Жыццё і дзейнасць Сымона Рак-Міхайлоўскага

Автор: Пользователь скрыл имя, 01 Декабря 2011 в 07:39, реферат

Описание работы

Мэтай напісання майго рэферата з’яўляецца апісаць на падставе артыкула жыцце і дзейнаць Сымона Рак-Міхайлоўскага, беларускага публіцыста, рэдактара, паэта, грамадска-палітычнага дзеяча, пасол сейму Другой Рэчы Паспалітай, арганізатара і члена ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады, Беларускай народнай рады. Сымона Рак-Міхайлоўскага цяжка далучыць да забытых асобаў у беларускай гісторыі, якіх, на жаль, і да сённяшняга дня застаецца яшчэ шмат.

Работа содержит 1 файл

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.docx

— 33.92 Кб (Скачать)

  Міністэрства  адукацыі Рэспублікі Беларусь

  Беларускі дзяржаўны універсітэт

  Гістарычны  факультэт 
 
 
 
 
 
 
 

Рэферат

на тэму:

“Жыццё і дзейнасць Сымона Рак-Міхайлоўскага” 
 
 
 

Падрыхтаваў:

студэнт 4-га курса 5-ай групы

Пяшко Я. М. 
 
 
 

Мінск 2011 г.

 

Мэтай напісання  майго рэферата з’яўляецца апісаць  на падставе артыкула жыцце і дзейнаць Сымона Рак-Міхайлоўскага, беларускага  публіцыста, рэдактара, паэта, грамадска-палітычнага  дзеяча, пасол сейму Другой Рэчы Паспалітай, арганізатара і члена  ЦК Беларускай сялянска-работніцкай  грамады, Беларускай народнай рады. Сымона Рак-Міхайлоўскага цяжка далучыць да забытых асобаў у беларускай гісторыі, якіх, на жаль, і да сённяшняга дня  застаецца яшчэ шмат. Нават і ў  савецкі час, пасля афіцыйнай  пасмяротнай рэабілітацыі, ягонае імя  не забаранялася пазітыўна згадваць пры разглядзе розных праблемаў  гісторыі рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху ў міжваеннай Беларусі, у першую чаргу гісторыі заснавання і дзейнасці  Беларускай сялянска-работніцкай грамады.  

План: 

  1. Дзяцінства  Сымона Рак-Міхайлоўскага
  2. Пачатак грамадска-палітычнай дзейнасці
  3. Грамадска-палітычная дзейнасць у Другой Рэчы Паспалітай
  4. Грамадска палітычная дзейнасць у БССР
 
  1. Дзяцінства  Сымона Рак-Міхайлоўскага.

   Сымон Рак-Міхайлоўскі нарадзіўся 2 (паводле  старога стылю 14) красавіка 1885 г. у  невялікай вёсцы Максімаўка недалёка ад Радашковічаў у шматдзетнай сям'і  беларусаў Алеся і Марцэлі (у  дзявоцтве Рудзь) Міхайлоўскіх. Прынята лічыць, што бацькі Сымона былі сялянскага паходжання, хоць падвоенае прозвішча звычайна сведчыць аб паходжанні шляхецкім. Аднак жа нельга забывацца, што падвоенае прозвішча з усёй радні прыняў толькі Сымон, нібыта дзеля таго, што знайшоў нейкія дакументы, якія сведчылі, што менавіта так гучала прозвішча нейкага ягонага далёкага продка. Цяжка сёння сказаць, што гэта былі за дакументы і ці правільна яны былі Рак-Міхайлоўскім інтэрпрэтаваныя Вядома, аднак, што бацькі Сымона былі праваслаўнымі і зусім незаможнымі. Да таго ж у дзесяць гадоў Сымон Рак-Міхайлоўскі застаўся без бацькі, таму ўжо з гэтага ўзросту мусіў дапамагаць маці карміць сям'ю. У той час самым распаўсюджаным спосабам заробку для дзяцей было найманне ў пастушкі. Не мінула гэтая доля і Сымона. Пасля, калі Сымону споўнілася 14 гадоў, ён нібыта нейкі час працаваў дрывасекам у панскім лесе каля Сёмкава Гарадка.

   Ужо ў дзіцячыя гады Сымон праявіў  выключныя здольнасці і ахвоту да вучобы, бо ў 1900 г., скончыўшы пачатковую школу ў Радашковічах, у 15-гадовым  узросце паступіў у Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю, якую скончыў  у 1904 г. У 1904-1909 гадах ён настаўнічаў  ў Свянцянскім і Вілейскім  паветах, праводзячы пры гэтым шырокую культурна-асветніцкую дзейнасць на вёсцы і займаючыся сярод іншага збіраннем беларускага фальклору і запісам народных песень. Апошняму вельмі спрыялі добры музычны слых і іншыя здольнасці: вядома, што Рак-Міхайлоўскі ўмеў іграць на скрыпцы. Увогуле за час свайго настаўніцтва, паводле Генадзя Каханоўскага, Сымон Рак-Міхайлоўскі запісаў больш за тысячу беларускіх песень, легенд, казак, прымавак, паралельна займаючыся вывучэннем народных абрадаў і звычаяў.

