Інтэлектуальна-філасофская думка ў паэзіі А. Разанава

Автор: Пользователь скрыл имя, 04 Апреля 2012 в 19:34, сочинение

Описание работы

А. Разанаў – самы яскравы прадстаўнік інтэлектуальна-філасофскай плыні сучаснай беларускай паэзіі, у якой мастацкае бачанне свету арганічна паяднана з яго навукова-філасофскім разуменнем. За 34 гады творчай працы выйшла дзесяць кніг: “Адраджэнне” (1970), “Назаўжды” (1974), “Каардынаты быцця” (1976), “Шлях – 360” (1981), “Вастрыё стралы” (1988), “У горадзе валадарыць Рагвалод” (1992), “Паляванне ў райскай даліне” (1995), “Рэчаіснасць” (1998), кніга выбранага “Танец з вужакамі” (1999), кніга паэм “Гліна. Жалеза. Камень” (2000).

Работа содержит 1 файл

А.docx

— 25.38 Кб (Скачать)

А. Разанаў  – самы яскравы прадстаўнік  інтэлектуальна-філасофскай плыні сучаснай беларускай паэзіі, у якой мастацкае бачанне свету арганічна паяднана з яго навукова-філасофскім разуменнем. За 34 гады творчай працы выйшла дзесяць кніг: “Адраджэнне” (1970), “Назаўжды” (1974), “Каардынаты быцця” (1976), “Шлях – 360” (1981), “Вастрыё стралы” (1988), “У горадзе валадарыць Рагвалод” (1992), “Паляванне ў райскай даліне” (1995), “Рэчаіснасць” (1998), кніга выбранага “Танец з вужакамі” (1999), кніга паэм “Гліна. Жалеза. Камень” (2000).

Пачынаў А. Разанаў  як традыцыяналіст, прынамсі, у галіне формы, аднак арыгінальнасць яго філасофскага мыслення нават у ранні перыяд вылучалася на фоне беларускай медытатыўнай традыцыі (Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, А. Куляшова, М. Танка, М. Стральцова), хаця шмат увабрала ў сябе і ад яе. Не менш паўплывалі на станаўленне маладога паэта здабыткі заходнееўрапейскага авангарду і ўсходняй філасофіі.

Яго вершы  не маюць нічога агульнага са станам філасофскай засяроджанасці, сузірання. А. Разанава цікавіць пошук, рух, аналіз той ці іншай з’явы. Пры гэтым  калі ў першых зборніках вектар пошуку быў скіраваны ўглыб уласнай  асобы, і такім чынам аўтар  імкнуўся пазнаць свет, то ў пазнейшы перыяд дослед арыентаваны на сусвет, праз які пазнае сябе суб’ект. Дарэчы, лірычны герой у многіх творах настолькі пазбаўлены канкрэтных рыс, што часам у крытыцы вядзуцца размовы пра яго адсутнасць.

Пошук аўтарам новых рэальнасцей прыводзіць да ўскладнення паэтычнай мовы твораў, а незвычайнасць ідэйна-зместавай напоўненасці вершаў, не ўкладаючыся ў межы традыцыйных фармальна-структурных адзінак, вымагае стварэння арыгінальнай жанравай сістэмы. Плённасць вынайдзеных паэтам форм (версэтаў, вершаказаў, квантэм, пункціраў, зномаў) пацвярджаецца іх запатрабаванасцю многімі сучаснымі творцамі (У. Арловым, А. Мінкіным, В. Дранчуком, Хв. Кашкурэвічам, І. Бабковым, В. Слінко і інш.).

Версэты –  блізкія да прытчаў вершы, дзе  перавага аддаецца быційнаму, сутнаснаму, а ўмоўнасць спалучаецца з  рэальнасцю. Рытміка і рыфмоўка такіх  твораў свабодная, раскаваная. Па сваёй  будове яны складаюцца з некалькіх  афарыстычных перыядаў, што знешне нагадваюць строфы верша і ўяўляюць сабой групу сказаў, у кожную з якіх закладзена пэўная адносна самастойная ідэя. Час і прастора ў такіх творах прысутнічаюць у дэфармаваным выглядзе – як прастора Ўсёбыцця і час Знікнення, пераўтварэння, азарэння.

Ні змрок, ні святло.

Ні ўчора, ні сёння.

