Эволюция застройки центральной части города Бреста в 1835-1939 гг

Автор: Пользователь скрыл имя, 19 Сентября 2011 в 20:16, реферат

Описание работы

Актуальнасць працы абумоўленая адсутнасцю ў сучаснае літаратуры матэрыялаў, што сістэматызавана характарызавалі б забудову сучаснага Брэста – горада з багатаю архітэктурнаю спадчынай.

Брэст – адзін з найбольш старажытных гарадоў Беларусі, першыя звесткі пра яго існаванне датуюцца 1019 годам. Па ўзросце ён саступае толькі Полацку (862), Тураву (980) і Віцебску (974).

Работа содержит 1 файл

Даклад.docx

— 24.88 Кб (Скачать)

Актуальнасць працы  абумоўленая адсутнасцю ў сучаснае літаратуры матэрыялаў, што сістэматызавана характарызавалі б забудову сучаснага Брэста – горада з багатаю архітэктурнаю спадчынай.

Брэст – адзін  з найбольш старажытных гарадоў  Беларусі, першыя звесткі пра яго  існаванне датуюцца 1019 годам. Па ўзросце  ён саступае толькі Полацку (862), Тураву (980) і Віцебску (974).

За амаль тысячагодовую  гісторыю горад змяняў свой знешні выгляд незлічоную колькасць разоў. Але ж асноўная адметнасць і цяжкасць горадабудаўніцтва заключаецца ў тым, што на дадзены момант вядома тры ядры гораду:

  1. Старажытны горад
  2. Крэпасць
  3. Сучасны горад (з 1835 г.)

Сучасны горад узнік  у 1835 годзе, калі пачалося будаўніцтва  фартэцыі на тэрыторыі старажытнага гораду, спаленага чарговым пажарам. Згодна з планам будаўніцтва быў  намер перанесці горад на 2 вярсты на ўсход, а паміж землямі гораду і крэпасці захаваць у стратэгічных мэтах пэўную частку тэрыторыі незабудаванаю. На гэтай мяжы быў усталяваны шэраг  камянёў, якія падзялялі землі на тыя, што ўваходзілі ва ўласнасьць фартэцыі і гораду. Адзін з гэтых камянёў на рагу вуліц Леніна і Гогаля захаваўся і да нашых часоў.

Гістарычнае ядро сучаснага гораду абмежаванае:

  1. з поўдня ракою Мухавец, праспектам Машэрава;
  2. з захаду  - вул. Леніна;
  3. з поўначы – вул. Арджанікідзе;
  4. з усходу – вул. Савецкай, бульварам Касманаўтаў.

Але тэрыторыя, забудаваная  ў перыяд  1835 – 1939 годоў, вывучэнне  якой і з’яўляецца мэтаю нашага даследавання, не цалкам  адпавядае  тэрыторыі гістарычнага ядра. Яна  абмежаваная:

  1. з поўдня – праспектам Машэрава, вул. Інтэрнацыянальнай, Гогаля, Міцкевіча;
  2. з захаду – вул. Леніна;
  3. з поўначы – вул. Арджанікідзе;
  4. з усходу – 17 верасня, Савецкай, Куйбышава, Карбышава.

Таксама нельга абмінуць забудову 1-га Мінскага завулка і  вуліцы Леванеўскага, якія не уваходзяць ў  межы гістарычнага ядра сучаснага гораду, але дзе захавалася багатая архітэктурная спадчына 1921-1939 гадоў.

Як было сказана  вышэй, сучасны горад узнік у 1835 годзе за 2 вярсты ад крэпасці на тэрыторыі Валынскага, Кобрынскага, Забугскага  прадмесцяў. Блізкасць крэпасці наклала свой адбітак на воблік гораду, бо, каб не закрыць агляд стральбы, забаранялася будаваць дамы вышэйшыя за 2 паверхі, а таксама ўзводзіць фабрычныя трубы. Забудова Брэста таго часу была большаю часткаю драўлянаю, за выключэннем культавых пабудоў, дзяржаўных устаноў ды забудовы, што фіксавала рогі кварталаў. Нешматлікія каменныя дамы былі пабудаваныя "во вкусе новейшей архитектуры, довольно изящные и большие, а некоторые даже громадны по отношению к провинции" – пісаў ў 1853 годзе гісторык М. П. Шпілеўскі ў кнізе “Падарожжы па Палессі і Беларускім краі”.

Забудова вялася па “ўзорных” праектах. Першапачаткова для Кобрынскага прадмесця распрацоўваліся тыпавыя праекты драўляных дамоў, а за аснову была ўзята драўляная забудова Дынабурга. Планы і фасады дамоў у Кобрынскім прадмесці  з 1846 году зацвярджаліся Галоўным упраўленнем шляхоў зносін і грамадскіх устаноў.

