Антоний Тизенгауз

Автор: Пользователь скрыл имя, 24 Февраля 2013 в 12:58, контрольная работа

Описание работы

Антоній Тызенгаўз (1733 — 1785) — палітычны і грамадскі дзеяч Вялікага княства Літоўскага, адзін з найбольш таленавітых фінансістаў свайго часу.
Нарадзіўся у сям’і багатага і уплывовага вяльможы Бенядзікта Тызенгаўза.
Адукацыю атрымаў у езуіцкай калегіі у Вільні. Зрабіўшы з 1757—1765 гг. імклівую палітычную кар’еру (ад гродзенскага падстаросты і простага пасла на сейм да кіраўніка Гродзенскага староства, пісара, а потым і надворнага падскарбія Вялікага княства Літоўскага), А. Тызенгаўз пачаў здзяйсняць свой “вялікі мануфактурны план”.
Будучы чалавекам адукаваным і перадавых для свайго часу поглядаў, ён, як і значная частка эліты Рэчы Паспалітай, разумеў, што для спрыяння гаспадарчаму развіццю ў краіне было неабходна правядзенне пэўных палітычных і эканамічных рэформаў, стварэнне законаў у падтрымку эканомікі.

Работа содержит 1 файл

Кантрольная.docx

— 41.78 Кб (Скачать)

 

Дзякуючы заканадаўчым новаўвядзенням, стварэнню спецыяльнай сістэмы  падтрымкі прамысловасці сваёй  краіны, своеасаблівай сістэмы “пратэкцыянізму”, А. Тызенгаўз хацеў за кароткі  тэрмін арганізаваць у аграрнай краіне, якой было ў другой палове ХVІІІ ст. Вялікае княства, развітую прамысловасць. Такія памкненні знайшлі сваё адлюстраванне, напрыклад, у інструкцыі, складзенай для дэпутатаў Гродзенскага павета, якія былі абраныя на Сейм 1766 г. (адным з яе аўтараў быў А. Тызенгаўз). Згодна дакументу, паслы  павінны былі дамагацца больш  шырокіх правоў для развіцця прыватных  мануфактур, што садзейнічала б затрыманню грошай у краіне, укладванню іх у  развіццё ўласнай вытворчасці і  памнажэнню, дзякуючы гэтаму, агульнага  дабрабыту [6, с. 227].

 

 

У прадмесці Гродна Гарадніцы быў  пабудаваны прамыслова-культурны цэнтр  з 85 будынкаў рознага прызначэння, якія ўтваралі тры асобныя зоны: адміністрацыйную, вытворчую і навучальную [7, с. 321 Дамы мелі мураваныя фасады і драўляныя  бакавыя сцены. На першым паверсе  будынкаў знаходзіліся жылыя пакоі, кухня і сенцы, з якіх лесвіца  вяла на мансарду [8, с. 172—173]. З 20 такіх  дамоў, збудаваных на Гарадніцы, сёння  ў Гродне захаваўся толькі адзін, па вул. Э.Ажэшкі, вядомы як “дамок майстра”.

 

* “Баснякі” — вайсковая варта  Гродзенскай каралеўскай эканоміі.

 

 Заснаванне першых фабрык  сукна і палатна ў Гродне  адбылося ў 1766—1768 гг. Аднак гэта  не былі “фабрыкі” ў поўным  сэнсе гэтага слова, а хутчэй  мануфактуры з некалькімі станкамі, пры якіх працавалі адзін або  два рамеснікі з невялікай  колькасцю вучняў [6, с. 267]. Пачаткам  шырокай мануфактурнай вытворчасці  ў Гродне можна лічыць 1770 год,  калі ў Варшаве была ліквідавана  “Кампанія Ваўняных Мануфактур”  і суконны мануфактурны цэнтр  перамясціўся ў Гродна. Раней  менавіта гэтая кампанія адкрыла  тры суконныя мануфактуры на  тэрыторыі Беларусі: у Гарадніцы,  Ласосне і Берасці, якія пасля  спынення дзейнасці кампаніі  набылі пэўную самастойнасць. 

