Автор: Пользователь скрыл имя, 03 Марта 2013 в 12:33, реферат
Мэта і задачы:
фарміраванне ў навучэнскай моладзі грамадзянска-патрыятычных пачуццяў і адказнасці за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю;
стымуляванне творчага патанцыялу дзяцей і моладзі, далучэнне іх да пошукавай дзейнасці, накіраванай на даследванне жыццёвага і творчага шляху вядомых людзей малой радзімы;
папулярызацыя імёнаў славутых землякоў сродкамі даследчай і мастацкай дзейнасці.
Уводзіны
Міжэрычы, Міжрэчча, Міжэрыцкая зямля! Слова дарагое і блізкае кожнаму з нас. Тут мы нарадзіліся, жывем, дыхаем чыстым і свежым паветрам, захапляемся прыгажосцю і хараством родных краявідаў. А яшчэ, вёска Міжэрычы мае багатую гістарычную і культурную спадчыну, якая сваімі каранямі ўваходзіць ў сівую даўніну. Аднак усё ж галоўным багаццем вёскі з’яўляюцца яе людзі, якія сваёй самаадданай і пачэснай працай праславілі гэтыя мясціны, зрабілі вядомымі далёка за межамі Рэспублікі Беларусь. Сярод іх можна назваць доктара педагагічных навук – Сідара Сяргея Іванавіча, заслужанага артыста Беларусі – Сяўко Баляслава Іванавіча, майстра спорту міжнароднага класа – Міхуту Уладзіміра Міхайлавіча, народнага ўмельцу Салейка Надзею Пятроўну і многіх іншых. [1,2]
Багатую гісторыю,
слаўныя традыцыі мае
Асновай
для напісання работы з’
Пры напісанні
работы выкарыстоўваліся
Мэта і задачы:
1 Біяграфія і творчы шлях Надзеі Салейка
У Слоніме жыве незвычайная жанчына - народны майстар Надзея Пятроўна Салейка (у дзявоцтве - Сунцова). Родам яна з хутара Лешна. Базавую адукацыю атрымала ў Міжэрыцкай сярэдняй школе. 3 2002 года - член Саюза майстроў народнай творчасці Рэспублікі Беларусь. А ў нашай хроніцы "Памяць. Зэльвенскі раён" пра яе на жаль, няма ніводнага радка. Хіба можна землякам не знаць пра чалавека, якога ведае ўся Беларусь?! (Ды і як упэўніцца чытач, не толькі).
I вось мы ў Слоніме. Яшчэ не разгледзеўшы нумар дома на патрэбнай вуліцы, здагадваемся, што трапілі куды трэба. Сам падворак падказвае гэта. I агароджа, выкананая ў народным стылі, і адметны калодзеж, і куточак адпачынку ў глыбіні - усё заклікае прыпыніцца і прыгледзецца. Адразу адчуваецца, што жывуць тут працавітыя і здольныя людзі з натхнёнай душой.
Гаспадыня запрашае ў хату... Уражаныя, мы моўчкі пераходзім з пакоя ў пакой гэтага незвычайнага дома-музея. Доўга не можам вымавіць ніводнага слова. Здзіўленне, замілаванне, захапленне - усё пераплялося ў думках. Як? - I гэта ўсё - з гліны? I зроблена ў хатніх умовах? Адным- адзіным майстрам? Ёю, нашай зямлячкай? - Неверагодна! Доўга не парушалі мы цішыню ўзнікшай еднасці. Нарэшце, прагна пачалі распытваць пра ўсё, што цікавіла...
