Марфалагічныя асаблівасці беларускай мовы

Автор: Пользователь скрыл имя, 12 Декабря 2012 в 16:56, курсовая работа

Описание работы

Назоўнік характарызуецца як часціна мовы са значэннем прадметнасці, выражанай марфалагічнымі катэгорыямі роду, ліку, склону. Паняцце прадметнасці ахінае не толькі найменні канкрэтных рэалій рэчаіснасці, але і назвы адцягненых рэалій, якасцяў, дзеянняў, прыкмет, працэсаў, з’яў, уласцівасцяў і інш. Катэгарыяльнае значэнне прадметнасці не можа служыць адэкватным адпаведнікам канкрэтнай прадметнасці, што служыць асновай для выдзялення толькі аднаго класа назоўнікаў (канкрэтныя назоўнікі тыпу стол, кніга, дрэва і да т.п.).

Содержание

1 Назоўнік і яго лексіка-граматычныя разрады
2 Прыметнік
3 Лічэбнік
4 Займеннік
5 Дзеяслоў
6 Дзеепрыметнiк
7 Iнфiнiтыў i дзеепрыслоўе
8 Прыслоўе
9 Службовыя часціны мовы
10 Часціцы і мадальныя словы
11 Выклічнікі і гукапераймальныя словы
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

Работа содержит 1 файл

Марфалагічныя асаблівасці беларускай мовы.doc

— 251.50 Кб (Скачать)

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Марфалагічныя асаблівасці беларускай мовы

 

 

ЗМЕСТ

 

1 Назоўнік і яго лексіка-граматычныя разрады

2 Прыметнік

3 Лічэбнік

4 Займеннік

5 Дзеяслоў

6 Дзеепрыметнiк

7 Iнфiнiтыў i дзеепрыслоўе

8 Прыслоўе

9 Службовыя часціны мовы

10 Часціцы і мадальныя словы

11 Выклічнікі і гукапераймальныя словы

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

 

 

1 Назоўнік і яго лексіка-граматычныя разрады

 

Назоўнік характарызуецца  як часціна мовы са значэннем прадметнасці, выражанай марфалагічнымі катэгорыямі  роду, ліку, склону. Паняцце прадметнасці ахінае не толькі найменні канкрэтных рэалій рэчаіснасці, але і назвы адцягненых рэалій, якасцяў, дзеянняў, прыкмет, працэсаў, з’яў, уласцівасцяў і інш. Катэгарыяльнае значэнне прадметнасці не можа служыць адэкватным адпаведнікам канкрэтнай прадметнасці, што служыць асновай для выдзялення толькі аднаго класа назоўнікаў (канкрэтныя назоўнікі тыпу стол, кніга, дрэва і да т.п.). Па сутнасці, значэнне прадметнасці ўяўляецца лексічнай катэгорыяй, якая афармляецца пэўнымі граматычнымі паказчыкамі, таму назоўнікі правамерна называюць лексіка-граматычным разрадам слоў. Асабліва відавочным лексіка-граматычны характар назоўнікаў праяўляецца пры іх класіфікацыі на ўжо згаданыя разрады, што традыцыйна вылучаюцца з улікам і лексіка-семантычных, і марфалагічных крытэрыяў (адушаўлёныя і неадушаўлёныя, канкрэтныя і абстрактныя, агульныя і ўласныя, зборныя, рэчыўныя). Межы гэтых разрадаў назоўнікаў перакрыжоўваюцца, бо адны і тыя ж словы звычайна ўключаюцца адначасова ў некалькі груп. Напрыклад, адны адушаўлёныя назоўнікі могуць быць ахарактарызаваныя і як уласныя, і як абстрактныя (параўн.: Алесь, Яніна, Сымон і да т.п.), другія – як агульныя і як канкрэтныя (параўн.: цясляр, дзяўчына, маці і інш.).