У 1777 г. гродзенскі прамысловы цэнтр  налічваў ужо больш за 15 прамысловых  прадпрыемстваў. Тут, акрамя згаданых палатнянай і суконнай фабрык, дзейнічалі гарбарная мануфактура, мануфактуры  па вытворчасці гармат і ружжаў, вырабаў з золата, свечак, панчошная, тытунёвая, карэтна-экіпажная, металаапрацоўчая, шаўкаткацкая, карункавая, капялюшная, дывановая, шаўковых паясоў, па вырабу ігральных карт, гузікаў, фарбы і  іншых тавараў, а таксама цукраварня і паперня*. Самымі буйнымі на той  час былі шаўковая фабрыка, дзе выкарыстоўваліся 62 розныя станкі, і суконная, толькі ў ткацкім аддзяленні якой было 40 станкоў [9, с. 359]. Станкі прывозіліся  з-за мяжы, і ў дакументах яны звычайна адзначаліся як “машыны ангельскія” [3, D-3/XVI, s. 279].

 

* У Галоўным архіве Старажытных  Актаў у Варшаве (AGAD) у фондзе  Антонія Тызенгаўза (АТ, D-3//ХУІ) захаваліся  чарцяжы і малюнкі некаторых  вырабаў гродзенскіх мануфактур, узоры палатняных і шарсцяных  тканін, якія там выпускаліся,  і інш. 

 

Не толькі машыны (станкі), але таксама  інструменты, іншае абсталяванне і  каля 70% сыравіны для гродзенскіх  мануфактур прывозіліся з-за мяжы. На мясцовых рынках куплялася толькі каля 25% сыравіны, 5% спецыяльна пастаўляла Гродзенская эканомія (воўну, дрэва, вугаль і да т.п.). Натуральна, што мануфактурная вытворчасць, акрамя ўсяго іншага, стымулявала развіццё розных галін эканомікі ўнутры краіны, у прыватнасці авечкагадоўлю, лясную і перапрацоўчую прамысловасць.

 

Агульная колькасць рабочых  на гродзенскіх каралеўскіх мануфактурах у 1777 г. складала больш за 3000 чалавек [4, с. 82]. Асартымент тавараў, якія выпускаліся  на мануфактурах, быў вельмі разнастайны: жупаны, хусткі, шалі, атлас. Шаўковыя тканіны  вырабляліся на шаўкаткацкай мануфактуры; на палатнянай — муслін, батыст, палатно  для абрусаў і сурвэтак; цвікі, рыдлёўкі, замкі, напільнікі і іншыя  рэчы з жалеза выраблялі на металаапрацоўчай мануфактуры; на карункавай і залататкацкай  плялі каштоўныя карункі, выраблялі  залатую і срэбную ніці, а таксама  некаторыя ювелірныя ўпрыгажэнні; мануфактура пацерак выпускала, акрамя саміх пацерак, яшчэ і шкляны посуд; а на карэтна-экіпажнай мануфактуры  майстравалі экіпажы “накшталт  парыжскіх” [10, с. 74—75]. Відавочна, што  пераважную большасць пералічаных  тавараў складалі прадметы раскошы. Асноўнымі пакупнікамі мануфактурнай  прадукцыі былі каралеўскі двор і  войска.

 

Эканамічныя пераўтварэнні патрабавалі  значнай колькасці адукаваных людзей: арганізатараў вытворчасці, майстроў, проста кваліфікаваных работнікаў. Паколькі сваіх спецыялістаў не хапала, то спачатку па заданню ўладаў іх вербавалі за мяжой пераважна паслы і дыпламаты  Рэчы Паспалітай. Замежныя спецыялісты, на думку А. Тызенгаўза, павінны былі надаць гродзенскім мануфактурам большую  вагу і, магчыма, давер з боку патэнцыяльных  пакупнікоў, таму запрошаных майстроў-іншаземцаў было даволі многа.

 

Так, толькі ў Гродне працавалі  каля 70 замежных майстроў у асноўным з Францыі, Швейцарыі і Прусіі. Гэта былі людзі рознай кваліфікацыі: цесляры, сталяры, фарбавальшчыкі сукна  і шоўку, спецыялісты па апрацоўцы золата і срэбра, півавары, аўчары і інш. [3, D-3/XVI, арк. 264]. У архівах захаваліся кантракты, якія былі заключаны з некаторымі замежнымі майстрамі, напрыклад, з Мішэлем Розэ, аўчаром з Прусіі; Якабам Пільтзыкерам з г. Гумбіна, “майстрам мастацтва цяслярскага”; Йоргам Кейзлігам, сталяром з Прусіі, і інш. [3, D-3/XVI, арк. 241—244].