  1. Пачатак грамадска-палітычнай дзейнасці

   Пачатак ягонай педагагічнай дзейнасці прыпаў на рэвалюцыйныя падзеі ў Расіі, якія зацягнулі ў свой вір і маладога настаўніка. Ён распаўсюджваў улёткі і пракламацыі партыі эсэраў, РСДРП і Беларускай сацыялістычнай грамады, за што ў 1906 г. быў нават адміністрацыйна пакараны трохмесячным арыштам у Вілейцы. Перад гэтым ён ездзіў у Пецярбург у якасці хадака ў Дзяржаўную думу ад сялян Радашковіцкай воласці.

   Недзе ў гэты ж самы час Рак-Міхайлоўскі, відаць, уключаецца і ў працэс беларускага  нацыянальнага адраджэння, завязаўшы  сувязі з рэдакцыяй газеты "Наша ніва". Тут неабходна зазначыць, што само месца нараджэння Сымона Рак-Міхайлоўскага спрыяла таму, што ён у будучыні стаў беларускім нацыянальным дзеячам. Непадалёк ад Максімаўкі знаходзіліся вядомыя цэнтры, з якіх праменявала на навакольныя вёскі беларуская нацыянальная ідэя: кіламетраў за 5 знаходзілася вядомая Мігаўка Аляксандра Уласава, за 15 - Карпілаўка Антона Лявіцкага (Ядвігіна Ш.). І калі наконт сувязяў Рак-Міхайлоўскага з апошнім у пачатку ягонага жыццёвага шляху нічога невядома, то з будучым рэдактарам "Нашай нівы" ён быў знаёмы з дзяцінства: сам Уласаў, выступаючы сведкам на працэсе "Грамады" ў 1928 г, заявіў, што "я ведаю абвінавачанага Рак-Міхайлоўскага з таго часу, як ён яшчэ быў пастушком. Гэта быў чалавек здольны і энергічны, заўсёды быў прыхільнікам беларускага кірунку"

   Рэвалюцыйная  дзейнасць Рак-Міхайлоўскага падчас Першай расейскай рэвалюцыі адгукнулася  яму праз некалькі гадоў пасля  яе, калі ён, жадаючы працягнуць адукацыю, узнамерыўся паступаць у Віленскі настаўніцкі інстытут (па іншых звестках - у нейкую вышэйшую навучальную  ўстанову ў Санкт-Пецярбургу). Не прыняты за "неблагонадежность", Рак-Міхайлоўскі, аднак, рукі не склаў і настаўніцкі інстытут усё ж такі скончыў, але не на радзіме, а ў далёкай крымскай Феадосіі. Там жа, далёка ад Бацькаўшчыны, ён мусіў пасля сканчэння інстытута і працаваць, займаючы пасаду выкладчыка чатырохкласнага вышэйшага пачатковага вучылішча і жаночай гімназіі ў горадзе Карасубазар. Гэты перыяд ягонага жыцця вывучаны мала, але дакладна вядома, што ўдалечыні ад радзімы Рак-Міхайлоўскі ўважліва сачыў за развіццём беларускага нацыянальнага руху і з'яўляўся чытачом і падпісчыкам віленскіх беларускіх газет, прытым не толькі слыннай "Нашай нівы", але таксама і газеты для беларусаў-каталікоў "Biełarus", якая выдавалася з 1913 г. лацінкай.

   У Феадосіі Рак-Міхайлоўскі знайшоў  і сваё сямейнае шчасце, пабраўшыся шлюбам з маладой настаўніцай-грачанкай  Надзеяй Мусолавай. У 1912 г. у маладой сям'і нарадзіўся сын, які атрымаў імя Рагвалод. Імя, дадзенае (несумненна, па ініцыятыве бацькі) сыну, выразна сьведчыць пра тое, якое месца ўжо тады займала ў жыцці Рак-Міхайлоўскага беларушчына (дарэчы, дачцы, якая нарадзілася ў 1919 г., было дадзена такое ж дэманстратыўна беларускае імя - Рагнеда).

   Кардынальныя  змены ў лёс Сымона Рак-Міхайлоўскага, як і ў лёсы мільёнаў многіх іншых  беларусаў, унёс пачатак Першай сусветнай  вайны. Улетку 1914 года ён быў мабілізаваны ў войска, аднак у франтавыя акопы не патрапіў, відаць, па прычыне праблемаў са здароўем. Да верасня 1917 года ён служыў пісарам у канцылярыі 24-га транспарту 5-га абознага батальёну 10 расійскай арміі на Заходнім фронце.

