Самуіл Гаўрылавіч Пятроўскі-Сітніяновіч. У манастве Сімяон

Автор: Пользователь скрыл имя, 18 Января 2011 в 19:44, биография

Описание работы

Беларускі і рускі пісьменнік, філосаф-асветнік, педагог, тэолаг, грамадскі і царкоўны дзеяч. Паходзіў, як мяркуюць даследчыкі, з купецкага саслоўя. У архіўных "роспісах двароў-палачан" род Пятроўскіх пазначаны поруч са Скарынамі і Цяпінскімі. Пачатковую адукацыю атрымаў у Полацку. Першым яго настаўнікам мог быць вядомы беларускі педагог і пісьменнік І.Іяўлевіч.

Работа содержит 1 файл

симяон полацки .docx

— 34.06 Кб (Скачать)

Сімяон  Полацкі

1629 - 25.8.1680

сапр. Самуіл Гаўрылавіч Пятроўскі-Сітніяновіч. У  манастве Сімяон 
 

     Беларускі і рускі пісьменнік, філосаф-асветнік, педагог, тэолаг, грамадскі і царкоўны дзеяч. Паходзіў, як мяркуюць даследчыкі, з купецкага саслоўя. У архіўных "роспісах двароў-палачан" род Пятроўскіх пазначаны поруч са Скарынамі і Цяпінскімі. Пачатковую адукацыю атрымаў у Полацку. Першым яго настаўнікам мог быць вядомы беларускі педагог і пісьменнік І.Іяўлевіч. У пач. 1640-х гадоў - студэнт Кіева-Магілянскай школы (пазней акадэміі), дзе сярод яго настаўнікаў былі выдатныя ўкраінскія вучоныя і пісьменнікі Пётр Магіла (заснавальнік школы і яе першы рэктар), Л.Барановіч, І.Гізель. У Кіеве атрымаў званне "дыдаскала" (настаўніка). Пазней, як мяркуюць даследчыкі, вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі. Захаваліся яго канспекты курсаў лекцый віленскіх філосафаў і тэолагаў А.Каяловіча, Л.Рудзінскага і інш. У Вільні Полацкі вывучаў рыторыку, тэарэтычную і практычную паэтыку, натурфіласофію і этыку. Рыторыку выкладаў вядомы прафесар С.Лаўксмін, а курсы паэтыкі і антычнай культуры грунтаваліся на фундаментальных працах новалацінскага паэта і тэарэтыка літаратуры М.Сарбеўскага. Акрамя роднай беларускай мовы, ён дасканала ведаў лацінскую, польскую і царкоўнаславянскую мовы, пісаў на гэтых мовах вершы, прамовы, навуковыя трактаты. На думку некаторых даследчыкаў (В.Былінін і інш.), у віленскі перыяд Сімяон Полацкі ўступіў ва уніяцкі ордэн Васіля Вялікага і стаў базыльянінам. Уніяцтва ў той час замацавалася на Беларусі, яго прыхільнікі па-свойму імкнуліся пераадолець рэлігійны раскол беларусаў на праваслаўных і католікаў, карысталіся беларускай моваю.

     У час вучобы Сімяон Полацкі ў Кіева-Магілянскай школе (на ўзор езуіцкіх школ яна называлася калегіяй, мела 8 класаў: 4 малодшыя, 2 сярэднія і 2 старэйшыя) выкладаліся славянская, грэчаская, лацінская і польская мовы, граматыка, тэарэтычная і практычная рыторыка, паэтыка, у т.л. практыка вершаскладання, філасофія, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка, багаслоўе. У канцы навучальнага года наладжваліся публічныя дыспуты, на якіх студэнты выступалі з "казаннямі" на роднай мове і на латыні, чыталі напісаныя пад кіраўніцтвам настаўнікаў вершы, спрачаліся на філасофскія і багаслоўскія тэмы.