Акрамя лексіка-граматычных  разрадаў, назоўнікі натуральна падзяляюцца  на разнастайныя тэматычныя групоўкі, якія часцей за ўсё вылучаюцца ў межах памянёных разрадаў (параўн.: назвы раслін, жывёл, прылад працы і інш. -- сярод канкрэтных назоўнікаў, назвы духоўных паняццяў, грамадскіх фармацый, навуковых плыняў і інш. – сярод абстрактных назоўнікаў і г.д.). Агульныя і ўласныя назоўнікі падзяляюцца на аснове таго, што першыя абагульняюць назвы аднародных прадметаў у адзін клас, абазначаюць не асобныя прадметы , а мноства прадметаў або тоесных цалкам (параўн.: кропля, суніца, яйка і да т.п.), або з агульнай дамінантнай рысай (параўн.: дом, стул, хмара і да т.п.); другія ж абазначаюць асобныя прадметы і рэаліі з шэрагу аднатыпных, індывідуалізуюць іх (параўн.: Мінск – сярод мноства гарадоў, Беларусь – сярод мноства краін, Ганна – сярод мноства імёнаў і г.д.).

Сярод уласных імёнаў вылучаюцца імёны людзей (параўн.: Скарына, Купала, Каліноўскі і інш.), тапанімічныя і астранамічныя назвы (параўн.: Гродна, Нарач, Сатурн і інш.), найменні прадпрыемстваў, арганізацый выдавецтваў, назвы гатункаў, вырабаў і інш.(параўн.: завод “Віцязь”, выдавецтва “Полымя”, каманда “Дынама”, тэлевізар “Гарызонт” і да т.п.). У адрозненне ад агульных назоўнікаў уласныя ўжываюцца, як правіла, у адной форме ліку, часцей у адзіночным, не супрацьпастаўляюцца па ім (параўн.: Спартак, Брэст , але Баранавічы і горад/ гарады, дождж / дажджы і інш.). У множным ліку могуць ужывацца ўласныя імёны, якія адносяцца, напрыклад, да розных людзей (параўн.: два Сымоны, сям’я Пратасавых і інш.).

Ва ўзаемасувязях агульных і уласных імёнаў існуе адваротная залежнасць: агульныя імёны часцей выкарыстоўваюцца ў значэнні ўласных, пэўным чынам матывуюць іх (параўн.: Колас і колас, Крапіва і крапіва, Танк і танк і інш.), у той час як уласныя імёны ўжываюцца ў значэнні агульных значна радзей (параўн.: форд, наган, хам і інш. На пісьме ўласныя назвы адрозніваюцца ад агульных тым, што пішуцца ў беларускай мове заўсёды з вялікай літары.

Канкрэтныя і абстрактныя  назоўнікі размяжоўваюцца тым, што ў першых граматычная і лексічная прадметнасць супадае, тады як у другіх адзначаецца толькі граматычная прадметнасць. Але канкрэтныя назоўнікі абазначаюць не толькі ўспрымальныя нашымі органамі пачуццяў прадметы (параўн.: канапа, куст і да т.п.), але і больш ёмістыя рэаліі, калі нашымі органамі пачуццяў фіксуецца толькі іх частка (параўн.: рака, снег і да т.п.). Абстрактныя назоўнікі абазначаюць адцягненыя паняцці, пачуцці, якасці, прыкметы, дзеянні (параўн.: свабода, каханне, дабрыня, блакіт, гарачыня і да т.п.), не спалучаюцца, як правіла, з лічэбнікамі і рэдка выкарыстоўваюцца ў форме множнага ліку. Абстрактныя назоўнікі мужчынскага роду ў родным склоне адзіночнага ліку маюць канчаткі –у, (-ю), а іх канкрэтныя адпаведнікі -а, (-я) (параўн.: бою, характару і інш. і пальца, дывана і інш.).

У некаторых выпадках мяжа паміж канкрэтнымі і абстрактнымі назоўнікамі не з’яўляецца выразнай, што прыводзіць да іх неадназначнай граматычнай характарыстыкі. Так слова канікулы ў беларускай мове разглядаецца як канкрэтнае, а ў блізкароднаснай рускай мове – як абстрактнае. Абстрактныя назоўнікі па свайму ўтварэнню часта з’яўляюцца аддзеяслоўнымі ці адпрыметнікавымі (параўн.: хваляванне, чырвань і да т.п.). Канкрэтны або абстрактны характар пэўных назоўнікаў часам можа вызначацца кантэкстам. Так, у сказах Праз вёску пралягала грунтовая дарога і Ён удала выбраў сваю жыццёвую дарогу слова дарога ў першым выпадку мае канкрэтнае значэнне, а ў другім – абстрактнае.