Мастацкія здольнасці Надзеі - ад бацькі, Сунцова Пятра Іванавіча. Гэта ён, звычайны селянін, заняты бясконцай працай у калгасе і на асабістай гаспадарцы, не скарыўся пад цяжарам быту і тварыў, тварыў . Кожную вольную хвіліну маляваў, выпільваў, вырэзваў. I, як бы адчуваючы свой кароткі век, вучыў сваю адзіную дачушку бачыць прыгожае навокал, жыць сярод мітусні і не пакарацца ёй. Практычна бацька і быў яе першым мастацкім кіраўніком. Бо ў час вучобы ў Міжэрыцкай школе спецыяліста па выяўленчаму мастацтву не было. I хоць Надзейка ахвотна ўдзельнічала ў розных школьных і раённых конкурсах, спецыяльных ведаў у яе было небагата. Было тое, што перадаецца нябачным, але і самым надзейным шляхам - генетычна. Мабыць, бацькава жаданне бачыць дачку мастаком - было настолькі моцным, што дазволіла пераадолець усе абставіны і выканаць прадпісанае звыш. [6]
Бацьку не суджана было нават парадавацца бліскучаму паступленню дачкі ў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава - вядучай сярэдняй спецыяльнай установы рэспублікі такога кшталту. Надзея лічыць, што ёй пашанцавала. А мне здаецца, што выкладчыкі заўважылі Божы дар дзяўчынкі з правінцыі, атрыманы ёю ў спадчыну. Яна, не маючы ніякага ўяўлення пра кампазіцыі ці светлацені інтуітыўна ўгадавала іх. I выканала ўсе заданні на "выдатна". Прыёмная камісія не памылілася, але Надзеі прыйшлося нясоладка. Усе навучэнцы ўжо прайшлі праз мастацкія школы - ёй трэба было пачынаць з азоў. I паспяваць засвойваць нялёгкую праграму. Жаданне стаць не горшай за іншых, пранікнуць у тайны будучай прафесіі дапамаглі пераадолець усе цяжкасці.
Працаваць прыехала ў Слонім на фабрыку мастацкіх вырабаў. Восем гадоў аддала цікавай працы. Аднак чагосьці ёй не хапала. I калі аднойчы на выставе ў Мінску ўбачыла знаёмыя з дзяцінства гліняныя вырабы, убачыла ўнутраным зрокам мастака, зразумела, чаго не хапае яе душы. Яна літаральна захварэла глінай. Куды б ні ішла, што б ні рабіла - перад вачыма яна: такая падатлівая, такая цёплая, такая ўдзячная. Яшчэ нічога не ведаючы пра яе, вось такой уяўляла. I не памылілася. Хоць нямала прапусціла праз пальцы розных па складу глін, пакуль знайшла самую прыдатную для сваёй задумы.
А планы і эскізы ў галаве мроіліся розныя. Хацелася зрабіць нешта такое, чаго яшчэ да яе ніхто не спарабаваў. Таму ў тэорыю асабліва не ўдавалася: знаёмілася з асаблівасцямі прыроднага матэрыялу, на які багата родная зямля, на практыцы. [6]
2 Мастацтва Надзеі - сямейная творчасць
Муж спачатку крыху іранічна назіраў за яе мучэннямі (чаго не прагне душа мастака?!), а потым, упэўніўшыся ў сур'ёзнасці намераў жонкі, пачаў памагаць. Пойдзе ў лес, убачыць нешта цікавае і нясе дадому. Разам з жонкай абмяркоўваюць, як "упішацца" адзін цуд прыроды з другім, ці атрымаецца нешта вартаснае. Як мастаку Надзеі было лепш бачна, што патрэбна дадаць да асноўнага матэрыялу, што аб'яднаць, а што выдзеліць асобным штрыхом. Яна патрабавала сумяшчаць элементы макрамэ, мярэжку, паперу, скуру. Нават хлебную скарынку ў якасці сарцавіны да кветачкі. Шляхам незлічоных проб і памылак яна выпрацавала свой стыль, сваю тэхніку. Першае пано здалося ёй верхам дасканаласці, хоць зараз яна глядзіць на яго (захавала!) з лёгкай усмешкай. [5]
У яе не было ніякіх прыстасаванняў. Звычайна керамісты маюць станкі для лепкі, спецыяльныя каркасы для галавы ці тулава. А ў яе звычайны кухонны стол і некалькі простых звычайных прадметаў, выкарыстоўваемых па прынцыпу: бярэ тое, што пад рукою, і не шукай сабе другое.