 

Ва ўсіх кантрактах, якія заключаў з рамеснікамі і майстрамі  А. Тызенгаўз, акрамя асноўных абавязкаў  запрошаных спецыялістаў, звязаных непасрэдна з добрасумленнай працай у канкрэтнай галіне, стала і нязменна фігураваў  адзін пункт, які разумеўся адміністрацыяй каралеўскіх эканомій як першасная  і найважнейшая задача ўсіх кантрактных  спецыялістаў, — аб’яднанне вакол  сябе вучняў, увядзенне іх у таямніцы прафесійнага мастацтва, навучанне  іх “належна і дасканала” для якаснай  працы на мануфактурах [11, D-3/XVI, арк. 75, 103, 235, 238—245 і інш.].

Мануфактуры ствараліся не толькі ў  Гродне: суконна-капялюшная мануфактура  была адкрыта ў мястэчку Азёры  Гродзенскага павета, тонкасуконная  – у мястэчку Ласосна Гродзенскага павета. У Рэчыцы пад Брэстам былі заснаваны суконная мануфактура, шліфавальня, фабрыка для выпрацоўкі медзі, жалезная гута. Апошняя мела найбольшае значэнне, паколькі жалеза ў той час вельмі цанілася. Сярод абсталявання гуты пералічваліся вялікая печ для  пераплаўкі жалезнай руды на сырэц  і дзве “фрызеркі” для перапрацоўкі сырца ў жалеза, якое ўжо было прыдатнае для вырабу металічнай прадукцыі. Як слабы бок жалезнай гуты адзначаліся адсутнасць ці недахоп  у яе ваколіцах жалезнай руды добрай якасці. Як сыравіна ўжывалася балотная руда, і таму гатунак жалеза, якое тут выраблялася, быў даволі нізкі [6, с. 267].

 

Па сцвярджэнню С. Касцялкоўскага, усяго ў каралеўскіх эканоміях  ВКЛ было створана больш за 20 розных мануфактур, з іх 16 – у Гродне. Спецыяльнай каралеўскай граматай ад 1777 г. яны перадаваліся пад адказнасць і клопат надворнага падскарбія А. Тызенгаўза. Кароль дазваляў яму наймаць майстроў і даваў поўную свабоду ўнутранага кіравання і гандлю: “... што толькі будзе зроблена панам падскарбіем, усё гэтае мы за непарушнае і нязменнае паважаць абяцаем, як бы нашымі рэскрыптамі пацверджана было” [10, с. 70].

 

Але адно толькі будаўніцтва прамысловых  прадпрыемстваў і вытворчасць на іх тавараў не з’’яўляюцца дастатковымі для развіцця эканомікі любой  краіны. У арганізацыі паўнавартаснага  гаспадарчага развіцця важную ролю таксама  адыгрывае гандаль, без наяўнасці  і развітасці якога прамысловасць  губляе ўсялякі сэнс і не можа існаваць. Як аграрная, так і мануфактурная  рэформы другой паловы ХVІІІ ст. у  ВКЛ разам з пашырэннем экспарту і імпарту выклікалі таксама  неабходнасць развіцця ўнутранага гандлю ў краіне, станаўлення і пашырэння  ўнутрыдзяржаўнага рынку. Дзеля  гэтага прадпрымаліся шматлікія  меры па ўдасканаленню і развіццю шляхоў зносін, па рамонту старых і  будаўніцтву новых дарог, адкрыццю новых кірмашоў, што, несумненна, павінна  было садзейнічаць актывізацыі гандлю. Даволі спрыяльнай, асабліва ў параўнанні з папярэднім часам, стала і дзяржаўная палітыка ў дачыненні да купецтва, пасрэдніка ў адносінах вытворца – спажывец.