     У 1-й палове 1650-х гадоў Сімяон Полацкі вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі. Якраз тады (1654) пачалася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай, якая працягвалася з перапынкам да 1667 і закончылася Андрусаўскім перамір'ем, паводле якога да Расіі былі далучаны Левабярэжная Украіна і Смаленшчына, а Беларусь у складзе Вялікага княства Літоўскага засталася ў Рэчы Паспалітай. У такіх трагічных умовах закончыўся беларускі перыяд творчасці Сімяона Полацкага Быў у яго і больш ранні, вучнёўскі этап творчасці, які прыпадае на дзесяцігоддзе вучобы ў Кіеве і Вільні (1643-53). Пісаў тады паэт на старабеларускай, старапольскай і лацінскай мовах. Большасць польскіх і лацінскіх яго вершаў належаць да т.зв. школьнай паэзіі: гэта "перакладыроўка" тагачаснай універсітэцкай навукі і маральнай філасофіі ў сістэму сілабічнай паэтыкі барочнага кірунку. Тады паэтычны талент пісьменніка выявіўся пераважна ў свецкай тэматыцы, у кантрастнай вобразнасці, спецыфічнай для паэтычнай культуры барока "паэтычнай дасціпнасці", якую даследаваў Сарбеўскі ў трактаце "Пра дасціпнасць і жарт" (1622-27).

     Сярод вядучых матываў школьнай паэзіі была вершаваная арыфмалогія - паэтыка-сімвалічнае  тлумачэнне лічбаў, пераважна сакральных (3, 4, 7, 12 і інш.). Праграмны твор Сімяона Полацкага з арыфмалагічнага цыкла - верш "Сем вызваленых навук" - паэтычнае апісанне гуманітарнага "трывіума" (граматыка, дыялектыка, рыторыка) і "квадрывіума" (арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка). Граматыка як пачатак усіх навук адчыняе "браму мудрасці". Пад дыялектыкай тады разумелі фармальную логіку, майстэрства спрэчак і доказаў. На думку пісьменніка, яна пачалася творчасцю філосафа Платона (428-348 да н.э.) і лічылася "маці ўсім навукам". Пад арыфметыкай мелася на ўвазе антычная піфагарыйская прагностыка, або прадбачанне на падставе сімвалічнага тлумачэння лічбаў. Геаметрыя вымярае даўжыню і вышыню "да самага неба". Астраномію ў позніх схаластаў замяніла астралогія - вызначэнне па зорках і планетах лёсу чалавека і грамадства. Нарэшце, музыка далучала да гармоніі і навучала "сімфоніі" - узгадненню гукаў, слоў і музычных ладоў.

     Каля 1656 Сімяон Полацкі вярнуўся ў родны Полацк, прыняў праваслаўнае манаства і настаўнічаў у брацкай школе пры Богаяўленскім манастыры. Чалавек па натуры дзейсны, працавіты, ён выкарыстаў усе магчымасці для грамадскага і літаратурнага самавыяўлення. Былі ў яго жыцці хвіліны адзіноты і тугі, і тады пісаліся вершы-маленні з элегічным настроем. Напр., у "Малітве ў час смутку" паэт просіць Бога вызваліць яго ад цяжкіх клопатаў і напасцяў. З прыходам Сімяона Полацкага вакол Богаяўленскага манастыра згуртаваліся таленавітыя пісьменнікі, сярод іх і ранейшыя яго настаўнікі - іераманах Філафей Утчыцкі, Ігнацій Іяўлевіч, здольныя выхаванцы іх школы Васіль Яновіч, Сава Капусцін і інш. Гэта была, па сутнасці, полацкая школа беларускіх літаратараў і настаўнікаў, якая магла сапернічаць з тагачаснай Полацкай езуіцкай калегіяй.