Не ведаюць  дрэвы, ці ім зеля-

нець далей, ці скідаць лістоту.

Не разумеюць  вароны, ці ім куды

адлятаць, ці сядзець на дрэвах.

Суседзі сабраліся пераязджаць, ды

раптам адумаліся і заносяць рэчы

назад – у  старую кватэру.

Усе – перашкода  ўсім.

Словы не маюць, куды казацца.

Цені, што  падалі ад людзей,

супадаюць з  людзьмі.

На рэчаіснасці пляма. (“Рэчаіснасць”)

Адыход ад рэалій сучаснасці ідзе ў версэце  не па прамой, а па парабале, якая вяртае думку зноў да сучаснасці.

Як і прытчы, версэты пазбаўлены апісальнасці мастацкай  прозы: прырода і рэчы нагадваюцца  толькі па неабходнасці, дзеянне адбываецца быццам без дэкарацый, а дзеючыя  асобы не маюць ні знешніх рыс, ні характару. І прытчы, і версэты  з’яўляюцца творамі дыдактычна-алегарычнага жанру, хоць і істотна адрозніваюцца  паміж сабой. Па-першае, версэты існуюць  самастойна, без сувязі з кантэкстам. Па-другое, апавяданне ў большасці  версэтаў ідзе ад першай асобы, не тоеснай  асобе лірычнага “я” ў звыклым  сэнсе. Гэта дазваляе аўтару мадэляваць паэтычную сітуацыю такім чынам, што рэальнасць і ўмоўнасць становяцца непадзельнымі.

У версэце  можа быць пэўны сюжэт, праўда, вельмі ўмоўны, а таксама зачаткі традыцыйнай  кампазіцыі, прысутнасць асобных  яе элементаў: экспазіцыі, завязкі, развіцця дзеяння, кульмінацыі, развязкі. Адной з характэрных рыс кампазіцыйнай пабудовы версэта з’яўляецца наяўнасць у ім адносна самастойнага сказа-выніку, які, аднак, нельга назваць падагульняючай маральнай высновай, якая перакрэсліла б перакананне паэта ў няпэўнасці адшукваемых ісцін. Сістэма версэта адкрытая, а сказ-вынік нясе на сабе функцыю ключа, арыенціра для далейшых разваг.

Для разанаўскіх  версэтаў характэрна ўжыванне так званых “мінус-прыёмаў”, што стварае знешнюю  прастату тэксту пры яго зместавай  ускладненасці. Звычайныя фразы  ператвараюцца аўтарам у словы з вялікай сілай эмацыянальнага ўздзеяння, якую нельга перадаць на мове лагічных паняццяў. Простыя зямныя рэчы ўспрымаюцца як абагульненыя сімвалы жыцця перш за ўсё таму, што яны падаюцца ў дынаміцы, у руху. Так, горад, які вандруе, ужо не горад, і дарога, якая рухаецца, ужо не дарога.

Дынаміка  версэтаў вызначаецца шматлікай  колькасцю дзеясловаў, з якіх у  большасці выпадкаў пачынаецца радок  у перыядзе, што адпаведна цягне  за сабой частае ўжыванне інверсіі; а таксама паслядоўным выкарыстаннем  градацыі і разнастайных формаў сінтаксічна-інтанацыйнага паралелізму.

Арыгінальны жанр версэта, што вырас са свабоднага верша, прычым з верлібра з прыкметамі тонікі, шмат у чым захаваў яго тыповыя рысы. Так, вынясенне ў пачатак радка слоў з павышанай сэнсавай нагрузкай, ужыванне сінтаксічных і лексічных анафар, падпарадкаванне рытмічнага малюнка зместу – асноўныя прыёмы разанаўскіх версэтаў.

Вершаказы –  творы, паэтычныя па змесце і празаічныя па форме, хаця падзел на перыяды-строфы захоўваецца і ў гэтым жанры. Вершаказы – своеасаблівыя казанні  аб жыцці рэчаў, у якіх паэт імкнецца выявіць патаемныя сэнсы слова праз услухоўванне ў яго Гукавы склад. Вершаказы маюць спецыфічны спосаб рыфмоўкі – “дамінанту”. Гэта ключавое слова (ці два слова), якому падпарадкоўваецца ўвесь вершаказ. Звычайна яно выносіцца ў назву твора і сцягвае, збірае вакол cябе ўсе астатнія словы.