У 1860 годзе ў Берасьці было 55 каменных і 757 драўляных будынкаў.

У каменным дойлідстве сярэдзіны 19 стагоддзя панаваў класіцызм. Для яго характэрныя строгія сіметрычна-восевыя кампазіцыі і формы, логіка дакладных планаў, стрыманасць дэкаратыўнае аздобы. Прыкладамі пабудоў у гэтым стылі могуць быць дамы № 22 і 26 па вуліцы Адама Міцкевіча, аздобленыя калонамі, мансардамі і порцікамі, пабудаваныя памешчыкам Ягмінам для сваіх сыноў.

Што тычыцца культавых пабудоваў  1835 – 1900 гадоў, дык іх захавалася тры:

  1. Касцёл Узвышэння Святога Крыжа (вул. Леніна, 34) – помнік архітэктуры ў напрамку позняга класіцызму, пабудаваны ў 1856 годзе.
  2. Сабор святога Сімяона (вул. К. Маркса, 84) у візантыйска-рускім стылі 1865-1868 году пабудовы. Храм цэнтрычнае пацікупальнае кампазіцыі. У кампазіцыйнае структуры асноўнага аб’ёму выкарыстаныя прыёмы класіцызму, а таксама формы маскоўскага дойлідства 17 стагоддзя.
  3. Сінагога харальная (вул. Савецкая, 62) пабудаваная ў 1861 годзе. У плане шасцівугольная. Унутранае ўбранне яе было сціплым: пабеленыя голыя сцены. Блеску дадавала столь з шыкоўным роспісам па старазапаветных матывах. У 1944 -1945 гадах сінагога прыстасаваная пад кінатэатр, а ў 1970 цалкам перабудаваная. Сцвярджаюць, калі ў некаторых месцах адлупіць тынкоўку, дык можна знайсці рэшткі роспісу.

Адразу пасля пераносу горада на новае месца на беразе ракі Мухавец (ля скрыжавання сучасных вуліц Леніна ды Інтэрнацыянальнай) быў разбіты гарадскі сад, рэшткі якога захаваліся і па сённяшні дзень.  Зараз тут размяшчаецца помнік “Абаронцам межаў” і ЦЭЦ.

Напрыканцы 19 стагоддзя  сапраўдным бедствам для берасьцейцаў былі пажары, асноўнаю прычынаю якіх і быў уласна сам драўляны характар забудовы. Пажары знішалі нярэдка адразу тры-чатыры кварталы гораду. Але горад хутка аднаўляўся, бо маёмасць была застрахаванаю, і пагарэльцы атрымлівалі пазыку ў першую чаргу.

Забудова пачала аднаўляцца ў цэгле. Важным было прыняцце ў канцы 19 стагоддзя заканадаўчых актаў, згодна якім цагляныя дамы павінны былі мець жалезны дах, а таксама забаранялася усталёўваць у іх драўляныя лесвіцы. Пры будаўніцтве асноўную ўвагу ўдзялялі галоўнаму фасаду, што выходзіў на чырвоную лінію забудовы вуліцы. Фасад звычайна быў насычаны розным архітэктурным дэкорам: аконныя і дзвярныя абрамленні, прафіляваныя паяскі і карнізы, філёнгі, пілястры, паўкалоны, дзвярная і аконная сталярка. Забудова была плотнаю, будынкі бакавымі фасадамі прымыкалі адзін да аднаго. Дваравыя фасады амаль не мелі дэкору за выключэннем завяршаючага карнізу ды час ад часу міжпавярховае цягі. Калі на першым паверсе змяшчаліся гандлёвыя ўстановы, тады будынак меў высокія вітрынныя вокны. Важнымі элементамі пабудоваў былі балконныя рашоткі ды казыркі па-над уваходам – каваныя або літыя (у доме № 66 па вуліцы Карла Маркса захаваліся ўнікальныя прыклады падобнае аздобы).

У 1889 годзе ў Брэсце налічвалася 2663 збудаванні, з якіх 248 былі каменнымі.

Асноўным архітэктурным стылем канца 19 – пачатку 20 стагоддзя стала эклектыка. Да нашых часоў захавалася даволі шмат аб’ектаў гэтага кірунку. Цікава, што некаторыя пабудовы па вуліцы Карла Маркса захавалі не толькі адметны архітэктурны дэкор, але і элементы інтэр’еру, як агароджы лесвіц, сталярныя вырабы і іншыя.