     Характэрная рыса яго паэтычных твораў полацкага  перыяду - патрыятызм, любоў і пашана да свайго народа, да роднага горада і краю. Сярод твораў на гэту тэму элегічная малітва пра забранне цудатворнага абраза Багародзіцы з  Полацка ў Маскву (1663), "Прылог да прападобнай маці Ефрасінні" (1663), у якіх паэт просіць святую заступніцу Беларусі дапамагчы вярнуць "в страну Полотскую" народную святыню. Амаль што апакаліпсічны ваенны "патоп" 1650-60-х гадоў, рэлігійная вайна, казацка-сялянскія паўстанні, пагроза захопу шведамі Беларусі і Літвы пахіснулі веру Полацкага ў стабільнасць Рэчы Паспалітай. Пісьменнік пачаў ускладаць надзеі, што яго Радзіму выратуе палітычны саюз з Расіяй. Таму, калі ў ліп. 1656 маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч прыбыў з войскам у Полацк, ён вітаў яго хвалебнымі "метрамі" - тэатралізаванымі сілабічнымі вершамі, якія зачыталі вучні паэта, праслаўляючы "вызваліцеля" беларускай зямлі, спадчынніка "польскай кароны". Пазней у тым жа панегірычным стылі ён напісаў "Вершы да гасудара Аляксея Міхайлавіча Вялікія і Малыя і Белыя Русі самадзержца", "Вершы да гасударыні царыцы", "Вершы да гасудара царэвіча" і іншыя ўрачыстыя хваленні. Пра патрыятызм пісьменніка, якога ніколі не пакідала любоў да сваей радзімы - Беларусі і Рэчы Паспалітай, сведчаць 2 яго польскамоўныя сатырычныя паэмы - "Роспач караля шведскага" і "Шведскі кароль шукае сваіх афіцэраў" (каля 1657-60). У гэтых таленавітых памфлетах выкрывалася заваёўніцкая авантура Карла Густава Х, які ў сярэдзіне 17 ст. хацеў падзяліць Рэч Паспалітую, прыкрываючыся уніяй Швецыі і Вялікага княства Літоўскага. Вайна скончылася поўным паражэннем шведскай арміі. Гэтыя і іншыя творы беларускага перыяду (камічная дэкламацыя "Вітанне богалюбівага епіскапа Касліста Полацкага і Віцебскага...", "Лякарства на грахі", "Вершы ўцешныя да асобы адзінай") сведчаць, што ён карыстаўся выяўленчымі сродкамі народнага смеху - гратэскам і травестацыяй. Адначасова Сімяон Полацкі выявіў свой паэтычны талент у жанрах пастаралі (калядная вершаваная драма па матывах Евангелля ад Лукі "Гутаркі пастухоўскія"), оды ("Вершы да гасудара цара Аляксея Міхайлавіча...", "Вершы да гасударыні царыцы", "Вершы да гасудара царэвіча", "Прывітанне нованароджанай царэўне Марыі", "Віншаванне новаабранаму патрыярху"), элегіі ("Малітва ў смутку", на польск. мове).

     Зімой 1664 Сімяон Полацкі прыняў запрашэнне пераехаць у Маскву. Меркаваў, што часова, а сталася - назаўсёды. Яму было даручана стварыць пры адным з маскоўскіх манастыроў лацінскую школу для падрыхтоўкі служачых Тайнага прыказа - асабістай канцылярыі цара. Пісьменніка пасялілі побач з царскімі палатамі і залічылі на дзяржаўнае забеспячэнне. Ён стаў разам з вучоным візантыйцам Паісіем Лігарыдам дарадцам цара па царкоўных справах, перакладчыкам і рэдактарам. Яго запрашалі на прыдворныя ўрачыстасці, дзе паэт чытаў свае віншаванні ў вершах. Калі ў 1665 у цара нарадзіўся сын Сімяон, паэт з гэтай нагоды напісаў верш "Добрае прывітанне" ("Благоприветствование") у вытанчанай форме барочнай паэтыкі. Уплыў паэта на царскі двор асабліва ўзмацніўся пасля 1667, калі ён быў прызначаны выхавальнікам і настаўнікам царскіх дзяцей. Росту яго аўтарытэту садзейнічала актыўная палеміка з ідэолагамі стараабрадцаў і ўдзел у Вялікім царкоўным саборы (1666-67), які асудзіў патрыярха Нікана за тое, што той самавольна пакінуў патрыяршую пасаду з прычыны нязгоды з прэтэнзіямі вярхоўнай свецкай улады на кіраўніцтва праваслаўнай царквой. На саборы Сімяон быў сакратаром і перакладчыкам мітрапаліта Паісія Лігарыда і двух усяленскіх патрыярхаў (александрыйскага і антыяхійскага). Па іх даручэнні ён напісаў супраць арганізатараў расколу палемічны трактат "Жазло праўлення" (1667).