Менавіта  да яго аўтар адшуквае асацыяцыі шляхам пранікнення ў самыя глыбіні мовы. Гук у вершаказах адыгрывае надзвычай важную ролю. Па сутнасці, вершаказ – гэта гукаадлюстраванне той ці іншай з’явы або рэчы, а вобразы ствараюцца праз гукі і іх камбінацыі.

Хлеб святы, хлеб Вялебны, і ўсё,

Што спалучана з ім, што “злеплена” з ім,

Адбываецца, як абрад, як набажэнства,

Як Малебен.

Хлеб Хвалебны: яго шануюць і Хваляць

Усе Плямёны – і Дулебы, і Вялеты,

І Лахвічы... (“Хлеб”)

Вершаказы, як і квантэмы, разлічаны на слыхавое ўспрыманне. Недарэмна яны лічацца  самымі “філалагічнымі” творамі аўтара. Гісторыя рэчаў звернуты ў мінулае, калі чалавек мог разумець голас рэчаў, голас прыроды, з якой не выдзяляў сябе, калі слова было раўназначным свайму першароднаму, сапраўднаму сэнсу. Чаму так ці інакш людзі назвалі рэч ці з’яву прыроды? Чаму ваду назвалі вадою, а зямлю зямлёю, а не наадварот? Чаму блізкія гукавой абалонкай словы часта маюць надта далёкія значэнні? Ці былі назвы выпадковымі збегамі зычных, ці іх гукавыя выявы прадвызначаны звыш? Падобныя пытанні складаюць унутраны змест не толькі разанаўскіх вершаказаў, але і даўно цікавяць навуку: філолагаў, філосафаў, культуролагаў. Так, яшчэ ў 70-80-я гады ХХ ст. у філалогіі вылучылася нават асобная галіна – фонасемантыка, прадметам вывучэння якой з’яўляецца гук як сэнсаносьбіт.

Значэнне  надаецца не проста слову, якое само па сабе ўтварае вобраз, але і кораню, асобным гукам і іх спалучэнням, якія яго складаюць. Іншымі словамі, у вершаказах фанетыка становіцца паэтыкай. У вершаказе паэт імкнецца паэтычна асэнсаваць як мага большую колькасць слоў, што складаюцца з гукавых спалучэнняў слова-дамінанты. Такі прыём не тоесны, аднак, звычайнай алітэрацыі, чыя задача зводзіцца найперш да слыхавога акампанементу з’яве. Праз узаемадзеянне сугучных лексічных адзінак праступае арыгінальная аўтарская філасофія, светаўспрыманне сучаснага чалавека, спасціжэнне ім глыбокай сутнасці той ці іншай рэчы.

 

Калі здараецца  Кепскае – б’ецца люстэрка ці гляк,

тады ўзнікаюць  Аскепкі – Аспекты Пытання,

Якія забылі само пытанне, Складнікі Спектру,

Якія згубілі  сам Спектр.

І як бы пасля  іх не Склейвалі і не Склепвалі, яны ўжо

Не змогуць  вярнуцца ў колішнюю самаадсутнасць, яны ўжо не змогуць прыняцца ў  ранейшую цэласнасць... (“Аскепкі”)

А. Разанаў  выкарыстоўвае Тры разнавіднасці  згаданага жанру. Найперш аб’ектам рэфлексіі, самаросшуку можа з’яўляцца  адна рэч, а твор адпаведна мець адну дамінантную рыфму. Напрыклад, “Жорны”, “Верацяно”, “Баразна”, “Ліхтар”, “Шалі” і інш. Другую групу складаюць пабудаваныя па прынцыпу антытэзы, супрацьпастаўлення вершаказы, якія ўтрымліваюць адпаведна дзве дамінантныя рыфмы. Да прыкладу, “Ключ і замок”, “Аладка і блін”, “Здароўе і хвароба”, “Лінія і рыса” і інш. У трэцім відзе вершаказаў слова даследуецца ў іншамоўных кантэкстах, у судакрананні са словамі іншых, пераважна блізкароднасных, моў. У гэтым выпадку пісьменнік праз перазовы і адметныя нюансы ў гучанні мае магчымасць прасачыць, як праз мову выяўляецца лёс, гісторыя, менталітэт таго ці іншага народа. Прыкладамі такіх вершаказаў могуць служыць “Мора”, “Мароз”, “Муха”, “Малако”, “Гарох”, “Вілы” і інш.

