Биография Льва Сапеги

Автор: Пользователь скрыл имя, 23 Апреля 2013 в 23:39, биография

Описание работы

Палітычны, грамадскі і ваенны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, дыпламат, мысліцель. Паходзіў са старажытнага роду аршанскіх баяр. Нарадзіўся ў радавым маёнтку Астроўна (цяпер Бешанковіцкі раён Віцебскай вобл.). Малалетнім яго аддалі на выхаванне ў Нясвіжскі двор Мікалая Радзівіла Чорнага, які потым паслаў 13-гадовага юнака на вучобу ў Лейпцыгскі універсітэт. На працягу свайго жыцця С. займаў буйныя і самыя высокія пасады ў Вялікім княстве Літоўскім. У 1581 пасля заканчэння універсітэта каралеўскі пісар пры двары Стафана Баторыя. У 1585 прызначаны падканцлерам Вялікага княства Літоўскага, а ў І589 - канцлерам. З 1621 віленскі ваявода, з 1625 гетман Вялікага княства Літоўскага

Работа содержит 1 файл

Леў Сапега.doc

— 39.00 Кб (Скачать)

Леў Сапега

4.4.1557 - 7.7.1633

 

Палітычны, грамадскі  і ваенны дзеяч Вялікага княства  Літоўскага, дыпламат, мысліцель. Паходзіў са старажытнага роду аршанскіх баяр. Нарадзіўся ў радавым маёнтку  Астроўна (цяпер Бешанковіцкі раён Віцебскай вобл.). Малалетнім яго аддалі на выхаванне ў Нясвіжскі двор Мікалая Радзівіла Чорнага, які потым паслаў 13-гадовага юнака на вучобу ў Лейпцыгскі універсітэт. На працягу свайго жыцця С. займаў буйныя і самыя высокія пасады ў Вялікім княстве Літоўскім. У 1581 пасля заканчэння універсітэта каралеўскі пісар пры двары Стафана Баторыя. У 1585 прызначаны падканцлерам Вялікага княства Літоўскага, а ў І589 - канцлерам. З 1621 віленскі ваявода, з 1625 гетман Вялікага княства Літоўскага. На гэтых пасадах С. паказаў сябе як таленавіты палітык. На апошнім этапе Лівонскай вайны (1558-83) праславіўся як ваенны дзеяч і дыпламат. Сфарміраваўшы за свой кошт гусарскі полк, ён звярнуў на сябе ўвагу паспяховымі дзеяннямі ў бітвах пры Завалаччы, Вялікіх Луках, пры аблозе Пскова. Пасля заканчэння вайны С. ўзначаліў пасольства Рэчы Паспалітай у Маскву, дзе падпісаў з царом Фёдарам Іаанавічам мірнае пагадненне на 10 гадоў. У 1600 зноў ездзіў з пасольствам у Маскву, дзе з рускім царом Барысам Гадуновым было падпісана чарговае мірнае пагадненне на 20 гадоў. Нягледзячы на тое, што паміж Расійскай дзяржавай і Вялікім княствам Літоўскім частымі былі ваенныя і розныя дыпламатычныя сутыкненні і асабістыя адносіны С. да Масквы не заўсёды былі дружалюбнымі, пасля смерці караля Стафана Баторыя яго апанавала думка пра аб’яднанне Рэчы Паспалітай з Расіяй. Аб’яднанне славянскіх народаў і абранне імі адзінага манарха, на яго думку, спрыяла б росту іх эканамічнага і ваеннага патэнцыялу, забяспечыла б трывалы мір. Калі ў 1620-я гады ў межы Вялікага княства Літоўскага ўварваліся шведы, састарэлы С. зноў стаў на абарону свайго краю і прыняў удзел у ваенных дзеяннях, вылучыўшы на гэтыя справы значную частку сваіх уласных сродкаў.