 

Дзейнасць у напрамку паляпшэння шляхоў зносін, развіцця ўнутранага рынку  і пашырэння унутранага і знешняга гандлю была адной з важных састаўных  частак прапанаваных А. Тызенгаўзам  пераўтварэнняў. На думку С. Касцялкоўскага, зацікаўленасць А. Тызенгаўза гэтай  справай была абумоўлена яго дзвюма пасадамі – кіраўніка каралеўскіх  эканомій і члена Скарбовай Камісіі  ВКЛ, якая займалася фінансавымі  пытаннямі і эканомікай. Неабходнасць рамонту старых і пабудовы новых  гасцінцаў была асэнсавана на дзяржаўным узроўні, і гэтае пытанне нават  уздымалася на сейме ў 1764 г. Паводле  пастановы сейма было прызначана выдзяляць штогод сродкі на ачыстку  рэк, рамонт мастоў і дарог у наступных  памерах: Кароне – 200 000 злотых польскіх, Літве – 100 000 (праз дзесяць гадоў  сума для ВКЛ складала ўжо толькі 60 000 зл.) [6, с. 316].

 

У другой палове XVІІІ ст. былі пабудаваны дзве новыя значныя  дарогі: Пінска – Слонімская і Пінска – Валынская. Але перавагу ў распачатай справе паляпшэння шляхоў зносін атрымалі водныя шляхі, якія ў XVІІІ ст. адыгрывалі галоўную ролю ва ўнутраным і знешнім гандлі Вялікага княства Літоўскага. Для стварэння адзінай воднай сістэмы А. Тызенгаўз прапанаваў распрацаваць і пашырыць рэчышчы, наладзіць сплавы па рэках, пабудаваць каналы. Так, тры гады ад камення ачышчалі Нёман, у 1767—1784 гг. быў пабудаваны канал, які злучыў Нёман праз Шчару, Ясельду і Прыпяць з Дняпром. У 1781—1784 гг. быў пабудаваны яшчэ адзін канал, які злучыў Прыпяць з Заходнім Бугам. Такім чынам, стала магчымым вывозіць водным шляхам прадукцыю з Беларусі ў чарнаморскія і балтыйскія порты. Удасканаленне водных шляхоў зносін было звязана і з тым, што А. Тызенгаўз вырашыў больш актыўна заняцца экспартам за мяжу лесу з каралеўскіх уладанняў, у першую чаргу з тых пушчаў, што былі размешчаны ў басейне Нёмана.

 

Парадаксальна, але будаўніцтва  трактаў, акрамя станоўчых, мела і адмоўныя вынікі, паколькі А. Тызенгаўз аддаваў  перавагу ў гэтай справе метаду “праставання (спрамлення) дарог”. У выніку яны  станавіліся раўнейшымі і карацейшымі, але, як сведчаць крыніцы, з’яўляліся і новыя праблемы. Так, згодна дакументу  за 1780 г., “вёскі заставаліся без  трактаў, корчмы – без падарожнікаў, а людзі, якія ездзілі па такіх  дарогах, размешчаных у бязлюдных  месцах, не мелі ніякай выгоды і дапамогі ў выпадку неабходнасці паратунку” [16, ІІІ/279, арк. 6]. Таму, калі была неабходнасць у нейкіх важных асобаў (напрыклад, замежных паслоў) ехаць па такіх  дарогах, кароль Рэчы Паспалітай асабіста паведамляў А. Тызенгаўзу і прасіў аказаць  належную дапамогу і арганізаваць ахову [16, ІІІ/269, арк. 78].

 

Само стварэнне разгалінаванай сеткі водных і сухапутных шляхоў з’яўляецца толькі адной з умоваў паспяховага гандлю. Другая ўмова  – развіццё грашова-крэдытнай, фінансавай сістэмы. Таму, па прапанове А. Тызенгаўза ў Гродне была заснавана Камерцыйная  кантора, якая павінна была займацца ў першую чаргу рэгуляваннем пытанняў экспарту і імпарту. Такая неабходнасць была абумоўлена перашкодамі ў ажыццяўленні замежнага гандлю для прадстаўнікоў Рэчы Паспалітай, таму што ўсе замежныя гарады Балтыйскага ўзбярэжжа забаранялі іншаземным купцам перавозіць тавары праз свае порты. Разам з гэтым існавалі вялікія цяжкасці з абменай валюты, паколькі банкіраў, згодна з сцвярджэннем С. Касцялкоўскага, у той час у Варшаве было вельмі мала [6, с. 342]. Таму сярод іншага ў абавязак Камерцыйнай канторы ўводзілася валоданне інфармацыяй пра курсы замежных валют, здзяйсненне аперацый па іх абмену, каб такім чынам вызваліць купцоў з Рэчы Паспалітай ад апекі “балтыйскіх пасрэднікаў”.

