне. На ім была зроблена спроба зрабіць БНЦ прадстаўніцтвам партыяў.

У гэты час ужо легальна разгортвалі  канкурэнцыйную дзейнасьць Рада БНР  і БЦР. Таму сам назоў "Беларускі  Нацыянальны Цэнтар" згубіў свой першапачатковы сэнс. Па некаторых  зьвестках, БНЦ прыпыніў сваю дзейнасьць 28 сьнежня 1947 г., пасьля таго, як аднавілася Рада БНР, куды, дарэчы, увайшлі многія кіраўнікі Цэнтру. Аднак ёсьць фактам, што ён працягваў існаваць і пасьля 1947 г.(прынамсі, да 1949 г.), але ўжо пад старшынствам Станіслава Станкевіча. Праўдападобна, што яшчэ малавядомай Радзе БНР быў неабходны БНЦ, каб з яго дапамогай канкураваць за ўплыў на беларускую эміграцыю з адноўленай БЦР.

Беларускі Нацыянальны Цэнтар яшчэ ў 1946 г. увайшоў  у Антыбальшавіцкі Блёк Народаў, які спрабаваў каардынаваць антысавецкае змаганьне ва Ўсх. Эўропе (першым генэральным сакратаром АБН быў Станіслаў Станкевіч, адзін з кіраўнікоў БНЦ). У 1947-48 гг. у адозвах і выданьнях БНЦ зьявіўся "Замежны (або "Эміграцыйны") Сэктар БНЦ". З аднаго боку, гэта яшчэ не гаворыць пра існаваньне БНЦ і ў Беларусі, але зусім магчыма, што былі спробы залажыць арганізацыю й на Бацькаўшчыне.

Беларускі Нацыянальны Цэнтар быў адноўлены  часткай ягоных былых сябраў у 1952 г. у ЗША. У БНЦ увайшлі былыя  сябры Рады БНР, т. зв. апазыцыя прэзыдэнту Рады БНР М.Абрамчыку: Лявон Савёнак (старшыня), Міхась Рагуля, Мікола Панькоў, Вітаўт Тумаш ды інш. У сьнежні 1952 г. БНЦ разам з шэрагам украінскіх, грузінскіх, азербайджанскіх і іншых арганізацый выдалі сумесную дэклярацыю супраць палітыкі Амэрыканскага камітэту вызваленьня народаў Расеі й створанага ім Каардынацыйнага цэнтру антыбальшавіцкай барацьбы. Нават у такой нешматлікай групе, як БНЦ у ЗША, ішла барацьба. Напрыклад, у 1953 г. з БНЦ быў выключаны Гіпаліт Паланевіч. Адноўлены БНЦ ніякага ўплыву на беларускую эміграцыю ня меў і, праўдападобна, яшчэ ў 1950-х гг. спыніў сваё існаваньне.

"БЮЛЕТЭНЬ  БЕЛАРУСКАЙ НЕЗАЛЕЖНІЦКАЙ ПАРТЫІ (БЮЛЕТЭНЬ БНП)"

Падпольнае  выданьне. Выходзіла ў Беларусі й  Нямеччыне ў 1942-46 гг. Рашэньне пра  выданьне "Бюлетэня БНП" прыняў ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі летам 1942 г. Адказным рэдактарам быў прызначаны Міхась Рагуля. Падчас нямецкай акупацыі ў Беларусі выйшла 2 нумары выданьня, накладам у 500 паасобнікаў кожны. Астатнія нумары выйшлі ва Ўсходняй Прусіі й у Бэрліне. Апошні "Бюлетэнь БНП" быў выдадзены Замежным сэктарам ЦК БНП у Зах. Нямеччыне восеньню 1946 г. і перапраўляўся ў Беларусь для падпольшчыкаў і партызанаў.

Информация о работе Беларускі нацыяналізм