3 цягам часу адны прадметы адкідваліся, іншыя - выкарыстоўваюцца пастаянна. Так, звычайная электрычная лямпачка служыць прыстасаваннем для лепкі галавы, невялікая прылада з адтулінай - для выцяжкі валасоў. Нездарма кажуць: усё геніяльнае - простае. [3]
Майстар лічыць, што яе вырабы таму і цэняцца, што не маюць аналагаў. Так, арыгінальнасць, вядома ж, адыгрывае немалую ролю. Але ўсё ж асноўнае, безумоўна, у іншым - у высокім мастацкім выкананні і бездакорным гусце. I ў тыктанічнай працы. Мастачка ўпэўнена: толькі 5% поспеху залежыць ад таленту. Астатняе - праца, праца і праца.
Так, працы з глінай больш чым дастаткова. Стварыць задуманае ў гліне - гэта яшчэ і аддаць твор пад прысуд агню. Абпальванне - не толькі працяглая фізічная праца, гэта - найадказнейшы экзамен. На жаль, бываюць і непрыемнасці. Што адчувае мастак, калі яго тварэнне гіне ў агні? - Ён ужо зжыўся са створанымі вобразамі, ужо ўяўляе, як высветліць іх полымя, як прыдасць цвёрдасць і дадатковую цеплыню... Але і праз гэту пакуту - пякельную - прыходзіцца прайсці. Напэўна, усё таму ж, што без мук не бывае і шчасця. Шчасце, калі атрымалася ўсё: і гліняныя фігуркі як жывыя, і лясная знаходка ўдала дапоўніла кампазіцыю,і агонь зрабіў яшчэ цяплейшымі творы тваіх герояў. Атрымалася тое, у што ты ўдыхнула душу.
У спецыяльных керамічных печах тэмпература практычна аднолькавая ўсюды. У хатніх умовах гэтага дасягнуць немагчыма. Але і тут Надзея бачыць перавагу. У чым? - У магчымасці з'яўлення розных адценняў. Чым далей ад агню частка вырабу, тым цямнейшай яна будзе. Чым бліжэй - тым святлейшай. Заўважаўшы гэта, Надзея спецыяльна набліжае да агню тое, што павінна быць цяплейшым. Яна і тут верная сябе: у людзях бачыць жывое ў светлым, духоўным, і гэтага дабівацца ад сваіх стварэнняў. Стварае цяплейшую і халаднейшую часткі аднаго цэлага. Як бы падказвае нам: вось глядзіце, тут светлае, жывое, бо бліжэй да духоўнасці, а там далей ад святла - цёмнае, бездухоўнае. Гэта яе светаадчуванне, яе светапогляд. I гэта адбіваецца на якасці яе вырабаў. [3]
3 Надзея аб вечным і зямным
Нездарма пасля серыі работ на жыццёвую ці, як кажа яна сама, фальклорную тэматыку, Надзея ўзялася за тое, што даўно патрабавала выхаду - тэму вечную. Яна зараз так і называе свае выставы: "Пра вечнае і зямное". Цыкл работ на біблейскія сюжэты зарадзіўся тады, калі Надзея зразумела найгалоўнейшую чалавечую загану - гардыню. I, зразумеўшы яе, поўнасцю аддалася Божай волі. I як цвёрда ўпэўнена Надзея толькі тады па-сапраўднаму зразумела сябе, сваё прадвызначэнне. Адышлі ў нябыт хваробы, засталіся праца і натхненне. I матэрыял, у які калісьці Тварэц удыхнуў душу. I ў які яна стараецца ўдыхнуць сваю бессмяротную душу. Радавалася, як дзіця, калі ўпершыню адкрыла гэта для сябе: чалавек мае неўміручую душу. 3 той пары яе не палохаюць ніякія жыццёввыя нягоды. "Ёсць праблема - будзе цуд", - сцвярджае Надзея. I мне падумалася: калі б хоць палова людзей на зямлі разважалі так, наколькі менш было б сярод нас ныцця, незадаволенасці, скаргаў.