Апошнія гады жыцця С. правёў у Вільні, дзе актыўна займаўся ўпарадкаваннем архіваў Метрыкі  Вялікага княства Літоўскага (работу над рэестрамі дакументаў архіўнага збору ён распачаў яшчэ ў 1594). Памёр і пахаваны ў Вільні ў касцёле св. Міхаіла. З імём С. звязана падрыхтоўка і выданне 3-га Статута Вялікага княства Літоўскага (1588) і стварэнне ў 1581 Трыбунала Вялікага княства Літоўскага - найвышэйшай судова-апеляцыйнай інстанцыі дзяржавы. Філасофска-прававыя погляды С. значна паўплывалі на змест гэтага Статута. Пры яго выданні С. змясціў як прадмову да Статута зварот да вялікага князя Жыгімонта ІІІ Вазы і насельніцтва Вялікага княства Літоўскага, дзе абгрунтаваў неабходнасць гэтага новага збору законаў. Важнай крыніцай вывучэння сацыялагічных поглядаў С. з’яўляюцца таксама яго лісты. Светапогляд і грамадска-палітычная дзейнасць С. даволі супярэчлівыя. Як буйны землеўладальнік ён абараняў інтарэсы свайго класа, як чалавек вялікай эрудыцыі і дальнабачны палітык ён не мог не ўспрымаць тых прагрэсіўных працэсаў, што адбываліся ў грамадстве і ідэалогіі. Кампраміс з прагрэсіўнымі ідэямі дазваляў С. даволі эфектыўна праводзіць сваю галоўную лінію - проціборства гегеманісцкім намерам царквы, бо прэтэнзіі духавенства на вядучую ролю ў дзяржаве выклікалі незадаволенасць у часткі феадалаў. Усведамляючы класавую сутнасць феадальнага грамадства і дзяржавы, ён адстойваў права шляхты на палітычнае панаванне і ў той жа час выступаў прыхільнікам унутрана адзінай, цэнтралізаванай, шляхецка-дэмакратычнай дзяржавы. С. быў перакананы, што права павінна абараняць падданых ад злоўжыванняў з боку манарха і тым самым засцерагаць ад тыраніі, а закон павінен забяспечыць дзяржаве парадак, спакой і сацыяльны мір. Таму лічыў, што неабходна мець адзіны закон і для правячых вярхоў, і для падданых. С. выступаў як прыхільнік незалежнасці і свабоды чалавека, для ўдакладнення сутнасці свабоды спасылаўся на Цыцэрона. Асаблівую ўвагу звяртаў на тое, што паводзіны чалавека ў грамадстве павінны вызначацца не яго ўнутранымі пажаданнямі, а ўстаноўленымі рамкамі закону. У поглядах С. на права натуральна-прававы падыход супадае з пастулатамі, што значна пазней з’явіліся ў краінах Заходняй Еўропы. Права ён разглядаў не як прадукт боскага адкрыцця, а дзейнасці чалавечага розуму. Абсалютнасць і аб’ектыўнасць права, вяршэнства закону яскрава выявіліся ў артыкулах распрацаванага ім Статута, дзе закон - "найвышэйшы вартавы ўсеагульнай свабоды".

Палітычная і творчая  дзейнасць С. адбывалася ў перыяд, калі Вялікае княства Літоўскае  і Польшча знаходзіліся ў "вечным саюзе" (уніі) пад вяршэнствам  адзінага караля і сойма. Аднак феадалы  Польшчы выношвалі агрэсіўныя намеры ў адносінах да Вялікага княства Літоўскага. С. актыўна процідзейнічаў ім. Яго намаганні былі скіраваны на забеспячэнне дзяржаўнай годнасці і суверэнітэту княства і тым самым абаранялі інтарэсы беларускага і літоўскага народаў. У аснове барацьбы супраць экспансіянісцкіх задум польскіх феадалаў было нежаданне правячых колаў Вялікага княства Літоўскага аддаць ім на сваей тэрыторыі частку палітычнай улады і асцярога быць пацяснёнымі ў эканамічных інтарэсах. Процідзеянне польскім намерам выявілася ў барацьбе супраць шэрага палажэнняў уніі 1569, якія прыніжалі палітычнае і самастойнае значэнне Вялікага княства Літоўскага. У адпаведнасці з гэтымі палажэннямі і канстытуцыямі сойма нормы новага Статута 1588 павінны былі адпавядаць рашэнням Люблінскай уніі. Ажыццяўляць распрацоўку Статута ў 1586 было даручана С. Яго намаганнямі, дыпламатычнымі здольнасцямі і наперакор пастанове Люблінскага сойма ў 1588 Статут быў зацверджаны каралём Жыгімонтам ІІІ Вазай і замацаваны пячаткай толькі Вялікага княства Літоўскага за подпісамі Л.Сапегі і пісара Габрыэля Войны. Нават гэтым С. імкнуўся падкрэсліць незалежнасць Вялікага княства Літоўскага ад польскай Кароны ў справах, якія тычыліся яго ўнутранага ўладкавання. У Статуце 1588 замацаваліся артыкулы, якія абвяшчалі аўтаномны палітыка-прававы статус Вялікага княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай. Статут забараняў польскім феадалам атрымліваць пасады і землі ў княстве, патрабаваў уводзіць тут дзяржаўнае справаводства на беларускай мове. С. садзейнічаў распрацоўцы і выданню Статута на беларускай мове друкаваным спосабам.