   Лютаўская рэвалюцыя 1917 г., якая дала новы імпульс  да развіцця палітычнага жыцця на тэрыторыі ўсёй Расійскай імперыі, адкрыла Сымону Рак-Міхайлоўскаму  шлях у палітыку, і гэты шлях для  яго адразу стаў беларускім. У сакавіку 1917 года ён удзельнічаў у з'ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый у Менску, а таксама стаў сябрам адноўленай Беларускай сацыялістычнай грамады.

   Браў  удзел Сымон Рак-Міхайлоўскі і  ў галоўнай для ўсяго беларускага  нацыянальнага руху падзеі 1917 года - снежаньскім І Усебеларускім  з'езде. Пры гэтым яму, як старшыні адной з найбольш уплывовых тагачасных беларускіх арганізацый, Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, быў аказаны вялікі гонар - адкрыць ад імя Бюро па скліканні з'езда першае ягонае паседжанне 5 снежня 1917 г.

   Пасля разгону з'езда Сымон Рак-Міхайлоўскі  ўвайшоў у падпольна створаны Выканкам ягонай Рады, а ў студзені 1918 года разам з А.Цвікевічам і  Я.Серадой быў прызначаны беларускім прадстаўніком на савецка-германскіх перамовах у Брэсце. Але ў выніку беларускім прадстаўнікам так і  не ўдалося дабіцца прызнання  сябе ў якасці самастойнага суб'екта перамоваў. 3 сакавіка 1918 г. Берасцейская дамова была падпісана без уліку іх думкі.

   3) Грамадска-палітычная дзейнасць у Заходняй Беларусі.

   Невыпадкова неўзабаве пасля няўдалага для  беларусаў заканчэння берасцейскіх перамоваў Раку-Міхайлоўскаму разам з Цвікевічам была даручана чарговая важная дыпламатычная місія - гэтым разам перамовы ў Кіеве з урадам Украінскай Народнай Рэспублікі.

   Дэлегацыя была выслана ў Кіеў адразу пасля  абвяшчэння 25 сакавіка 1918 г. незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Перад ёй былі пастаўлены наступныя задачы: 1) афіцыйна паведаміць УНР, а праз яе радыётэлеграф і ўсім народам, пра абвяшчэнне незалежнай БНР; 2) высветліць магчымасці атрымання грашовай пазыкі для ўрада БНР; 3) наладзіць гандлёвы абмен паміж дзьвюма краінамі і пастаянную прамую сувязь паміж іх сталіцамі. Акрамя таго, меркавалася вырашыць пытанне аб двухбаковай мяжы на аснове этнаграфічнага прынцыпу, а таксама дасягнуць міжнароднай падтрымкі Ўкраіны ў вызначэнні заходніх і паўночных межаў Беларусі на той жа аснове. Аднак гэтая місія таксама была малапаспяховая, дэлегацыя БНР была адкліканая з Кіева ў Менск 10 чэрвеня 1918 г. Аднак Рак-Міхайлоўскі вярнуўся на радзіму трохі пазней, восенню 1918 г., бо яшчэ перад канчатковым завяршэннем працы дыпламатычнай місіі выехаў у Крым, каб забраць у Менск сям'ю. За час адсутнасці Рак-Міхайлоўскага на радзіме тут адбылося шмат важных падзей. Адной з самых галоўных была высылка Радай БНР 26 красавіка 1918 г. прывітальнай тэлеграмы нямецкаму кайзеру Вільгельму. Рак-Міхайлоўскага гэты факт настолькі ўразіў і шакаваў, што ён не прамянуў падвергнуць крытыцы сваіх паплечнікаў.

   Вярнуўшыся  на радзіму, ён застаў там зусім новую  палітычную сітуацыю ў параўнанні з  той, якая была падчас ягонага выезду з Беларусі. Зусім не існавала ўжо  той палітычнай партыі, якой Рак-Міхайлоўскі  быў сябрам -Беларускай сацыялістычнай грамады.

   Апынуўшыся  ў Менску, Рак-Міхайлоўскі на нейкі  час цалкам прысвяціў сябе справе арганізацыі беларускай нацыянальнай асветы. У верасні 1918 - траўні 1919 г. ён быў дырэктарам Менскіх першых беларускіх настаўніцкіх курсаў, якія былі створаны Сакратарыятам асветы БНР з дазволу камандавання германскай 10-й арміі і пасля прыходу савецкай улады былі пераўтвораныя ў 1-я Менскія беларускія педагагічныя курсы пры Менскім Беларускім педагагічным інстытуце. Таксама ён прыкладаў намаганні па заснаванні беларускіх вясковых школ і займаўся арганізацыяй дапамогі ахвярам вайны.

