Антонимы

Автор: Пользователь скрыл имя, 02 Апреля 2013 в 12:50, реферат

Описание работы

Адметнасць духоўнай культуры кожнай нацыі, асаблівасці светапогляду, ментальнасці знаходзяць сваё яскравае адлюстраванне ў вуснай народнай творчасці.
Прыказкі як адзін са шматлікіх фальклорных жанраў, напэўна, найбольш трапна перадаюць векавую мудрасць, кемлівасць і назіральнасць беларусаў. Мова парэмій насычана разнастайнымі мастацкімі сродкамі выразнасці, сярод якіх даволі пашыраны і антонімы.

Работа содержит 1 файл

АНТОНИМЫ.doc

— 63.00 Кб (Скачать)

Асіпчук А. М.

ГрДУ імя Янкі Купалы (Гродна)

 

АНТОНІМЫ ЯК СРОДАК ВЫРАЗНАСЦІ Ў БЕЛАРУСКАЙ ПАРЭМІЯЛОГІІ

 

Адметнасць духоўнай культуры кожнай нацыі, асаблівасці светапогляду, ментальнасці знаходзяць сваё яскравае адлюстраванне ў вуснай народнай творчасці.

Прыказкі як адзін са шматлікіх фальклорных жанраў, напэўна, найбольш трапна перадаюць векавую мудрасць, кемлівасць і назіральнасць беларусаў. Мова парэмій насычана разнастайнымі мастацкімі сродкамі выразнасці, сярод якіх даволі пашыраны і антонімы.

Прааналізаваўшы акадэмічны двухтомнік “Прыказкі і прымаўкі” (Мн., 1976), можна сцвярджаць, што антонімы, зафіксаваныя ў дадзеным зборніку, неаднародныя па сваёй марфалагічнай прыналежнасці, структуры, стылістычных функцыях.

Як сведчыць фактычны матэрыял, каля 620 парэміялагічных адзінак пабудаваны з удзелам антонімаў. Занатаваны і такія прыказкі, якія поўнасцю складаюцца з антанімічных радоў: Высока лятаеш – нізка ўпадзеш [1, т. І, с. 341]; Згода будуе, нязгода руйнуе [1, т. ІІ, с. 40]; Далей пакладзеш, бліжэй возьмеш [1, т. ІІ, с. 453]; Жэняцца – скачуць, разводзяцца – плачуць [1, т. ІІ, с. 101]; Цяжка пачаць, а лёгка канчаць [1, т. І,  с. 177]; Родная зямля – маці, чужая старана – мачаха [1, т. І,  с. 290]; Багаты і ў будні святкуе, а бедны і ў святы гаруе [1, т. І,  с. 431] і інш.

Па прыналежнасці да той ці іншай часціны мовы ў  колькасных адносінах  пераважаюць  антонімы-назоўнікі: Бог дае свята, а чорт работу [1, т. ІІ, с. 159]; Хвароба ў лес, здароўе ў косці [1, т. ІІ, с. 220]; Смех да плачу даводзіць [1, т. ІІ, с. 402]; Сколькі смутку, столькі й радасці [1, т. ІІ, с. 488] і г. д. У якасці назоўнікаў кампанентамі антанімічнага рада выступаюць і субстантываваныя прыметнікі: Любіў добрае, палюбі ж і злое [1, т. ІІ, с. 430]; Не бойся гаварлівага, а бойся маўклівага [1, т. ІІ, с. 325]; Разумны дурному ўступіць павінен [1, т. ІІ, с. 234]; П’янаму з цвярозым не ў кампаніі [1, т. ІІ, с. 358]; Здаровы хвораму не верыць, а багаты – беднаму [1, т. І, с. 427] і інш. Пашыраны таксама антанімічныя пары, выражаныя прыметнікамі і дзеясловамі: Новых сяброў нажывай, але і старых не забывай [1, т. І, с. 382]; Лепш блізкі сусед, чым далёкі родзіч [1, т. І, с. 386]; Разумная галава, ды на дурной шыі [1, т. ІІ, с. 237]; Малы жук, а вялікі гук [1, т. І, с. 344]; У горы радзіўся, у горы памру [1, т. І,  с. 448]; Дождж намачыў, а сонейка высушыць [1, т. І, с. 55]; Так на свеце вядзецца: адзін плача, другі смяецца [1, т. І,  с. 431]; Калі купіць – сам ідзі, калі прадаць – бабу пасылай [1, т. І, с. 463]; Згубіш – не шкадуй, знойдзеш – не радуйся [1, т. ІІ, с. 461] і г. д. Сярод антонімаў нярэдка сустракаюцца прыслоўі і прэдыкатывы, якія ўтвараюць такія антанімічныя рады, як добра –дрэнна, лёгка – цяжка, улетку – узімку (летам – зімой), мала – многа (замала – замнога), высока – нізка: Добраму чалавечку добра і ў запечку, а благаце дрэнна і на куце [1, т. ІІ, с. 256]; Лёгка бярэцца, ды цяжка аддаецца [1, т. І, с. 491]; Хто ўлетку спіць, той узімку не есць [1, т. І, с. 83]; Бедавальнікаў многа, а ратавальнікаў мала [1, т. І, с. 449];  Не лятай высока, бо нізка сядзеш [1, т. ІІ, с. 461] і пад. Супрацьпастаўленне ў прыказках часам дасягаецца за кошт выкарыстання палярна супрацьлеглых прыназоўнікаў: Што з ім, што без яго [1, т. ІІ, с. 102]; Сыч з месца – сава на месца [1, т. І, с. 68]; Быў і на кані, і пад канём [1, т. ІІ, с. 461].