Свет у  вершаказах успрымаецца як тэкст. Калі ў версэтах яшчэ можна акрэсліць  тое, што мы разумеем пад тэрмінам “лірычны герой”, то ў вершаказах у традыцыйным сэнсе заўважаецца поўная яго адсутнасць. Няма ў згаданым жанры катэгорый прасторы і часу. Новая рэчаўная вобразнасць і ёсць аб’ектам паэтычнай увагі аўтара. А. Разанаў прыходзіць да разумення, што ў блізкім рэчаўным свеце столькі ж загадак, колькі і ў далёкім космасе. У сусвеце ўсё ўзаемазвязана – праз вялікае пазнаецца малое, праз побыт – быццё. Усё, што створана чалавекам, нясе ў сабе часцінку яго душы.

Такая ўвага  да рэчаўнага свету лучыць творы  беларускага паэта з еўрапейскай  філасофска-літаратурнай традыцыяй  “рэчаўнасці”, і найперш Dinggedicht, самым  яскравым прадстаўніком якой быў аўстрыйскі паэт Р. М. Рыльке. Тэарэтычнае абгрунтаванне згаданая традыцыя займела ў працы нямецкага філосафа-фенаменолага Марціна Хайдэгера “Выток мастацкага твора” (1935), а сваімі вытокамі сягае да платонаўскай тэорыі “рэчаў у сабе”.

Канцэпцыя рэчы ў А. Разанава і Р. М.Рыльке маюць  шмат кропак судакранання. Гэта ўсведамленне руху ў рэчы; разуменне цэласнасці рэчаіснасці, а таксама наяўнасці душы і пачуццяў у рэчы; сцвярджэнне роўнасці чалавека і Бога. Пры гэтым абодва паэты ў сферу рэчаў уключаюць побытава-звыклыя прадметы (уласна рэчы), жывыя істоты, рэчы прыродныя, рэчы-з’явы, “самыя высокія і апошнія рэчы” (паводле М. Хайдэгера) – чалавека і Бога. І А. Разанаў і Р. М.Рыльке бачаць задачу мастака ў тым, каб праз канкрэтныя выявы канкрэтных рэчаў спасцігаць логіку быцця ў яго раўнавазе з побытам, бо рэч – частка таго і іншага; маючы свой век, яна яднае цяперашняе, мінулае і будучае.

Квантэмы  – своеасаблівы жанр верлібравай  мініяцюры, манастрафічныя вершы-медытацыі, у аснове якіх імпульс, “квант”  паэтычнай энергіі. У іх аўтар  не толькі пазбягае эпітэтаў і метафар, але і зводзіць колькасць слоў да мінімуму. У квантэмах адсутнічае прычынна-выніковая сувязь, знакі прыпынку, няма межаў паміж лагічна завершанымі кавалкамі тэксту. Асацыяцыі нечаканыя і настолькі далёкія, што ствараецца ўражанне: словы існуюць самастойна, паасобку.

сцізорыку карціць

з крыніцы  прысак

збяруцца  ўраз

абразы

месца досыць

Шматзначныя, філасафічныя, яны з’яўляюцца самымі загадкавымі творамі А. Разанава, якія часта крытыкавалі за празмерную абстрактнасць і прадказвалі нядоўгае жыццё. Так, па словах В. Віткі, яны нагадваюць “Рассыпаны друкарскі набор”, успрымаюцца “рахітычнай істотай, вырашчанай ў колбе”. Аднак катэгарычнасць і суб’ектыўнасць такіх меркаванняў аспрэчваецца шматлікай колькасцю прыхільнікаў і прадаўжальнікаў новага жанру ў генерацыі маладых паэтаў.

Аўтар робіць стаўку на ўнутраную паэтызацыю, парадаксальнасць думкі, збліжэнне празмерна далёкіх слоў і сэнсаў, спалучэнне надзвычайнай экспрэсіі з моўнай эканоміяй, што дазволіла У. Калесніку адзначыць у якасці станоўчых рыс квантэм спалучэнне інфармацыйнасці і цьмянасці: “Яна, як носьбіт лёсаў свету і чалавека, павінна заставацца няяснай, быццам сама доля і ідэал, што вабіць недасяжным. Не ператвараць загадкавае ў прасцецкае і яснае, а весці да плённага суіснавання двух пачаткаў – вось яе прызванне. У загадкавай цьмянасці – невычэрпнасць і паэтычнасць”.