Культавая пабудова, выкананая ў адным з адгалінаванняў эклектыкі – у маскоўска-яраслаўскім накірунку рэтраспектыўна-рускага (псеўдарускага) стылю, - царква святога Мікалая (вул. Савецкая, 10), пабудаваная у 1904-1906 гадах. Для псеўдарускага стылю характэрна выкарыстанне матываў і дэталей старажытна-рускага дойлідства(аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя, шатровыя дахі, какошнікі і інш.)Пяцікупальны храм сімвалізуе карабель, прысутнічаюць усе адметныя адзнакі рэтраспектыўна рускага стылю: аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя, какошнікі ды шатровы дах. Ля агароджы царквы ўсталяваны помнік маракам – удзельнікам руска-японскай вайны, якія і выдаткавалі грошы на будаўніцтва храма.

Таксама цікавымі помнікамі архітэктуры пачатку 20 стагоддзя з’яўляецца невялікая колькасць пабудоваў у стылі мадэрн. Для стылю характэрныя: свабодная функцыянальна-абгрунтаваная планіроўка, асэнсаванне новых канструкцый і матэрыялаў, адказ ад ордэрнае сістэмы, багатая арнаментыка з уключэннем стылізаваных элементаў готыкі, антычнага і народнага мастацтва, асіметрычнае крывалінейнае завяршэнне дзвярных і аконных праёмаў. Гэта дом №32 па вуліцы Савецкіх Памежнікаў і дом № 101 па вуліцы Савецкае. Падчас першае сусветнае вайны яны былі значна пашкоджаныя, а пры наступным аднаўленні часткова страцілі сваё пачатковае архітэктурнае вырашэнне. Але пэўныя элементы мадэрну дайшлі і да нашых часоў: рашоткі пячэй, металычная ўязная брама.

Адною з найбольш каларытных пабудоваў сучаснага  Брэста з’яўляецца будынак мужчынскае гімназіі (1903), пабудаваны ў так званым “цагляным” стылі, які зараз выкарыстоўваецца як другі корпус БрДУ. Сёння праблема “цаглянага” стылю ў забудове Брэста стаіць вельмі востра, бо падчас рэстаўрацыі знешні выгляд будынкаў дадзенага кірунку значна змяняецца за кошт выкарыстання тынкоўкі. Часам цяжка нават размежаваць будынкі “цаглянага” стылю і канструктывізму.

Важнымі помнікамі  стылю ампір, які быў у модзе  у канцы 19 – пачатку 20 стагоддзя, з’яўляюцца дамы № 11 і 70 па вуліцы Карла  Маркса. Багатыя жыхары Брэста маглі дазволіць сабе будаваць дамы са шматфункцыянальным значэннем. Прыкладам такога збудавання з’яўляецца дом № 60 на рагу вуліц Карла Маркса ды Будзёнага, дзе зараз размяшчаецца абласны краязнаўчы музей. Узведзены ён быў у 1888 годзе знакамітым брэсцкім купцом Аронам Фогелем. У адным яго крыле размяшчаўся гатэль “Пецярбургскі”, у другім першы паверх займаў растаран, а другі – тэатр, што працаваў увесь год.

З уваходам Брэста ў 1921 годзе ў склад Польшчы адбыліся змены і ў забудове цэнтральнай  часткі горада. Так, да 1939 году ў архітэктуры  панаваў канструктывізм або, больш правільна, - польскі канструктывізм, бо пасля далучэння Заходняе Беларусі да БССР забудова таксама вялася у стылі канструктывізму. Мастацкая выразнасць будынкаў дадзенага стылю выяўлялася праз лаканізм форм. Для іх характэрная дакладная адпаведнасць будынкаў іх прызначэнню, эканамічнасць будаўніцтва, геаметрычнасць аб’ёмаў, плоскія дахі, невыразнасць або адсутнасць аздобы. На сённяшні дзень пабудовы менавіта гэтага кірунку складаюць большую частку архітэктурнае спадчыны цэнтральнае часткі гораду. У стылі польскага канструктывізму выкананыя жылыя і грамадскія будынкі, у прыватнасці асабнякі, спартовыя збудаванні, культавая пабудова.

У 1920-х быў узведзены  будынак па вуліцы 17 верасня, які  сёння мае амаль першапачатковы выгляд і прызначэнне. Тут у 1927 праходзіў  так званы “працэс 31-го” – суд над групай дзеячаў КПЗБ (31 чалавек), сярод якіх была і Вера Харужая.