Убачанае намі ў хаце-музеі - толькі невялікая часцінка зробленага чуйнымі пальцамі мастачкі. Колькі вырабаў засталося пасля экспазіцый у фондах розных устаноў, колькі прададзена або проста падорана добрым людзям! Не спытала ў Надзеі, ці вядзе яна ўлік зробленаму. Упэўнена, што каталог проста неабходны. Вось быў зняты дакументальны фільм "Пра Антося і Крысю, якіх прыдумала Надзея". Цэлая серыя пано пра чалавечы лёс: першае спатканне юнака і дзяўчыны, сватанне, вяселле, праца на сенакосе... А засталіся ад серыі толькі некалькі вырабаў. Добра, што захаваліся фотаздымкі. Але ці ўсе? Гэта - толькі адзін прыклад. I ўвогуле шчаслівы, бо фільм дапамог захаваць зробленае. А колькі пано застануцца невядомымі?! Бо, набытыя для асабістых калекцый, для болынасці паклоннікаў яны страчаны. Тым болын, што знаходзяцца ў розных кутках свету: у Іспаніі, Германіі, Польшчы, Расіі, Украіне, Швейцарыі, ЗША. I цешаць душу адзінак. [7]
Просты пералік таго, што зроблена гэтай зімой, мала што дасць. I ўсё ж назву некалькі работ. "Несцерка", "Гаспадынька", "3 мельніцы", "Хутаране", "Кавалер" - з фальклорнай серыі; "Маісей", "Дрэва пазнання дабра і зла", "Забаронены плод", "Вялікая міласць", "Меч раздзяляльны" - з біблейскай серыі. Словы і нават фотаздымкі не могуць перадаць усёй прывабнасці і непаўторнасці пано. Іх трэба бачыць. Дзякую Богу, магчымасць такая ёсць амаль у кожнага з нас. Надзея з'яўляецца членам экспазіцый на "Славянском базаре".Двойчы выстаўлялася ў Мінску. У 2003 годзе была арганізавана персанальная выстава ў БНТУ, а ў 2005-м - у Троіцкім прадмесці. Рэзананс ад выстаў заўсёды вялікі. Шкада, што вельмі шмат клопатаў для Надзеі мужа. Уявіце, як гэта непроста ўпакаваць сотні вырабаў у спецыяльныя скрынкі, давезці да месца, там распакаваць і прадумаць размяшчэнне. А пасля выставы - ізноў усё спачатку... Але гэта акупаецца радасцю ад прызнання. Вось праходзіць у Гродна фестываль нацыянальных культур. У першыя гады, калі людзі яшчэ слаба арыентаваліся ў калейдаскопе фестывальных падзей, на "свайго" гледача і пакупніка разлічваць не прыходзілася. Затое зараз Надзею ўжо чакаюць. З'явіўся свой паклоннік, свой знаток, свой пакупнік. Той, хто адчувае высокую энергетыку гліны. Той, хто разумее неацэннасць яе твораў.
Здаецца, мастак павінен радавацца, калі яго творы запатрабаваны. Яно так. Але як цяжка і адзінока на душы пасля развітання з імі! Здаецца, і дыхаецца не так у хаце з пустымі сценамі. I Надзея ізноў акунаецца у працу...
Як добра, што ў апошні час Надзеяй усур'ёз зацікавіліся супрацоўнікі кіно і тэлебачання. Нядаўна тэлеканал "Лад" паказваў фільм "Надзея Салейка - у серыі "Найменні і вобразы". Гродзенскае тэлебачанне ўзялося за падрыхтоўку яшчэ аднаго фільма. Надзея вельмі нераўнадушны чалавек. Яна прымае шмат наведальнікаў, вучыць свайму майстэрству пачынаючых мастакоў. А едуць і ідуць да яе многія. Часам ідуць і тыя, хто мае шмат вольнага часу і, не ведаючы, як ім распарадзіцца, цягнецца да спіртнога ці цыгарэт. Надзея дзівіцца з такіх: як можна мець вольны час? У яе яго няма. I гэта пры тым, што муж, якому яна вельмі і вельмі ўдзячна, вызваліў яе амаль ад усіх хатніх спраў. Сам творца па натуры, Віктар Міхайлавіч добра разумее жонку. Ён у Надзеі - неацэнны памочнік. Часцінка яго душы прысутнічае ў многіх вырабах мастачкі. Можа і таму яшчэ так прыцягваюць работы Надзеі, што ў іх сатканы і абпалены агнём самай высокай пробы душы дваіх высакародных любячых людзей?
Аднойчы ў яе спыталі: "Калі да вас прыходзіць натхненне?" Яна не задумваючыся адказала: "Яно не прыходзіць, яно ў ва мне жыве". Калі б было іначай, сапраўды, ці магла Надзея стварыць столькі шэдэўраў?