     У тым жа 1667 Сімяон ўдзельнічаў у стварэнні палемічнага трактата супраць старавераў пад назвай "Абвяржэнне чалабітнай папа Мікіты". Аўтары трактата прапанавалі таксама асветніцкую праграму, якая прадугледжвала адкрыццё на Русі школ. Услед за Скарынам яны раілі сваім суайчыннікам браць прыклад са старажытнага цара-кніжніка Пталамея, адкрываць у Маскве бібліятэкі. У дачыненні да старавераў Сімяон Полацкі і яго аднадумцы не заўсёды былі справядлівыя, бо часам выступалі з пазіцый праціўнікаў "іншадумання". Галоўны клопат беларускага пісьменніка ў Маскве - педагагічныя, асветніцкія і выдавецкія справы. Яму ўдалося ажыццявіць сваю даўнюю мару - заснаваць пры царскім двары ("наверсе") т.зв. "Верхнюю друкарню", незалежную ад патрыяршай цэнзуры. Сярод першых надрукаваных у ей кніг падручнік для дзяцей "Буквар мовы славенскай". У той час грамаце вучыліся звычайна па біблейскім зборніку гімнаў і песняў, вядомым пад назвай "Псалтыр". Сімяон пераклаў яго сілабічнымі вершамі і выдаў у друкарні пад назвай "Псалтыр рыфматворны". Гэты твор стаў папулярным песеннікам у асяроддзі тагачасных адукаваных людзей.

     За  палітычнай і царкоўнай барацьбой  пісьменнік не забываў пра сваё наканаванне - літаратурную творчасць. Амаль штодзённа ён пісаў палову сшытка вершаў, п'ес, твораў прамоўніцкай прозы. Яго царкоўныя "словы" і казанні служылі падручнікам для рускіх епіскапаў і святароў ніжэйшых званняў. Яны склалі рукапісныя зборнікі Сімяона Полацкага пад назвай "Абед душэўны" (1675) і "Вячэра душэўная" (1676). Кожны том - больш як 1500 старонак, што сведчыць пра надзвычайную працавітасць аўтара. Гэта быў узор высокага прамоўніцкага мастацтва ва ўсходнеславянскім рэгіёне, а таксама ўзор барочнай дасціпнасці і кантрастнай вобразнасці. Зборнік вершаў "Вертаград мнагацветны" (у перакладзе на сучасную мову - "Сад шматколерны") на той час служыў для рускай публікі сапраўднай энцыклапедыяй ведаў па гісторыі, антычнай міфалогіі, натурфіласофіі, касмалогіі, тэалогіі, маралі і хрысціянскай сімволіцы. Адначасова ў 1678 ён падрыхтаваў другі вялікі зборнік сілабічных вершаў "Рыфмалагіён, або вершаслоў", які складаўся пераважна з хвалебных эпіграм, панегірыкаў і элегічных фрэнаў (плачаў), напісаных "на выпадак". Ёсць у ім і буйныя творы новага для тагачаснай Расіі драматычнага жанру - п'есы "Камедыя прытчы пра блуднага сына" і трагедыя "Пра Навухаданосара цара...". З яго драматургіі ў Расіі пачынаўся прафесійны тэатр. Цыкл вершаў пад назвай "Фрэны, або Плачы" на смерць расійскай царыцы Марыі Ільінічны - адзін з лепшых твораў паэта.