   Актыўную  дзейнасць на беларускай нацыянальнай ніве Сымон Рак-Міхайлоўскі працягваў  і падчас польскай акупацыі Беларусі ў 1919-1920 гг. 10 жніўня 1919 г. у занятым  палякамі Менску ўзнік прадстаўнічы орган беларускіх арганізацый - Часовы беларускі нацыянальны камітэт (ЧБНК), у склад якога сярод іншых  дзеячаў, як прадстаўнік Рады БНР, увайшоў  і Рак-Міхайлоўскі. Між тым пасля  пачатку наступлення Чырвонай Арміі  на Варшаву ў 1920 г. Рак-Міхайлоўскі  пакінуў Менск і перабраўся спачатку ў Ваўкавыск, а потым (у ліпені) - у Горадню. У Горадні яму і ягонай сям'і было суджана пражыць дастаткова працяглы час - да пачатку 1921 г. Спачатку, падчас кароткага перыяду існавання ў горадзе савецкай улады, ён працаваў школьным інструктарам аддзела народнай адукацыі і займаўся арганізацыяй школ у Гарадзенскім павеце.

   У канцы 1921 г. Рак-Міхайлоўскі актыўна  падтрымаў ідэю байкота беларускімі  нацыянальнымі арганізацыямі выбараў  у т. зв. Віленскі сейм, прызначаных польскімі ўладамі Сярэдняй Літвы на 8 студзеня 1922 г.

   Падчас  выбарчай кампаніі ў польскі парламент, у якую беларускія арганізацыі ў  Польшчы актыўна ўключыліся са жніўня 1922 г., ён афіцыйна ўвайшоў у склад  Беларускага цэнтральнага выбарчага  камітэта (БЦВК) і быў пастаўлены на другім пасля Антона Аўсяніка месцы  ў спісе Блока нацыянальных меншасцяў (БНМ) (тэхнічнага перадвыбарчага аб'яднання  беларускай, украінскай, габрэйскай, нямецкай і расейскай нацыянальных меншасцяў Польшчы) ў Лідскай акрузе.

   28 лістапада 1922 г. Сымон Рак-Міхайлоўскі  ўпершыню ўвайшоў як выбраны  насельніцтвам дэпутат у будынак  польскага парламента, ён ужо  меў цесныя сувязі з камуністамі  і ставіўся да іх з безумоўнай  сімпатыяй, чым вылучаўся на  фоне іншых беларускіх паслоў. Улічваючы такія палітычныя погляды  і сувязі Рак-Міхайлоўскага, няма  нічога дзіўнага, што менавіта  яму было суджана адыграць  адну з галоўных роляў у  наступнай радыкалізацыі Беларускага  пасольскага клуба і ўсё большым  ягоным падпарадкаванні камуністычным  уплывам, што ў рэшце рэшт  прывяло да раскола клуба ў  чэрвені 1925 г. 

   Апроч усталявання кантактаў з беларускімі  савецкімі ўладамі ў Менску і  мясцовымі камуністамі значную  працу Рак-Міхайлоўскі праводзіў  таксама дзеля падтрымання сувязяў  з беларускімі дзеячамі ў іншых  краінах, звязанымі з урадам БНР  на эміграцыі.

   Адразу  ж пасля стварэння БСРГ Сымон  Рак-Міхайлоўскі актыўна ўключыўся  ў працэс арганізацыйнага будаўніцтва  партыі, забяспечваючы і каардынуючы  ў ёй выкананне шматлікіх функцый. Ён з'яўляўся намеснікам старшыні ЦК БСРГ, быў адным з арганізатараў Цэнтральнага сакратарыята партыі (да прыходу ў канцы ліпеня 1926 г. на працу ў сакратарыят Грамады Максіма Бурсевіча - яго фактычным кіраўніком), кіраўніком яе рэдакцыйнага камітэта. Акрамя гэтага, Рак-Міхайлоўскі (як, дарэчы, і ўсе іншыя паслы) актыўна ўдзельнічаў у працы Таварыства беларускай школы, займаючы ў гэтым таварыстве вельмі важную пасаду - старшыні

   Да  пачатку 1927 г. колькасць сяброў партыі перавысіла 100 тысяч. Занепакоеныя такім  дынамічным ростам відавочна апазіцыйнай  у дачыненні да Польшчы палітычнай сілы, польскія ўлады наважыліся на рашучыя дзеянні. У сярэдзіне студзеня 1927 г. ўсе галоўныя лідэры БСРГ былі арыштаваныя. Сымона Рак-Міхайлоўскага такі лёс напаткаў аднаго з першых. Ён быў затрыманы 15 студзеня 1927 г. на вакзале ў Вільні.

Информация о работе Жыццё і дзейнасць Сымона Рак-Міхайлоўскага