Па структуры, як можна заўважыць  з прыведзеных прыкладаў, пераважаюць  рознакаранёвыя антонімы. Аднакаранёвыя  антанімічныя лексемы сустракаюцца значна радзей (прыкладна 10% ад агульнай колькасці ўсіх занатаваных антанімічных пар). Як сведчаць назіранні, значэнне антанімічнасці ўзнікае тут у выніку: 1) карэляцыі супрацьлеглых па сэнсе прыставак, якія далучаюцца да адной і той жа ўтваральнай асновы: На прывычку ёсць адвычка [1, т. ІІ, с. 473]; Недаскочыў – бяда, пераскочыў – бяда [1, т. ІІ, с. 480]; Умей улезці – умей і вылезці [1, т. ІІ, с. 453]; Лепш недагаварыць, чым перагаварыць [1, т. ІІ, с. 380] і інш.; 2) далучэння да аднаго з кампанентаў антанімічнага рада прыстаўкі, якая надае слову супрацьлеглы сэнс. Зафіксаваны толькі прэфікс не-. Напрыклад: Аднаму шчасце ракою плыве, а другі ў няшчасці цэлы век жыве [1, т. ІІ, с. 423]; Праўда няпраўду перацягвае [1, т. ІІ, с. 435]; Што зубы белыя – вядома, а што за зубамі – невядома [1, т. ІІ, с. 322]; За аднаго бітага дзесяць нябітых даюць [1, т. ІІ, с. 360]; Дай дзецям волю, то сам улезеш у няволю [1, т. ІІ, с. 132] і інш.

Акрамя моўных антонімаў, у прыказках зафіксаваны і  антонімы маўлення, або кантэкстуальныя антонімы. Такія антанімічныя лексемы вызначаюцца вобразнасцю, адметным каларытам: З адным “вась-вась”, а другога пхне ў гразь [1, т. ІІ, с. 325]; У вочы з мілым тварам, а за вочы крутым варам [1, т. ІІ, с. 324]; Страчаліся – цалаваліся, а як у адну хату сышліся – за чубы ўзяліся [1, т. ІІ, с. 45]; Зіма – свякруха, лета – матачка [1, т. І, с. 73]; Добрая жонка – вяселле, а ліхая – паганае зелле [1, т. ІІ, с. 71]; Жыццё – маліна, раскусіш – журавіна [1, т. ІІ, с. 408] і інш. Ва ўсіх прыведзеных прыкладах кампаненты кантэкстуальных антанімічных радоў маюць ярка выражаную стылёвую афарбоўку, вызначаюцца высокім узроўнем эмацыянальнасці.

Кожная пара антонімаў  выконвае і пэўную стылістычную функцыю. На думку Л. А. Новікава, “функцыі антонімаў не абмяжоўваюцца толькі антытэзай. Антонімы могуць выражаць, напрыклад, узмацненне, удакладненне, пастаянства і бесперапыннасць дзеянняў або стану, іх змену і чаргаванне і г. д.” [2, с. 248].

Як сведчыць фактычны матэрыял, найбольш пашыранымі сярод  стылістычных фігур, заснаваных на антаніміі, з’яўляюцца антытэза, фігуры злучэння, нейтралізацыі, чаргавання. Разгледзім іх на прыкладах.

Менавіта ў антытэзе, якая падкрэслівае максімальную розніцу і кантраст процілегласцей, выяўляецца прырода антаніміі: На губах – мёд, а на сэрцы – лёд [1, т. ІІ, с. 322]; Анёлам ляцеў, а чортам сеў [1, т. ІІ, с. 321]; Кароткая пацеха, а доўгае пакаянне [1, т. ІІ, с. 172]; На свежую кветку пчолка ляціць, а на старую і чорт не глядзіць [1, т. ІІ, с. 95] і інш.

Асноўны змест фігуры злучэння, або амфітэзы, заключаецца ў “складанні” супрацьлегласцей да агульнага цэлага. Антанімічныя рады, якія ілюструюць дадзеную стылістычную фігуру, у залежнасці ад значэння, можна падзяліць на такія дзве групы:

1) антанімічны рад,  які мае значэнне складання,  адпавядае словам усе, усё, усякі: З аднаго дупла і холаду, і цяпла [1, т. І, с. 213]; І родзіцца – клопат, і памрэ – клопат [1, т. ІІ, с. 144]; Як восы злыя – і дарослыя, і малыя [1, т. ІІ, с. 45]; Ці бедны, ці багаты, абы нікому не вінаваты [1, т. І, с. 484]; У грамадзе і рай, і мука [1, т. І, с. 368]; Зямля ўсіх прымае: і здаровых, і слабых [1, т. ІІ, с. 415] і інш.