Падзел назоўнікаў на адушаўлёныя і неадушаўлёныя  заснаваны на семантычным крытэрыі, бо адушаўлёныя назоўнікі звычайна абазначаюць жывых істот, а неадушаўлёныя – нежывыя прадметы, паняцці, падзеі, прыкметы і інш., прычым дадзены сэнсавы крытэрый падмацоўваецца марфалагічнымі паказчыкамі: у адушаўлёных назоўнікаў форма вінавальнага склону множнага ліку супадае з родным склонам, а ў неадушаўлёных – з формай назоўнага склону (параўн.: бачыць студэнтаў, але бачыць кнігі і да т.п.). Неабходна аднак заўважыць, што зазначаны моўны паказчык часам не супадае з прыроднымі характарыстыкамі адпаведных прадметаў, бо адушаўлёнымі назоўнікамі могуць абазначацца, напрыклад, нежывыя людзі (параўн.: нябожчык, тапелец, мярцвяк і інш.), або віртуальныя, міфічныя істоты, дэманы (параўн.: чорт, вядзьмак, русалка і інш,), або шахматныя фігуры, цацкі, ігральныя карты (параўн.: ферзь, лялька, козыр і да т.п.). Неадушаўлёнымі ж назоўнікамі называюць расліны, мікраарганізмы (параўн.: клён, грыб, чарот, бацыла і да т.п.), якія з біялагічнага пункту гледжання з’яўляюцца жывымі. Згодна з граматычным крытэрыем да неадушаўлёных назоўнікаў адносяцца абазначэнні сукупнасцей людзей ці іншых жывых істот (параўн.: полк, натоўп, статак, касяк, табун і інш.) . У пэўных кантэкстах неадушаўлёныя назоўнікі могуць набываць значэнне адушаўлёных (параўн.: узяць языкоў у сэнсе палонных і да т.п.).

Сярод агульных назоўнікаў асобую групу складаюць зборныя, якія абазначаюць сукупнасць аднародных прадметаў (адушаўлёных і неадушаўлёных), што ўяўляюць сабой адно цэлае (параўн.: моладзь, машкара, каменне і да т.п.). З граматычнага пункту гледжання зборныя назоўнікі характарызуюцца тым, што большасць з іх не мае карэляцыі па ліку, ужываецца пераважна ў форме адзіночнага ліку і не спалучаецца з колькаснымі лічэбнікамі. У якасці фармальнай падмацаванасці для выдзялення зборных назоўнікаў у асобны лексіка-граматычны разрад выступаюць спецыфічныя словаўтваральныя суфіксы –ств- (-цтв-), -нік-, -няк-, -ін-, -ар-, -ур- і інш. (параўн.: птаства, хвойнік, маладняк, садавіна, агентура, дзетвара і г.д.). Меншую групу зборных назоўнікаў утвараюць словы, што выражаюць ідэю непадзельнасці цэлага, складзенага з аднародных адзінак, лексічна, без спецыяльных суфіксаў (параўн.: люд, хлам, друз, посуд і інш.). Многія зборныя назоўнікі супрацьпастаўляюцца адпаведным асабовым назоўнікам са значэннем адзінкавасці (параўн.: хвойнік / хваіна, люд / людзіна і інш.), але не ўсе з іх маюць падобную карэляцыю (параўн.: хмыз / ? , моладзь / ? і інш. ).