     Службу  пры маскоўскім двары Сімяон пачаў перакладчыкам і не пакідаў занятак да канца жыцця. Перакладаў з латыні і польскай мовы, літаратурна апрацоўваў папулярныя тады свецкія і царкоўныя творы. Пасля смерці ў 1675 яго былога настаўніка, галоўнага "спраўшчыка" (рэдактара) царкоўных кніг пры маскоўскім двары Э.Славінецкага, Сімяон Полацкі падключыўся да перакладу на рускую мову Бібліі. Ён быў пачынальнікам таго творчага перакладу, у якім дакладнасць спалучалася з літаратурным майстэрствам. "Грэкафілы" (пісьменнікі і царкоўныя дзеячы грэка-візантыйскай арыентацыі) не давяралі "лаціністу" і "заходніку" Полацкі, хоць паважалі яго талент і энцыклапедычную адукаванасць. Але гэтыя рознагалоссі не перашкаджалі яго дружбе са Славінецкім. На смерць свайго настаўніка Сімяон Полацкі напісаў 5 "эпітафій", упершыню ў беларускай і рускай літаратуры скарыстаўшы гэты вершаваны жанр. Вось адна з іх:

 

Здесь лежит честный отец Епифаний,

наследник правый священных писаний,

в многих языцех мнози его труди,

за что  вечная память ему буди.

 

     Сярод яго багаслоўскіх прац арыгінальнасцю вызначаецца кніга "Вянец веры кафаліцкія" (1670). Яна, відаць, была багаслоўскім падручнікам для царскіх дзяцей, вучняў пісьменніка. Гэтым творам зацікавілася царэўна Софія (1654-1704). Захаваўся верш, прысвечаны ўручэнню рукапіснай кнігі вялікай князёўне Софіі Аляксееўне. Гэта тыповы панегірык, верш-хваленне, у якім дасціпна выкарыстана семантыка яе імя (Софія ў перакладзе з грэчаскай - мудрасць).

     Відавочна, што літаратурная і агульнакультурная  праграма полацкага асветніка, накіраваная  на кампраміснае далучэнне Расіі  да еўрапейскага культурнага рэгіёна, паступова перамагала. На дварцовых  абедах яго нярэдка садзілі на ганаровым месцы недалёка ад цара Аляксея Міхайлавіча, бацькі 12 дзяцей, выхаваннем і навучаннем якіх кіраваў "старац Сімяон". Захаваліся цікавыя запісы ў расходных кнігах "Казённага прыказа" (ведамства дзяржаўнай маёмасці), сярод якіх запіс пра багаты падарунак ад царэвіча Аляксея Аляксеевіча за яго працавітасць і самаахвярнасць. У Маскве ў адной сваёй асобе ён быў і "міністрам культуры", і "міністрам адукацыі", які сам "загадваў і сам жа выконваў загады". Адносіны паміж маскоўскімі артадоксамі і "лаціністамі", выхадцамі з Беларусі і Украіны, часта ўскладняліся. Патрыярх Іакім скардзіўся, што цар даручыў Сімяон Полацкі "всякая церковная дела писати". Справа даходзіла да канфліктаў з трагічным фіналам, пра што сведчыць лютае забойства стральцамі брата Полацкага, манаха Трубчэўскага манастыра Ісакія, якое адбылося ў 1674 ці 1675 у манастыры неўзабаве пасля вяртання Ісакія з кіеўскага паломніцтва. За год да смерці Сімяон Полацкі працаваў над праектам рускай вышэйшай школы на ўзор Кіева-Магілянскай акадэміі. Мелася на ўвазе выкладанне ў ей не толькі грэчаскай мовы і багаслоўя, але дасягненняў еўрапейскай гуманітарнай навукі і культуры, лацінскай мовы і натурфіласофіі. Пісьменнік памёр на 51-м годзе жыцця.