 

Акрамя таго, з ініцыятывы А. Тызенгаўза ў Гродне была заснавана яшчэ адна важная эканамічная структура –  Гандлёвая кантора, галоўнай задачай  якой была арганізацыя спрыяння ў  продажы тавараў, якія вырабляліся  на мануфактурах Гродзенскай эканоміі. Існавалі філіялы гэтай канторы  ў Берасці, Шаўлях, Пінску, Паставах. Зыходзячы са сваёй асноўнай мэты беспасрэдніцкага гандлю, Гандлёвая  кантора мела розныя стасункі з галоўнымі  гандлёвымі і банкаўскімі пунктамі Заходняй Еўропы – Амстэрдамам, Берлінам, Хемніцам, Гамбургам, Дрэздэнам, Парыжам, Прагай, Рыгай і інш. [6, с. 353].

Натуральна, што згаданыя мерапрыемствы, разам з дзеяннямі Антонія  Тызенгаўза па рэфармаванню аграрнага  сектара эканомікі, значна спрыялі  развіццю эканомікі краіны. Адзначым таксама, што, хоць большасць планаў А. Тызенгаўза ўсё ж аказаліся  не поўнасцю рэалізаванымі, а тое, што  было зроблена, на жаль, не знайшло працягу  ў сувязі з рознымі абставінамі (у першую чаргу з-за падзелаў Рэчы Паспалітай і анексіі Беларусі ў  склад Расійскай імперыі), роля надворнага падскарбія ў гаспадарчым развіцці сваёй Радзімы была вельмі значнай  і вартай ухвалы. Не менш важным за эканамічныя  дасягненні было яго імкненне ўзняць палітычны і культурны прэстыж  Вялікага Княства ў Еўропе, падняць  гаспадарку, галоўным чынам Беларусі, да ўзроўню вядучых краін Еўропы.

 

 

 

Неабходна заўважыць, што ўсе пералічаныя  пераўтварэнні, асабліва культурныя, маглі  адбыцца толькі пры адпаведным грамадскім клімаце горада, у якім па-ранейшаму  існавала традыцыйная талерантнасць. Нагадаем, што значную колькасць  насельніцтва горада складалі замежныя майстры і рабочыя, якія па веравызнанню ў большасці былі пратэстантамі.

Стварэнне вялікай колькасці мануфактур у кароткі тэрмін патрабавала  значных фінансавых сродкаў. 10-мільённы крэдыт, які Станіслаў Аўгуст узяў у Галандскім банку, хутка скончыўся, а мануфактуры патрабавалі капіталу не толькі пры заснаванні, але і  на працягу ўсяго свайго існавання. Аграрная рэформа ў каралеўскіх  сталовых эканоміях ВКЛ дазволіла  павялічыць даходы скарбу за 1764–1770 гг. не менш, чым у тры разы [15, с. 309]. Таму на першым часе прадпрыемствы  мелі магчымасць штогод атрымоўваць  субсідыі са скарбу ВКЛ пад вельмі невялікія працэнты — 3% гадавых. Так, С. Касцялкоўскі сцвярджаў, што за 1770–1777 гг. мануфактурам было выдадзена субсідый на суму 1 450 582 польскіх злотых. Сума 3% ад яе склала 144 068 злотых, а фабрыкі  на працягу гэтага часу далі даход 143 859 польскіх злотых [6, с. 277]. Такім чынам, відавочна, што прыбытак ад мануфактур не мог пакрыць нават працэнтаў  ад узятых пазыкаў.

 

Усё гэта так, але выяўленыя намі дакументы паказваюць, што агульная сума, якую ўзяў А. Тызенгаўз для  сваіх новаўвядзенняў, была яшчэ значна большай. Калі да 1770 г. большая частка даходаў з эканомій трапляла ў  каралеўскі скарб, то з 1771 г. яна пачала заставацца ў распараджэнні надворнага падскарбія. Напрыклад, калі ў 1767 г. з  агульнай сумы даходу ў 2 232 893 злотых А. Тызенгаўз пакінуў 382 563 злотых, то ў 1771 г. пасля выдання каралеўскага універсала аб стварэнні мануфактур у ВКЛ, з прыбытку ў 3 155 936 злотых на патрэбы генеральнага адміністратара ўжо паступіла сума ў 2 133 252 злотых [16, ІІІ/279, арк. 36].

Информация о работе Антоний Тизенгауз