Лексіка-граматычную  групу ўтвараюць таксама рэчыўныя назоўнікі, якія абазначаюць аднародныя па саставу матэрыялы, што пры дзяленні на часткі не страчваюць якасцяў цэлага. Падобна зборным назоўнікам рэчыўныя не маюць супрацьпастаўленых адпаведнікаў па ліку і выступаюць або толькі ў форме адзіночнага ліку (параўн.: цэмент, мука, малако і інш.) , або толькі множнага (параўн.: апілкі, дрожджы, духі і інш.). У суадносных формах віно – віны, масла – маслы і да т.п. супрацьпастаўляюцца не столькі лікавыя, колькі якасныя характарыстыкі згаданых рэчываў. Да зборных назоўнікаў адносяцца найменні металаў (параўн.: жалеза, бронза, латунь і інш.), хімічных элементаў (параўн.: аміяк, кісларод, азот і інш.), прадуктаў харчавання (параўн.: алей, соль, хлеб і інш.), лякарстваў і медыцынскіх прэпаратаў (параўн.: валідол, ёд, стрэптацыд і інш.), раслін (параўн.: ажына, чарот, шыпшына і інш.), прамысловых вырабаў (параўн.: абутак, сукно, шоўк і інш.), сельскагаспадарчых культур (параўн.: авёс, бульба, капуста і інш.), вадкасцяў і сыпучых матэрыялаў (параўн.: нафта, пясок і інш.), прыродных з’яў (параўн.: град, дождж, снег і інш.). Некаторыя рэчыўныя назоўнікі супрацьпастаўляюцца аднакаранёвым назоўнікам са значэннем адзінкавасці (параўн.: бульба – бульбіна, пясок – пясчынка, салома – саломінка і інш.), што словаўтваральна збліжае іх са зборнымі назоўнікамі. Граматычны характар рэчыўных назоўнікаў мужчынскага роду выражаецца тым, што ў родным склоне яны звычайна маюць канчатак –у (-ю), параўн.: мёду, пяску, алею і інш. (але аўса, хлеба), што ўсе рэчыўныя назоўнікі выступаюць у форме аднаго ліку (пераважна адзіночнага), што яны не спалучаюцца з колькаснымі лічэбнікамі.

Катэгорыя роду

Род служыць адной з найбольш глабальных граматычных катэгорый, якая праяўляецца не толькі ў імён (назоўнікаў, прыметнікаў, парадкавых лічэбнікаў, займеннікаў) , але і ў пэўных формах дзеяслова (прошлы час адзіночнага ліку, абвесны лад, дзеепрыметнікі). У пераважнай большасці назоўнікаў адзіночнага ліку род выражаецца фармальна, з дапамогай пэўных канчаткаў, на аснове якіх усе гэтыя назоўнікі размяркоўваюцца па трох марфалагічных разрадах: мужчынскі, жаночы і ніякі род.

У дачыненні да многіх адушаўлёных назоўнікаў катэгорыя роду даволі выразна матывуецца біялагічным полам адпаведных асоб, дзякуючы чаму ўтвараецца натуральнае супрацьпастаўленне назоўнікаў мужчынскага і жаночага роду, якія сумесна супрацьпастаўляюцца ў сваю чаргу назоўнікам ніякага роду.

Такім чынам, род служыць для адушаўлёных назоўнікаў найперш семантычнай катэгорыяй, што аднак таксама даволі паслядоўна афармляецца марфалагічнымі паказчыкамі і яшчэ больш выразна і дакладна сінтаксічнымі сродкамі, праз спалучальнасць назоўнікаў з рознымі азначэннямі. Для неадушаўлёных назоўнікаў семантычная матываванасць роду не з’яўляецца відавочнай, але можа праяўляцца пры антрапамарфізацыі нежывых прадметаў і істот, што абазначаюцца словамі , род якіх не дыферэнцыруе іх біялагачны пол (параўн.: акула, камар, муха, мыш і інш.), і можа праяўляцца не толькі ў паэзіі, фальклоры, але і ў паўсядзённай мове (параўн.: Уся вёска выйшла па грыбы, Амаль увесь Мінск выехаў на бульбу, Усё сяло ўздыхнула з палёгкай і інш.). Значыць, матывацыя граматычнага роду біялагічным полам уяўляецца даволі празрыстай.

З семантычнага пункту гледжання  да назоўнікаў мужчынскага і жаночага роду адносяцца адпаведныя назвы  асоб мужчынскага і жаночага полу (параўн.: дзядзька, хлопчык і інш. – мужчынскі род, сястра, кабета і інш. – жаночы род), прычым і  такія назоўнікі (звычайна запазычаныя словы), якія марфалагічна не маюць форм свайго выражэння, або нескланяльныя назоўнікі (параўн.: кулі – мужчынскі род, лэдзі – жаночы род і інш.). У тэксце род нескланяльных назоўнікаў паслядоўна праяўляецца сінтаксічна праз форму дапасаванага да іх слова (параўн.: прыгожае кімано, ветлівая мадам, замежны аташэ і да т.п.).

