"Свае" і чужыя
ў аповесці Васіля Быкава "Знак
Бяды".
Аповесць В.
Быкава "Знак бяды" адметная. Вайна
ў ёй разглядаецца праз успрыняцце
яе мірнымі жыхарамі, для якіх
уласны хутар становіцца месцам
здзекаў і гвалту, своеасаблівай
Галгофай. Мінулая вайна, на думку
В. Быкава, паказала, "якім высокім
і якім нізкім можа быць
чалавек, да якой велічы могуць
узняцца адны і да якой нізасці
апусціцца другія". Таму ў творы
пісьменнік (выдатны псіхолаг) імкнецца
выявіць прычыны здрадніцтва,
прыстасавальніцтва, маральнага падзення
адных і духоўнай велічы, высакароднасці,
нязломнасці духу другіх. Зразумела,
што здрадніцтва не можа нарадзіцца
далёка ад нас, саміх сябе. Яно
найбольш праяўляецца ў часы
цяжкіх выпрабаванняў, калі чалавек
стаіць на мяжы выбару паміж
жыццём і смерцю. Адны выбіраюць
жыццё і тым самым здраджваюць
сабе, радзіме, народу, пачынаюць
прыслужваць іншаму рэжыму, прыстасоўваюцца
да выгаднай для сябе сітуацыі.
Другія (напрыклад, Сцепаніда) з
першых дзён не мірацца з
новымі парадкамі, свядома канфліктуюць
з няпрошанымі гасцямі, змагаюцца
з ворагам да апошняга ўздыху.
"Сваімі" і адначасова чужымі
ў аповесці паказаны Гуж, Каландзёнак
і Недасека. Сярод усіх паліцаяў
сваёй жорсткасцю, бесчалавечнасцю
вылучаўся Гуж, які яшчэ да
вайны, пасля раскулачвання бацькі,
з абрэзам паляваў на людзей.
У перыяд акупацыі ён зноў
адчуў сваю сілу. Упіваючыся неабмежаванай
уладай, Гуж здзекаваўся з людзей
не толькі па загадзе немцаў,
але і дзеля свайго задавальнення.
З лютай нянавісцю спрабаваў
ён адпомсціць за даўнюю крыўду.
Яшчэ больш небяспечным (з-за
сваёй затоенасці, непрадказальнасці
ўчынкаў) з'яўляецца Каландзёнак
— "няўклюда лягчоная, ні хлопец,
ні дзеўка — паскуда адна".
У гады калектывізацыі ён прыкідваўся
прыхільнікам новых змен, дапамагаў
адшукваць "ворагаў" народа
і за паклёпніцкі данос нават
быў узнагароджаны рэквізаванымі
ботамі. З прыходам фашыстаў ён
з лёгкасцю і спраўна стаў
служыць фашысцкай сістэме так
жа, як калісьці служыў савецкай
уладзе. В. Быкаў, удзяляючы ў
аповесці значнае месца паліцаям,
бачыў у іх затоенасці, скрытвасці,
прыстасавальніцтве не меншую
небяспечнасць, чым у заведама
адкрытай чалавеказабойчай палітыцы
ворагаў-чужынцаў. Немцам-захопнікам
В. Быкаў у аповесці адводзіць
не так многа ўвагі. З імі
мы сустракаемся толькі тады,
калі яны некалькі дзён жылі
ў хаце Сцепаніды і Петрака.
Але і гэтага дастаткова, каб
упэўніцца ў тым, што перад
намі заваёўнікі, якія ўсімі магчымымі
сродкамі будуць імкнуцца да
панавання і знішчэння існуючага
ладу. Фашысты з'яўляюцца адкрытымі
ворагамі, і ад іх нельга чакаць
асаблівай павагі, міласэрнасці. Горшыя
за іх з-за сваёй затоенасці,
скрытнасці, непрадказальнасці дзеянняў
паліцаі, якія не часова, а ўжо
назаўсёды сталі чужымі для
аднавяскоўцаў і якім ніколі
не давяралі ворагі. Такім чынам,
чужых у аповесці "Знак бяды"
можна ўмоўна падзяліць на
дзве катэгорыі: чужыя, якія
адначасова з'яўляюцца ворагамі-захопнікамі,
і былыя свае людзі, якія
з-за здрады і прадажнасці сталі
чужымі для свайго народа. Аўтар
сцвярджае, што свае "чужыя"
больш страшныя за адкрытага
ворага, яны здольны служыць любому
злу, якое знаходзіцца пры ўладзе.
Вайна — тая крытычная сітуацыя
ў жыцці герояў твора, калі
выяўляецца іх сапраўдная сутнасць:
сутнасць чалавечая або звярыная,
дзікунская. На жаль, праблема сваіх
— "чужых" застаецца актуальнай
і для нашага часу.