Прымаў удзел С. і ў  рэфармацыйным руху. У рэлігійных адносінах ён не вызначаўся паслядоўнасцю. Двойчы ён мяняў веравызнанне: спачатку перайшоў з праваслаўя ў пратэстантызм, а потым у каталіцтва. Талерантны палітык і прыхільнік верацярпімасці, ён падтрымліваў утварэнне уніяцкай царквы на Беларусі, але быў катэгарычным праціўнікам гвалту і насілля як сродкаў яе ўмацавання. Паводле яго меркаванняў, рэлігійнае адзінства спрыяла б умацаванню дзяржавы і пазбавіла б яе ад многіх унутраных канфліктаў. Але калі на тагачаснай арэне рэлігійнага змагання за унію з’явілася асоба святара І.Кунцэвіча, які вызначаўся сваёй нецярпімасцю да праваслаўных, што пацягнула самыя непажаданыя вынікі для спакою і бяспекі ў Вялікім княстве Літоўскім, С. вымушаны быў умяшацца ў такі ход падзей. Трэба было спыніць згубную дзейнасць фанатычнага святара. Паміж С. і Кунцэвічам узнікла вострая палеміка. Каб стрымаць Кунцэвіча, С. выкарыстоўваў і сваё высокае дзяржаўнае становішча. Але той, карыстаючыся падтрымкай караля, у сваю чаргу востра выступаў супраць С. Свае погляды на рэлігійную праблему С. выказаў у вядомым пасланні да Кунцэвіча ад 22.3.1621: "...Я сам прыкладаў намаганні па ўвядзенні уніі і спыніць яе ўвядзенне было б справай неразумнай. Аднак ніколі мне не прыходзіла думка, каб Ваша міласць вырашыла прыводзіць людзей да яе гэткімі гвалтоўнымі спосабамі. Вы Вашымі неразважнымі гвалтамі ўзбурылі і, дадам, прымусілі народ рускі да адпору... Што тычыцца небяспекі, якая пагражае Вашаму жыццю [Кунцэвіч скардзіўся С., што яму пагражаюць праваслаўныя], то можна сказаць: "Кожны сам прычына сваей бяды... Трэба выкарыстоўваць спрыяльныя абставіны, але нельга паддавацца неразумнаму захапленню, асабліва калі справа ідзе пра веравызнанне... Калі гвалціце людскія сумленні, калі замыкаеце цэрквы, калі людзі без набажэнства, абрадаў хрысціянскіх павінны гінуць, як няверуючыя, калі самавольна дамагаецеся любові і павагі да гаспадара, тады абыходзіцеся без нас. Калі ж з прычыны ўціскаў у народзе паўстане непакой, які трэба ўціхамірваць, тады намі (г. зн. свецкай уладай) добра дзверы запхнуць. ...Калі Вы на гэтым маім напамінанні не распячатаеце і не адчыніце цэрквы, тады я сам загадаю іх распячатаць і праваслаўным аддаць". Аўтар паслання сцвярджаў, што рэлігійная цярпімасць - аснова ўсякай цывілізаванай дзяржавы, а рэлігійны выбар - неад’емнае права чалавека ў грамадстве.

Сваімі поглядамі на рэлігійную праблему С. апярэдзіў эпоху на сотні гадоў. Ён - прыклад справядлівасці і сапраўднай талерантнасці.

Кунцэвіч не прыслухаўся  да разважлівага папярэджвання С. І  як вынік - паўстанне віцебскіх гараджан і забойства імі уніяцкага  святара (1623). Удзельнікі сурова пакараныя, прычым расследаванне гэтай справы ўзначаліў С., які на гэты раз дзейнічаў ужо як суровы суддзя. У такой сітуацыі яму давялося змірыцца з суровай сацыяльна-палітычнай рэчаіснасцю і, магчыма, не без ваганняў і ўнутранага болю адмовіцца ад некаторых сваіх асветніцка-гуманістычных ідэалаў. С., безумоўна, быў прадстаўніком і выразнікам інтарэсаў свайго асяроддзя. Ён належаў да той яго часткі, што імкнулася выкарыстаць у сваіх мэтах новыя дасягненні ў грамадскай думцы. Яго дзейнасць аб’ектыўна спрыяла развіццю і ўмацаванню на Беларусі ў 2-й палове 16 ст. прагрэсіўнай свецкай сацыяльна-палітычнай думкі.


Информация о работе Биография Льва Сапеги