2) значэнне пастаянства, бесперапыннасці дзеянняў, працэсаў. Кампаненты антанімічнага рада можна замяніць словам заўсёды, усюды: Зоркія вочы бачаць і ўдзень і ўночы [1, т. ІІ, с. 207]; Зімой і летам адным цветам [1, т. І, с. 70]; І ў цэркаў, і ў кабак усё адзін андарак [1, т. І, с. 267]; Бываў на лаве і пад лаваю [1, т. ІІ, с. 376] і інш.

Стылістычная фігура нейтралізацыі (дыятэза) выкарыстоўваецца ў кантэксце не для супрацьпастаўлення, а з мэтай адмаўлення, нейтралізацыі антонімаў: Адна галаўня не гарыць і не гаснець [1, т. І, с. 374]; Ні сыты, ні галодзен, ні стары, ні малодзен [1, т. ІІ, с. 227]; Хіба чорт задумаў гэтыя залёты: ані ўночы сну, ані ўдзень работы [1, т. ІІ, с. 10]; Ні пава, ні варона [1, т. ІІ, с. 204]; Не грэе, не студзіць [1, т. ІІ, с. 291]; Не ўпросіш яго ні просьбаю, ні грозьбаю [1, т. ІІ, с. 300] і інш.

Даволі часта сустракаецца ў прыказках фігура чаргавання, сутнасць якой у тым, што кампаненты антанімічнага рада паказваюць на паслядоўную змену, чаргаванне супрацьлеглых паняццяў, дзеянняў і г. д.: Адвага ці мёд п’е, ці кандалы б’е [1, т. ІІ, с. 293]; Наша Сора то шые, то пора, а ўсё ніткам гора [1, т. ІІ, с. 70]; Галодны як шалёны: то кладзе паклоны, то праклёны [1, т. І, с. 219]; Адзін раз густа, а другі раз пуста [1, т. І, с. 256]; Ці паскачаш, ці паплачаш [1, т. ІІ, с. 294] і інш.

Зафіксавана некалькі прыказак, пабудаваных на стылістычнай фігуры супярэчнасці. Сэнс яе заключаецца ў падкрэсленым выражэнні супярэчлівай сутнасці той ці іншай з’явы рэчаіснасці: З вялікага грому малы дождж [1, т. І, с. 53]; Варона малая, а горла вялікае [1, т. І, с. 340]; Перажыла баба гора, а дабра перажыць не магла [1, т. І, с. 449]; Леты старыя, а розум дзіцячы [1, т. ІІ, с. 227]; Густа сее, ды рэдка ўсходзе [1, т. ІІ, с. 321]; Як на мядзведзя ўпадзе шышка, то ён раве, а як цэла галіна, то ён маўчыць [1, т. І, с. 64]; Штаны новыя, толькі дзіркі старыя [1, т. І, с. 266].

Прыказкі, пабудаваныя  на стылістычнай фігуры раздзялення, нешматлікія. Антанімічныя рад тут можна ўмоўна прадставіць структурнымі  формуламі “х або у”, “х ці у”, “ці х, ці у” і пад.: Ці міла, ці няміла, але за грошы купіла – трэба з’есці [1, т. І, с. 463];  Хто работу робіць, а хто варон ловіць [1, т. ІІ, с. 286]; Каму смех, каму гора, каму лужа, каму мора [1, т. І, с. 432].

Для паказу пераходу адной  супрацьлегласці ў другую ў парэміялагічных  адзінках выкарыстоўваецца фігура пераўтварэння: Умее з чорнага на белае рабіць [1, т. ІІ, с. 377]; Чужое ўзяць – сваё згубіць [1, т. ІІ, с. 440]; Дай душы волю, то сам будзеш у няволі [1, т. ІІ, с. 468].

Нельга не пагадзіцца са слушнай думкай Л. А. Новікава, што  “семантычная прырода антонімаў… дазваляе шырока выкарыстоўваць іх у  мове ў якасці аднаго з найважнейшых сродкаў выразнасці” [2, с. 244]. Такім чынам, разнастайныя стылістычныя магчымасці антонімаў служаць для адлюстравання шэрагу з’яў аб’ектыўнай рэчаіснасці, для стварэння экспрэсіўных вобразаў.

 

                                               Літаратура

1. Прыказкі і прымаўкі: у дзвюх кнігах / АН БССР, Ін –т мастацтвазнаўства,   этнаграфіі і фальклору; рэд. А. С. Фядосік. – Мінск: Навука і тэхніка, 1976. – Кн. 1. – 560 с.; кн. 2 – 616 с.

2. Новиков, Л. А. Антонимия в русском языке (Семантический анализ  

противоположности в  языке) / Л. А. Новиков. – М.: Изд-во Москов. ун-та,

1973. – 290 с.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 


Информация о работе Антонимы