Увага да ўнутранай  формы слова, яе гукавой абалонкі яднае квантэмы А. Разанава з яго  вершаказамі. Больш таго, вершаказы  могуць праяясняць сэнс некаторых квантэм. Розніца паміж вершаказам і квантэмай  не ў аб’ёме і рытмічнай арганізацыі  твора, а ў аб’екце адлюстравання. Гісторыя рэчаў знаходзіцца па-за прасторава-часавымі каардынатамі, у  квантэмах прастора і час кандэнсуюцца да апорных слоў-вобразаў, утвараючы пэўны момант жыцця, момант пераўтварэння, зліцця мінулага і сучаснага.

Квантэмы  А. Разанава – гэта спроба выявіць, наколькі лаканічнай можа быць форма, застаючыся пры гэтым напоўненай глыбокім зместам своеасаблівай  “мікрапаэмай”. У адной з філасафем  А. Разанаў выказаў сваё разуменне  прызначэння квантэмы: “У мікрасвеце мініяцюр не менш таямніц і магчымасцей, чым у мікрасвеце іншых жанраў. У мініяцюры пачынае “гучаць”, робіцца сутнасным не толькі асобнае слова, але і асобная літара, гук. Гук – “электрон” верша. Мініяцюра прадбачыць паэму: як зерне больш колас, чым сцябло, так і яна больш мікрапаэма, чым мікраверш”.

Пункціры  – верлібравая мініяцюра (3 – 9 радкоў), у аснову якой кладзецца толькі адна думка, назіранне, вобраз. Яны не прэтэндуюць на паўнату, цэласнасць погляду на свет, што адпавядае самой назве жанру. Пункцірам уласціва лёгкасць, празрыстасць, лаканізм, засяроджанасць на канкрэтнай падзеі, адсутнасць цьмянасці, незразумеласці. Лагічна большасць з іх пабудавана на парадоксах, якія падкідвае нам рэчаіснасць. У параўнанні з вершаказамі і квантэмамі, дзе пануе стыхія гуку, пункціры скіраваны на стварэнне візуальнага, даступнага зроку малюнка, хаця часам і не пазбаўленага філасофскага роздуму. У гэтым сэнсе яны нагадваюць класічныя формы ўсходняй мініяцюры – хоку і танка, адпаведна выкарыстоўваючы іх выяўленчыя магчымасці. Асноўнымі сродкамі стварэння вобраза тут з’яўляюцца мастацкая дэталь і буйны план:

Як паніжэлі Вось ужо і скончыўся лівень!..

Платы і вароты!.. А ліст кляновы лісту

Завулак перадае  ўсё кроплі.

У снежных  гурбах.

Зномы – гэта празаічныя назіранні-эсэ, у якіх заключана паэтычная філасофія. Ім уласціва своеасаблівая мелодыка, свабодная кампазіцыя, бессюжэтнасць, невялікі аб’ём. Парабалічнасць мыслення згортвае думкі амаль да афарызма.

Назву свайго жанру пісьменнік выводзіць ад слова Зно, якое тлумачыць наступным чынам: “Той, хто спазнае, і тое, што спазнаецца, твораць новую рэчаіснасць – Зно. У ёй знікае падзел на суб’ект і аб’ект, і яна новая не таму, што настае пасля нечага, а таму, што ніколі не была старой”. Мэта напісання зномаў – выкладанне ўласных творчых прынцыпаў, асабістага светаразумення. Зномы прысвечаны розным тэмам: абагульненню фактаў побытавага жыцця, тонкім назіранням літаратара, вытлумачэнню адцягненых філасофскіх паняццяў. У межах адной праблемна-тэматычнай групы твораў сустракаюцца скразныя матывы, што сведчыць аб імкненні паэта адшукаць усё новыя варыянты адказаў і дазваляе аб’яднаць такія творы ў цыклы. Так, назіранні за працэсам творчасці выліваюцца ў цыклы мініяцюр, прысвечаных праблеме традыцыі і наватарства, катэгорыям прыгожага і пачварнага, суаднесенасці зместу і формы, пытанням аб прыродзе мастацкага слова.

Информация о работе Інтэлектуальна-філасофская думка ў паэзіі А. Разанава