З марфалагічнага пункту гледжання да мужчынскага роду адносяцца  назоўнікі з нулявым канчаткам  у назоўным склоне і канчаткамі –а (-я), -у (-ю) у родным склоне, а таксама тыя назвы асоб мужчынскага полу, якія маюць канчатак –а, (-я) у назоўным склоне (параўн.: мужчына, дзядуля і інш.). Да назоўнікаў жаночага роду належаць словы з канчаткамі –а (-я) і нулявым канчаткам у назоўным склоне і з канчаткам -ы (-і) у родным склоне (параўн.: хата – хаты, восень – восені, ноч – ночы, зямля – зямлі і да т.п.). Да ніякага роду адносяцца назоўнікі з канчаткамі –о (-ё), -а (-я), -е ў назоўным склоне, назоўнікі на –мя, нескланяльныя неадушаўлёныя назоўнікі тыпу шасі, метро, рагу, фота і інш.).

Для сучаснай беларускай мовы характэрнай з’яўляецца наяўнасць  групы назоўнікаў на –а (-я) агульнага  роду, якія ў залежнасці ад сваёй  накіраванасці на знешні адушаўлёны прадмет могуць мець і мужчынскі, і жаночы, і ніякі род, што знаходзіць сваё фармальнае падмацаванне толькі сінтаксічнымі сродкамі (параўн.: малы сірата, малая сірата, малое сірата і да т.п.). Некаторыя назоўнікі марфалагічна належаць да мужчынскага роду, але могуць суадносіцца з найменнямі асоб і мужчынскага , і жаночага полу, што сінтаксічна можа выражацца адпаведнымі канструкцыямі тыпу Прафесар прачытаў лекцыю і Прафесар прачытала лекцыю, а можа і не выражацца, але суадноснасць з полам асобы вынікае з сітуацыі або кантэксту.

У абрэвіятурах род назоўнікаў вызначаецца паводле роду апорнага слова :НАН – Нацыянальная акадэмія навук – жаночы род, ЦУМ – Цэнтральны універсальны магазін – мужчынскі род, СКБ – спецыяльнае канструктарскае бюро – ніякі род. Род тых запазычаных назоўнікаў з нязменнай формай, якія абазначаюць птушак, жывёл, некаторыя неадушаўлёныя прадметы, звязваецца з граматычнымі паказчыкамі родавага наймення (гіпероніма), што ўключае ў сябе адпаведныя відавыя назвы (гіпонімы); параўн.: цэцэ ‘ муха’ – жаночы род, цынандалі ‘віно’ -- ніякі род, сірока ‘ вецер’ -- мужчынскі род і да т. п., або з’яўляецца мужчынскім пры найменні жывых істот (параўн.: шымпанзе, какаду, поні і інш.), або ніякім пры намінацыі неадушаўлёных прадметаў (параўн.: меню, метро, купэ і інш.).

Пры вызначэнні роду нязменных назоўнікаў, якія абазначаюць геаграфічныя паняцці і аб’екты, служаць назвамі газет, часопісаў і да т.п., таксама выкарыстоўваецца граматычны паказчык роду таго абагульненага (родавага) наймення, што ўключае ў сябе гэтыя назоўнікі (параўн.: Батумі ‘горад’ -- мужчынскі род, Місісіпі ‘рака’ жаночы род, Антарыо ‘возера’ -- ніякі род, Юманітэ ‘газета’ – жаночы род, Таймс ‘часопіс’ -- мужчыскі род і да т.п.). Род тых абрэвіятур, што скланяюцца, вызначаецца не адпаведнай граматычнай прыкметай стрыжнявога слова (слоў), а фармальным паказчыкам, які праяўляецца гэтай абрэвіятурай (параўн.: ВАК Вышэйшая атэстацыйная камісія , ВАКам – мужчынскі род і інш.).

Некаторыя назоўнікі  сучаснай беларускай мовы маюць варыянтныя формы роду, г. зн. ужываюцца ў мужчынскім, у жаночым і ў ніякім родах (параўн.: зал – зала, салат – салата, клавіш – клавіша, санаторый – санаторыя, шаша – шасэ і інш.). У залежнасці ад канкрэтнай суаднесенасці адушаўлёнага назоўніка, ад мастацкіх, экспрэсіўных, стылістычных мэтаў выказвання фактычна кожны назоўнік у пэўным кантэксце семантычна можа надзяляцца любым родам для таго, каб больш выразна падкрэсліць тыя ці іншыя якасці адпаведных рэалій , матываваных канкрэтным родам.

Информация о работе Марфалагічныя асаблівасці беларускай мовы