Унікальным помнікам канструктывізму з’яўляецца будынак  касцёла святога Антонія Падуанскага, узведзены ў 1938 годзе па праекце  дойліда Ю. Бараньскага, які ў 1941-1944 выкарыстоўваўся для нямецкіх лютэранскіх  багаслужэнняў як кірха. За савецкімі часамі храм выкарыстоўваўся  ў якасьці кінатэатра, цяпер там размяшчаецца шэраг камерцыйных фірмаў.Культавыя пабудовы такога архітэктурнага кірунку – вялікая рэдкасць для Беларусі. Мною быў знойдзены толькі адзін прыклад падобнага архітэктурнага вырашэня – касцёл св. Андрэя Баболі ў мястэчку Антопаль Драгічынскага раёну.

У гэты перыяд было ўзведзена  яшчэ адно каларытнае збудаванне ў стылі эклектыкі (вул. Карла Маркса, 20) – асабняк урача Паўла Караля, у адным з флігелеў якога ён жыў з сям’ёю, а другі выкарыстоўваў для прафесійнай дзейнасці. Цікава, што Пётр Міронавіч Машэраў, калі займаў пасаду першага сакратара Брэсцкага абкама КПБ, жыў у гэтым доме. На сённяшні дзень дадзены будынак выкарыстоўваецца як дзіцячы садок.

На вуліцы Леніна захавалася некалькі збудаванняў 1920-х  гадоў: будынак казармы ў “цагляным” стылі і два асабнякі, спраектаваныя  дойлідам Юліянам Лісецкім, ў адным  з якіх сёння размешчаны музей  выратаваных каштоўнасцяў.

Апошнія з’яўляюцца прыкладам польскага нацыянал-рамантычнага мадэрну, які заслугоўвае асобнае ўвагі. Гэты архітэктурны кірунак з’явіўся ў апошнім дзесяцігоддзі 19 стагоддзя і набыў вялікую папулярнасць на ўсёй тэрыторыі Польшчы, бо памылкова лічыўся прататыпам даўняга, амаль зніклага, польскага стылю, які панаваў у гарадах ледзь не з пяставых часоў. Такім чынам пабудовы ў гэтым стылі з’яўляліся на тэрыторыі Заходняе Беларусі ў 1920-30-х гадах. Польскі нацыянал-рамантычны мадэрн інакш завецца “закапанскім”, або “народным”, стылем. Класічныя дамы гэтага накірунку выкананы з дрэва, нягледзячы на тое, што пасля першай сусветнай вайны кошт на драўніну быў вельмі высокі. Для стылю былі характырныя вялікая веранда, што месцілася пад навесам і маленькія пакойчыкі, што знаходзіліся на паддашку.

Што тычыцца забудовы Брэста, дык тут захаваўся ў амаль некранутым выглядзе шэраг дамоў у “закапанскім стылі”. У першую чаргу гэта забудова 1-га Мінскага завулка, якая, што вельмі важна, цалкам прадстаўлена дамамі “народнага” стылю. Забудова вуліцы Леванеўскага пачала фарміравацца ў 1920-х гадах, калі крэпасць страціла сваю стратэгічную важнасць і было дазволена забудоўваць буферную тэрыторыю між ёю ды горадам. Тут таксама знаходзіцца шэраг пабудоваў стылістычна падобных да польскага нацыянал-рамантычнага мадэрну. Дамы на на гэтае вуліцы вельмі адрозніваюцца адзін ад аднаго: ад “класічнага закапанскага” стылю да канструктывізму і так званага “сядзібнага” з элементамі ампіру ды класіцызму. Гэта звязана ўжо з рэканструкцыяй і рэстаўрацыяй іх у нашыя дні. Асобныя будынкі ў “закапанскім” стылі можна знайсці ў забудове вуліц В. Харужай, Інтэрнацыянальнае, Чапаева і некаторых іншых.

На жаль, драўляныя  будынкі вынішчаюцца ў Брэсце вельмі хуткімі тэмпамі, напрыклад, на сённяшні дзень плануецца знос чатырох з пяці найбольш каларытных будынкаў 1-га Мінскага завулка.

На аснове праведзенага даследавання мы фарміруем наступныя  вывады:

  1. У цэнтральнае частцы Брэста захавалася багатая архітэктурная спадчына.
  2. Стылістычна забудова вельмі неаднародная як вынік геаграфічнага і стратэгічнага становішча, частых пажараў, войн, зменаў ўлады.
  3. Забудова эвалюцыяніравала хуткімі тэмпамі і ў адпаведнасці з агульнымі архітэктурнымі кірункамі, характэрнымі для пэўнае дзяржаўнае прыналежнасці гораду.

Информация о работе Эволюция застройки центральной части города Бреста в 1835-1939 гг