Прыняты трэці Статут Вялікага Княства Літоўскага

Автор: Пользователь скрыл имя, 19 Февраля 2012 в 17:03, контрольная работа

Описание работы

Зацверджаны ў студзені 1588 года вялікім князем Жыгімонтам ІІІ звод законаў быў на той час сама перадавым у Эўропе. Статут рыхтавалі найлепшыя правазнаўцы Вялікага Княства пад кіраўніцтвам выдатных дзяржаўных дзеячоў-беларусаў - канцлера Астафея Валовіча і падканцлера Льва Сапегі. Заканадаўчай асноваю новага зводу былі ранейшыя Статуты 1529 і 1566 гадоў, вялікакнязеўскія прывілеі, пастановы соймаў і павятовых соймікаў.

Работа содержит 1 файл

1588.docx

— 19.91 Кб (Скачать)

1588. Прыняты трэці Статут Вялікага Княства Літоўскага

     Зацверджаны ў студзені 1588 года вялікім князем Жыгімонтам ІІІ звод законаў быў на той час сама перадавым у Эўропе. Статут рыхтавалі найлепшыя правазнаўцы Вялікага Княства пад кіраўніцтвам выдатных дзяржаўных дзеячоў-беларусаў - канцлера Астафея Валовіча і падканцлера Льва Сапегі. Заканадаўчай асноваю новага зводу былі ранейшыя Статуты 1529 і 1566 гадоў, вялікакнязеўскія прывілеі, пастановы соймаў і павятовых соймікаў. Тут адлюстравалася багатая прававая культура беларускага народа, якая бярэ свой пачатак з часоў Полацкага княства, а таксама дасягненні эўрапейскай юрыдычнай думкі. Статут быў напісаны і выдадзены на беларускай мове. Яго тэкст разумела пераважная бальшыня насельніцтва нашай дзяржавы, тым часам як у краінах Заходняй Эўропы карысталіся законамі, выкладзенымі на незразумелай паспалітым людзям лаціне.

     Статут  абвяшчаў ідэю праўнай дзяржавы, іначай кажучы, такога парадку, калі ўсе органы і службовыя асобы павінны ў сваёй дзейнасці кіравацца толькі правам. У прысвячэнні гаспадару Жыгімонту ІІІ і ўсім станам Вялікага Княства Леў Сапега пісаў: «Вольности своее во всем постерегаем, бо не только сусед а спольный наш обыватель в отчизне, але и сам господар пан наш жадное звирхнасти над нами заживати не может, одно толко колко ему право допущаеть».

     Кодэкс законаў Княства замацоўваў ягоны суверэнітэт, грамадскі і дзяржаўны лад, правы і абавязкі жыхарства, прынцыпы судовага ладу. Статут заканадаўча сцвярджаў ідэю рэлігійнае талеранцыі і патрабаваў забяспечваць правы ўсіх жыхароў незалежна ад веравызнання. Вялікі князь быў абавязаны захоўваць недатыкальнасць межаў дзяржавы і вяртаць страчаныя раней землі. Чужаземцам (найперш гэта датычыла палякаў) забаранялася займаць у нашай краіне дзяржаўныя пасады, набываць зямлю і ганаровыя званні.

     Вольныя людзі паводле закону ні за якое злачынства не маглі быць аддадзеныя ў вечную няволю. Кожны вольны чалавек меў права выехаць за мяжу, абы гэта не рабілася на шкоду Бацькаўшчыне. Разам з тым Статут адлюстроўваў няроўнасць асабіста свабодных жыхароў краіны. Памер галоўшчыны (грашовае кары) за забойства войта, бурмістра або лаўніка складаў 50 коп грошай; за звычайнага месціча, што жыў у горадзе з магдэбургскім правам, - 30 коп, а за шляхціча - 100. Мяшчане не маглі браць удзелу ў агульнадзяржаўных соймах і нават у павятовых сойміках.

     Грунтоўна было распрацаванае ў Статуце крымінальнае права. Уводзілася прэзумпцыя невінаватасці, паводле якой чалавек не лічыцца злачынцам, пакуль ягоная віна не даведзеная судом. Закон усталёўваў адказнасць шляхціча за забойства простага чалавека, вызваляў ад смяротнага пакарання цяжарных кабет, прадугледжваў больш суровую кару за злачынствы супроць жанчын. У параўнанні з іншымі эўрапейскімі краінамі сістэма пакаранняў была больш гуманная. Вызваляліся ад крымінальнай адказнасці дзеці і падлеткі да 18 гадоў, псіхічнахворыя людзі, а часам і тыя, што ўчынілі злачынства «па глупстве». 

     Статут 1588 года быў ці не першым у Эўропе прававым кодэксам, які рашуча абараняў прыроду, каштоўных звяроў і птушак, прычым рабіў гэта значна паслядоўней, чым некаторыя сучасныя законы. За разбурэнне сакалінага або лебядзінага гнязда злачынец плаціў ад трох да шасці коп грошай, за адлоў ці адстрэл бабра - ад дзвюх да чатырох. (Дзеля параўнання: рабочы вол ці жарабец каштавалі тады дзве капы.)

     Статут  замацоўваў нашу тагачасную мову як дзяржаўную: на ёй складаліся дакументы, ішлі лісты з канцылярыі вялікага князя, на ёй гаварылі і пісалі гаспадары і ўсе галоўныя асобы Княства. У прадмове да зводу законаў Леў Сапега з гонарам зазначаў: «Не обчим яким языком, але своим власным права списаные маем и каждого часу чого нам потреба ку отпору всякое крывды ведати можем».

     Статут  зрабіў вялікі ўплыў на прававую думку Польшчы, Украіны, Латвіі, Эстоніі, Расеі. Праз два стагоддзі пасля свайго прыняцця ён па-ранейшаму ўважаўся найвыдатнейшым эўрапейскім зводам юрыдычных актаў. «Статут робіць гонар чалавечаму розуму. Ён складзены так разумна, асабліва ў дачыненні да відаў пакарання, што яго можна лічыць найдасканалейшай кнігай законаў ва ўсёй Эўропе», - казаў у выступленні на сойме Рэчы Паспалітай 1791 года адзін з паслоў.

     У Беларусі Статут дзейнічаў і пасля яе захопу Расейскай імперыяй: у Віцебскай і Магілеўскай губернях да 1831 года, а ў Менскай, Гарадзенскай і Віленскай - да 1840 года.

Информация о работе Прыняты трэці Статут Вялікага Княства Літоўскага