"Свае" і чужыя
ў аповесці Васіля Быкава "Знак
Бяды".
Аповесць В.
Быкава "Знак бяды" адметная. Вайна
ў ёй разглядаецца праз успрыняцце
яе мірнымі жыхарамі, для якіх
уласны хутар становіцца месцам
здзекаў і гвалту, своеасаблівай
Галгофай. Мінулая вайна, на думку
В. Быкава, паказала, "якім высокім і
якім нізкім можа быць чалавек, да якой
велічы могуць узняцца адны і да якой нізасці
апусціцца другія". Таму ў творы пісьменнік
(выдатны псіхолаг) імкнецца выявіць прычыны
здрадніцтва, прыстасавальніцтва, маральнага
падзення адных і духоўнай велічы, высакароднасці,
нязломнасці духу другіх. Зразумела, што
здрадніцтва не можа нарадзіцца далёка
ад нас, саміх сябе. Яно найбольш праяўляецца
ў часы цяжкіх выпрабаванняў, калі чалавек
стаіць на мяжы выбару паміж жыццём і смерцю.
Адны выбіраюць жыццё і тым самым здраджваюць
сабе, радзіме, народу, пачынаюць прыслужваць
іншаму рэжыму, прыстасоўваюцца да выгаднай
для сябе сітуацыі. Другія (напрыклад,
Сцепаніда) з першых дзён не мірацца з
новымі парадкамі, свядома канфліктуюць
з няпрошанымі гасцямі, змагаюцца з ворагам
да апошняга ўздыху. "Сваімі" і адначасова
чужымі ў аповесці паказаны Гуж, Каландзёнак
і Недасека. Сярод усіх паліцаяў сваёй
жорсткасцю, бесчалавечнасцю вылучаўся
Гуж, які яшчэ да вайны, пасля раскулачвання
бацькі, з абрэзам паляваў на людзей. У
перыяд акупацыі ён зноў адчуў сваю сілу.
Упіваючыся неабмежаванай уладай, Гуж
здзекаваўся з людзей не толькі па загадзе
немцаў, але і дзеля свайго задавальнення.
З лютай нянавісцю спрабаваў ён адпомсціць
за даўнюю крыўду. Яшчэ больш небяспечным
(з-за сваёй затоенасці, непрадказальнасці
ўчынкаў) з'яўляецца Каландзёнак — "няўклюда
лягчоная, ні хлопец, ні дзеўка — паскуда
адна". У гады калектывізацыі ён прыкідваўся
прыхільнікам новых змен, дапамагаў адшукваць
"ворагаў" народа і за паклёпніцкі
данос нават быў узнагароджаны рэквізаванымі
ботамі. З прыходам фашыстаў ён з лёгкасцю
і спраўна стаў служыць фашысцкай сістэме
так жа, як калісьці служыў савецкай уладзе.
В. Быкаў, удзяляючы ў аповесці значнае
месца паліцаям, бачыў у іх затоенасці,
скрытвасці, прыстасавальніцтве не меншую
небяспечнасць, чым у заведама адкрытай
чалавеказабойчай палітыцы ворагаў-чужынцаў.
Немцам-захопнікам В. Быкаў у аповесці
адводзіць не так многа ўвагі. З імі мы
сустракаемся толькі тады, калі яны некалькі
дзён жылі ў хаце Сцепаніды і Петрака.
Але і гэтага дастаткова, каб упэўніцца
ў тым, што перад намі заваёўнікі, якія
ўсімі магчымымі сродкамі будуць імкнуцца
да панавання і знішчэння існуючага ладу.
Фашысты з'яўляюцца адкрытымі ворагамі,
і ад іх нельга чакаць асаблівай павагі,
міласэрнасці. Горшыя за іх з-за сваёй
затоенасці, скрытнасці, непрадказальнасці
дзеянняў паліцаі, якія не часова, а ўжо
назаўсёды сталі чужымі для аднавяскоўцаў
і якім ніколі не давяралі ворагі. Такім
чынам, чужых у аповесці "Знак бяды"
можна ўмоўна падзяліць на дзве катэгорыі:
чужыя, якія адначасова з'яўляюцца ворагамі-захопнікамі,
і былыя свае людзі, якія з-за здрады і
прадажнасці сталі чужымі для свайго народа.
Аўтар сцвярджае, што свае "чужыя"
больш страшныя за адкрытага ворага, яны
здольны служыць любому злу, якое знаходзіцца
пры ўладзе. Вайна — тая крытычная сітуацыя
ў жыцці герояў твора, калі выяўляецца
іх сапраўдная сутнасць: сутнасць чалавечая
або звярыная, дзікунская. На жаль, праблема
сваіх — "чужых" застаецца актуальнай
і для нашага часу.