     Літаратурная, багаслоўская і навукова-асветніцкая  спадчына Сімяона Полацкага шматгранная і не перастае здзіўляць даследчыкаў сваёй энцыклапедычнасцю. Сам пісьменнік паспеў надрукаваць толькі некаторыя свае творы.

     Два вялікія зборнікі вершаў - "Рыфмалагіён", або "Вершаслоў" і "Вертаград  мнагацветны" падрыхтаваны ім да друку. Энцыклапедычныя зборнікі яго царкоўна-хрысціянскіх "слоў" і "казанняў" ("Абед душэўны" і "Вячэра душэўная") пасля смерці пісьменніка выдаў у 1681 і 1683 яго паслядоўнік і сакратар С.Мядзведзеў (1641-91). У 18-19 ст. зрэдку друкаваліся асобныя творы Сімяона Полацкага ў розных навуковых зборніках, якія даўно сталі бібліяграфічнай рэдкасцю, як і зборнікі і хрэстаматыі, дзе былі змешчаны асобныя творы паэта. У 1990 выд-ва "Мастацкая літаратура" ўпершыню апублікавала большасць вершаў паэта беларускага перыяду і частку твораў маскоўскага перыяду, якія былі вядомы толькі па рукапісных зборах.

     Літаратурная  спадчына Сімяона Полацкага была ля вытокаў беларускага і рускага барока - асноўнай плыні ў эстэтыцы і мастацкай культуры 2-й паловы 17 - 1-й паловы 18 ст. ва ўсходнеславянскім рэгіёне (у заходнееўрапейскім мастацтве барочны стыль выявіўся ў канцы 16 ст.). Тэарэтыкам барока ў Польшчы, Літве і на Беларусі ў яго заходнееўрапейскім, адносна закончаным, варыянце быў Сарбеўскі. У творчасці ж Сімяон Полацкі і яго паслядоўнікаў сфарміраваўся нацыянальны самабытны ўсходнеславянскі тып барочнай культуры, які грунтаваўся на двайным сінтэзе: спалучэнні сярэдневяковых і рэнесансавых ідэалагічных арыентацый і духоўных каштоўнасцей, з аднаго боку, і кампрамісе паміж праваслаўна-візантыйскім традыцыяналізмам і лаціна-еўрапейскім навуковым рацыяналізмам, з другога. На Беларусі Сімяон Полацкі працягваў традыцыі незакончанай эпохі Адраджэння, а ў Расіі ён мог абаперціся толькі на традыцыі старажытнарускай сярэдневяковай культуры і на пэўныя мясцовыя традыцыі сілабічнай паэзіі. На станаўленне яго як паэта значны ўплыў зрабіла і польская літаратурная традыцыя. У светапоглядных і эстэтычных адносінах яго творчасць была неаднародная. Яна адлюстравала познабеларускі рэнесансавы гуманізм, усходнеславянскі тып барочнай мастацкай культуры і станаўленне рускага класіцызму ў 1670-я гады. Сілабічная сістэма вершаскладання надавала яго шматжанравай паэзіі адноснае стылістычнае адзінства.

     Сімяон Полацкі - класічны паэт-сілабіст ва ўсходнеславянскай паэзіі 17 ст. Ва ўсіх сваіх вершаваных творах - беларускіх, польскіх і рускіх, у дыдактычнай школьнай, сатырычнай, лірычнай і драматычнай паэзіі ён паслядоўна прытрымліваўся дакладнай сілабікі. У дыдактычных вершах, прызначаных для папулярызацыі навукі, паэт займаў кампрамісную пазіцыю паміж навукай і багаслоўскай схаластыкай. Ён грунтоўна ведаў антычную і сярэдневяковую натурфіласофію, меў у сваей хатняй бібліятэцы філасофскія і літаратурныя творы Цыцэрона, Эразма Ратэрдамскага, Фамы Аквінскага, даследаванні па касмалогіі, медыцыне, мінералогіі, фізіялогіі і астраноміі.

Информация о работе Самуіл Гаўрылавіч Пятроўскі-Сітніяновіч. У манастве Сімяон